Кафедра унікальных спецыялістаў

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Выпускнікі кафедры касцюма і тэкстылю факультэта дызайну і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі прэстыжных конкурсаў моды, заваёўвалі прызнанне спецыялістаў і публікі ў тэатры і кіно. Да прыкладу, работы мастака Алены Ігруша — аднаго з выбітных сучасных сцэнографаў Беларусі — ужо сёння выстаўляюцца ў музеі. Гаворка пра касцюмы да фільма “Анастасія Слуцкая”, якія стварыла мастачка. А колькі яшчэ таленавітых твораў-калекцый Алены Ігруша ў тэатры: “Івона, прынцэса Бургундская”, “Пацукалоў”, “№ 13”, “Войцэк”… Сапраўдным брэндам у fashion-індустрыі стала імя Вольгі Самошчанка, пераможцы прафесійных конкурсаў у Віцебску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, удзельніцы шматразовых паказаў і дэфіле ў Расіі, Беларусі, Чэхіі… І гэты пералік выпускнікоў можна доўжыць… Кафедра касцюма і тэкстылю БДАМ сёння мае рэпутацыю “кузні” унікальных спецыялістаў: мастакоў па касцюмах, мадэльераў, тэкстыльшчыкаў, дэкаратараў, дызайнераў... Але які попыт сёння існуе на згаданыя спецыяльнасці? Ці ўносіць сучасны рынак пэўныя карэктывы ў падрыхтоўку прафесійных кадраў? Ці запатрабаваны выпускнікі з адпаведнай творчай спецыяльнасцю? Пра гэта гутарым з загадчыкам кафедры, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцінай БАРТЛАВАЙ.

 

/i/content/pi/cult/260/3958/13-1.jpg- Валянціна Пятроўна, ведаю, што літаральна днямі на вашай кафедры адбылося размеркаванне маладых спецыялістаў. Ці ўсім знайшлі месцы? Наколькі чакаюць выпускнікоў на прадпрыемствах? Урэшце, які попыт назіраецца сёння на падобныя спецыяльнасці?

 - Адразу зазначу: усе нашы студэнты былі размеркаваны. Нашых спецыялістаў з задавальненнем бяруць на многія прадпрыемствы, і гэты год не стаў выключэннем. Справа тут яшчэ ў тым, што пад час вучобы студэнты абавязкова праходзяць практыку. Мы заахвочваем моладзь спрабаваць сябе ў розных накірунках, вывучаць рынак попыту і параўноўваць. Часта здараецца так, што пасля практыкі прадпрыемствы заключаюць дамовы з нашымі студэнтамі, і тыя ўжо пад час навучання атрымліваюць працу. А на размеркаванне яны прыходзяць да нас ужо з лістамі-запытамі. На нашай спецыяльнасці - толькі шэсць бюджэтных месцаў. Яшчэ пэўную колькасць студэнтаў мы бяром на платнай аснове, таму звычайна тыя з іх, хто давучваецца да канца, не застаецца без працы. Нават тыя, хто навучаліся за грошы.

- Наколькі універсальнымі спецыялістамі (натуральна, у сваёй сферы) з'яўляюцца выпускнікі кафедры касцюма і тэкстылю?

 - Пад час навучання мы ставім сабе задачу: выгадаваць, у першую чаргу, мастакоў. Таму, да прыкладу, на першым курсе даём шмат заняткаў па жывапісе, малюнку, кампазіцыі. Мы вучым маладых людзей бачыць незвычайнае ў звычайным, заўважаць прыгажосць у паўсядзённасці. Разняволіць вучня, даць яму магчымасць праявіць сябе - вось што самае галоўнае, на маю думку. Вы не ведаеце, якія да нас прыходзяць студэнты! І адукаваныя, і дысцыплінаваныя, але часам перш чым здолееш выявіць іх індывідуальнасць, даводзіцца шмат папрацаваць. Таму падрыхтоўка ў нас грунтуецца менавіта на прынцыпах творчага раскрыцця, што, у свой час, не замінае атрымліваць студэнтам і тыя веды, якія датычацца менавіта іхняй прафесіі. У прыватнасці, на першым курсе моладзь вельмі падрабязна вывучае беларускія нацыянальныя строі: асаблівасці пластыкі, каларыт, тэхніку, якая ўласцівая нашым тэкстылю, тканіне. Студэнты наведваюць музеі, вывучаючы прадмет на прыкладзе скарбаў старажытнай культуры: ручнікоў, строяў... На другім курсе пачынаецца практыка. Студэнты павінны ўвасобіць назапашаныя веды ў жыццё. Мы ставім перад імі задачу: увесці элементы нацыянальных строяў у сучасныя касцюмы для сцэны. Гэта можа быць адзенне для аматарскіх калектываў, прафесійных, - з адпаведнай стылізацыяй. Для студэнтаў - досвед, для музыкантаў - магчыма, небходны кампанент іміджа. На трэцім і чацвёртым курсах накіроўваем студэнтаў на стварэнне калекцыі. Так бы мовіць, прапануем ім пачаць мысліць у вялікіх маштабах. На трэцім курсе яны вучацца шыць і ствараць вобраз у адзенні. Моладзь абавязкова праходзіць на гэтым этапе практыку на вытворчасці: студэнты едуць у Салігорск, Гомель, Гродна на спецыялізаваныя прадпрыемствы і знаёмяцца з прафесіяй у рэальным рэжыме.

