“Уся каралеўская раць”

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Як праляцелі яны, гэтыя сорак гадоў? Незаўважна… …Першым “тэлеайсбергам” беларускай вытворчасці высіцца трохсерыйны фільм на кінастужцы “Уся каралеўская раць” паводле аднайменнага рамана Роберта Пэна Уорэна. Моцная творчая група здымала яго, найвыдатнейшыя акцёры савецкага тэатра і кіно дэманстравалі на экране свае таленты. Фільм меў небывалы рэзананс, атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Усесаюзнага фестывалю тэлефільмаў… Напярэдадні 40-годдзя карціны я сабраў перад камерай тых, каго і па сёння называю — “Уся каралеўская раць”

/i/content/pi/cult/295/4914/pic_22.jpgЦягам сарака гадоў я не даваў "засохнуць" знаёмству са стваральнікамі стужкі, усяляк падтрымліваў зносіны з імі. То, было, завітае ў Мінск на гастролі Таганка - і размова з Алай Дзямідавай (Анна Стэнтан); то на "Беларусьфільм" прыедзе на агучку Барыс Іваноў (Дафі) - і тут успаміны. Са Жжонавым перапісваўся, нават прапанаваў яму вялікую ролю ў сваім серыяле "Пракляты ўтульны дом", амаль штогод сустракаліся з "дзядзькам Жорам" і на нашым кінафестывалі "Лістапад". У апошні мінскі візіт ён зрабіў надпіс на кнізе: "Чакаю сустрэч", паставіў дату "2003 г.", а падумаўшы, зірнуў на мяне, падпісаўся "Старк"- прозвішчам свайго персанажа з "...Раці" - і перадаў кнігу мне. Барыс Бланк, як і на "...Раці", быў мастаком фільма Г.Палокі "Вока за вока", што здымаўся на "Беларусьфільме", дзе я іграў невялікі эпізод.

Часцей даводзілася сустракаецца з масквічамі Міхаілам Казаковым (Джэк Бёрдэн) і Львом Дуравым (Рафінад). Лёва здымаўся ў мяне, а ў 2002-м прыязджаў у Мінск са спектаклем "Афінскія ночы" - бачыліся за кулісамі Палаца Рэспублікі. А Міша ўвогуле цягам апошніх гадоў ужо разы чатыры дастаўляў асалоду мінчанам слухаць у яго непаўторным выкананні рускія вершы - ад Пушкіна да Бродскага. Вядома ж, кожная сустрэча заканчваецца ў нас вячэрай - ледзь паспявае ён на апошні маскоўскі цягнік...

Ну, пра мінчан і размовы няма - час ад часу сцежкі перакрыжоўваліся. Міхась Карпук, што пачынаў фільм, рэдактар Эла Мілова, асістэнт рэжысёра Валерый Жыгалка, народныя артысты СССР Расціслаў Янкоўскі, Віктар Тарасаў, Аляксандра Клімава здымаліся ў маіх фільмах, а шафёр Гірша Сакалоў і грымёр Мікалай Ражкоў пазней працавалі на іх.

Вось да іх, да ўсіх гэтых асоб "дацягнуўся" і папрасіў расказаць перад нашай камерай пра ўдзел у "...Каралеўскай раці".

 

■ ■ ■

Ідэя экранізацыі, безумоўна, належыла /i/content/pi/cult/295/4914/pic_23.jpgАляксандру Гутковічу, у мінулым акцёру тэатра, аўтару п'ес і інсцэніровак, а ў той час - рэжысёру літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Ідэя - вар'яцкая, бо павінен быў здымацца першы савецкі фільм, які б паказваў жыццё ў сучаснай Амерыцы...

Міхаіл Казакоў:

- Раздаецца тэлефонны званок. Гаворыць Гутковіч, прадстаўляецца рэжысёрам Беларускага тэлебачання, пытаецца: "Ці чыталі раман Роберта Пэна Уорэна? Я буду яго экранізаваць, ужо гатовы сцэнарый. Прапаную Вам ролю Джэка Бёрдэна". Адказваю, што чытаў, што мару сыграць Джэка! Але адразу пытаюся, хто будзе ўвасабляць губернатара Вілі Старка? Гэта ж роля для вялікага артыста! Вя-лі-ка-га!.. Гутковіч: "Ну, будзем думаць... А ў вас ёсць кандыдат?" Так, кажу, я ведаю такога артыста. "Хто?" Гэта Павел Луспякаеў...

За першую экранізацыю рамана самімі амерыканцамі ў 1949-м прэмію "Оскар" атрымаў усяго толькі выканаўца ролі другога плана - гэта ў той час, калі яшчэ быў свежым прэцэдэнт кар'еры папуліста, дэмагога нахабніка Х'ю Лонга, які стаў прататыпам губернатара Старка. Экранізацыя ж 2006 года з удзелам акцёраў "першага галівудскага эшалона" Джуда Лоу, Шона Пэна, Кейт Уінслет, Энтані Хопкінса ўвогуле не прайшла ў пракаце: вялы, сумны сцэнарый пазбаўлены самых вострых і драматычных калізій рамана.

