КАПСУЛА З ПАСЛАННЕМ НАШЧАДКАМ

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Закладка Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам капсулы з Пасланнем нашчадкам у падмурак новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках Рэспубліканскага суботніка распачала шэраг урачыстых дзён з нагоды 65-й гадавіны Перамогі. І якраз гэтыя дні мы непарыўна звязваем з трыма яскравымі словамі: Май, Мір, Праца.

/i/content/pi/cult/260/3940/1-1.jpgПрэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка прыняў удзел у Рэспубліканскім суботніку, пад час якога заклаў капсулу з Пасланнем нашчадкам у гранітны элемент - сімвалічны фундамент новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які будзе размяшчацца за абеліскам "Мінск - горад-герой".

 

Па прыбыцці Кіраўніка дзяржавы ў парк Перамогі яму далажылі аб планах па будаўніцтве музея, а таксама аб рэканструкцыі парку і прылеглых тэрыторый. Будаўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны плануецца завяршыць у 2013 годзе. Яго агульная плошча складзе амаль 15 тыс. кв. м. Паводле слоў галоўнага архітэктара Мінска Віктара Нікіціна, канцэпцыя новага музея прызнана адной з лепшых у Еўропе і свеце. Для аптымізацыі экспазіцыі аўтары праекта прадугледзелі так званую драматургію музея - гэта значыць, што асобныя яго часткі будуць увасабляць розныя этапы і аспекты Вялікай Айчыннай вайны, і такім чынам наведвальнік нібыта ўжывую зможа прайсці храналогію падзей. Акрамя таго, любы жыхар Беларусі, які наведае музей, атрымае магчымасць праз інфармацыйную сістэму знайсці звесткі аб сваіх сваяках, што загінулі ў час вайны і ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. Інфармацыйнае забеспячэнне музея прадугледжвае сувязь з найбуйнейшымі архівамі Расіі. Капсулу з Пасланнем нашчадкам Аляксандр Лукашэнка закладаў разам з Героем Савецкага Саюза Іванам Куставым, старшынёй Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатолем Новікавым і кіраўніком Мінскай гарадской ветэранскай арганізацыі Анатолем Адоньевым."Адкрыты літаральна праз тры месяцы пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаў першай у свеце культурна-асветнай і навуковай установай, чыёй асноўнай задачай з'яўляецца захаванне гістарычнай праўды аб вайне і тых людзях, якім мы абавязаны жыццём, - адзначаецца ў тэксце Паслання нашчадкам. - Музей распавядае пра ратныя подзвігі беларусаў і брацкіх народаў Савецкага Саюза, выхоўвае моладзь у духу воінскай доблесці і вернасці абавязку. Няхай жа новы будынак музея стане не толькі архітэктурным упрыгожаннем сталіцы, але і бачным увасабленнем нашай нязгаснай Памяці і вечнай падзякі героям-вызваліцелям. Няхай новыя пакаленні захаваюць і прымножаць традыцыі патрыятызму, мужнасці і гуманізму, завешчаныя пераможцамі".

Далей брыгада суботніка на чале з Прэзідэнтам выканала работы па ўладкаванні бетоннай пліты трансфарматарнай падстанцыі і пляцоўкі пад вежавы кран. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з праектнай прапановай па стварэнні ландшафтнага парку "Беларусь", што будзе знаходзіцца паблізу комплексу "БелЭКСПА". Адметнасцю цэнтральнай часткі парку з'яўляецца экспазіцыйная тэрыторыя, якая будзе асабліва прывабнай для гасцей нашай краіны, - так званая міні-"Беларусь". Контур гэтай тэрыторыі паўтарае карту Беларусі. Тэрыторыі абласцей выдзелены сваімі алеямі і ландшафтнымі кампазіцыямі, характэрнымі для кожнага рэгіёна краіны. На месцы "Мінска", абласных цэнтраў, гістарычных і прыродных выдатных мясцін будуць размешчаны макеты пазнавальных збудаванняў у маштабе 1:25. Для стварэння парку "Беларусь" спатрэбіцца некалькі гадоў. Першым этапам стала закладка гаю ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі. 24 красавіка там працавалі маладыя людзі, якія прадстаўляюць і БРСМ, і розныя нефармальныя маладзёжныя аб'яднанні. Кіраўнік дзяржавы падключыўся да маладых людзей у пасадцы дрэў і вырабе шпакоўняў.

 Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь