Родавы код Радзівілаў

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Пра што “пяе” папера старадаўніх фаліянтаў?

/i/content/pi/cult/285/4596/pic_27.jpg1 верасня на XXIII Міжнароднай Маскоўскай кніжнай выстаўцы-кірмашы адбылася прэзентацыя альбома "Радзівілы. Альбом партрэтаў". Пра дамінанту арыстакратычнай культуры і "родавы код" слыннай фаміліі літаральна напярэдадні ад'езду на сусветны форум распавяла карэспандэнту "К" аўтар - дацэнт кафедры мастацтваў Інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга БАЖЭНАВА.

Дэтэктыў з водарам часу

- Гісторыя з'яўлення альбома "Радзівілы...", як гэта звычайна адбываецца, пачалася з падрыхтоўкі да зусім іншай публікацыі...

- Пад час збору матэрыялаў да кнігі "Радзівілаўскі Нясвіж" у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі мне ў рукі трапіў фамільны альбом партрэтаў князёў Радзівілаў "Icones Familiae Ducalis Radivilliane". Гэтае выданне - вялікі рарытэт, і на сённяшні дзень па ўсім свеце можна знайсці толькі дзевяць фаліянтаў з тыража 1758 года. Яно мае яшчэ большую каштоўнасць, калі ўзяць пад увагу той факт, што да ХХІ стагоддзя большая частка жывапіснага збору радзівілаўскай карціннай галерэі не дайшла. Разгарнула "Icones..." - і нават разгубілася, бо ўбачыла абсалютна неверагодную рэч: побач з гравюрамі размяшчаліся малюнкі! Але сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Лабараторныя даследаванні паперы паказалі, што ў фаліянце асобныя лісты з'яўляюцца першапачатковымі адбіткамі, з якіх, верагодна, рабіліся копіі для астатняга тыража. Тытульны ліст быў зроблены ў ХІХ стагоддзі, аднак шрыфт і яго гарнітура імкнуцца запэўніць чытача, што збор на сто гадоў старэйшы.

- Навошта друкарам былі патрэбны такія складанасці?

- Радзівілы вельмі трапятліва ставіліся да сваёй шляхецкай годнасці. Для іх магутнасць роду, саслоўны гонар вызначаюцца не толькі палацамі, землямі, юрыдычнымі дакументамі, але і партрэтнай галерэяй, якая захоўвае памяць аб кожным калене продкаў. Між іншым, у тую эпоху спіс дакументаў, які падмацоўваў доказы прыналежнасці да княжацкага роду, узначальвала пытанне аб генеалагічным дрэве. Таму не дзіва, што, калі паўстала пытанне аб аднаўленні гістарычных каранёў, Міхаіл Казімір Рыбанька ў першую чаргу заказаў фамільны альбом. Таму і тытульнік выглядаў "пад старыну". З партрэтамі аказалася цяжэй: не ўсё можна ўзнавіць. Выйсце з палажэння знайшлі вельмі цікавае: вырашылі выявы продкаў "змаляваць" з гравюр папярэдняй эпохі. Падобны ход адкрыў цікавую жывапісную тэхніку. Прыдворныя мастакі "прадрапвалі" выяву пяром. Дарэчы, лініі - такія тонкія, што нават сучасныя камп'ютэры з вялікай цяжкасцю іх счытваюць!

 

/i/content/pi/cult/285/4596/pic_28.jpgМаляўнічая лёгкасць быцця

- Малюнкі з фаліянта здзіўляюць толькі тэхнікай?

- Малюнкі унікальныя ўжо самой сваёй наяўнасцю. Мы вельмі мала ведаем айчынных мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, а жывапісныя артэфакты ўвогуле амаль не пабачыць. "Радзівілы. Альбом партрэтаў" сталі першай спробай пазнаёміць шырокую публіку з новымі імёнамі творцаў той эпохі. У кнізе ідзе размова аб цэлай Віленскай школе, прадстаўнікі якой прытрымліваліся арыгінальнай стылістычнай формы. Мініяцюры "Icones..." здзіўляюць сваёй жывасцю. У адрозненне ад гравюр, што часцяком скажаюць фігуры, яны дакладна перадаюць прапорцыі цела. Асабліва ўдаліся мастакам дзіцячыя партрэты: яны заварожваюць лёгкасцю, узроставай наіўнасцю. Першапачаткова гэтая адметнасць нават увяла ў зман вучоных: мы меркавалі, што малюнкі з'яўляліся асновай для партрэтных гравюр Радзівілаў.

- Але ж гаворка ідзе не аб простым капіраванні?

- Канешне ж, не. Мастакі ХІХ стагоддзя знайшлі свой, непаўторны, вельмі свабодны, варыянт гэтых твораў. Яны адмовіліся ад лаўровых вянкоў і геральдычных арлоў у кампазіцыі. Але адсутнасць атрыбутаў арыстакратычнага роду не перашкодзіла ім дакладна перадаць атмасферу мінулай эпохі і дух антычнай традыцыі, якая ў тую пару аб'ядноўвала ўсю Еўропу.

 

/i/content/pi/cult/285/4596/pic_29.jpgАнтычныя прадзеды Радзівілаў

- Колькі пакаленняў роду адлюстравана ў альбоме?

- На старонках яго можна пабачыць дзевяць пакаленняў княжацкай фаміліі. Аднак Міхаіл Казімір Рыбанька настаяў, каб уключылі і некалькі міфічных персон накшталт Урсіна, Цэзара, Доспрынга, Палемона и Гектара. Імёны пяці рымскіх герояў могуць здзівіць нашага сучасніка, але культура таго часу, у адрозненне ад нашай шматвектарнай эпохі, будавалася па антычным узоры. У такім ракурсе становіцца зразумелым памкненне арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага пачынаць генеалагічнае дрэва ад антычных прадзедаў.

