Пераходны "Востраў":пераносіць або не?

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

У СДК Ляхавіччыны чакаюць універсалаў

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Адраджэнне і развіццё сяла: самадастатковасць аддзела культуры

Калі дамаўляліся з начальнікам аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Нінай Прыхач аб канкрэтнай даце маёй камандзіроўкі, яна пацікавілася: "На што ўпор будзем рабіць пад час райвыканкамаўскай "лятучкі"?" Адказаў: "Натуральна, - на праблемы". А Ніна Барысаўна з сумам пасміхнулася: "Якраз гэтага ў нас хапае..." Сапраўды, выкананне плана па аказанні платных паслуг - праблематычнае, бо галоўны "фінансавы" флагман - ГДК - цягам двух гадоў рэканструюецца. Няма надзейнага парку мабільных устаноў культуры. Хранічна не стае сродкаў на рамонт СДК у аграгарадку "Востраў", таму здача аб'екта пераносіцца на наступны год, а Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла застаецца нявыкананай.

Але ўсё вышэйназванае не азначае, што мясцовы аддзел культуры спіць у шапку. З вырашэння гэтых надзённых пытанняў Ніна Прыхач пачынае рабочы дзень, гэтым жа яго і заканчвае. Цудоўна ведае пра крытычнае становішча спраў і кіраўніцтва райвыканкама. Ды не толькі ведае, але і імкнецца сітуацыю выправіць. Атрымліваецца, на жаль, не ўсё з задуманага.

 Народ пытаецца і прапануе

Спектр паслуг пашырыць немагчыма?

Асноўныя прэтэнзіі спажыўцоў культуры Ляхавіччыны зводзяцца да двух праблемных пытанняў. У горадзе: калі запрацуе пасля рэканструкцыі ГДК? На сяле: чаму так слаба абсталяваны ўстановы культуры? Удакладняць аўтарства гэтых пытанняў не мае сэнсу. Лепей прадставім слова самім работнікам культуры - для, так бы мовіць, канкрэтызацыі праблем.

 Ала Арлоўская, бібліятэкар аграгарадка "Навасёлкі":

- Камп'ютар у бібліятэцы ёсць, ды ксеракс адсутнічае. А без яго пашырыць спектр платных паслуг немагчыма...

 Алена Равінская, дырэктар Ляхавіцкай ДШМ:

 - Падлога ў класах мастацкага аддзялення - у аварыйным стане: дошкі прагінаюцца і правальваюцца... Не дай бог каму нагу зламаць...

 Сяргей Чарановіч, кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь - студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Апалон", выкладчык ДШМ:

- Студыя "Апалон" у свой час стала ініцыятарам міжнароднага дзіцячага конкурсу па выяўленчым мастацтве. У гэтым спаборніцтве пастаянна бяруць удзел прадстаўнікі больш чым дзесяці краін свету. А каталог лепшых работ выдаць не можам з-за адсутнасці грошай...

Намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Уладзімір КРУК яшчэ ў савецкі час узначальваў мясцовы аддзел культуры. Сённяшні яго кіраўнік Ніна ПРЫХАЧ - прадстаўніца, так бы мовіць, пакалення next. Такі "падбор" удзельнікаў "лятучкі" /i/content/pi/cult/295/4921/10-2.jpgпадаўся нам найбольш аптымальным для грунтоўнай ды зацікаўленай гаворкі пра культурныя зрухі ў часовай прасторы "ўчора - сёння - заўтра".

Яўген РАГІН:

- Ці быў дзень учарашні, калі вы працавалі начальнікам аддзела культуры, больш спрыяльным у матэрыяльным падсілкаванні галіны ў рэгіёне?

Уладзімір КРУК:

 - Так, тагачаснае жыццё бедным назваць не выпадае. Але ж усё было лімітавана, усё прыходзілася "выбіваць"... Сёння час абсалютна іншы, і для асаблівай настальгіі падстаў няма. Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла карэнным чынам змяніла аблічча рэгіёнаў... Канешне, праблем хапае, але мы за гэтую пяцігодку здолелі пры падтрымцы дзяржавы зрабіць многае.

