Пра тое, як ствараўся ансамбль, распавядае яго заснавальнік і галоўны рэжысёр Сяргей Бачкоў, што ў свой час скончыў Шчукінскае тэатральнае вучылішча, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, працаваў акцёрам у Абласным драматычным тэатры.
- Не скажу, што рашэнне аб стварэнні тэатра-студыі далося лёгка: былі сумненні, ваганні, - прызнаецца Сяргей Якаўлевіч. - Але, урэшце, верх узяло жаданне тварыць самастойна, незалежна, - і я рызыкнуў. Тым больш, вопыт тэатральных пастановак у мяне ёсць. Улічваў і тое, што сёння для такога горада, як наш, аднаго тэатра замала.
1 красавіка, у Дзень смеху, быў аб'яўлены кастынг, і больш за паўсотні гараджан паверылі, што гэта не розыгрыш, ды прыйшлі "паступаць у артысты". Людзі розных узростаў спявалі, дэкламавалі вершы, танчылі і скамарошнічалі - словам, рабілі ўсё, каб паказаць сябе, каб спадабацца... Сваё імкненне трапіць у студыю тлумачылі па-рознаму, але кожны прызнаваўся ў любові да тэатральнага мастацтва. Гэта і вызначала іх лёс.
Сёння ў трупе - 19 чалавек, узрост E- ад 18 да 50 гадоў. Сярод іх - студэнты і вучні, бібліятэкары і педагогі, рабочыя, інжынеры і нават хатнія гаспадыні. Заняткі з імі вялі і вядуць вопытныя практыкі, якія выкладаюць асновы сцэнічнай мовы, акцёрскае майстэрства, вучаць правільна спяваць і танчыць, фехтаваць...
Першай пастаноўкай была "Другая смерць Жанны Д'Арк" па п'есе вядомага балгарскага драматурга Стэфана Цанева. Другая прэм'ера - камедыя па п'есах Аляксандра Астроўскага "Жаніцьба - справа мудрая". Тут - невычэрпная скарбніца гумару. П'есы Астроўскага паранейшаму адпавядаюць нашаму часу.
Наш калектыў зацікавілі і п'есы беларускага драматурга Васіля Ткачова. У яго творах ёсць усё: і смех, і слёзы - словам, сапраўднае жыццё. Мы амаль адразу выпусцілі меладраму Васіля Ткачова "Пераправа на Казанціп" і драму на два акцёры "Веласіпед".
Максім ТАРАСАЎ
Гродна
На здымку: сцэна са спектакля "Другая смерць Жанны Д'Арк".
Фота аўтара