Web-правы на заканадаўчай вілцы

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Аўтарскае права і бібліятэкі: як запоўніць інфармацыйную прастору, не крыўдзячы творцу?

/i/content/pi/cult/295/4920/pic_32.jpgУ ХХІ стагоддзі бібліятэка па-ранейшаму застаецца самым вялікім сацыяльным інстытутам, які забяспечвае доступ грамадства да тыражнай інфармацыі. Ужо няправільна зводзіць функцыю гэтай установы да “назапашвання” ведаў, бо найноўшыя тэхналогіі дапамаглі істотна іх пашырыць. Інтэрнэт і лічбавыя носьбіты адкрылі для бібліятэкараў вялікае поле дзейнасці, аднак адразу ўскалыхнулі айчынных творцаў: як у новых умовах будуць захаваны правы аўтараў? Сённяшняя гаворка — аб тым, як можна знайсці баланс паміж правам на свабодны доступ да інфармацыі і правам аўтара на інтэлектуальную ўласнасць.

Звяно паміж аўтарамі і грамадствам

"Аўтарскае права памерла!" - гучна заявілі стваральнікі Інтэрнэта, калі стала зразумела, што Сусветнае Сеціва пачало дыктаваць грамадству новыя ўмовы існавання. Яны актыўна выступілі супраць усялякіх абмежаванняў на шляху алічбоўкі дакументаў і распаўсюджвання інфармацыі ў webпрасторы. У якасці падтрымкі выкарыстоўвалі норму Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе сказана, што кожны мае права на поўны і свабодны доступ да любой інфармацыі.

Канешне, нельга пабудаваць інфармацыйнае грамадства, калі абмен ідэямі, думкамі, дакументамі з дапамогай найноўшых тэхнічных сродкаў не будзе паўсюдным. Але...

- Нікому не прыйдзе ў галаву патрабаваць бясплатны білет у тэатр з-за таго, што ў яго ёсць права на знаёмства са здабыткамі культуры. І толькі Інтэрнэт стала патрабуе неаплачваемай інфармацыі, - зазначыў старшыня Альянса ў вобласці аўтарскага права краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Міхал Фічар у час рэспубліканскага семінара ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі па тэме абароны інтарэсаў аўтараў. - Мі ж н а р о д н ы я арганізацыі ў згаданай сферы распрацоўваюць шматлікія нарматыўныя акты, якія ўплывалі б на глабальную сетку. Кіберпрастора вымагае сумеснай працы ўсіх краін, а нацыянальнае заканадаўства мусіць дапамагаць міжнародным актам. Зрэшты, Беларусь была адной з першых краін, што далучылася да міжнародных дагавораў у сферы глабальнай сеткі.

Праблема, наспеўшая ва ўсім свеце, не стала выключэннем для Беларусі. Цяпер у рэспубліцы ідзе плённая праца над падрыхтоўкай праекта новага Закону "Аб аўтарскім праве і сумежных правах", што ўлічыць тыя каласальныя змяненні, якія прынесла тэхнічная рэвалюцыя. Распрацоўшчыкі законапраекта праводзяць безліч кансультацый з рознымі дзеячамі культуры і мастацтва. Для кансультацый стала запрашаюць прадстаўнікоў бібліятэчнай сферы, што, зрэшты, і не дзіўна: сёння яны часцяком становяцца тым звяном, якое аб'ядноўвае шырокае кола аўтараў і грамадства.

 

Фармат - ёсць, закону - пакуль няма

Перавагі новых тэхналогій павінны быць даступныя усім: грамадству, праваўласнікам і бібліятэкарам. Апошнія маюць намер стварыць масіў карыснай для ўсіх зацікаўленых інфармацыі. Адукацыя айчыннага бібліятэкара, матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў дазваляюць гэта зрабіць. На сённяшні дзень у Законе "Аб аўтарскім праве і сумежных правах", які быў прыняты яшчэ ў 1996 годзе, адной з аб'ектыўных форм існавання дакумента прызнаецца электронная, але няма дакладнага вызначэння гэтага паняцця.

- На практыцы атрымліваецца заканадаўчая вілка: часцяком тое, што можна рабіць з аналагавым дакументам, нельга прымяніць да яго электроннай копіі, бо аўтарскае права не ў поўным аб'ёме распаўсюджваецца на лічбавую сферу, - растлумачыла галоўны бібліятэкар інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ, кіраўнік рабочай групы пры Савеце бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні Аксана Варанецкая. - Але хто, як не бібліятэкі, павінен займацца абаронай інтэлектуальнай уласнасці ад кантрафакта, ад незаконнага карыстання незалежна ад фармату?..

