“Хлопцы, Перамога!”

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Маё першае знаёмства з Аляксеем Міхайлавічам Багамолавым адбылося пад час выстаўкі “З днём нараджэння, Перамога!” у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У экспазіцыі, зладжанай Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў разам з гэтай установай, былі прадстаўлены 34 фотаработы старшага сяржанта Багамолава — 34 расповеды аб вызваленні Берліна, асабістым шляху да Перамогі, зробленыя 24-гадовым салдатам у апошнія дні вайны… Гісторыя гэтых здымкаў папраўдзе унікальная. 25 красавіка 1945 года ў цэнтры Берліна савецкія салдаты натрапляюць на разбураную фотакраму. І— вялікая ўдача! — знаходзяць два рабочыя фотаапараты. З гэтай хвіліны намеснік камандзіра ўзвода роты аўтаматчыкаў і разведкі 544-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі, фотааматар Аляксей Багамолаў пачынае захоўваць саму гісторыю.

 

/i/content/pi/cult/261/3992/15-1-ann.jpgНа адной са сцен калідора ягонай кватэры - выява відарысаў Масквы. У зале - шматлікія партрэты родных. І ўвесь доўгі падаконнік - у кветках. Я- у гасцях у Аляксея Міхайлавіча Багамолава ў горадзе Горкі. Перада мной - прафесар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, заслужаны аграном рэспублікі, вучоны, які вывеў, сярод іншага, унікальны гатунак азімага жыта, адзін са "свяцілаў" айчыннай аграноміі. Асяродак нібыта падкрэслівае галоўнае прызванне Аляксея Міхайлавіча, дадаючы да яго партрэта самыя важныя колеры. - І што ж вас падштурхнула прыехаць да мяне ў такую далечыню?- пытаецца ён. - Ваша выстаўка, - прызнаюся,- і абаяльнасць вашай асобы, якая адчуваецца ў здымках. Аляксей Міхайлавіч ўсміхаецца і дастае з шафы першы са сваіх шматлікіх фотаальбомаў.

/i/content/pi/cult/261/3992/15-2.jpgФотаапарат з пудраніцы

- Першы раз я нават не ўзяў у рукі фотаапарат, а- зрабіў яго сам. Гэта было прыкладна ў чацвёртым класе. Але трэба пачаць з таго, што ў дзяцінстве я любіў маляваць. Тады мы з сям'ёй жылі ў Маскве, і вучыўся я ў школе на Нікольскай вуліцы. Уяўляеце, дзе гэта? Тое была, напэўна, самая старая школа ў горадзе. З яе вокнаў праз Тэатральную плошчу бачны Вялікі тэатр. І я памятаю, як настаўнік па маляванні ацэньваў нашы дзіцячыя малюнкі, кідаючы на іх адзін толькі позірк: "Правільна, правільна, правільна... А вось тут - не правільна". Аказваецца, ён падлічваў, колькі калон у будынку тэатра на малюнку, і калі было не восем, казаў: "Не правільна". Дык вось, аднойчы я заўважыў, прыпякаючы малюнкі сонечным святлом ад лінзачкі, што нешта падобнае можна стварыць з дапамогай падручных матэрыялаў. Штосьці такое, чым можна здымаць. Я стаў чытаць часопіс "Советское фото" і, канчаткова зразумеўшы механізм дзеяння фотаапарата, нарэшце зрабіў яго. Узяў у матулі пудраніцу, лінзачку ўставіў у накрыўку, ззаду прыладзіў станочак для касеты (тады ў нас прадавалі такія пласцінкі 9х12 з касетамі) - і ўсё гэта загарнуў у ручнік. Атрымалася незвычайная, але цалкам рабочая камера. Першы здымак, памятаю, зрабіў у вёсцы, калі мы з братам паехалі да бабулі на канікулы: як пачало змяркацца, мы выйшлі на вуліцу, і я яго сфатаграфаваў. Потым сталі праяўляць (прыгадваю той момант да сёння) - на белай пласціне раптам з'яўляецца чорны твар! Нейкі "чорны чалавек"! Потым ужо ўцямілі, што да чаго, замацавалі, надрукавалі... Пасля фотаапарата з пудраніцы я рабіў і іншыя "мадэлі" - больш дасканалыя. А калі скончыў сёмы клас на "выдатна", бацька падарыў мне першы савецкі фотаапарат: "Фотакар" - з гармошкай і пласцінкай 9х12. Ім ужо рабіў добрыя здымкі. У 1938 годзе прыехаў у Горкі вучыцца ў Акадэміі, вёў гурток фотасправы. Такім чынам, калі пайшоў у 1943-м у партызаны, навык фатаграфавання ў мяне быў. Іншая справа, што магчымасць праявіць яго надарылася нечаканым чынам.