Міхаіл Казакоў:

- Раман пра палітыку, пра маральнасць, пра каханне - на высачэзнейшым творчым узроўні! Такім жа атрымаўся і сцэнарый. Колькі ў жыцці ставіў фільмаў, у колькіх іграў,- такі сцэнарый мне ніколі не трапляўся...

Хто ж зрабіў такі выдатны сцэнарый?

Тыя, хто ведаў Гутковіча (зваўся ў нас ён Газ: абрэвіятурай ініцыялаў), не маглі ўцяміць: як удалося выбудаваць такі напружаны сюжэт, стварыць вострыя дыялогі, не згубіўшы літаратурных тонкасцей рамана? Тут адчувалася моцная і ўмелая рука прафесіянала.

Цяпер, калі адкрылася, хто быў сапраўдным аўтарам сцэнарыя, я ўзгадаў, што так, было, некалькі разоў бачыў слёзы рэдактара фільма Элы Міловай. Але тады не звяртаў на тое ўвагі...

І вось чым яна падзялілася цяпер, праз сорак гадоў, перад камерай:

- Раніцай я сядала за друкарскую машынку. Гутковіч заўсёды прыстройваўся побач, злева. Сядзеў моўчкі. Я сачыняла, друкавала. Кожны закончаны аркушык ён адразу адбіраў у мяне і акуратна складаў у папачку. Урэшце скончылі ўсе тры серыі. Але ніякіх размоў пра маё аўтарства ці хаця б суаўтарства не адбывалася. Ужо напярэдадні ад'езду ў Маскву на здымкі Гутковіч у калідоры сунуў мне канверт з надрукаванымі кветачкамі. Я падумала, што віншуе мяне з 8-м Сакавіка. Раскрыла - там знаходзіщся яе месячны заробак рознымі купюрамі. Я прыйшла дамоў у слязах. А маці мне: "Вярні, і абавязкова - пры людзях!" Што я і зрабіла. Ён моўчкі прыняў канверт з грашыма...

Эла Мілова скончыла сцэнарны факультэт ВГИКа, у майстэрні выдатнага сцэнарыста Аляксея Каплера, была на той час ужо аўтарам некалькіх кінаі тэлефільмаў. Вось, аказваецца, чыё майстэрства так уразіла артыстаў ды ўсіх, хто чытаў сцэнарый!

 

■ ■ ■

/i/content/pi/cult/295/4914/pic_24.jpgРашуча заяўляю: аніводзін савецкі фільм не збіраў такой колькасці зорак кіно і тэатра, як беларуская "...Раць"!

Міхаіл Казакоў:

- Луспякаеў прыехаў у Маскву, каб падпісаць дагавор аб здымках- без проб! - у фільме па сцэнарыі Радзінскага "Спявачка" разам з Таццянай Даронінай. Калі я прымчаўся ў гатэль "зманьваць" на "Раць", у яго ўжо сядзела масфільмаўская асістэнтка з паперамі. Амерыканскага рамана Павел не чытаў, ад маіх угавораў паслухаць сцэнарый адмахваўся, усё патрабаваў інфармацыі пра знаёмых артыстаў, пра тэатр, пра Алега Яфрэмава... Я ўжо пачынаў нервавацца, калі ён сказаў: "Ну, чытай". Чытаў яму тыя эпізоды, якія клаліся на яго непаўторную акцёрскую індывідуальнасць. Слухаў няўважіва, але стаў захапляцца, бурна рэагаваць: "Ну проста для мяне!" Я працягваў "апрацоўваць" артыста, далей чытаць сцэнарый. "Стоп!- усклікнуў ён урэшце. - Я гэта іграю!" Запратэставала асістэнтка. Луспекаеў запытаў у мяне: " А сумяшчаць нельга?" Не, кажу, Паша, нельга: у цябе тры серыі амаль з кадра ў кадр...

Бясспрэчны аўтарытэт Паўла Барысавіча ў акцёрскім асяроддзі быў такі вялікі, што "пад яго" на нашы сціплыя ганарары маглі ўжо запрашаць, каго заўгодна. Канешне, ішлі і на выдатна выпісаныя ролі, і на ўгаворы ўлюбёнца маскоўскай багемы Міхаіла Казакова. Аднак у сувязі з раптоўнай смерцю Луспякаева, які паспеў зняцца толькі ў некалькіх эпізодах, роля Старка была перададзена Георгію Жжонаву.

Ды той жа цудадзей сцэны і экрана Яўген Еўсцігнееў згадзіўся на амаль бясслоўную ролю падрадчыка Ларсана! У самы крытычны перыяд творчага жыцця, можна сказаць, на пераломе свайго лёсу, пры пераходзе са створанага ім "Современника" ў МХАТ, яшчэ і здымаючыся ў "Выпадку з Палыніным", даў згоду ўздзельнічаць у "...Раці" Алег Яфрэмаў (Адам Стэнтан). Вялікія артысты нібыта прыцягвалі адно аднаго, ствараючы непаўторнае сузор'е. "Масфільмаўцы" прабіраліся ў восьмы павільён, каб паглядзець на сумесную ігру акцёраў. Цітры фільма ўяўлялі з сябе літаральна "парад зорак": Расціслаў Плят, Алег Яфрэмаў, Георгій Жжонаў, Анатоль Папанаў, Леў Дураў, Таццяна Лаўрова, Ала Дзямідава, Яўген Еўсцігнееў, Барыс Іваноў, Ада Войцык, Лайманас Нарэйка; нашы Расціслаў Янкоўскі, Аляксандра Клімава, Віктар Тарасаў, Уладзімір Дзядзюшка, Міхаіл Федароўскі...

