“Агеньчык”: грае і грэе

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Сярод калектываў мастацкай самадзейнасці Рэспубліканскага палаца культуры ветэранаў ёсць і ансамбль народных інструментаў “Агеньчык”. Створаны ён быў у 1987 годзе. У рэпертуары — інструментальныя, песенныя аўтарскія і народныя творы, а гэта — меладычнасць, напеўнасць, шчырасць.

/i/content/pi/cult/282/4488/12-3.jpg

Штогод калектыў з 20 музыкантаў, пяці салістаў-вакалістаў ладзіць па 15 - 20 выязных канцэртных праграм. Усе яны адбываюцца на дабрачыннай аснове. У гэтым - адзін з творчых прынцыпаў ансамбля, якія закладвалі ў розныя гады ягоныя мастацкія кіраўнікі: Ганна Пугачова, Уладзімір Перацяцька, Сяргей Мурын-Муха. Цяпер "Агеньчыкам" кіруе Тамара Панасенка. Ды як: ансамбль дзевяты раз стаў дыпламантам Рэспубліканскага фестывалю "Не старэюць душой ветэраны"! За выступленне ж на сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе "Песні Перамогі" калектыў атрымаў дыплом і Прыз глядацкіх сімпатый.

Напярэдадні ўрачыстасцей у гонар Вялікай Перамогі і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў "Агеньчык" паспеў даць каля 20 канцэртаў. І цяпер калектыў - у пошуках новых сяброў: запрашае ў свае творчыя шэрагі ўсіх, хто ўмее граць на домры, мандаліне, балалайцы, гітары.

Георгій АРЛОЎ, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны

На здымку: ансамбль "Агеньчык".