Вяртанне люстэрак з... Залюстэрачча

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Давайце пафантазіруем. У іх глядзеліся Караль Станіслаў Радзівіл. Або Дамінік Геронім? А можа, Антоній Альбрэхт Радзівіл? Хто ведае, якія тайны захоўваюць радзівілаўскія люстэркі і, калі паверыць у яго існаванне, іх Залюстэрачча...

/i/content/pi/cult/283/4520/pic_4.jpgЯк бы там ні было, але адны з нешматлікіх сведкаў эпохі вялікага магнацкага роду - люстэркі ХІХ стагоддзя з інтэр'ераў Нясвіжскага палаца вярнуліся дадому: на мінулым тыдні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы перадаў унікальныя прадметы ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж". Нарэшце фонды установы пабагацелі на доўгачаканы арыгінальны "скарб".

Не памылюся, калі скажу, што пад час гасцявання ў тэатральных сценах люстэркам Радзівілаў "сумаваць" не даводзілася. Яны сустракалі гледачоў у фае тэатра, фіксуючы абліччы не аднаго пакалення тэатралаў. Колькі наведвальнікаў кідалі на іх свае позіркі, часцяком нават не ведаючы таго, што за каштоўнасць перад імі... Сёння ж, перш чым прадметы княжацкага палацавага інтэр'ера вернуцца на свае былыя месцы, іх чакае ацэнка экспертызы.

- На дадзены момант нам дакладна вядома толькі, што яны паходзяць з Заходняй Еўропы ХІХ стагоддзя, - распавядае намеснік дырэктара па навуковай працы музейнай установы Галіна Кандрацьева. - Трэба адзначыць, што ў сваім першапачатковым выглядзе люстэркі мелі кансолі, але нават у сённяшнім варыянце яны для нас - вельмі жаданыя аб'екты...

У музеі нават захоўваюцца фотаздымкі інтэр'ераў палаца з выявай люстэркаў, пазначаныя другой паловай ХІХ стагоддзя. Але як жа тыя шыкоўныя прадметы дэкору апынуліся ў Купалаўскім тэатры?

"Вялікае перасяленне" палацавых люстэркаў адбылося ў 1941-м. Згодна з рашэннем ЦК КП(б) Б-42/17-ОП ад 4 студзеня 1941 г., частка прадметаў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у тым ліку касцюмы, зброя, мэбля, былі перададзены ў валоданне Беларускага дзяржаўнага тэатра. З той пары радзівілаўскія прадметы атрымалі тэатральную і, адпаведна свайму азначэнню, функцыянальную "прапіску".

І тым не менш...

- Перамовы аб перадачы люстэркаў доўжыліся некалькі гадоў,- працягвае Галіна Кандрацьева. - І хоць прадметы палацавага інтэр'ера за гэты значны тэрмін атрымалі сваё прымяненне ў тэатры, яго кіраўніцтва пайшло нам насустрач.

Першымі з палацавых рэчаў, якія вярнуліся з тэатра ў музей, сталі кітайскія вазы канца ХІХ- пачатку ХХ стст. А ўжо сёлета, дзякуючы канчатковаму рашэнню дырэктара Паўла Палякова, прадметы гасціннага гарнітура і іншыя фрагменты абстаноўкі нарэшце - у Нясвіжы.

Аднак некаторыя рэчы Радзівілаў яшчэ працягваюць свае "тэатральнае жыццё". Гаворка - пра палацавыя крэслы ХІХ стст., што задзейнічаны ў рэпертуарных спектаклях. Ды нават і гэтая праблема мае вырашыцца ў бліжэйшы год. Сёння, дзякуючы спонсарскай дапамозе, музей плануе ажыццявіць рэканструкцыю шэрагу аб'ектаў Нясвіжскага палаца -з той мэтай, каб абмяняць іх на арыгіналы. Кіраўніцтва тэатра ўжо дало згоду на такі абмен, і напрыканцы года, як мяркуецца, вяртанне ажыццявіцца.

На жаль, шматлікія з тых не пералічаных "арыгіналаў" былі страчаны з цягам часу:

-Гэта калекцыя зброі, касцюмы, - удакладняе Галіна Кандрацьева і дадае: -Але мы рады таму, што ўжо маем. Як складана сёння па крупінках збіраць тое, што было страчана, згублена...

 І я ведаю, як прымаюцца падобныя рашэнні аб вяртанні таго, да чаго прыкіпела душа. Але тэатр зрабіў нам такі падарунак - і мы гэтаму вельмі рады. Хто ведае, што ў будучыні пакажуць нам адлюстраванні ў радзівілаўскіх люстэрках?..

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"