/i/content/pi/cult/261/3992/15-3.jpgТолькі фатаграфуй!

- Калі адбывалася наступленне на Берлін, я быў на пасадзе намесніка камандзіра ўзвода роты аўтаматчыкаў і разведкі 544-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі ў складзе 1-га Беларускага і 3-га Украінскага франтоў. Апынуліся неяк ля разбітай фотакрамы - і знайшлі там два цэлыя апараты! Узялі і матэрыялы. Тады я з плёначным фотаапаратам сутыкнуўся ўпершыню - давялося яго асвойваць. Але гэта аказалася не цяжка. Чаму аддалі фотаапараты менавіта мне? Усе ведалі, што я фатаграфую, тым больш, я насіў у кішэні свае даваенныя здымкі і не саромеўся іх паказваць. Калі тэхніка была знойдзена, мяне тут жа вызвалілі ад усіх абавязкаў - толькі фатаграфуй! Усё разумелі, што гэта - гісторыя... Плёнку, уявіце сабе, я праяўляў пад плашч-палаткай: накрывалі мяне шынялямі, і я там сабе корпаўся. Гэта было такое вялікае шчасце - атрымаць хоць маленечкі фотаздымак! Для сваіх аднапалчан я рабіў такія малыя фота - 6 х 6, бо павелічальніка ў мяне не было. Але тыя былі бязмежна ім рады!

Не можа быць, каб мы не перамаглі!

- Я заўжды любіў і люблю фатаграфаваць людзей... І ў ваенныя часы ў аб'ектыў таго самага "Альтыфлекса" траплялі збольшага людзі, мае баявыя таварышы. Ведаеце, што яднала нас? На фронце ўсе былі братамі. Часам сустрэнешся з кімсьці і прапаноўваеш: "Махнёмся?" А ў адказ чуеш: "А махнёмся!" А чым "махацца" - гэта ўжо не істотна: можна гадзіннікамі, а можна чымсьці яшчэ. Стасункі паміж людзьмі былі надзвычайныя! Пытаецеся, як удавалася захоўваць на вайне мужнасць? На пэўным этапе разумееш, што баяцца няма аніякага сэнсу: загінуць можаш у любую хвіліну. Я ніколі не задумваўся, буду я жыць ці не, таму страху не адчуваў. Колькі ў маім жыцці было прыкладаў, што літаральна хвіліна - і мяне не стала б! Памятаю, ва Усходняй Прусіі пісаў ліст у зямлянцы. Толькі скончыў, адышоў і прылёг, а тут раптам- міна трапляе ў тое самае месца, дзе я хвіліну таму сядзеў! Усё разнесла!.. Вядома, баі часам былі вельмі цяжкія. Асабліва- ва Усходняй Прусіі. Мы літаральна прапаўзлі па яе зямлі. Выбіць ворага з замацаваных дзотаў было вельмі цяжка. Але выбівалі. І ішлі наперад. У Берліне таксама нас сустракала вельмі моцнае супраціўленне. Але, ведаеце, само ўсведамленне таго, што баі ідуць у сталіцы Германіі, надавала сілы. Не можа быць, каб мы не перамаглі! У мяне ёсць здымак палонных немцаў: вось яны - ворагі, якія хацелі заваяваць увесь свет, а давялося здавацца ў палон у самым сваім цэнтры! Я лічу, што гэтае фота (хоць яно і не вельмі добрае па якасці: там усё ў дыме) - адзін з самых сімвалічных маіх здымкаў. Вось ён - вынік вайны.

