У ліпені 2009-га...

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Неаднойчы ўжо “Культура” пісала пра тыя выпадкі, калі людзі знаходзілі інфармацыю пра сваіх загінулых і зніклых без звестак у гады Вялікай Айчыннай вайны родных і блізкіх праз сайт Аб’яднанай базы даных “Мемарыял”. І сапраўды, праз столькі гадоў невядомасці — нечаканыя і, адначасова, такія доўгачаканыя радкі з адсканіраваных архіўных дакументаў: “загінуў”, “пахаваны”… Словы гэтыя адгукаюцца ў сэрцах і даўнім болем, і шчымлівай тугою расстання. “До той поры в душевной глубине мы не прощались так бесповоротно…” — адразу прыгадваюцца радкі Аляксандра Твардоўскага. Вось і гэты ліст у “Культуру”, атрыманы з Армавіра, распавёў яшчэ адну гісторыю лёсу салдата той вайны. Пісьмо ад аўтара, кубанскага пісьменніка-дакументаліста Уладзіміра Паўлючэнкава, які актыўна даследуе тэму гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў тых мясцінах, перадаў у рэдакцыю намеснік паўнамоцнага прадстаўніка губернатара Краснадарскага края ў Рэспубліцы Беларусь Алег Давыдзюк. Уладзімір Мікалаевіч Паўлючэнкаў прачула распавёў пра свой леташні прыезд на Беларусь, на Віцебшчыну, калі праз 65 гадоў знайшоў месца пахавання свайго бацькі. Ды з нашай зямлёй у яго як старшыні Ар

 

Старэйшая дачка патэлефанавала глыбокай ноччу: - Татачка, знайшла! Знайшла ў Інтэрнеце, на сайце "Мемарыял", даныя пра тое, дзе загінуў твой бацька, а наш з Марыяннай дзед... Уяўляеш?! Ты занатуй вытрымку з данясення аб беззваротных стратах па 158-й стралковай Ліёзненскай дывізіі, 39 арміі генерала І.І. Люднікава. - Чытай, такое запомніцца да канца жыцця... - "Паўлючэнкаў Мікалай Лаўрэнцьевіч загінуў 19 ліпеня 1944 года, пахаваны ў брацкай магіле ля вёскі ці то Вербнікі, ці то Вернікі Віцебскага раёна Віцебскай вобласці..." Да раніцы- ніякага сну, а толькі "прагон" усяго жыцця, без бацькі, і сваіх учынкаў, такіх, каб нават выпадковае каліўца ценю не трапіла на светлую святую памяць пра яго... *** ...Ад аднасяльчан і стрыечнай сястры па бацькоўскай лініі ведаў, што ён загінуў недзе пад Віцебскам. І таму, часта бываючы па вытворчых справах нашага армавірскага прыборабудаўнічага прадпрыемства ў Маскве, пры выпадку, калі даводзілася заставацца ў камандзіроўцы яшчэ на выхадныя, доўга не вагаўся: вечарам з Беларускага вакзала на цягніку "Масква- Полацк" кіраваўся ў Віцебск. Ранкам з гваздзікамі ішоў па-над Заходняй Дзвіной да мемарыяла-помніка паўшым пры вызваленні горада воінам Чырвонай Арміі, партызанам, падпольшчыкам. Стаяў я там і даваў справаздачу: - Бацька, працую добрасумленна, вучуся, дапамагаю ўсім тым, каму ў жыцці выпала доля горкая... Ніколі нікому не расказваў, што цяжка без цябе. З 13 гадоў працую, дапамагаю маці... А ранкам цягніком "Полацк - Масква" быў ужо на камандзіровачнай працы..

