“Bielaruski”: сузор’е эталонаў

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Сучасны партрэт і спрадвечныя каштоўнасці

/i/content/pi/cult/302/5147/13-4.jpgПрыгажуня-беларуска спрадвек натхняла мастакоў. У пошуках разгадкі такога блізкага, але заўсёды загадкавага жаночага вобраза ў айчынных творцаў нараджаліся сапраўдныя шэдэўры. Але ці засталіся ў эпоху сусветнай глабалізацыі нацыянальныя асаблівасці жаночага вобраза? І якой у вачах еўрапейцаў паўстае сучасная беларуска? Знайсці адказ на гэтыя пытанні цягам апошніх шасці гадоў імкнулася фатограф Алена АДАМЧЫК. Вынік сваёй працы - пяцітомнае выданне "Bielaruski. Women of Europe" - яна прэзентавала пад час адкрыцця персанальнай выстаўкі ў галерэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод арганізатараў вернісажу - Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Паміж Мінскам і Вільнюсам

 Алена Адамчык нарадзілася ў Мінску, але сваё дзяцінства правяла ў Вільнюсе. Да гэтай пары яна не можа "падзяліць" сябе паміж двума роднымі ёй гарадамі: у абодвух працуюць яе фотастудыі. Жыццё, пабудаванае на шматлікіх прыватных і працоўных міжнародных паездках, перыядычнае існаванне ў адрознай ад нашай культурнай прасторы дапамаглі фотамастачцы набыць адмысловы творчы почырк. Яе партрэты прэзентуюць вобраз беларускай жанчыны, упісаны ў агульнаеўрапейскае рэчышча.

"Увогуле, па прафесіі я- навукоўца. Скончыла біялагічны факультэт БДУ, атрымала званне кандыдата біялагічных навук, абараняла дысертацыю па геранталогіі, - распавяла пад час вернісажу Алена Адамчык. - Я прызвычаілася разглядаць свет праз мікраскоп, даследаваць яго, суадносіць працэсы, якія адбываюцца пры розных абставінах. Для мяне фотаапарат з'яўляецца ў чымсьці тым жа мікраскопам: з дапамогай аб'ектыва я праводжу даследаванне асяроддзя".

 Партрэт работы Адамчык - гэта асаблівае поле для псіхалагічнага даследавання. Яе гераіні, застаючыся самнасам з фотакамерай, даверліва раскрываюць творцы свае мары і жаданні, клопаты і турботы, тыя памкненні, якія ў жыццёвым колазвароце, магчыма, не так лёгка заўважыць астатнім.

"Канешне, перад фотасесіяй я складаю план, своеасаблівы сцэнарый нашай працы з мадэллю. Пасля стараннай прапрацоўкі тэмы я шукаю неабходнае для здымак месца, асабіста праглядаю гардэроб маёй гераіні, скрупулёзна абмяркоўваю будучы мэйк-ап са стылістам, - раскрывае некаторыя сакрэты працы аўтар фотаальбомаў. - Але як толькі шчоўкае затвор- творчая ідэя перастае належаць асабіста мне, яна пачынае існаваць неяк асобна і, бывае, прымае такія формы, якія я не заўсёды першапачаткова ўспрымала.

Перад мастаком часта паўстае пытанне: як паводзіць сябе пад час працы: ісці за героем або весці яго за сабой? Я ніколі не ствараю жорсткіх умоў для здымак, але не лічу, што хтосьці з маіх гераінь падпарадкоўвае фотасесію сваёй волі. Я выступаю за дыялог у творчасці. Аддаю перавагу тым здымкам, якім папярэднічалі сустрэчы, размовы.

Менавіта дыялог паміж творчымі людзьмі (а сваіх мадэлей я лічу менавіта такімі) дапамагае раскрыць пад час фотасесіі грані характару асобы. Аднак шчырасці ад чалавека можна чакаць толькі тады, калі сам мастак не хлусіць. На маю думку, у падмурку сапраўднага мастацтва ляжыць, найперш, сумленнасць творцы".

З еўрапейскага сузор'я

У 2004 годзе Алена Адамчык распачала работу над кніжным праектам "Bielaruski".

 "Усё маё жыццё вымяралася кнігамі: прачытанымі, створанымі, надрукаванымі. Мой бацька - стаматолаг, але ён лічыў: грошы ў нашай сям'і павінны траціцца на набыццё кніг. Можа, і ў мужа свайго я закахалася таму, што ягонае дзяцінства і нават юнацтва літаральна прайшлі ў бібліятэцы, дзе працавала маці. Таму магчымасць пабачыць свае фотаздымкі ў кніжным варыянце стала для мяне вялікім шчасцем", - кажа фотамайстар.

Са старонках першага фотаальбома паглядалі парадныя партрэты н/i/content/pi/cult/302/5147/13-2.jpgашых знакамітых суайчынніц. Вобразамі беларусак уражваліся ў сталіцах суседніх краін. Падтрыманы добрым піярам, фотаальбом неўзабаве перарос у міжнародны праект "Women of Europe", які літаральна скарыў гэтую самую Еўропу. Прынамсі, пасля прэзентацыі дзвюх існаваўшых на той момант кніг у княстве Манака беларускай фотамастачцы прапанавалі стварыць адмысловы праект у гэтай краіне. У выніку "Women of Мonасо" прадставіў парадныя партрэты такіх сусветна вядомых жанчын, як Шырлі Бэс, прынцэса Бурбонская Каміла, Моніка Бакардзі, Сафія аль Рашыд... Уступ да кнігі напісала прынцэса Гановерская Караліна.

