“Патанцуй, як дрэўца…”

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Веткаўскі музей народнай творчасці мае ў актыве каля дзясятка кніг. Апроч калектыўных манаграфій, ёсць унікальнае выданне для дзяцей малодшага школьнага ўзросту — расфарбоўка “Веткаўская буквіца”.

/i/content/pi/cult/288/4704/22-5.jpg

Кніжка пасля першага выдання ў 1999-м імгненна знікла з паліц кнігарняў, стала рарытэтам. І вось нядаўна яна наноў выйшла ў Мінску.

"Веткаўская буквіца" - першае выданне з серыі "Музейная педагогіка". Дарэчы, установа падрыхтавала некалькі кніг падобнай тэматыкі. Але выдаць іх пакуль немагчыма з-за адсутнасці сродкаў. А вось "Веткаўскай буквіцы" пашанцавала. Сябра музея мастак Віталь Чарнабрысаў, пабачыўшы яе, быў настолькі ўражаны, што знайшоў спонсара для паўторнага выдання.

Кніжка - не проста расфарбоўка, прызначаная для механічнага баўлення часу. Перад вачыма - буквіцы, гэткія ж мудрагелістыя, як і ў старадаўніх веткаўскіх кнігах-рукапісах. Для кніжкі іх намалявала галоўны захавальнік фондаў Святлана Лявонцьева, а тэксты напісала дырэктар музея Галіна Нячаева. Тэксты тыя, дарэчы, таксама няпростыя. Яны спрадвеку вучаць, выхоўваюць...

Скажам, буквіца "Р". А вось тэкст: "Расліна нам родная. Паспрабуй-ка ўстаць так: ногі разам (гэта ствол), адну руку ўбок (гэта галіна). Ох, як цяжкая галіна цябе схіліла! Каб не ўпасці, ствалу прыйдзецца выгнуцца. Але ж ты маладая сцябліна, гнуткая. Патанцуй, як дрэўца,- ад зямлі не адрываючыся".

Для таго каб намаляваць дрэвыбуквіцы, дзеці на музейна-педагагічных занятках Галіны Нячаевай вучацца танцаваць, слухаць музыку, каб адлюстраваць яе і рухам, і лініяй...

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"