Час прафесіяналаў

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Мікалай ПАШЫНСКІ, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:

- Шчыра віншую калег з прафесійным святам! Вы шмат зрабілі за год. Але святы мінаюць, застаюцца будні, і перспектыўных планаў у нас, як і заўжды, вельмі шмат.

Не меншая, чым раней, увага будзе надавацца сельскай культуры. За гады дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла ў вобласці з'явілася каля 300 аграгарадкоў з належнай сацыякультурнай базай. Але засталася ніяк не меншая колькасць звычайных вёсак, дзе таксама павінны быць годныя клубы і бібліятэкі. Гэткая ж важная задача - павышэнне прафесійнага ўзроўню вясковых кадраў. Калі няўхільна мацуецца матэрыяльная база, дык адпаведным павінен быць і змест мерапрыемстваў. Час неспецыялістаў у сферы сельскай культуры адыходзіць беззваротна.

 Вялікія планы па развіцці інфраструктуры Віцебска. Праз пэўны час тут з'явяцца заапарк на 80 гектараў, дзіцячы парк па лепшых французскіх і амерыканскіх узорах. Цяпер для ажыццяўлення гэтага вядзецца пошук інвестараў. Ужо сёлета распачнецца грунтоўная рэканструкцыя Канцэртнай залы "Віцебск". Будзе доўжыцца выкананне так званай Полацкай праграмы. Былы Дом афіцэраў пераўтворыцца ў гарадскі музей. Мяркуецца капітальны рамонт Сафійскага сабора. Усе гэтыя справы - неадкладныя, бо ў 2012-м Полацк адзначыць 1150-годдзе.

І не забываемся на абласную праграму "Сто", якая наўпрост звязана з далейшым развіццём рэгіянальнага турызму. У адпаведнасці з ёй на Віцебшчыне з'явяцца праз час сто аб'ектаў прыдарожнага сервісу, сто паляўнічых дамкоў, будуць добраўпарадкаваны сто азёраў.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"