. ***

 На сямейнай нарадзе (жонка Валянціна Фёдараўна, зяці Алег і Аляксандр, дочкі Ірына і Марыянна ды дзесяцігадовы ўнук Святаслаў) было вырашана, што на магілу бацькі, дзеда і прадзеда ехаць мне і Святаславу. Да выніковага вердыкту ўнук зачытаў папярэдне выпрацаваны план: - Выязджаем заўтра без дзесяці на першую цягніком "Уладзікаўказ- Масква". Ранкам прыбываем, і ты, дзед, паказваеш мне горад. А ўвечары, у дваццаць два трыццаць, сядаем на поезд "Масква - Полацк" - і наперад, у Віцебск! Дарэчы, Святаслаў яшчэ знайшоў сайт Віцебскага райвыканкама, так што мелі, на ўсялякі выпадак, тэлефон майго калегі - старшыні райсавета. Усё атрымалася, як запланавалі. Да пазначанага часу з платформы Беларускага вакзала селі ў цягнік "Масква - Полацк" - і ў сон...

 ***

А чацвёртай раніцы пабудзіў, мусіць, покліч маёй першай малой Радзімы: састаў стаў на станцыі Рудня. За дзесяць кіламетраў адсюль, у прылеснай вёсачцы Высокая Жар, я нарадзіўся. А на станцыю гэтую трапляў з дзядзькам Гаўрылам або калі бываў у цёткі Марыі, што жыла непадалёку. Памятаю вайсковыя эшалоны, што ішлі ды ішлі з захаду. Стаянкі пачыналіся штурмам адзінага буфета... Часта ўспыхвалі нават бойкі. А насупраць на ўвесь грузавы двор штабялямі ляжалі буйныя нашы і нямецкія снарады, міны, авіябомбы. Цягнік рушыўся. Знік у ранішнім тумане руднянскі вакзальчык. Ён зусім не змяніўся з часоў майго дзяцінства... *** Праз паўгадзіны за акном прамільгнула Ліёзна - ужо беларуская зямля. - Святаслаў, пад'ём! Хутка ўжо Віцебск! - буджу ўнука. ...Сустрэў нас мой калега Васіль Леановіч. У гасцініцы- цёзцы горада было вольна, паколькі завяршыўся ўжо знакаміты форум мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"... 28 ліпеня мінулага года каля адзінаццаці гадзін мы пад'язджалі да вёскі Вараны, што за 12 кіламетраў ад абласнога цэнтра па трасе Віцебск- Смаленск. Унук запытаў сур'ёзна і сцішана: - Дзед, хутка прыедзем? Хваляваўся і я. Супакойваўся думкамі, што ўсё ж знойдзена магіла бацькі, а ў логіцы разваг не знаходзіліся ўсвядомленыя, пераканаўчыя высновы: ён, бацька, загінуў яшчэ зусім хлапчуком у няпоўныя дзевятнаццаць. І год ужо ішоў 1944-ы, калі вялася перадапошняя буйная аперацыя перад берлінскай - "Баграціён", што вызваліла Віцебшчыну, а пасля - і ўсю Беларусь.

 ***

- Ну вось, прыехалі, - сказаў Васіль Леановіч, спыніўшы машыну каля брацкай магілы, дзе пахавана і перапахавана 7140 паўшых воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія вызвалялі Віцебскі раён. Каля бронзавага строгага помніка выстраіліся вучні Вараноўскай сярэдняй школы, што шэфствуюць над гэтай тэрыторыяй, лунала мелодыя марша з кінафільма "Беларускі вакзал"... Да мікрафона падышла завуч школы Наталля Сакалоўская: - Сёння мы вітаем сына і праўнука воіна, што загінуў пры вызваленні ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў нашай роднай вёскі і горача любімай Беларусі. Прыбылі яны з далёкай Кубані, з горада Армавіра... Школьнікі чыталі ўрыўкі з вершаў ваеннай тэматыкі. Распавялі, як вучацца, як вядуць пошукавую работу па байцах 158-й ліёзненскай і 17-й гвардзейскай стралковых дывізіях. Доўга прамаўляць не змог. Падзякаваў школьнікам, настаўнікам, мясцовым раённым і сельскім уладам за беражлівае, можна сказаць, трапяткое стаўленне да памяці паўшых воінаў, за клопат пра брацкую магілу. Затым ад помніка правялі нас да адной з адлітых у метале надмагільных пліт і пакінулі з унукам сам-насам з цішынёю. Сярод пяцідзесяці прозвішчаў паўшых войнаў ёсць і прозвішча бацькі: "Павлюченков Н.Л.". - Дзень добры, мой родны, мой любімы, святы мой! Бацька!.. Слава табе, Гасподзь наш, за радасць гэтай сустрэчы! Бацька!.. Я ні ў чым не падвёў цябе. Ты для мяне - святы!.. Са Святаславам усклалі кветкі. Пасля падышлі школьнікі, Васіль Уладзіміравіч і настаўніца - захавальнік музея Святлана Калакольчыкава. Яны паказалі нам школу, тамтэйшы музей, падарылі дыск з кінахронікай баёў за вызваленне Віцебска, пасля чаго мы з унукам вярнуліся да бацькі і прадзеда. Развіталіся. Праехалі ў вёску Вернікі, дзе першапачаткова быў пахаваны ў брацкай магіле бацька. У маленькай царкве Святой Ксеніі паставілі свечкі за спачын светлых душ бацькі і ўсіх яго баявых таварышаў. Пасля памянулі іх...

