Трэцяя “Арт-лінія”

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

20 красавіка ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ІІІ Мінскай міжнароднай выстаўкі графікі “Арт-лінія”.

Ужо трэці раз мерапрыемства такога ўзроўню пройдзе ў нашай краіне. Работы будуць экспанавацца ў трох галерэях Нацыянальнай бібліятэкі: "Ракурс", "Лабірынт" і "Атрыум". Адбудзецца конкурс, вынікі якога ацэніць аўтарытэтнае міжнароднае журы, куды ўвойдуць мастакі і мастацтвазнаўцы з розных краін. У час вернісажу пераможцам будуць уручаны дыпломы. Ганаровым госцем гэтым разам выступіць Фелікс Караль (Славенія). Упершыню ў Мінскую міжнародную выстаўку графікі "Арт-лінія" будзе ўключана рэтрапраграма - выстаўка літаграфій англійскага графіка і архітэктара Джозэфа Нэша (1809 - 1878 гг.), вядомага ў Еўропе сваімі архітэктурнымі пейзажамі і жанравымі сцэнамі. Менавіта гэтая экспазіцыя, якая складаецца з 42 твораў, з'яўляецца першай прэзентацыяй фондаў графікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Такая практыка будзе прадоўжана і ў наступных праектах. Выстаўка "Арт-лінія" павінна раскрыць новыя перспектывы графікі, яе вялікі патэнцыял, здольнасць пастаянна абнаўляцца, адкрываць магчымасці для пошуку і эксперыментаў; акрэсліць сённяшні стан графікі, яе месца ў творчасці сучасных мастакоў Еўропы; пасадзейнічаць усталяванню творчых стасункаў. Усяго ж мастакі з Беларусі, Іспаніі, Украіны, Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Славеніі, Балгарыі і іншых краін прадставяць звыш 160 графічных твораў.