Ніна ПРЫХАЧ:

- У 2005 годзе на рамонт Конькаўскага СДК было выдаткавана 25 мільёнаў рублёў; у 2006-м 120 мільёнаў пайшло на давядзенне да ладу ўстаноў культуры аграгарадка "Малое Гарадзішча"; праз год рамонт Русінавіцкага СДК абышоўся ў 400 мільёнаў (аграгарадок стаў пераходным); 2008 год: 120 мільёнаў выкарыстана на абнаўленне Жарабковіцкага дома культуры, 156- на СДК у Дар'еве, 420 мільёнаў - на Начаўскі СДК, 176- на Ліпскі; 2009-ы: 100 мільёнаў пайшло на рамонт установы аграгарадка ў Падлессі, але ён таксама стаў пераходным на гэты год, і сёлета мы тут выкарысталі яшчэ 400 мільёнаў рублёў...

Уладзімір КРУК:

- Установы культуры змянілі аблічча, але на сучаснае іх абсталяванне грошай ужо не хапае. Сям-там няма новых крэслаў, састарэла і "адзенне" сцэны... Па-сутнасці, толькі ў Русінавічах з "начыннем" устаноў культуры ўсё як мае быць. У астатніх жа вёсках - абсталяванне з 1980-х...

Яўген РАГІН:

 - Праблема сапраўды надзвычай сур'ёзная. Я нядаўна быў на Астравеччыне: раён - датуемы на 80 працэнтаў, але кіраўніцтва знаходзіць магчымасць укладваць у культуру па 500 мільёнаў рублёў штогод...

Уладзімір КРУК:

- Старшыня нашага райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які на гэтай пасадзе - другі год, калі толькі да працы прыступіў, адразу параўнаў стан спраў у культуры на Баранавіцкай зямлі і ў нашым раёне. Параўнанне пайшло не на карысць Ляхавіччыне. Выснова была адназначнай: наш райбюджэт павінен больш эфектыўна "дбаць" аб культуры. Але напоўніцу ажыццявіць запланаванае перашкодзіў эканамічны крызіс... Праблем, паўтаруся, хапае. Трэба тэрмінова замяняць сцэнічныя касцюмы, пашытыя яшчэ ў 1980-х...

Ніна ПРЫХАЧ:

- У нас толькі народных і ўзорных - 16 калектываў...

Уладзімір КРУК:

- Не меншая праблема і з транспартам. Найпершая задача - набыццё аўтаклуба. Пад бібліобус выкарыстоўваем даўно састарэлую машыну. А каб выканаць Дзяржпраграму адраджэння і развіцця сяла ў частцы арганізацыі мабільнага парку ўстаноў культуры, мы перадалі ў аддзел "Газель" са спартыўнай школы. Але для канцэртнага выезду вялікага самадзейнага калектыву месцаў тут, натуральна, не хапае.

Яўген РАГІН:

 - Словам, латанне дзірак, якое пытанняў цалкам не вырашае...

Уладзімір КРУК:

- Некалькі гадоў таму быў у нас з візітам губернатар Канстанцін Сумар, даў дабро на рэканструкцыю ГДК...

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Мы да гэтага чатыры гады імкнуліся. Паўтара года праект рыхтаваўся. Цяпер на аб'екце працуюць баранавіцкія будаўнікі.

 Уладзімір КРУК:

- Будзе губернатар неўзабаве і на ўрачыстым адкрыцці Дома культуры ў райцэнтры. Мяркуем яшчэ раз абмеркаваць нашы набалелыя пытанні і прапанаваць такое выйсце: пры долевым удзеле Брэсцкага аблвыканкама і нашага райвыканкама ўсё ж набыць для аддзела культуры прыстойны аўтатранспарт.

