Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Людміла Гурская паведаміла, што з 1999 года распачата выданне рэкамендацыйных краязнаўчых паказальнікаў літаратуры. Першая кніга серыі "Нашы землякі-юбіляры" была прысвечана літаратуразнаўцу і мастацтвазнаўцу Міколу Каспяровічу. Штогод з'яўляецца 5 - 6 такіх выданняў.
Сур'ёзная падрыхтоўка вялася і да напісання даведніка пра дзіцячы канцэнтрацыйны лагер, створаны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў вёсцы Скобраўка. Пры рабоце выкарыстоўваліся артыкулы, надрукаваныя на старонках перыядычных выданняў, і матэрыялы з Нацыянальнага архіва Беларусі.
Пад назвай "Гады, абпаленыя вайной" сабраны матэрыялы аб бібліятэчнай справе на Пухавіччыне ў 1941-1947 гг. Чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з Таццянай Кандрацьевай - бібліятэкарам з вёскі Талька. У актыве руплівай жанчыны - 25 грамат, 12 дыпломаў за ўклад у развіццё раённай культуры. Яна распавяла пра свае сустрэчы з Якубам Коласам, які бываў у Тальцы з сям'ёй.
Для захавання памяці аб ваенным ліхалецці і для выхавання патрыятызму ў моладзі работнікі Пухавіцкай цэнтральнай бібліятэкі падрыхтавалі таксама мультымедыйны праект-прэзентацыю "Салдаты Перамогі - жыхары горада Мар'іна Горка". Цікавасць у наведвальнікаў бібліятэкі выклікала электроннае выданне "Як сведкі памяці і славы стаяць абеліскі" - аб салдацкіх брацкіх магілах.
Вялікую работу супрацоўнікі аддзела правялі пры выданні краязнаўчага нарыса да 85-годдзя з дня нараджэння заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, майстра народных інструментаў, першага дырэктара Мар'інагорскай школы мастацтваў Усевалада Жукоўскага. Дарэчы, у адным з музеяў Лондана захоўваюцца музычныя інструменты, зробленыя яго рукамі.
Браніслаў ЗУБКОЎСКІ
Пухавічы