Работы мастачкі - інтрыгуюча-нечаканыя. Яны прымушаюць задумацца, абуджаюць уяўленне, асацыятыўнае мысленне, але адназначнага тлумачэння не даюць. Ва ўсялякім выпадку, адзінага дакладнага сэнсавага назоўніка, кшталту 2 х 2 = 4, у яе не знайсці. Дык ці трэба яго шукаць?
Лаўлю сябе на тым, што ўсё мною сказанае, магчыма, - проста мая выдумка.
Але гэта і добра, бо толькі сапраўднае, таленавітае мастацтва можа выклікаць і роздум, і палёт вычварнай фантазіі, і мроі, і невытлумачальны сум па маладосці, якая мінула. Толькі ўсё гэта спараджае іншы погляд на рэальнае наша быццё. Жывапіс Галіны - светлы, гарманічны, пачуццёвы, напоены мяккай лірычнай паэзіямузыкай, разважаннямі аб прызначэнні Жанчыны ў гэтым складаным свеце, пра яе месца ў Космасе. Прычым яркі дэкаратыўнаколеравы і вобразна-пластычны лад, у першааснове якога ляжыць духоўная аўра беларускай народнай творчасці, самым цесным вобразам знітаваны з найноўшымі сучаснымі канцэптамі ў галіне жывапісных алегорый, метафар, сімвалаў.
Галіна хутка знайшла "шлях да сябе", і сёння з'яўляецца адным з найцікавейшых беларускіх жывапісцаў. Акрамя таго, яна - адкрыты, камунікабельны і інтэлігентны чалавек. Менавіта такая і яе творчасць: жывая, сардэчная, эмацыянальная. Можна ўзгадаць у гэтай сувязі яе палотны "Музыка", "Свята", "Жар-птушка", "Восеньская рапсодыя", "Мара", "Анёл смутку", "Нявеста", цыклы "Белая Русь", "Каляровы настрой", "Поры года".
Я памятаю яе дыпломную карціну ў БДТМІ "У краі блакітнага льну". Гэта было даўно, але твор быў вельмі запамінальны, бо тут упершыню з'явіўся той "код Конанавай", што потым стане галоўным у ейнай жывапіснай пластыцы, накіраванай на эмацыянальнае раскрыццё духоўных пачаткаў той мадэлі, якая прыцягвае як "аб'ект" захаплення. І тут жа мастачка хоча паказаць менавіта сваё "Я" ў новай іпастасі, дзе пасля глыбокіх, напружаных, энергічных, выбуховых работ мінулых гадоў прыйшла чарга нейкай стрыманай гамы колераў: ад экспрэсіўнага чырвонага да фантастычна чыстага - казачнага - белага з шэра-блакітнымі рэфлексамі. Словам, "белы вальс" на палатне!
Канешне, выбудоўванне жывапіснай прасторы на чыста духоўнай аснове - гэта шлях няпросты. Але менавіта так Галіна спрабуе спасцігнуць сучаснае жыццё, дабро, вечнае і тое, што праходзіць, сапраўднае і падманнае, словам, усё той жа Бясконцы Сусвет, які так ці інакш схаваны ўнутры кожнага чалавека...