Яўген РАГІН:

- Наколькі ведаю, ГДК будзе здадзены сёлета: у лістападзе - снежні.

Уладзімір КРУК:

 - Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі мяркуем правесці ўжо ў новым гарадскім Доме культуры.

Яўген РАГІН:

- Ніна Барысаўна, ваша бачанне сённяшняй явы? Вашы варыянты выйсця з тупіку?

 Ніна ПРЫХАЧ:

 - Хоць і цяжкая сітуацыя з транспартам, але святло ў канцы тунэля ўсё ж бачнае: кіраўніцтва раёна цудоўна разумее сутнасць праблемы і жадае ўсяляк дапамагчы...

Яўген РАГІН:

- Арандаваць аўтобус для выезду на канцэрт - справа не надта выгадная.

Ніна ПРЫХАЧ: 

- Безумоўна... Тут іншыя захады патрэбны. Да прыкладу, сфера адукацыі набывае транспарт пры долевым удзеле. А ў сферы культуры раёны вобласці папаўняюць аўтапарк мабільных устаноў хто як можа, няма адпаведнай абласной праграмы, адсутнічае цэнтралізаваная сістэма...

Уладзімір КРУК:

- А сёння аўтобусы каштуюць пад 200 мільёнаў рублёў. Тым не менш, за долевыя пакупкі мы - абедзвюма рукамі.

Яўген РАГІН:

- Грошай у раёне не стае, але гісторыка-духоўны патэнцыял - вялізны...

Уладзімір КРУК:

 - Так, у іншых раёнах нават зайздросцяць: у нас - 14 старадаўніх паркаў і маёнткаў, у тым ліку і Тадэвуша Рэйтана - дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, што змагаўся супраць распаду Рэчы Паспалітай, асобныя будынкі - у неблагім стане.

Ніна ПРЫХАЧ:

- І тут, на мой погляд, таксама патрэбны праграмны падыход да захавання гісторыка-культурнай спадчыны, неабходна дзяржаўная падтрымка нашых праектаў і ініцыятыў...

Уладзімір КРУК:

 - З падачы аддзела культуры ўзноўлена капліца роду Рэйтанаў...

 Ніна ПРЫХАЧ:

 - Можна было б аднавіць і саму Грушаўку. Маёнтак стане неблагой гасцініцай. У бюргерскім дамку да месца адкрыць музейную экспазіцыю... За справу варта брацца ўсёй грамадой: клопату хопіць і жыллёвакамунальнай гаспадарцы, і таварыству паляўнічых ды рыбаловаў... Ідэі ёсць, але яны патрабуюць дзяржаўнай падтрымкі.

Яўген РАГІН:

- План па аказанні платных паслуг не выконваецца, бо ГДК два гады як на рэканструкцыі. Іншых плошчаў для правядзення гарадской дыскатэкі няма?

 Уладзімір КРУК:

- Калектывы ГДК выступаюць на іншых сцэнах, улетку - у парку. Глядзельная зала ёсць і ў кінатэатры (дарэчы, ён таксама даўно патрабуе рэканструкцыі)... А дыскатэчная зала адсутнічае...

 Ніна ПРЫХАЧ:

 - Таму і дабіваліся так доўга аднаўлення ГДК. Тут з'явяцца не толькі санвузлы, але і выставачная зала, кавярня, більярдная, цэлы комплекс іншых паслуг. Словам, можна будзе прабавіць тут час цягам ледзь не цэлага дня... Гараджане ўжо засумавалі па сямейным адпачынку. А ў ГДК знойдзецца справа па душы і для бацькоў, і для дзяцей, бо плошчы для гуртковай работы значна пашырацца.

Яўген РАГІН:

 - Няўжо і харэограф у вас ёсць?

