Чацвёртая міжнародная

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Каля 150 вучоных прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Культура. Навука. Творчасць”, што праходзіла ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 22 — 23 красавіка.

 

Чацвёрты раз вядомыя дактары і кандыдаты навук, аспіранты беларускіх і замежных ВНУ, маладыя выкладчыкі аб'ядналіся, каб звярнуць увагу на праблемы развіцця культуры ў сучасным грамадстве. Першы прарэктар па выхаваўчай і арганізацыйнай працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана Вінакурава вызначае ролю канферэнцыі наступным чынам: "Найперш гэта - прапрацоўка актуальных праблем культуры пры дапамозе творчых сіл, вучоных гуманітарнага профілю. На такім міжнародным форуме, які карыстаецца попытам за мяжой, заўсёды разглядаюцца тэарэтычныя і практычныя пытанні развіцця сучаснага прафесійнага мастацтва, існавання нацыянальных школ дызайну, выяўленчага мастацтва, музыкі, народнай культуры". Удзел у канферэнцыі прынялі таксама прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальная бібліятэка краіны, Нацыянальны мастацкі музей. Шырокі абмен меркаваннямі адбыўся паміж навукоўцамі з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Латвіі, Арменіі, Ізраіля, Турцыі, Кітая, Камеруна.