Тэрыторыя Жалудка

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Мядзведзі тут не водзяцца, але…

/i/content/pi/cult/295/4911/pic_13.jpgКалі глядзіш кіно, заўсёды высочваеш у кадры пазнавальныя мясціны - хай сабе яны служаць толькі фонам для экранных жарсцяў. Таму і нядзіўна, што пракату "Масакры" ў мястэчку Жалудок на Шчучыншыне чакаюць болей чым дзе. Галоўнай здымачнай пляцоўкай фільма стаў тамтэйшы палац Чацвярцінскіх. Яго занядбаны выгляд, патрэбны для атмасферы трылеру, - зусім не стварэнне мастака-пастаноўшчыка.

- Вось у гэты дзвярны праём заходзіў мядзведзь, у тым пакоі гарэў ложак, а далей па калідоры была бібліятэка,- вартаўнікі палаца ахвотна праводзяць своеасаблівую экскурсію па "тэрыторыі" фільма. Ну, а драўляную лесвіцу з выкшталцоным разным дэкорам не пазнаць папросту немагчыма.

Яшчэ і сёння на падлозе колішніх панскіх пакояў дзе-нідзе можна ўбачыць копы саломы - рэшкі арыгінальнага мастацкага аздаблення, - а на сценах засталіся дэкарацыі. Глядач ніколі б не падумаў, што гэтыя шыкоўныя фрагменты інтэр'ера насамрэч выкананы з пап'е-машэ. "Графіці", пакінутыя кімсьці са здымачнай групы, падобна на тое, былі зроблены галавешкай. Пра тое, што сцэна з пажарам - гэта не камп'ютарныя спецэфекты, сведчаць сляды на фасадзе. Жарсці былі адзняты, кіношнікі з'ехалі... Палац застаўся - разам са сваімі праблемамі. Але ёсць падставы спадзявацца, што гэты сюжэт будзе мець не такі сумны фінал, як гісторыя кахання графа Пазуркевіча.

 

Плот як сродак псіхічнага ўздзеяння

Да распаду СССР на тэрыторыі сядзібы размяшчалася ваенная частка. Пра той перыяд яе жыцця сёння нагадваюць выявы чырвоных зорак на столі ды прагнілая сцэна актавай залы. У пачатку 1990-х палац перайшоў ва ўласнасць дзяржпрадпрыемства "Конус" з Ліды, якое займаецца вырабам абсталявання для сельскай гаспадаркі. Знайсці сядзібе годнае прымяненне прадпрыемства не здолела, але ж... яна так і "завісла" на балансе "Конуса". І ўжо далёка не першы год не выкарыстоўваецца.

Пра тое, што бывае ў такіх выпадках з помнікамі спадчыны, вядома ўсім. Тэрыторыя сядзібы зарасла дробнымі дрэўцамі, дах манументальнай стайні прагніў і абрынуўся долу, кухня, падобная да невялічкага замка, выглядае не нашмат лепей. Але сам палац усё ж не паўтарыў лёс многіх іншых "шляхецкіх гнёздаў". Гады сваёй закінутасці ён перажыў амаль без страт, бо з уласнікам яму пашчасціла: прадпрыемства ніколі не забывалася на гэты свой "кепскі актыў".

- Наколькі дазваляюць магчымасці, стараемся сёе-тое рабіць, - кажа намеснік дырэктара "Конуса" Юрый Мурашка.

Сваім коштам прадпрыемства трымае там вартаўнікоў, і таму шлях на тэрыторыю сядзібы ляжыць праз своеасаблівы КПП. Праўда, збочыўшы за вугал, можна ўбачыць вялізны прагал у бетонным паркане. Але... Не трэба быць знаўцам псіхалогіі, каб уцяміць, што ўжо нават сам факт наяўнасці аховы здатны спыніць зламыснікаў - як ласых на "дармовыя" будматэрыялы, так і проста вандалаў.