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Стаўка ёсць, харэографа - няма. З гэтай нагоды ў мяне - канкрэтная прапанова: адкрыць на базе Баранавіцкага або Брэсцкага ўніверсітэтаў факультэт, які рыхтаваў бы клубных работнікаў. Настаўнікаў у нас хапае, а кіраўнікоў СДК з вышэйшай адукацыяй амаль няма, і пенсіянераў сярод іх шмат... А праблем з жыллём для маладых спецыялістаў у нас ужо не існуе: і ў райцэнтры новы мікрараён з'явіўся, і на сяле кватэрнае пытанне таксама не паўстае.

 У кабінет намесніка старшыні райвыканкама зайшла па справах дырэктар ГДК Людміла ЛАМАКА. Мы запрасілі яе да ўдзелу ў гутарцы. /i/content/pi/cult/295/4921/10-12.jpg

Яўген РАГІН:

- Колькі ГДК зарабіў на платных паслугах у неспрыяльных рамонтных умовах?

 Людміла ЛАМАКА: 

- 56 мільёнаў рублёў, а гадавы план - 64 мільёны.

 Яўген РАГІН:

- У выніку "кульгае" выкананне агульнараённага плана... Уладзімір Канстанцінавіч, а што б вы прапанавалі ўдасканаліць, магчыма, у заканадаўстве, каб заданне па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці не падавалася невыносным цяжарам, а стала б адной з жаданых мэт?

Уладзімір КРУК:

- Я не абкладаў бы пазабюджэтныя захады падаткамі. Няхай начальнік аддзела сам вырашае, для чаго найперш спатрэбяцца гэтыя грошы: на рост заробкаў, на ўмацаванне тэхнічнай базы...

Людміла ЛАМАКА:

 - А я б іх выкарыстала на заахвочванне кіраўнікоў клубных фарміраванняў, гурткоў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці... Пры ГДК працуе сем народных і ўзорных калектываў, кіраўнікамі якіх з'яўляюцца сумяшчальнікі, што атрымліваюць штомесяц па... 180 - 200 тысяч рублёў. А ў іх два разы на тыдзень - рэпетыцыі ды яшчэ платныя канцэрты...

Яўген РАГІН:

- Яшчэ адно "фінансавае" пытанне: калі б пачаў дзейнічаць прынцып "усё заробленае - сабе", дык наколькі б павялічыўся пазабюджэтны "факт"?

 Людміла ЛАМАКА:

 - Мільёнаў на сорак - дакладна, бо стымул больш чым канкрэтны: праца на ўласны заробак.

Уладзімір КРУК:

- І работнікі культуры, і самадзейныя артысты павінны адчуць уласную сацыяльную значнасць.

Людміла ЛАМАКА:

- Тады і вынік нашай працы будзе не толькі важкім, але і гарантавана якасным.

Ніна ПРЫХАЧ:

 - У калектывах са званнямі ў нас задзейнічаны найбольш падрыхтаваныя самадзейныя артысты, адпаведныя па прафесіяналізме і іх мастацкія кіраўнікі. А стаўкі ў такіх творцаў нашмат меншыя, чым у дырэктара сельскага Дома культуры. Мякка кажучы, несправядліва... Атрымліваецца, што ў калектываў і стымулу асаблівага няма, каб творча развівацца ды атрымліваць званні...

 Уладзімір КРУК:

 - Я падтрымліваю меркаванне Ніны Барысаўны. І згадваю з гэтай нагоды, што Генадзь Цітовіч, які з 1939-га па 1952 год працаваў на Беларускім радыё, кіраваў адначасова Падлескім народным хорам. Потым эстафету кіраўніцтва прыняў Аляксей Жук, колішні акампаніятар. Працаваў да пенсіі. А пасля замену мы так і не здолелі падабраць... Так, мастацкім кіраўнікам сёння патрэбны стымул.

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Ніхто не адмяняў планы платных паслуг. А каб паслугі гэтыя карысталіся попытам у насельніцтва, неабходна высокая якасць мерапрыемстваў, якую забяспечыць здольны толькі прафесіяналы. Таму і адносіны да іх павінны быць адпаведнымі.