Бібліятэчнае грамадства імкнецца данесці да законатворцаў яшчэ шэраг праблем, з якімі прафесіяналы сутыкаюцца на практыцы. Прынамсі, работнікі ўстаноў выступаюць за пашырэнне права аўтара распараджацца сваім творам. Аксана Варанецкая падкрэслівае, што ўсе новыя рэдакцыі еўрапейскіх законаў у дадзенай сферы носяць адкрыты камерцыялізаваны характар. Сучасныя эканамічныя рэаліі такія, што большасць аўтараў перадаюць свае выключныя правы іншым арганізацыям. Выдавецтва, якое ўжо аднойчы ўклала грошы, зацікаўлена і надалей атрымліваць як мага больш прыбытку. У выніку аўтар ужо не мае права на свой твор і не можа адкрыць яго для шырокага доступу.

У жыцці нярэдка здараецца так, што малады навуковец марыць аб тым, каб яго даследаванне праз фонды НББ трапіла ў Сусветную электронную бібліятэку. Але супрацоўнікам установы даводзілася адмаўляць аўтару, бо выключныя правы на твор належаць іншым арганізацыям. Купіць работу не заўсёды ёсць магчымасць, а бясплатна аўтар аддаць не можа, бо, паводле заканадаўства, любая аўтарская праца павінна быць аплачана.

- З пункта гледжання Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, незалежна ад формы, у якой адбываецца выкарыстанне твора - ці гэта ўсім звыклая кніга, ці папулярны цяпер электронны файл для навамоднага "гэджэта", - выкарыстанне твора павінна ажыццяўляцца з дазволу аўтара, а аўтарскі ганарар павінен выплачвацца, - запэўнівае начальнік Цэнтра па калектыўным ўпраўленні маёмаснымі правамі НЦІУ Аляксей Бічурын.

На яго думку, наяўнасць у Законе палажэнняў аб абавязку выплаты аўтарскага ўзнагароджанне з'яўляецца, у першую чаргу, гарантыяй аўтараў ад магчымай самаўпраўнасці недысцыплінаваных карыстальнікаў. Апошнія могуць "шантажыраваць" творцу шанцам стаць папулярным пры іх дапамозе і такім чынам прымусяць яго адмовіцца ад ганарару ў прынцыпе. "Аўтар заўсёды разглядаецца як найбольш слабы бок у адносінах з карыстальнікам", - падкрэслівае Аляксей Бічурын.

У бібліятэкараў свой погляд на стасункі аўтара і карыстальніка, якія ўзнікаюць у сценах іх устаноў:

- Калі вярнуцца да сітуацыі з навукоўцамі, то трэба прыняць у разлік некалькі акалічнасцей. Па-першае, знаходжанне ў электронным каталогу надае статус і папулярнасць асобе не толькі на радзіме, але і ў міжнародным маштабе. Па-другое, у гэтым каталогу тэарэтык прасоўвае свае навуковыя вышукі абсалютна бясплатна, - тлумачыць пазіцыю калег Аксана Іванаўна. - Дык чаму не дазволіць аўтару самому вырашаць, як распарадзіцца сваім творам?..

Бібліятэкары спадзяюцца, што ў новай рэдакцыі Закону з'явіцца норма, па якой дагавор зможа быць так званым выплатным і бязвыплатным. Яны падкрэсліваюць: змяненні пашыраць магчымасці не бібліятэк, а ўласна творцаў. Тады аўтар будзе самастойна вырашаць, у якім выпадку для яго больш карысці: аддаць рукапіс за грошы або ў свабоднае карыстанне.

 

У дапамогу рэгіёнам

Адсутнасць выразных азначэнняў правоў бібліятэкараў і карыстальнікаў інфармацыі можа паглыбіць падзяленне на "багатых" і "абдзеленых" інфармацыяй чытачоў. Прынамсі, паўнавартаснае ўвядзенне паняцця электроннай копіі ў заканадаўчае поле, пэўныя выключэнні для бібліятэчнай галіны з агульнага Закону, напэўна, дапамогуць забяспечыць жыхароў рэгіёнаў неабходнымі дакументамі для навуковай і прафесійнай дзейнасці.

Савет бібліятэк выступае за тое, каб было дазволена выкарыстоўваць электронныя дакументы для аддаленага доступу без шматлікіх дамаўленняў з аўтарамі. У гэтым выпадку зарэгістраваны чытач зможа дома на асабістым камп'ютары праглядаць неабходныя, толькі правамерна надрукаваныя ў лічбавай форме, экзэмпляры твораў. Зразумела, не маючы магчымасці іх скапіраваць. Такі падыход стане лепшым выйсцем для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама выключыць верагоднасць інфармацыйнага вакууму для жыхароў аддаленых населеных пунктаў.