- Вашы навучэнцы вядомыя па ўдзеле ў Фестывалі моды і фота "Млын моды"...

 - Бывае, што ў фестывалі Сашы Варламава ўдзельнічаюць цэлыя курсы. Мы падтрымліваем нашых студэнтаў у гэтым, бо "Млын моды" - прэстыжны конкурс, які не толькі адкрывае перад маладымі спецыялістамі новыя магчымасці, але і дае вопыт. Студэнты самастойна робяць калекцыю, спаборнічаюць у буйным форуме, выхоўваюць характар, атрымліваючы карысны досвед, - як не падтрымаць гэтую ініцыятыву? Дарэчы, і абарона дыпломных работ студэнтаў Акадэміі нагадвае сапраўдны фестываль. Падзея адбываецца ў Нацыянальнай школе прыгажосці, якая ласкава прадастаўляе нам памяшканне. Студэнты імкнуцца паднесці сваю калекцыю як мага лепш: гэта ўжо не проста паказ, а дэфіле - мадэлям абавязкова робяць прычоскі, макіяж, мадэльеры ж падбіраюць музыку для дэманстрацыі сваіх работ. Калі студэнт абараняе тэатральны касцюм, да ўдзелу запрашаюцца акцёры тэатра: яны разыгрываюць эпізоды са спектакляў. Рэжысёр можа прыйсці на абарону і выбраць мастака, чые работы яму прыйшліся даспадобы. Так часам і здараецца.

- У дадзеным кантэксце цалкам лагічнай падаецца прапанова павялічыць набор студэнтаў на спецыяльнасці. Трохі больш за дзесяць спецыялістаў на год па касцюмах і тэкстылі - ці не занадта мала для ўсёй рэспублікі? Усё ж прадукцыя айчыннай лёгкай прамысловасці далёка не заўжды радуе спажыўцоў...

- Тут нельга выправіць сітуацыю банальным павелічэннем набору. Што да лёгкай прамысловасці, то сёння нашы буйныя фабрыкі не толькі не могуць дазволіць сабе адкрыць новую стаўку для маладога спецыяліста, а і вымушаны скарачаць тыя творчыя пасады, якія існуюць. Мінімалізацыя выдаткаў вымушае прамысловасць часам не заказваць распрацоўку арыгінальнай мадэлі адзення, а купляць гатовыя ўзоры ў замежных калег. Памятаю, як пад час сваёй практыкі я прыйшла на фабрыку імя Крупскай (цяпер гэта вядомае прадпрыемства "Элема"): у фае будынка вісела вялізная карта Савецкага Саюза, дзе былі пазначаны месцы збыту прадукцыі фабрыкі - яна разыходзілася па ўсёй краіне. Сёння сітуацыя - зусім іншая. Таму нашы студэнты - не адзіныя "лекі", якія цяпер патрэбны лёгкай прамысловасці. І часам фабрыкі не могуць дазволіць сабе прапанаваць годныя ўмовы для маладых спецыялістаў. Сярод іншага, наша кафедра не мае вялікіх плошчаў, каб навучаць большую колькасць студэнтаў. Сёння мы атрымалі новае швейнае абсталяванне, чаму вельмі рады. Але нам не хапае камп'ютэраў (іх на кафедры ўсяго два) для таго, каб студэнты маглі выконваць свае праекты з выкарыстаннем сучасных праграм. Я разумею, што камп'ютэр не зробіць з пасрэднасці мастака, але час дыктуе свае ўмовы, і мы павінны як мінімум не адставаць ад яго. Яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы марым аб сваім Тэатры моды пры кафедры, дзе студэнты маглі б рабіць паказы сваіх дасягненняў... Тым не менш, многія нашы выпускнікі спрабавалі адкрыць свой fashion-бізнес. Яны закуплялі станкі, арандавалі памяшканне, пачыналі працаваць, а потым... гэтак жа хутка "згортваліся": справа аказвалася нерэнтабельнай. І такія выпадкі - не адзінкавыя.

- І калі ж гэтая сітуацыя зменіцца?

- Пакуль адкажу так: змены адбываюцца паступова. Цяпер наша задача - па-ранейшаму рыхтаваць і прапаноўваць рынку прафесіяналаў, якімі можам ганарыцца.

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"