Яўген РАГІН:

 - Ваша стаўленне да таго, што Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум выпускае бібліятэкараў, якія не менш прафесійна могуць выконваць функцыі і клубнікаў?

Ніна ПРЫХАЧ:

- Такімі шматпрофільнымі кадры і павінны цяпер быць. Вузкапрофільнасць замінае. У сельскім Доме культуры чакаюць універсалаў.

Уладзімір КРУК:

 - Маральна старэе тэхнічная апаратура, гэтак жа імкліва растуць і патрабаванні да работнікаў культуры. Да прыкладу, дылетант сёння не зможа напоўніцу выкарыстаць усе магчымасці камп'ютарнай тэхнікі.

Яўген РАГІН:

 - Але ж асаблівай тэхнічнай узброенасцю СДК вы пахваліцца пакуль не можаце. Гэта звязана і з тым, напэўна, што якаснай айчыннай апаратуры не маем, а замежнай - не маем права набыць у дастатковай колькасці?

 Уладзімір КРУК:

- У пэўнай ступені- так.

 Ніна ПРЫХАЧ:

- Чарговая невырашальная цяпер праблема. Нават тыя айчынныя фірмы і арганізацыі, што вырабляюць апаратуру, не маюць сертыфікатаў Беларускай гандлёвай палаты. Без сертыфікатаў набыць тэхніку не дазваляе казначэйства... А грошы для гэтага якраз ёсць: 20 мільёнаў на сельскія дамы культуры. Але мы іх асвоіць, паўтаруся, не можам.

Яўген РАГІН:

- Выкананне Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла ад "А" да "Я" - рэч, як аказваецца, вельмі няпростая... Вы не спраўляецеся са здачай аб'екта культуры ў вёсцы Востраў, якая, згодна з Дзяржпраграмай, павінна была сёлета стаць аграгарадком. Аб'ект "пераходзіць" на 2011 год...

Уладзімір КРУК:

 - Я лічу, што дзяржаўная ўвага да сяла не аслабне і заўтра.. Сёлета ж тыя 400 мільёнаў, што выдаткоўваліся на рамонт СДК аграгарадка "Востраў", будуць асвоены: дах зробім, вокны пачнем мяняць...

Яўген РАГІН:

 - Райвыканкам тут крэдытамі не дапамагаў?

 Уладзімір КРУК:

- Крэдыты - бралі...

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Але пайшлі яны на рэканструкцыю гарадскога Дома культуры. Гэта - два мільярды семсот мільёнаў рублёў... На ліквідацыю ўсіх нашых праблем сродкаў, безумоўна, не хопіць.

Яўген РАГІН:

 - Востраўскі СДК, наколькі ведаю, пад адным дахам утрымлівае яшчэ бібліятэку і клас музычнай школы... Якія ўсё ж работы там сёння вядуцца?

Ніна ПРЫХАЧ:

- Рамонт даху... Праектам прадугледжаны дзве чаргі работ: першая - абнаўленне даху, фасада, замена вокнаў, другая - унутраны рамонт, у тым ліку ацяплення, электраправодкі... З першай чаргой, думаю, справімся сёлета...

Уладзімір КРУК:

- Рашэннем выканкама "перавядзём" аб'ект на наступны год.

 Яўген РАГІН:

- Вашы меркаванні на гэты конт, Ніна Барысаўна?

 Ніна ПРЫХАЧ:

- Калі фінансаванне - недастатковае, такія аб'екты, на мой погляд, і трэба рабіць пераходнымі: каб якасна выканаць усё,/i/content/pi/cult/295/4921/10-1.jpg што трэба, і потым не вяртацца ўжо да гэтага пытання... Натуральна, можна было б за тыя 400 мільёнаў пафарбаваць СДК і здаць яго сёлета. Але ж ці ёсць сэнс у такім "рамонце"?

Яўген РАГІН:

 - Давайце далей прааналізуем рэалізацыю Дзяржпраграмы. Мы згадалі кадры, мабільныя ўстановы, матэрыяльную базу... Ці ўсе бібліятэкі аграгарадкоў укамплектаваны камп'ютарамі?

