Абагульненне ў глабальным кантэксце

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, у тым ліку, і на стан айчыннай літаратуры. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пісьменнікі, на жаль, не ствараюць сёння выбітных твораў, папулярных сярод шырокага кола чытачоў. Адным з крокаў да выпраўлення сітуацыі можа стаць адкрыццё ў Інстытуце журналістыкі БДУ новай спецыяльнасці — “літаратурная работа (творчасць)”. Першы набор абітурыентаў адбудзецца сёлета. Загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Людміла САЯНКОВА спадзяецца на тое, што з’яўленне маладых “прафесіяналаў слова” з добрым культуралагічным базісам дазволіць вырашыць і іншую праблему. У выніку цікавых ды грунтоўных матэрыялаў, датычных культурнага жыцця, у беларускіх СМІ ў найбліжэйшы час прыкметна паболее. І, думаецца, намінацыя “Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі” на Нацыянальным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера” папоўніцца новымі імёнамі. Якраз напярэдадні XIV Міжнароднай выстаўкі “СМІ ў Беларусі” і Дня друку наш карэспандэнт сустрэўся з настаўнікам будучых “акул пяра”, што стануць спецыялізавацца якраз на культурным кантэксце.

 

/i/content/pi/cult/259/3921/6-1.jpg- Наша кафедра будзе рыхтаваць спецыялістаў у розных сферах творчага жыцця, - распавядае Людміла Пятроўна. - Заяўлена пяць спецыялізацый: проза, паэзія, драматургія, літаратурна-мастацкая крытыка і мастацкі пераклад. Набор зусім невялікі - усяго 20 чалавек, прычым 15 з іх - платнікі. Гэта тая сфера гуманітарнай дзейнасці, дзе "масавая вытворчасць" спецыялістаў не патрэбна. Таму істотна павялічваць набор мы не плануем і ў будучыні.

- Якія перадумовы паўстання спецыяльнасці?

- Чаму 12 гадоў таму ўзнікла наша кафедра? Бо ў гэтым была аб'ектыўная патрэба. Ініцыятыва тут ішла "знізу", ад саміх выкладчыкаў. Ва ўсе часы існавання "журфака" былі студэнты, якія ад самага пачатку навучання канцэнтравалі сваю ўвагу менавіта на крытыцы і культурнай журналістыцы. З імі трэба было сур'ёзна працаваць. Таму і з'явілася кафедра, а разам з ёю - майстэрні крытыкаў, якія спецыялізуюцца на розных відах мастацтва: кіно, тэатр, літаратура... Не так даўно гэты спіс папоўніла і музыка. Ёсць з чаго выбіраць. Але, у той самы час, заўсёды было жаданне працаваць з такімі "профільнымі" студэнтамі яшчэ грунтоўней: ад першага курса і да абароны дыплома. Дагэтуль нашы магчымасці былі досыць абмежаваныя. Таму арганічная патрэба ў з'яўленні асобнай спецыяльнасці наспела ўжо даўно.

 - З'яўленне ў "палітры" Інстытута журналістыкі такіх спецыялізацый, як проза і паэзія, можа трохі здзівіць...

- Хаця здзіўляцца тут не выпадае. На журфаку, а потым і ў Інстытуце, заўсёды вучыліся студэнты, якія сумяшчалі журналістыку і літаратурна-мастацкую творчасць. Многія знаныя пісьменнікі маюць нашы дыпломы. Мабыць, тут - спрыяльнае творчае асяроддзе, добрая атмасфера. Што да вашага пытання... І сапраўды, трэба разумець: Інстытут журналістыкі - зусім не аналаг маскоўскага Літаратурнага інстытута. Таму навучанне па гэтай спецыяльнасці павінна адбывацца ў кантэксце журналісцкай адукацыі. На першых двух курсах нашы студэнты будуць вывучаць тыя самыя прадметы, што і іх аднакурснікі з іншых спецыяльнасцей. Потым прыспее час для дыферэнцыяцыі: хтосьці будзе паглыблена вывучаць сусветную літаратуру, хтосьці - тэорыю драмы...