Уратаваць ад іх помнік спадчыны можна малымі выдаткамі, бо галоўны рэсурс - не грошы, а адказнасць. Калі б кіраўніцтва "Конуса" не мела гэтай важнай якасці, шыкоўнай лесвіцы і мажных дзвярэй часоў Чацвярцінскіх мы ў фільме дакладна не ўбачылі б. Хіба што - у выглядзе тандэтнай копіі з "часовых матэрыялаў".

Пра тое, што сядзіба перажыла перыяд свайго заняпаду, казаць пакуль зарана. Але... Святло ў канцы тунэля ўжо праглядаецца: неўзабаве ў яе лёсе маюць адбыцца істотныя зрухі. Як толькі распачалася кампанія па перадачы закінутай шляхецкай спадчыны прыватным інвестарам, кіраўніцтва "Конуса" адразу ж праявіла ініцыятыву. І вынік такога дзелавога падыходу не прымусіў сябе чакаць: адзін лідскі прадпрымальнік ужо выказаў сур'ёзны намер стварыць у Жалудку аб'ект агратурызму.

Як сведчыць нядаўняя практыка, непераадольным для інвестараў бар'ерам нярэдка станавілася стартавая цана сядзібы. Некаторыя ўласнікі імкнуцца займець ад продажу занядбаных маёнткаў максімальную грашовую выгаду. І ў выніку згубны для помніка "статус кво" захоўваецца.

Кіраўніцтва "Конуса" не пайшло гэтым тупіковым шляхам. Палац Чацвярцінскіх плануецца перадаць бескаштоўна. Але - з канкрэтнымі ўмовамі.

- Зацікаўлены прадпрымальнік ужо рыхтуе свой інвестыцыйны праект,- кажа Юрый Мурашка. - Там будуць пазначаны не толькі яго планы, але і тэрміны іх ажыццяўлення. Да таго ж, ён будзе ўзгоднены ў шэрагу ведамстваў - уключна, вядома, і з Міністэрствам культуры Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/295/4911/pic_14.jpgСамотнае дрэўца на выспе

Зрэшты, пераўтварэнне палаца ў тураб'ект яшчэ не вырашыць усіх праблем былога маёнтка. Тым болей, ён захаваўся амаль поўнасцю, з цэлай плоймай разнастайных гаспадарчых пабудоў.

Старшыня Жалудоцкага пасялковага выканкама Генадзь Цывінскі трапна акрэсліў адну з гэтых праблем: раней уласнік усяго комплексу быў адзін, а цяпер іх мноства. Закінуты бровар не так даўно выкупіў прадпрымальнік, ганчарня належыць гаспадарцы, у некаторых дамах яшчэ жывуць людзі... І ўсе гэтыя пабудовы сёння не маюць статуса помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Метадыст па ахове спадчыны Шчучынскага райвыканкама Таццяна Пятрова пад час нашага наведання сядзібы дамовілася з Генадзем Цывінскім аб новай сустрэчы - каб падрыхтаваць пакет дакументаў, патрэбны для ўключэння гаспадарчых пабудоў сядзібы ў Дзяржаўны спіс. Старшыня пасялковага выканкама на такую ініцыятыву адгукнуўся ахвотна. Праблемны стан большасці з тых пабудоў і дадатковая адказнасць за іх яго не спалохалі.

Да нядаўняга часу ў Шчучынскім раёне не было спецыяліста, які займаўся б выключна справай аховы спадчыны - як, зрэшты, і ў большасці раёнаў краіны. Сёлетняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Пятрова пачала працаваць на сваёй пасадзе толькі ў жніўні. Але вынікі - ужо навідавоку: неўзабаве Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей мае папоўніцца адразу на дзесяць пазіцый. І гэтая архіважная праца на Шчучыншчыне няспынна працягваецца, чаго, на вялікі жаль, не скажаш пра многія іншыя беларускія рэгіёны.

Са спецыялістам у справе аховы спадчыны Шчучынскаму раёну відавочна пашчасціла: адукаванасць тут спалучаецца з энтузіязмам. Пазіцыю "мэра" Жалудка таксама ніяк не назавеш абыякавай ды пасіўнай. І таму я не схільны падзяляць перасцярогу, якую выклікае ў многіх вестка пра перадачу чарговага помніка спадчыны ў прыватныя рукі. Бо тое, што будзе адбывацца на тэрыторыі сядзібы, у любым выпадку, не застанецца без кантролю.