- Чым асабіста вас уразілі княжацкія партрэты?

- Яны адразу захопліваюць т ы м , што прынята называць "родавае "мы": асаблівым, складанаапісальным, але ўласцівым усім прадстаўнікам позіркам, гонарам, годнасцю. У парадных партрэтах няма месца псіхалагічнай распрацоўцы асобы, аднак адразу прасочваецца фамільнае падабенства. Тут гутарка - аб родавым кодзе: калі кожны паасобку адчувае сябе часткай вялікай сям'і, якая, у сваю чаргу, з'яўляецца часткай дзяржавы. Пачуццё грамадзянскасці, патрыятызму перадаецца ад бацькі да сына. Для Радзівілаў патрыятызм з'яўляўся непарушнай філасофіяй жыцця, вызначальнай у пытаннях выхавання дзяцей. Дакладнае веданне сваіх продкаў у дзевяці каленах вымушае несці перад імі адказнасць, а значыцца - і адказнасць перад сваёй краінай. Гэта пацвярджаецца агульнавядомым фактам: большасць з Радзівілаў былі дзяржаўнымі дзеячамі. Чым больш заглыбляешся ў старажытны фаліянт, тым шырэй разгортваецца перад табой былое, адкрываючы эпоху за эпохай. Партрэты, што разглядаюцца ў кантэксце часу, ператвараюцца ў своеасаблівы аповед аб культуры Беларусі цягам усёй гісторыі. Прыкладам, каб даведацца аб праваслаўных беларускіх святых, можна паглядзець партрэт Сафіі Слуцкай. Аб міжнародных кантактах беларускай культуры паведаміць спіс сувязей Радзівілаў са знакамітымі дамамі Еўропы. Выявы вылучаюцца сваёй дакументальнасцю, дакладнасцю ў такіх дэталях, як саслоўная вопратка, ордэны. Нездарма ўжо напрыканцы ХІХ стагоддзя фаліянт перавыдалі ў Санкт-Пецярбургу - ён стаў своеасаблівым узорам, па якім можна было праводзіць атрыбуцыю некаторых гістарычных вынаходак.

 - Род Радзівілаў таксама слаўны філосафамі, /i/content/pi/cult/285/4596/pic_30.jpgпаэтамі, музыкантамі, аматарамі тэатра...

- Калі казаць больш дакладна, дык толькі адна гэтая вялікая фамілія аказала неверагодны ўплыў на фарміраванне культуры, з якой вырастае і сучаснае мастацтва. Магнаты трымалі мастацкі двор, запрашалі лепшых архітэктараў з-за мяжы, будавалі цэрквы - усяго не пералічыш. Прыкладам, у панегірыку Міхаілу Радзівілу Сіротку было напісана, што ён пабудаваў гарады, праклаў дарогі, упрыгожыў зямлю садамі, стварыў "прытулак для жадаючых пайсці ад свету і чытаць" - бібліятэкі, архівы, і калі б з'явіўся яшчэ адзін такі чалавек, "мы апярэдзілі б Італію". Паглядзіце: тыя брэнды Беларусі, што мы сёння маем - габелены, шкло, слуцкія паясы, - іх узнікненне і "прасоўванне" ініцыявалі Радзівілы. Як бачым, арыстакратычная культура ў тую эпоху адыгрывала асноватворную ролю і мела вялікі ўплыў на ход гісторыі.

- Цікава, а чаму з 165-і прадстаўленых партрэтаў 104 - жаночыя?

- Княжацкі род па мужчынскай лініі вёўся па мячу. А прыярытэт у галерэі звязаны з пяшчотным стаўленнем у Вялікім Княстве Літоўскім да жанчыны, яе ролі ва ўмацаванні роду. Радзівілы вельмі паслядоўна стваралі партрэты маці, жонак, сясцёр. Ды і шматлікія прадстаўніцы прыгожага полу не саступалі мужчынам у грамадзянскай актыўнасці. Прыкладам, Ганна Сангушка, каб вывесці сям'ю з цяжкага фінансавага становішча, адкрыла мануфактуры, наладзіла прыбытковы продаж прадукцыі. Аб якасці тавараў можна расказаць адным фактам: у рэзідэнцыі ў Бяла-Падляску з люстэрак сваіх мануфактур княгіня зрабіла галерэю - дакладную копію люстраной галерэі ў Версалі. Яе ж сыноў у народзе называлі "паны высокай фартуны".

 

/i/content/pi/cult/285/4596/pic_31.jpgВыйсці з ценю

- "Радзівілы. Альбом партрэтаў" амаль два гады рыхтаваўся да друку...

- Так, бо мы разам з выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі імкнуліся наблізіць якасць альбома да арыгінала. Каб перадаць сучаснаму чытачу ўсе тыя акалічнасці, пра якія мы гаварылі вышэй, хацелася нават паўтарыць паперу фаліянта. Той, хто трымаў старадаўнія рукапісы, добра ведае, як "пяе" папера ў руках, як перадае знікаючую цеплыню часу. Таму глянцавыя лісты сучасных друкарняў падыходзілі толькі для старонак з аўтарскім тэкстам. Для рэпрадукцый выдавецтва падабрала арыгінальную паперу, на якой старадаўнія партрэты амаль ажылі. Трымаючы ў руках вынік, магу шчыра сказаць: мае калегі цудоўна справіліся з пастаўленай задачай. Гісторыя гэтай княжацкай сям'і - важная частка культурнага скарбу Вялікага Княства Літоўскага, якое, у сваю чаргу, з'яўляецца адным з краевугольных камянёў айчыннай культуры. Гэтая кніга дапаможа шырокаму чытачу праз гістарычныя факты наблізіцца да сваіх глыбінь.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"