Персанажамі ж апошняга альбома сталі вядомыя жанчыны Беларусі, якія пражываюць не толькі ў сябе на радзіме, але і за яе межамі. Сярод іх - алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач. Усяго ў кнізе- дванаццаць гераінь з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі. Праект Алены Адамчык можна, не раўнуючы, назваць эфектыўным ходам па інтэграцыі вобраза беларускі ў сусветны кантэкст эталону прыгажосці.

"Мяне вельмі часта пытаюць, чым адрозніваюцца беларускі ад, скажам, жанчын з іншых краін Еўропы,- працягвае фотамастачка. - Але, на маю думку, гэтае пытанне - дзіўнае, бо хто ж тады нашы дзяўчаты, як не еўрапейкі? Нельга супрацьпастаўляць гэтыя паняцці.

Зразумела, ёсць нейкія тыпы ў паводзінах, якіх чакаеш пад час здымак. Прынамсі, італьянкі гатовы цэлае шоу зрабіць на вуліцы, а прадстаўніцы прыгожай паловы нашай краіны ў гэтым выпадку больш сціплыя. Але гэта ўсё дробязі. Мы ведаем, што беларуская гісторыя вельмі паўплывала на развіццё ўсяго кантынента.

 Зрэшты, ніколі не збіралася вышукваць адрозненні. Верагодна, калі б я гэтым занялася, дык гэты пяцітомнік не здзейсніўся б. На самой справе, у мяне была іншая задача: я спрабавала вылучыць агульныя рысы еўрапейскіх жанчын, што зняты для старонак маёй кнігі, адшукаць кропкі яднання ў іхніх думках і марах. І зрабіць гэта ўсё на мове, даступнай усім, самай простай і зразумелай - на мове мастацтва".

 Птушкі, катамараны, традыцыі

Прэстыжная вільнюская галерыя "Vartai" некалі прызнала Алену Адамчык першым фатографам, які адкрыў колер у фотамастацтве Літвы. Сапраўды, дзякуючы надзвычай ураўнаважанаму колеравырашэнню яе парадныя партрэты вылучаюцца нейкім неперадавальным пачуцц/i/content/pi/cult/302/5147/13-3.jpgём лёгкасці, узнёсласці і цеплыні. Фотамастачка ў сваёй працы адштурхоўваецца ад прыроды, падбіраючы рэжысуру кадра адпаведна асяроддзю.

"Я больш люблю здымаць на вуліцы: у студыі не так цікава, ды і атрымліваецца неяк больш "халтурна", скамячана, - дадае аўтар.- Да таго ж, асяроддзе дае падставы да новага ўзроўню разважання ў працы.

Прыкладам, у час адной з партрэтных фотасесій мяне запрасілі паглядзець калонію бакланаў. Быў красавік, вельмі сцюдзёны і непрыгожы, але гэтае месца сапраўды зачароўвала. Нельга было абыякава глядзець на дрэвы, што гінуць ад жыццядзейнасці птушак. Але ўзрушвае і настойлівасць бакланаў, з якой тыя ў такіх непрывабных умовах шукаюць магчымасць гнездавацца і працягваць свой род. На мой погляд, гэта вельмі сімвалічна. Тыя ўражанні стварылі атмасферу незвычайнай работы "Птушкі. Катамараны".

Зрэшты, самым складаным пад час працы над кнігай было менавіта вызначыцца з матэрыялам, які пойдзе ў друк. Аказалася, што звыклая для мяне фотасесія не мае ніякага дачынення да стварэння кнігі. Здымкаў было зроблена вельмі шмат, але на кожную з гераінь адводзілася каля дзесяці работ. У сваю чаргу, фота павінны былі адпавядаць пэўнай тэматыцы і ў спалучэнні ствараць уласную атмасферу. У выніку атрымаўся альбом, прысвечаны культуры і прыродзе Еўропы. Як я зазначыла на пачатку кнігі, дванаццаць яе персанажаў- гэта жыццё Еўропы, яе традыцыі і, урэшце, яе будучыня!"

Парадныя фотапалотны/i/content/pi/cult/302/5147/13-1.jpg

 Як зазначыў пад час імпрэзы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, колішнія прыдворныя партрэты сёння з'яўляюцца цэнтральнымі экспанатамі многіх мастацкіх музеяў. Яны не толькі захавалі для нашчадкаў выявы іх прадзедаў - па тых палотнах нашы сучаснікі вывучаюць эпоху, атмасферу стылю і жыцця мінулых стагоддзяў. Верагодна, парадныя фотапартрэты Алены Адамчык праз пэўны час распавядуць наступным пакаленням і аб нашым часе. Пяцітомнае выданне "Bielaruski. Women of Europe" з аўтографамі аўтара перададзена ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і будзе даступна для зацікаўленых фотамастацтвам чытачоў.

Але і сёння партрэты Алены Адамчык выконваюць пачэсную місію інтэграцыі вобраза сучаснай беларускай жанчыны ў еўрапейскі кантэкст. Яна выводзіць на сусветную арэну вобраз нашай гараджанкі, якая за ўсімі сваімі кар'ернымі памкненнямі не забываецца на выхаванне дзяцей, захаванне сямейнага ачага... "Я не стаўлю сабе за мэту здымаць "гламурна". Звярніце ўвагу: усіх жанчын з кнігі аб'ядноўвае сям'я, любоў да дзяцей, мастацтва", - падкрэслівае аўтар.

Гэтымі кнігамі Алена Адамчык марыць узнавіць той жаноцкі вобраз, што сучаснасць паступова выцясняе. Жаноцкасць, мацярынства - вось на якія каштоўнасці сёння забываюцца многія прадстаўніцы прыгожага полу. Але ж менавіта на тым, што заўсёды было для Беларусі традыцыйным - на пачуцці сям'і і роду,- павінна засноўвацца культура любой еўрапейскай дзяржавы.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"