- Выключэнне дапаможа зрабіць больш эфектыўным міжбібліятэчны абанемент, дазволіць пашырыць фонды рэгіянальных устаноў галіны, - дадае Аксана Варанецкая. - Так, з 2000 года падпіска на часопісы ў сярэднім узрасла на 300 працэнтаў, з улікам росту інфляцыі. Зразумела, што маленькая раённая або вясковая бібліятэка не мае магчымасці падпісацца на ўсе выданні. Але і там пражываюць людзі, якім для навучання, навуковых даследаванняў, працы неабходна спецыяльная літаратура, падручнікі, перыядычны друк. Выкарыстаць электронны варыянт дакумента было б для іх за шчасце. Закон павінен стымуляваць інтэлектуальную дзейнасць, падтрымліваць творцаў, але ідэі, якія змяшчаюцца ў электроннай інфармацыі, павінны быць даступныя не толькі тым, хто можа заплаціць за яе выкарыстанне.

Зрэшты, падобныя магчымасці для міжбібліятэчнага абанемента дзейнічаюць у некаторых краінах. Тут адыгрывае ролю права першага продажу, іншымі словамі - бібліятэка плаціць аўтару за набыццё экзэмпляра, а потым перадае па сваёй сетцы электронную копію твора ў рэгіёны. Існуе ў свеце і іншая практыка: калі выплаты аўтарам за карыстанне алічбаванай версіяй у нацыянальных бібліятэках бярэ на сябе дзяржава. У любым выпадку, аўтар упэўнены: яго твор не выйдзе на рынак несанкцыянавана і не акажацца супрацьзаконна размножаны.

 

Адна арганізацыя - мінус дзясяткі праблем

Якія б выключэнні ні былі ўнесены ў заканадаўчы акт, Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" перадусім накіраваны на абарону інтэлектуальнай уласнасці. Айчынная бібліятэчная сетка дзейнічае ў прававым полі, і кожны аўтар можа быць упэўнены, што ягоная праца будзе аплачана.

- У нас узнікае толькі адна праблема: як знайсці аўтара літаратурнага твора, - скардзіцца Аксана Варанецкая. - У фондах НББ захоўваецца каля сямі мільёнаў адзінак, штодня мы атрымліваем тысячы запытаў. У месяц патрэбна атрымаць некалькі дзесяткаў тысяч дазволаў ад творцаў на права выкарыстаць іх работы. А калі ў пэўнага дакумента некалькі аўтараў... Мы фізічна не паспяваем правесці пошукавую работу - гэта значыць, што частку фондаў не пабачыць шырокае грамадства.

Нашмат прасцей працаваць з музычнымі творамі. НББ заключыла дагавор з НЦІУ на права выкарыстання гэтых дакументаў, у тым ліку на перавод аналагавых архіваў у электронную форму. Такім чынам, грошы выплачваюцца непасрэдна Цэнтру, які шукае аўтараў. Дзякуючы існаванню арганізацыі, бібліятэцы патрэбна толькі аднойчы звяртацца па дазвол. Таму ў бібліятэкараў выклікае трывогу прапанова ўвесці ў новы закон магчымасць існавання некалькіх падобных арганізацый, што можа стварыць пэўныя, у тым ліку фінансавыя, складанасці.

Значная розніца ў падыходзе да працы з пэўнымі відамі твораў тлумачыцца тым, што на сённяшні дзень магчымасці Цэнтра вельмі абмежаваныя. Арганізацыя работы па калектыўным кіраванні правамі патрабуе вялікай падрыхтоўкі, і гэты працэс можа, на жаль, расцягнуцца на некалькі гадоў.

- Мы ўпэўнена кажам цяпер аб тым, што дастаткова добра спраўляемся са сваёй асноўнай задачай: кіраваннем правамі на музычныя і драматычныя творы, - тлумачыць начальнік Цэнтра. - Шкада, але як бы ні жадала бібліятэчная грамадскасць непасрэдна ўзяцца за пытанні кіравання правамі на літаратурныя творы (на што маецца адчувальны попыт), НЦІУ сёння не гатовы.

На шчасце, ужо намячаюцца першыя зрухі ў гэтай справе. У праект новага Закону закладзены неабходны базіс для таго, каб стварыць умовы для запатрабаванай спецыялізацыі калектыўнага ўпраўлення. У гэтым выпадку, у межах канкрэтнай сферы выкарыстання твораў, у тым ліку, магчыма, літаратурных, будзе дзейнічаць пэўная арганізацыя. "Безумоўна, вялікая роля ў гэтым працэсе павінна належыць бібліятэчнай грамадскасці. Без яе непасрэднага ўдзелу адпаведныя ініцыятывы наўрад ці будуць жыццядзейнымі", - падкрэслівае Аляксей Бічурын.