..."Прыгарад" мястэчка, дзе месцяцца гаспадарчыя пабудовы маёнтка, сёння не ўражвае сваёй добраўпарадкаванасцю. І толькі старая сажалка з рамантычнай выспай, на якой расце самотнае дрэўца, вяртае нас у былыя шляхецкія часы. Нават дзіўна, што краявід так і не трапіў у фільм. Зрэшты, як адзначыў Генадзь Цывінскі, мясцовыя жыхары ўжо прагнуць пазбавіцца ад тапоніма гэтага кутка - "Заря коммунизма" - на карысць гістарычнай назвы "Двор Жалудоцкі". Але найменне змяніць лягчэй, чым рэчаіснасць. Ці ўдасца калісьці аб'яднаць усе гэтыя пабудовы ў адзіны турыстычны комплекс, які аднавіў бы жыццё старадаўняй сядзібы ва ўсіх яго аспектах? Падобная перспектыва - дакладна не на бліжэйшы час. Сёння пытанні ўзнікаюць зусім іншыя: як цэласна захаваць гэты ўнікальны комплекс?

Але самае галоўнае, што перспектыва - ёсць. Жалудок, куды сёння завітваюць хіба рэдкія вандроўнікі на ўласных машынах, можа стаць сапраўдным турыстычным цэнтрам.

 

Кветкавы імідж

Выбіраючы натуру для здымак, аўтары "Масакры" відавочна парушылі прынцып часавай адпаведнасці. Палац у Жалудку паўстаў ужо ў 1908 годзе - значна пазней за падзеі, якія разготваюцца ў фільме. У адрозненне ад большасці мясцовай шляхты, якая задавальнялася не надта вынаходлівымі камянічкамі ў стылі "правінцыйнага неакласіцызму", ягоныя ўладальнікі вырашылі ўразіць і маштабамі, і эстэтыкай. Італьянскі архітэктар Марконі надаў свайму неабарочнаму твору рысы актуальнага на той час стылю мадэрн. Нічога падобнага на Беларусі не ўбачыш.

- У гэтым будынку можна разгледзець нават нейкае водгулле ідэй Антоніа Гаўдзі, - лічыць дыпламаваны мастацтвазнаўца Таццяна Пятрова.

А вось перададзеная ў фільме атмасфера горычы пасля задушэння паўстання 1863 года, без сумневу, была ўласцівая і гэтым мясцінам. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Каліноўскага Валерый Урублеўскі - родам з Жалудка. Пасля паражэння "інсургентаў" ён уцёк за мяжу. Не, не да Гарыбальдзі (у адрозненне ад герояў "Масакры"), але... "цёпла": неўзабаве няўрымслівы рэвалюцыянер ужо змагаўся пад сцягам Парыжскай камуны!

Само мястэчка Жалудок зусім не выглядае "мядзведжым кутком". Прычым звыклая для беларускіх селішчаў дагледжанасць тут цудоўна спалучаецца з паўсюднымі праявамі даўніны. Заходзіш на тэрыторыю мясцовай аграсядзібы - і раптам прыкмячаеш у двары цудоўна захаваны свіран мінулага стагоддзя. Абмінаеш збоку мясцовы Дом культуры - і дзівішся нязвыклым праёмам вокнаў былой сінагогі. А тэрыторыя вакол ідэальна і з любоўю дагледжанага касцёла ўпрыгожана не толькі шыкоўнымі клумбамі, але і "малымі архітэктурнымі формамі" ў выглядзе... старых сельскагаспадарчых прылад. Дарэчы, у самім касцёле - фамільны склеп Тызенгаўзаў, якія доўгі час валодалі Жалудком.

 І, між іншым, спіс адметнасцей гэтага мястэчка з насельніцтвам усяго ў 1300 чалавек няспынна папаўняецца. Сёлета пасялковы выканкам паспяхова правёў тут пленэр каменнай скульптуры. Адгэтуль яго вынікі круглы год можна бачыць на цэнтральнай плошчы.