 ***

- Пахаванні-адзіночкі дробнымі групамі былі раскіданы ў лесе, у балоце, на палях... Час і гаспадарчая дзейнасць скрадваюць могілкі. Разам з ветэранамі, свяшчэннаслужыцелямі мы параіліся і прынялі рашэнне: падзахаваць у адну вялікую брацкую магілу астанкі воінаў з усяго раёна, з захаваннем даных па архівах нашых абласнога і рэсубліканскага архіваў, а таксама Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Зрэшты, даглядаць прасцей, сама магіла - на заўважным месцы, таму часцяком спыняюцца турысты, у тым ліку і замежнікі. А родных, што знайшлі тут бацькоў, братоў, дзядоў, мы ўсіх так сустракаем, - патлумачыў старшыня райсавета. Выпілі ў той дзень за здароўе тых, хто даў каманду "ператрэсці" ўсе архівы і сфарміраваць базу даных "Мемарыял" на ўсіх паўшых і без звестак зніклых абаронцаў Айчыны, за здароўе кіраўнікоў Расіі і Беларусі, добрага беларускага народа, які не шкадуе сродкаў на беражлівае захаванне брацкіх магіл і помнікаў. А беларусы ж больш як хто адпакутавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Добрым словам прыгадалі пошукавікаў - сапраўдных патрыётаў, якія пападзвіжніцку, часта - на адным энтузіязме, у лясах, палях, балотах, у гарадах проста пад асфальтам (і такое бывае!) шукаюць астанкі салдат, па крупінках узнаўляюць памяць пра іх, аддаюць іх прах зямлі з усімі вайсковымі ўшанаваннямі...

 ***

 Наступным днём, апоўдні, дызелем паехалі ў Рудню, сустрэліся з маімі стрыечнымі сёстрамі: па бацьку - Зояй Рыгораўнай і па маці - Надзеяй Панцялееўнай. Наведалі вёску Высокая Жар, дзе засталося цяпер дзве сям'і і адна буслянка з крылатымі жыхарамі. Пабывалі ў Доме-музеі М.Ягорава, дзе той жыў пасля вайны, і на яго магіле ля Сцяны Славы - ужо ў старадаўнім Смаленску. З Масквы выехалі ў Армавір хуткім, кіславодскім... Святаслаў, неяк раптам пасталелы, задумліва глядзеў у акно цягніка і нечакана сказаў: - Дзед, калі я вырасту, буду прыязджаць на магілу да прадзеда ў Віцебск, а можа, мы зніклага без звестак бацьку бабулі знойдзем... Тады і да яго - таксама... - Ты сапраўдны ўнук, Святаслаў! Я адвярнуўся, каб суняць хваляванне, а ў вачах так зашчыпала, заныла злева ў грудзях...

 ***

 Было гэта ў ліпені 2009-га...

 Уладзімір ПАЎЛЮЧЭНКАЎ Армавір.