- Спецыяльнасць "проза" выклікае ў мяне вельмі празаічнае пытанне: куды можна будзе размеркаваць выпускніка, які яе атрымаў? У тыпавых штатных раскладах пасада празаіка не прадугледжана...

- Я ўпэўнена: чалавек, які мае добры культуралагічны базіс, не застанецца незапатрабаваным. Выпускнікі знойдуць месца, у тым ліку, і ў рэдакцыях СМІ - як друкаваных, так і аўдыёвізуальных. Думаю, у вольны ад уласнай літаратурнай дзейнасці час студэнты нашай спецыяльнасці здолеюць лёгка засвоіць і спецыфіку журналісцкай працы. Бо ў крытыцы і культурнай журналістыцы "тэхнічныя" навыкі - гэта не галоўнае, іх можна хутка набыць. Галоўнае - грунтоўны багаж культуралагічных ведаў і здатнасць да іх самастойнага і глыбокага асэнсавання. Менавіта гэтымі якасцямі мы будзем імкнуцца забяспечыць кожнага са студэнтаў новай спецыяльнасці.

- На вашу думку, які галоўны складнік прафесійнай "спеласці" журналістакультуролага? Што ён павінен умець?

- Рабіць абгрунтаваныя абагульненні і праектаваць прыватную сітуацыю на глабальны кантэкст, знаходзіць глыбінныя сэнсы, утоеныя для "непадрыхтаванага" вока. Культурна адукаваныя журналісты - гэта людзі, якія здатныя да глыбокіх рэфлексій у асэнсаванні рэчаіснасці.

- Рыхтуючыся да нашай гутаркі, правёў своеасаблівы маніторынг водгукаў СМІ на актуальныя падзеі культурнага жыцця Беларусі (балазе з дапамогай Інтэрнета гэта зрабіць зусім не складана). Вынікі падаліся мне сімптаматычнымі: пра культуру ў нас пішуць пераважна ў інфармацыйным жанры. Змястоўных рэпартажаў пошукавік знайшоў значна меней, крытыкі і аналітыкі - зусім вобмаль...

- Такую сітуацыю абумовіла само развіццё нашай цывілізацыі. Свядомасць сучаснага чалавека скіравана перадусім на атрыманне інфармацыі. Але інфармаванасць і адукаванасць - гэта розныя рэчы. Неабходна ўмець асэнсоўваць атрыманую інфармацыю, супастаўляць яе, рабіць высновы. І ўрэшце фарміраваць свой погляд на тыя або іншыя з'явы і падзеі. Вельмі хацелася б, каб гэтая якасць была ўласціва ўсім нашым студэнтам. Не так даўно давялося пабываць у Швецыі - на семінары, прысвечаным пытанням культуры ў журналістыцы. Мяне здзівіла наступная акалічнасць. Мы часцяком аўтаматычна атаясамліваем культуру з мастацтвам, а там погляд на яе значна шырэйшы. Да прыкладу, пад рубрыкай "Культура" можна знайсці нават матэрыялы, скажам, прысвечаныя падзеям палітычнага або сацыяльнага жыцця. Шведскі журналіст распавядаў, што на гэтай паласе будзе друкавацца матэрыял на тэму гандлю зброяй.

 - Даруйце, а зброя тут прычым?

- Здавалася б, і сапраўды такі матэрыял павінен быў бы трапіць у іншую рубрыку. Але ж яму была ўласціва асаблівая глыбіня рэфлексіі адносна ўплыву канкрэтнай падзеі на жыццё шведскага грамадства, на яго маральна-этычны стан. Бо культура, у шырокім сэнсе слова, - гэта ўсё наша жыццё, і любы факт можна разглядаць у гэтым кантэксце. Усё залежыць ад ракурсу аўтарскага бачання.

- Сапраўды, у нас погляд на культурную тэматыку - іншы. У адным з новых спецыялізаваных на ёй тэлепраектаў убачыў вялікі сюжэт пра тое, як нейкая айчынная поп-зорка ці то набыла машыну, ці то яе прадала...

