Сапраўды, раней ацэнкі ўбачанага часам былі не тое што супярэчлівымі, але і цалкам супрацьлеглымі. Яшчэ і таму, што публіка Летняга амфітэатра і тэлегледачы бачылі зусім рознае, а дэталі ўбачанага часам наўпрост залежалі ад месца ў зале. Ды ўсё ж звычайна меркаванні сыходзіліся на тым, што сцэнаграфія Зіновія Марголіна, поўная асацыятыўных адгалінаванняў, - на высокім узроўні. Толькі вось па тэлебачанні канцэрты паказваць, маўляў, "не ўмеюць". Сёлета гэтая праблема "разнабачання" вырашана кардынальна: рэжысёрам гала-канцэрта адкрыцця ўпершыню прызначаны беларускі тэлерэжысёр Глеб Шапо, за плячыма якога - 10-гадовы "славянскабазарны" стаж і такія значныя праекты, як, да прыкладу, "Еўрафэст".
Тое, як будзе выглядаць "тэлекарцінка", ён дэманстраваў на прэс-канферэнцыі яшчэ ўвесну, задоўга да фестывалю. Ці давялося ўносіць карэктывы непасрэдна напярэдадні "Славянскага базару ў Віцебску"? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да Глеба Шапо, як толькі ён апынуўся на падрыхтаванай да фестывалю сцэне Летняга амфітэатра 6 ліпеня.
- Усё ўдалося працэнтаў на дзевяноста. Новае абсталяванне, вядома, - не таннае, але папраўдзе цудоўнае, эфекты добра глядзяцца не толькі на экране, але і жыўцом. Падлога са святлодыёднымі элементамі ўвесь час змяняецца, экраны - таксама. Усё перамяшчаецца, апускаецца і паднімаецца, як было задумана. А галоўнае, усё - з густам. Бо, як слушна заўважыў у свой час кіраўнік Дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, з такой сцэнай трэба працаваць не малатком ды зубілам, а галавой, інтэлектам, - усё астатняе яна зробіць сама. Гледачам у зале можа здацца, што месца на сцэне "паменшала". Але гэта - менавіта візуальнае ўспрыняцце: ніякія памеры насамрэч не змяніліся. І на тэлеэкране сцэна не глядзіцца "пустой", нават калі на ёй - усяго адзін спявак, зняты зусім не буйным планам.
- Дык адрозненне тэлерэжысуры ад проста рэжысуры канцэртаў - адно ў сцэнаграфіі?
- Зусім не. Для трансляцыі патрабуецца асаблівая дынамічнасць, мінімальныя паўзы паміж нумарамі або ўвогуле іх адсутнасць. Свае патрабаванні ёсць і да хронаметражу: ну не можа тэлеканцэрт доўжыцца чатыры гадзіны запар! Максімум - дзве з паловай. Такой жа максімальна дынамічнай павінна быць і сцэнаграфія: не адзіная на ўвесь канцэрт і, тым больш, на ўвесь фестываль, а зменлівая, у залежнасці ад кожнага наступнага нумара. Прыдумалі мы і некаторыя "фішкі": да прыкладу, увесці сумесныя спевы цяперашніх "Песняроў" з Алай Пугачовай і Уладзімірам Мулявіным - як вяртанне ў 1994 год, калі на "Славянскім базары ў Віцебску" спявачка вітала "Песняроў" з 25-годдзем. Не забыліся мы і на беларускіх артыстаў, і на прэм'еры. А ўжо як атрымаецца - меркаваць вам.