 

■ ■ ■

Найноўшыя тэхналогіі, падарыўшы інфармацыйную свабоду, часткова аднялі ў аўтара магчымасць атрымліваць годную аплату сваёй інтэлектуальнай працы. Выправіць гэтае становішча можна толькі сумеснымі намаганнямі, перш за ўсё - у заканадаўчай сферы. Як зазначыла спецыяліст аддзела па супрацоўніцтве з некаторымі краінамі Еўропы і Азіі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці Сауле Тлеўлесава на згаданым рэспубліканскім семінары, Беларусь актыўна ўзялася за стварэнне эфектыўнага прававога поля ў сферы аўтарскага права. Аб гэтым сведчаць і тыя чатыры галіновыя сустрэчы міжнароднага ўзроўню, якія былі праведзены на тэрыторыі нашай дзяржавы за апошнія два гады. У час усеагульнай даступнасці менавіта нацыянальныя бібліятэкі могуць стаць тым інстытутам, які будзе ў інфармацыйнай прасторы захоўваць твор аўтара ад кантрафакта, ад незаконнага выкарыстання імені, ад незаконнага тыражавання. Такая ўстанова можа дапамагчы данесці твор аўтара да масавай аўдыторыі, забяспечыць яму сусветную даступнасць і зрабіць усё гэта ў прававым полі. Для гэтага ў бібліятэк ёсць і прафесійныя рэсурсы, і тэхналагічныя магчымасці. 

 

Каментарый з нагоды

Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь:

- Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь займаецца павышэннем эфектыўнасці працы па ахове аўтарскага права і сумежных праў у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па ахове інтэлектуальнай уласнасці, якая разлічана на 2008-2010 гады. Сёння ідзе напружаная работа па ўдакладненні нацыянальнага заканадаўства ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў. Наша міністэрства сумесна з многімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, прадстаўнікамі аўтарскай грамадскасці, вучонымі і экспертамі здзяйсняе актыўныя крокі для таго, каб узважана і абгрунтавана пабудаваць неабходны баланс інтарэсаў паміж аўтарамі, творчая дзейнасць якіх фарміруе сучасную культурную рэчаіснасць Беларусі, карыстальнікамі, што вырашаюць сацыяльна значныя задачы ў сферы культуры і інфармацыі, а таксама самога беларускага грамадства, якое стала на шлях інавацыйнага развіцця і мае сёння найбольш шырокія патрэбы ў сферы ведаў. У падрыхтоўцы новага праекта Закону "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" прынялі актыўны ўдзел практычна ўсе, хто ў той або іншай меры зацікаўлены ва ўстойлівым і дынамічным развіцці нацыянальнага рынку аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Да ўдзелу ў дыскусіі былі прыцягнуты прадстаўнікі самых розных творчых прафесій: літаратары, музыканты, кінематаграфісты, мастакі, дызайнеры - усе тыя, інтэрэсы якіх звязаны з творчасцю. Спадзяёмся, што вынік працы дазволіць усім аўтарам захоўваць законныя правы на сваю творчасць. У той жа час, новы закон павінен даць адказ па актуальных праблемах грамадства і карыстальнікаў, вырашыць вострыя сацыяльныя задачы. Арганізацыі ў сферы культуры, адукацыі, масавай інфармацыі зацікаўлены ў найбольш шырокім, аднак абавязкова законным выкарыстанні ўсяго таго масіву інфармацыі, які назапашаны на сённяшні дзень і выступае фундаментам для далейшай творчай дзейнасці. 

 

Аляксей БІЧУРЫН, начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:

- На сёння НЦІУ ажыццяўляе кіраванне правамі больш чым трох тысяч аўтараў. У асноўным - музычных твораў, а таксама тых работ, якія выкарыстоўваюцца ў тэатральнай дзейнасці. Штомесячна аўтарскае ўзнагароджанне атрымлівае звыш 900 чалавек. Пры гэтым, сярэдні памер месячнага аўтарскага ўзнагароджання ў разліку на аднаго творцу на сёння перавышае 270 тысяч рублёў. За апошнія тры гады ён павысіўся больш чым у два разы і ўшчыльную наблізіўся да памеру бюджэту пражытачнага мінімуму. Канешне, узровень рэалізацыі маёмасных правоў аўтараў у нашай краіне пакуль не супастаўны з некаторымі іншымі еўрапейскімі дзяржавамі і адрозніваецца ў некалькі разоў. Прынамсі, у Даніі гадавы памер аўтарскай аплаты ў разліку на душу насельніцтва складае 23,8 еўра, у той час як у Беларусі не перавышае 0,17 еўра. Таму нам ёсць куды расці і да чаго імкнуцца. Галоўнае сёння - гэта паступова развіваць грамадскую думку аб значнасці інстытутаў аўтарскага права, прывіваць павагу да творчай працы, вынікамі якога ствараецца наша культурная цяпершчына.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"