У рэгіянальным фестывалі, скіраваным прадэманстраваць багатую культуру Палесся, прымаюць удзел і два калектывы з Чарнігаўскай вобласці - Нацыянальны заслужаны акадэмічны ўкраінскі народны хор імя Рыгора Вяроўкі і ансамбль "Чарнігаўскія крыніцы".
Для ўдзельнікаў фестывалю няма абмежаванняў па ўзросце: выступаюць як дзеці, так і сталыя артысты, як заслужаныя калектывы, так і аматарскія. У конкурснай праграме прымаюць удзел 180 чалавек, шмат канцэртаў і па-за конкурсам. Найбольшая колькасць творцаў, якія пакажуць сябе на рэгіянальных падворках і на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы, - з Гомельшчыны, усяго іх 535 чалавек. Адзін з самых знакамітых - Заслужаны аматарскі вакальна-харэаграфічны ансамбль Рэспублікі Беларусь "Гомій" з Гомельскай абласной філармоніі.
Прыехалі на фестываль прадстаўнікі трох раёнаў Брэстчыны: Пінскага, Лунінецкага і Столінскага - каля 110 чалавек. Прыблізна такая ж колькасць удзельнікаў завітала з Мінска, але госці са сталіцы - па-за конкурсам. Яны прадэманстравалі забаўляльную праграму для наведвальнікаў свята ў Ляскавічах. Гэта Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, гурт "Палац" ды іншыя выканаўцы. Чакаюць жыхароў і гасцей раёна таксама фаер-шоу і феерверк.
На здымку: гэты прычал прымае ў дні фестывалю маладзёжныя праграмы.