 

■ ■ ■

Міхаіл Казакоў:

- З першых жа кантактаў з Гутковічам, з першых /i/content/pi/cult/295/4914/pic_25.jpgпроб я зразумеў, што праца будзе адчайная. Апроч выканання ролі мне наканавана было займацца рэжысурай фільма...

Сапраўды, Гутковіч фактычна не бачыў аніводнага класічнага або сучаснага, аніводнага знакавага замежнага фільма, не хадзіў у Дом кіно на прагляды - адно сядзеў у нумары гатэля, "працаваў". Ён на нейкай правінцыйнай мове спрабаваў кантактаваць з акцёрамі, мэтрам экрана рабіў заўвагі досыць прымітыўнай лексікай... Інтэлігентны Яфрэмаў выслухваў, мякка абяцаў улічыць заўвагі, рэзкі Луспякаеў папросту адмахваўся, стрыманая Дзямідава, не даслухаўшы, адразу прапанавала здымаць, Дураў адыходзіў убок, каб "засяродзіцца на вобразе". Кожны выбудоўваў ролю сам.

Леў Дураў:

- Я абраў сабе паводзіны "чалавека ў ценю". Ва ўсіх з'яўленнях губернатара я, ягоны целаахоўнік і шафёр, недзе маячыў за ім: ведаў, што камера мяне ў гэты час бачыць. А вам, рэжысёрам, я гэтага не раскрываў, каб не забаранілі. Проста "прысутнічаў" за спінай "гаспадара"...

Расціслаў Янкоўскі:

- Жжонаў у ролі губернатара-гаспадара так трапіў у вобраз! Гэткі курносы амерыканец. Але- моцны, з каласальнай энергетыкай! Адметна сыграў!..

Спачатку Георгію Сцяпанавічу, канешне ж, цяжка было ўвайсці ў ролю і спадабацца нам пасля Луспякаева... Вось стаіць, каменна-застылы, велічны і спакойны Еўсцігнееў-Ларсан. І нешта спрабуе "націснуць" на яго губернатар. Разумеем, што сцэна не атрымліваецца: перад вачыма ўсіх Павел стаіць... Тут Яўген Аляксандравіч не вытрымлівае: "Жора, стань на маё месца!" Жжонаў становіцца, а Еўсцігнееў прайграе ўвесь ягоны тэкст, усю сцэну, падступае, ды так грозна "давит" на партнёра, што нам ажно становіцца страшнавата... Сыграўшы, Еўсцігнееў буркнуў: "Выбачай..." - і стаў на сваё месца. Жжонаў разгублена адышоў, прамармытаў: "Сёння здымацца не магу". І пайшоў прэч з павільёна. Затое назаўтра прыйшоў узбуджаны і сыграў сцэну па малюнку, які паказаў учора Яўсцігнееў. Так і знялі. Так дружна і працавалі.

Адно Міша лаяўся, спрачаўся, пераконваў...

Міхаіл Казакоў:

- Газ быў не зусім тым чалавекам для такога роду работы. Канешне, яму дапамагалі акцёры, аператар, ты - другі рэжысёр, рэдактар- ды ўсе! Мэта была: зрабіць класны фільм. Тут не да амбіцый!.. Крызісныя сітуацыі ўзнікалі штодзень.

Кіраўніцтва Беларускага тэлебачання з "падачы" здымачнай групы запрасіла ў рэжысёры-супастаноўшчыкі аператара фільма Навума Ардашнікава. Па сутнасці, у цітрах побач павінна было б стаяць і прозвішча Казакова, бо ніхто столькі не ўклаў у фільм, як ён.

Міхаіл Казакоў:

- Гэта першы ў жыцці вельмі каштоўны вопыт - як у рэжысуры, так і ў арганізацыі вытворчага працэсу. Я быў, як цяпер назвалі б, "крэатыўны прадзюсар", хаця тады слоў такіх мы не ведалі...

 

■ ■ ■

Ад'язджаючы з Масквы, пакінуў грошы механіку здымачнай апаратуры, які не расставаўся з фотакамерай. І той праз некаторы час прыслаў мне пакет з паўсотняй здымкаў: рабочыя моманты, кадры фільма, партрэты акцёраў... На іх усе мы - маладыя, жыццярадасныя: шмат што было наперадзе! Тыя, хто здымаўся нядаўна ў маім новым фільме "Каралеўская раць. Трагедыі і таямніцы", на сённяшнім экране ўжо не такія маладыя, як на тых фота, але ўсё такія ж поўныя надзей, апантаныя яшчэ няздзейсненымі праектамі.

Маем час, здзейснім.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр