Лічбавая кіназала для паказу трохмернага кіно будзе адкрыта ў сталічным "Салюце". Ён цяпер капітальна адрамантаваны, а ягоныя памяшканні прыводзяцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі новага абсталявання. "Адкрыццё "Салюту" плануецца ў чацвёртым квартале, хутчэй за ўсё - у кастрычніку - лістападзе", - адзначыў на сустрэчы з журналістамі Васіль Коктыш. Таксама ж у гэты дзень, 10 сакавіка, у кінатэатры "Кіеў" прайшоў тэхнічны семінар "Лічбавы кінапаказ і трохмернае кіно" з удзелам прадстаўнікоў кампаній з Германіі і Велікабрытаніі. Замежныя спецыялісты пракансультавалі супрацоўнікаў сталічнага "Кінавідэапракату" і наведалі кінатэатр "Салют", дзе далі свае рэкамендацыі па яго пераабсталяванні ў лічбавую кіназалу. Васіль Коктыш распавёў на прэсканферэнцыі і пра магчымасць увядзення электроннага білета. На яго думку, гэта можа адбыцца ўжо ў 2011 годзе.