Гэты фестываль, што праходзіць ужо ў дзявяты раз, носіць імя народнага артыста Беларусі, фалькларыста і кампазітара Мікалая Чуркіна - аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай кампазітарскай школы ХХ стагоддзя. Гэта вызначыла і асаблівасці мсціслаўскіх фестываляў: тут гучыць, найперш, беларуская музыка ХХ стагоддзя. У мінулыя гады, акрамя самога М.Чуркіна, ушаноўвалі памяць Мікалая Аладава, Яўгена Глебава, многіх іншых творцаў. На гэты раз - кампазітара Пятра Падкавырава, 100годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. Камерныя калектывы аркестра прапануюць таксама прэм'ерную праграму "Беларуская музыка ХХ стагоддзя на творчай радзіме М.Чуркіна".
Не забыты і Фрыдэрык Шапэн, музыка якога гучыць у нечаканых версіях камернага калектыву аркестра на чале з Валерыем Сарокам. Канцэрт, што называецца "Шапэн у музычнай культуры Беларусі", акцэнтуе сувязі польскага класіка са шматлікімі дзеячамі нашай нацыянальнай культуры: Напалеонам Ордам, Адамам Міцкевічам, Станіславам Манюшкам, Янам Карловічам ды іншымі. А выстаўку, прысвечаную Ф.Шапэну, прывезлі выхаванцы студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, якой кіруе Святлана Купрыянава.
Завершыцца свята гала-канцэртам салістаў аркестра на плошчы, што ўвасобіць на практыцы "Далягляды беларускага эстраднага мастацтва" (а менавіта так была названа творчая сустрэча маэстра М.Фінберга з жыхарамі раёна).