А Фэст кветак стаў у Жалудку ўжо добрай завядзёнкай. Гэта - свайго кшталту "фірмовая фішка" мястэчка: не толькі густоўнае свята "для сябе", але і папраўдзе іміджавая падзея. У перспектыве ж- і турыстычны івэнт.

Сёлета імпрэза набыла новы размах дзякуючы фінансавай дапамозе ініцыятывы ПРААН/ЕС "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Яе коштам у Жалудку неўзабаве мае адкрыцца і інфацэнтр па агратурызме. А паколькі ў прызначаным для гэтай мэты "бросавым" будынку бібліятэкі застануцца вольныя памяшканні, хопіць месца і на Музей гісторыі мястэчка. Можа, у ім з'явіцца і раздзел, прысвечаны "Масакры"?

Жалудоцкі "мэр" Генадзь Цывінскі папраўдзе ўражвае сваім імпэтам. Гэта зусім не той кіраўнік, што проста "выконвае абавязкі", а- сапраўдны гаспадар, які не толькі верыць у далёкасяжныя перспектывы свайго кутка, але і бачыць рэальны шлях іх дасягнення. Ён з тых, хто "не шукае прычыны, а знаходзіць магчымасці".

Не так даўно ў Жалудку вызваліўся адзін са старадаўніх будынкаў, дзе яшчэ з даваенных часоў была размешчана школа. Генадзь Цывінскі марыць стварыць там нешта накшталт "творчага вулея"- месца, куды мастакі маглі б прыехаць на нейкі час, каб спакойна папрацаваць удалечыні ад гарадскога тлуму. Балазе нават не давядзецца задумвацца, у чый гонар назваць гэтую ўнікальную ўстанову: у Жалудку нарадзіўся адзін з насельнікаў "таго самага", парыжскага, "Вулея" - блізкі сябра Хаіма Суціна Пінхус Крэмень.

Уласна, гэта мы да таго, што турыстычных цікавостак у мястэчку - не пералічыць. А калі ўзяць пад увагу яшчэ і яго ваколіцы... Паедзеш у адзін бок- праз якія дзесяць хвілін убачыш знакамітую на ўвесь свет царкву-крэпасць у Мураванцы. Паедзеш у другі - праз пяць хвілін сустрэнеш адзін з пунктаў геадэзічнай дугі Струвэ. Не нашмат даўжэйшы шлях і да бацькі-Нёмана. Яшчэ адзін патэнцыйны "магніт" для турыстаў - Старыя Васілішкі - таксама зусім блізка. Шматлікім прыхільнікам Чэслава Нэмана там ужо ёсць куды завітаць: колькі месяцаў таму ў хаце, дзе прайшлі першыя гады жыцця легенды рок-музыкі, быў адкрыты яго музей. Мемарыяльную дошку райвыканкам плануе ўстанавіць сваімі сіламі, сякі-такі піяр таксама забяспечыць: неўзабаве мае выйсці буклет, прысвечаны Нэману. А вось з насычэннем каштоўнымі экспанатамі- пакуль складаней. Але і апрача музея ў Васілішках- нямала іншых цікавостак. Напрыклад, два касцёлы...

- Васілішкі - гэта праграма як мінімум на цэлы дзень, - кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Марыя Антановіч.

Таму турысту, які вырашыць правесці свой адпачынак на колішняй здымачнай пляцоўцы "Масакры", нудзіцца дакладна не давядзецца. Справа толькі - за пераўвасабленнем закінутага будынка ў прэзентабельны пансіянат.

Як кажуць вартаўнікі, чые дзяды памяталі гісторыю палаца з першых яго дзён, пярэваратняў і нават банальных прывідаў там ніколі не вадзілася. Мядзведзяў - таксама. І натрапіўшы ў Шчучыне на прыстойную кавярню-галерэю, сцены якой упрыгожваюць цікавыя работы мясцовага фотамастака, думаеш пра тое, што гэты край вусцішнай атмасферы "Масакры" неяк не адпавядае. Тут пачуваешся па-еўрапейску ўтульна.

Мінск - Жалудок - Мінск