/i/content/pi/cult/261/3992/15-4.jpg "Ніка-45"

- 2 мая, калі ў Берліне яшчэ працягваліся баі, мы атрымалі загад выходзіць на дапамогу паўстанцам Прагі. Трыста кіламетраў прайшлі па шашы Берлін - Дрэздэн: змучаныя, стомленыя... І тут раптам нас абганяе старэнькая "палутарка". Вадзіцель - сімпатычная жанчына - штосьці крычыць. "Хлопцы, Перамога! Немцы капітулявалі!" - такімі аказаліся яе словы, і я сфатаграфаваў яе ў той момант. Гэта было незабыўнае імгненне - калі наша надзея атрымала крылы. 9 мая, пасля афіцыйнага паведамлення, мы святкавалі перамогу ў Чэхаславакіі... Я назваў потым гэты здымак "Ніка45". І ведаеце, чаму? Таму што гэтая жанчына вельмі падобная да скульптуры Сяргея Канёнкава "Ніка", і таму, што яна стала першай вястункай нашай Перамогі. Цікава, што праз 40 гадоў мы зноў з ёй сустрэліся. Высветлілася, што завуць яе Ганна Сеніна, і што ў той час яна служыла салдатам-шафёрам узвода сувязі 28-й арміі. Сяброўка жанчыны ўбачыла яе на маім фотаздымку, які я адправіў у музей у Днепрапятроўск: "Ніякая гэта не Ніка! Гэта Ганна Іванаўна Сеніна, я з ёй адпачывала ў Сочы". А потым і паведаміла адрас "Нікі-45". Спачатку мы спісаліся з Ганнай Іванаўнай, а потым адбылася і лёсавызначальная сустрэча: праз 40 гадоў, у вёсцы Капцёўка пад Гроднам. Сустрэліся - і праслязіліся...

Што было галоўнае?

 - Пасля вайны я вярнуўся ў Горкі. Горад быў разбураны, фонды Горацкай бібліятэкі вывезены ў Германію, сам будынак - узарваны, самы стары вучэбны корпус Акадэміі - спалены... Нас- з 1000 студэнтаў - з вайны вярнулася сотня... Усё неабходна аднаўляць з нуля... 400 грамаў хлеба - наш паёк на той дзень. І трэба было вучыцца ды працаваць. Жывыя - вось што галоўнае! Я і пасля вайны працягваў фатаграфаваць: жыццё Акадэміі, значныя сустрэчы ветэранаў, студэнтаў, сваіх блізкіх... Выкарыстоўваў здымкі для афармлення сваёй дысертацыі. Потым наш вучоны сакратар казаў мне: "Ваша дысертацыя прайшла "на ўра"! Тады мала хто ілюстраваў свае навуковыя работы... А вось на гэтым фотаздымку - галоўны вынік маёй пасляваеннай працы: карта раллі Беларусі, дзе пазначана, які працэнт пад якую культуру адведзены. Гатунак жыта "Беняконскае", што мне ўдалося вывесці, займае да 9%. Звычайна гатунак больш за пяць гадоў не існуе. А гэты - выкарыстоўваўся 25 гадоў. *** - Сёння мая страсць да аграноміі, вядома, не згасла. Я вырошчваю на сваім лецішчы гладыёлусы. Вы ведаеце, што слова "гладыёлус" паходзіць ад слова "меч"? У старажытныя часы гэтая кветка лічылася сімвалам перамогі. Рымскія легіянеры насілі яе на сваім адзенні як амулет, ды і я лічу гладыёлус сімвалам нашай перамогі. Колькі гатункаў кветак маю? Каля сотні. Кожны год планую пакінуць толькі 10, а потым становіцца шкада. Прыязджаюць да мяне мае дзеці, унукі ды праўнукі, і я не магу стрымацца, каб не сфатаграфаваць іх побач з гэтымі прыгожымі раслінамі. Ведаеце, я зараз падзялюся з вамі цікавай інфармацыяй. Калі вы сказалі, што вас завуць Дар'я, я адразу прыгадаў прыгожы сорт гладыёлусаў з такім жа "імем", і вырашыў пагадзіцца на інтэрв'ю. І проста не магу ўтрымацца, каб зараз вам гэты сорт не паказаць....

 Мінск - Горкі - Мінск Фота аўтара і Аляксея БАГАМОЛАВА  

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"