Ніна ПРЫХАЧ:

- Дзяржпраграма тут выконваецца ў поўным аб'ёме. Набылі камп'ютар і для Востраўскай сельскай бібліятэкі, але пакуль, натуральна, не падключалі... Адна з бібліятэк камп'ютарызавана нават звыш Дзяржпраграмы... Але гэта не значыць, што - звыш патрэбы... Па вялікім рахунку, усе бібліятэкі павінны мець камп'ютарную тэхніку.

Уладзімір КРУК:

 - І асабліва- у сельскай мясцовасці. Там, дзе ёсць выхад у Інтэрнэт,- чэргі дзяцей. У школе для гэтага час абмежаваны, і тэхніка такая не ў кожным вясковым доме ёсць, таму спадзеў- толькі на ўстановы культуры.

Яўген РАГІН:

 - Вы за камп'ютарную дасведчанасць сельскіх бібліятэкараў спакойныя? Паслугі - якасныя?

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Хтосьці ў большай ступені дасведчаны, хтосьці - у меншай... Чалавечы фактар...

 Яўген РАГІН:

 - Напэўна, і ўзрост спецыялістаў на сітуацыю ўплывае?

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Безумоўна! Маладыя бібліятэкары тут - заўжды на вышыні.

 Яўген РАГІН:

- Клубнікі ці не ўсёй рэспублікі сёння ў адзін голас кажуць: "Камп'ютары і нам не пашкодзілі б", - і не толькі ў аграгарадках, а ў звычайных вёсках... Якімі тут бачацца перспектывы на прыкладзе вашага раёна?

 Уладзімір КРУК:

- Канешне, усё гэта надзвычай перспектыўна і вядзе да шматлікіх выгод: павелічэння наведвальнасці сельскіх устаноў культуры, пашырэння спектру паслуг, узнікнення якасна новых форм дзейнасці...

 Ніна ПРЫХАЧ:

- Інтэрнэт - невычэрпная крыніца інфармацыі, без якой сёння не скласці цікавага і ёмістага сцэнарыя...

Уладзімір КРУК:

- Трэба рыхтаваць, я лічу, раённую праграму далейшай камп'ютарызацыі нашых устаноў культуры. Не такіх ужо вялікіх грошай каштуе цяпер ноўтбук. Думаю, райбюджэту хопіць на заўтрашнюю рэалізацыю такой праграмы.

 Ніна ПРЫХАЧ:

 - У новым ГДК і дзіцячай бібліятэцы камп'ютараў будзе аж шаснаццаць.

Яўген РАГІН:

- Уладзімір Канстанцінавіч, наколькі крэатыўныя вашы работнікі культуры? Наколькі ініцыятыўныя?

Уладзімір КРУК:

- Прынамсі, яны здолелі давесці сваю патрэбнасць. Да прыкладу, начальніка аддзела культуры наш старшыня райвыканкама прымае заўжды паза чаргі, імкнецца ва ўсім сферу падтрымаць і матэрыяльна дапамагчы... Кожны з нас цудоўна разумее, што аддзел культуры для раёна - іміджаўтваральны... А галоўная ініцыятыва аддзела - рэканструкцыя ГДК. Варта параўнаць, якім ён быў і якім стаў.

Ніна ПРЫХАЧ:

- Укладзена ў гэты амаль рэалізаваны праект каля дзесяці мільярдаў рублёў. І калі адкрыецца гарадскі Дом культуры, надыдзе самы спрыяльны час для ажыццяўлення самых смелых творчых ідэй. Маю на ўвазе наладжванне маштабных дзіцячых святаў, дзён нараджэння, канцэртных прэзентацый нашых лепшых самадзейных ансамбляў, маладзёжных шоу...

 Яўген РАГІН:

 - У Слуцку Маладзёжны цэнтр карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю. За кошт пазабюджэту там у свой час здолелі пашырыць магчымасці штатнага раскладу...

