Намінацыя "Фатаграфія" асаблівых сюрпрызаў не прынесла, пакінуўшы прыемнае адчуванне нараджэння новага пакалення маладых фатографаў. Большасць работ была выканана на годным узроўні, некаторыя ўдзельнікі конкурсу падрыхтавалі цэлыя праекты. Прыемна здзіўлялі канкурсанты з рэгіёнаў. Галоўнай інтрыгай конкурсу стала "выпрабаванне" фотарэпартажам. Усяго некалькі гадзін было дадзена ўдзельнікам трэцяга тура, каб увасобіць у названым жанры тэму "Вясновы дзень у парку". Наступнай раніцай журы па выніках зробленай працы вынесла вердыкт.
- Гэтае заданне істотна змяніла карціну творчага спаборніцтва, - каменціруе старшыня журы.
- Некаторыя лідэры, паводле папярэдніх адзнак, страцілі свае месцы, а наперад нечакана выйшлі іншыя канкурсанты. Выпрабаванне фотарэпартажам выявіла галоўны падыход суддзяў: "наитие" "наитием", але прафесія і падрыхтоўка - перш за ўсё. Бо на трэцім этапе канкурсантаў чакала сустрэча з рэальным жыццём. - Многія сёння забываюцца, што фатаграфія - гэта майстэрства, - кажа Настасся Суханава. - Лёгкасць у тэхналагічным плане, уласцівая "лічбе", часам прытупляе ўяўленне. Мала ўвагі надаецца кампазіцыі, колеравай атмасферы, святлу. А з гэтага ж і ствараюцца вобраз ды стыль...
Плён працы журы прывёў да "нечаканай чаканасці". Першае месца, літаральна на некалькі балаў абышоўшы сваіх калег, атрымаў студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будучы кінатэлеаператар Аляксандр Тапчэеў. З аднаго боку, работам Аляксандра ўласцівы эксперымент, з іншага - пераможца Рэспубліканскага конкурсу аказаўся вялікім прыхільнікам здымак на плёнку.
- Плёнка, - кажа малады кінатэлеаператар, - прывучае да таго, што трэба з розумам раскладваць матэрыял, што ёсць пэўны яго ліміт. Да ўсяго далучаецца і майстэрства. Прыемна праяўляць свой негатыў, прыемна яго друкаваць, працаваць з кадрам. Сёння бадай кожны, хто набыў фотаапарат, лічыць сябе фатографам. Мне не цікава канкурыраваць з тымі, хто лічыць, нібы ўсё зробленае імі - гэта шэдэўр. - Я з вялікай цікаўнасцю стаўлюся да эксперыментаў студэнтаў, - кажа Настасся Суханава. - Пошук чагосьці новага ў мяне заўжды выклікаў павагу. Але зроблена гэта мусіць быць на высокім прафесійным узроўні... Новы час, канешне, дыктуе новыя формы выражэння ці пераўтварае старыя, ды ўсё ж ніхто да гэтай пары не адмяняў навучання прафесіі. Гэтае залатое правіла яшчэ раз прагучала ў сценах Акадэміі мастацтваў.
На здымках (зверху ўніз): работы ўдзельнікаў спаборніцтва Сяргея Аўсянікава, Аляксандра Тапчэева (уладальнік Першай прэміі), Ганны Нядзелька.