- У нас, на жаль, дэвальвавалася паняцце аўтарскай журналістыкі. Але ж дасведчаныя рэдактары разумеюць: газета павінна быць адрасавана на розную аўдыторыю. Чытачоў, якія цікавяцца не толькі чытвом, але і чытаннем, таксама трэба мець на ўвазе.

- Узровень культурнай журналістыкі вызначае ўзровень журналістаў або ўсё ж кан'юнктура рынку?

 - Апошні фактар нельга пакідаць па-за ўвагай. Мы ўступілі ў перыяд панавання масавай культуры. Змянілася і аўдыторыя СМІ, і гэта ігнараваць не выпадае. Досвед гісторыі сведчыць, што культура не заўсёды ідэальна спалучаецца з рынкам. Але неабходна знаходзіць на газетных палосах месца абоім.

 - Ад калег з розных выданняў даводзілася чуць, што выпускнікі Інстытута журналістыкі не заўсёды гатовы адразу ўключыцца ў працу - ім даводзіцца "давучвацца" непасрэдна ў рэдакцыях.

- Гэта было і будзе. Бо ўсё ж у Інстытуце нашы студэнты маюць "цяплічныя" ўмовы. Так, некаторыя з іх уліваюцца ў прафесію ўжо з першых курсаў, але многім і сапраўды патрэбны час для адаптацыі. Таму вашым калегам я магу адказаць: мы даём вам "паўфабрыкаты", якія вам ператвараць у "гатовы прадукт". Вядома, гэта вельмі грубыя параўнанні, але... яны - матываваныя. Казаць пра тое, што кожны першы наш выпускнік - спраўджаны прафесіянал, і сапраўды не выпадае. Але самае важнае- каб ён меў няспыннае жаданне вучыцца, а не ўспрымаў сябе як гатовую "зорку". Зразумела, такая завышаная самаацэнка не дае развівацца і рухацца далей.

- Але ўяўляеце, што здарыцца, калі хірург выйдзе са сцен ВНУ не гатовым да самастойнай прафесійнай дзейнасці?..

- Гэта яркае параўнанне, але, думаю, яно не зусім дарэчнае. Хірургію нельга параўноўваць з журналістыкай. Да таго ж, наколькі я ведаю, студэнты-медыкі маюць практычныя заняткі бадай штодзённа, а па сканчэнні ВНУ яны даказваюць сваю прафесійную "спеласць" у ардынатуры. У нас практыка - гэта ўсяго 1 - 2 месяцы на год. Імітаваць паўнацэнную рэдакцыйную атмасферу ў рамках адукацыйнага працэсу немагчыма. Зрэшты, тут узнікае і іншая праблема. Студэнты часта скардзяцца: мы прыходзім у рэдакцыю на практыку - і адразу адчуваем, што нікому там не патрэбныя, бо ў выдавецтве хапае штатных журналістаў, якія хочуць атрымліваць ганарары. Раней старэйшыя калегі звярталі на практыкантаў куды болей увагі.

 - Напэўна, арганізаваць эфектыўную практыку для такіх спецыфічных спецыялізацый, якія неўзабаве з'явяцца ў Інстытуце журналістыкі, будзе наогул вельмі складана.

- Гэта неаспрэчна. Ці не для кожнага студэнта давядзецца шукаць адмысловае месца практыкі - і рабіць тое, вядома, самім. Камусьці будзе бліжэй тэатр, камусьці - кінастудыя... Але паколькі колькасць студэнтаў на новай спецыяльнасці будзе невялікая, выкладчыкі атрымаюць магчымасць паставіцца да праходжання практыкі больш уважліва: завітваць у тыя ўстановы, дзе студэнты яе праходзяць, цікавіцца... Калі студэнтаў шмат, гэта практычна немагчыма. Увогуле, без творчых адносін выкладчыкаў да практыкі плёну не будзе. Трэба даткліва аналізаваць прафесійныя хібы студэнта і дапамагчы яму іх усвядоміць і выправіць. Добры настаўнік - гэта той, хто можа "апусціцца" да ўзроўню свайго вучня, а потым узняць яго на свой. І паколькі наша кафедра складаецца з людзей вельмі творчых і адданых, спадзяюся, гэта ў нас атрымаецца.

Фота аўтара