Ніна ПРЫХАЧ:

 - Думаю, і ў нас неўзабаве з'явяцца для гэтага ўсе магчымасці.

Яўген РАГІН:

- Уладзімір Канстанцінавіч, ваша бачанне бліжэйшых і лёсавызначальных перспектыў у сферы рэгіянальнай культуры? Над чым аддзелу трэба працаваць найперш?

Уладзімір КРУК:

- Галоўнае - кадры. Семдзесят працэнтаў работнікаў маюць спецыяльную адукацыю, пэўная частка з іх - пенсіянеры... Другое - матэрыяльная база: гэта і транспарт, і касцюміраванне, і клубна-бібліятэчнае абсталяванне. Трэцяе: кантакт з кіраўнікамі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў. Раней вясковыя ўстановы культуры знаходзіліся на балансе мясцовых гаспадарак, цяпер збольшага - на балансе аддзела культуры. Пэўныя кіраўнікі СВК нібы ўздыхнулі з палёгкай: менш клопату засталося. Між тым, у СДК і бібліятэкі ходзяць рабочыя тых СВК, іхнія дзеці. І кіраўнікіаграрнікі павінны працаваць у звязцы з работнікамі культуры, дапамагаць не толькі транспартам, але і грашыма. А то іншым разам з гаспадарак аддзелу культуры рахунак выстаўляецца: маўляў, вярніце грошы за навагоднія падарункі!..

Яўген РАГІН:

- А што павінна прастымуляваць узнікненне такіх спонсарскіх і трывалых стасункаў?

Уладзімір КРУК:

- Выхоўваць варта, даводзіць культасветнай справай, што бібліятэка і клуб на сяле - аб'екты духоўнасці, аб'екты выхавання, калі жадаеце, - стабілізацыі сацыяльнай абстаноўкі.

Дэталь да агульнай карціны

"Не пашкодзіў бы і тэлевізар"

Сапраўды, бібліятэкару Навасёлкаўскай сельскай бібліятэкі Але Арлоўскай, апрача ксеракса, не пашкодзілі б у паўсядзённай творчай працы і тэлевізар з DVD-прайгравальнікам.

 Справа ў тым, што тры гады таму, калі Навасёлкі сталі аграгарадком, у Алы Аркадзьеўны ўзнікла ідэя стварыць пры бібліятэцы нядзельную школу. Мясцовы айцец Сергій пайшоў насустрач. Цяпер жа бібліятэчную нядзельную школу наведвае больш за два дзесяткі дзяцей і дарослых, прычым ініцыятыву падтрымалі прадстаўнікі розных канфесій, зрабіўшы бібліятэку сапраўдным культурнадухоўным адукацыйным цэнтрам і прыводзячы туды сваіх дзетак.

Айцец Сергій выпісвае для бібліятэкі адпаведную перыёдыку. Кіраўніцтва СВК "Шлях новы" забяспечыла чытальную залу дадатковымі крэсламі.

Заняткі, што вядзе Ала Арлоўская па ўласнай праграме, пачынаюцца гутаркай айца Сергія. Гутарка гэтая заўжды суправаджаецца дакументальным фільмам. Шкада, перажывае Ала Аркадзьеўна, што тэхнікі для кінапаказаў бібліятэка не мае, а таму айцец Сергій штораз карыстаецца ўласным тэлевізарам і прайгравальнікам.

Пад час заняткаў бібліятэкар распавядае вучням аб рэлігійных святах, аб тых этнічна-рэлігійных адметнасцях, што ўласцівыя вёсцы і ваколіцам...

Турбуе бібліятэкара яшчэ адна праблема: папаўненне кніжных фондаў. Цяпер за квартал фонд павялічваецца, у лепшым выпадку, недзе на паўсотні кніг. Хранічна не стае выданняў праграмнай, навуковай і галіновай літаратуры.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Ляхавіцкі раён - Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"