“Без навеса сапраўды лепей”, або “Пагуляць у гісторыю” са станоўчым вынікам

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Найлепшае атачэнне для Замчышча

Працяг тэмы

Паважаная рэдакцыя “Культуры”! Меркаванні доктара архітэктуры Армэна Сардарава, выказаныя ў допісе “Чаму я супраць?” (“К” №4 за 2010 г.), я цалкам падтрымліваю. Нельга дапусціць рэалізацыі прапаноў па ператварэнні тэрыторыі Мінскага замчышча і яго наваколля ў мешаніну сапраўдных гістарычных каштоўнасцей з бутафорскімі падробкамі пад даўніну і сучаснымі пабудовамі!

Да слушных разваг і аргументаў аўтара допіса лічу неабходным дадаць наступнае. Частку даліны Свіслачы з Замчышчам неабходна разглядаць як адзіную  каштоўную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю. Яна была задумана беларускімі дойлідамі ХХ стагоддзя і стваралася цягам дзесяцігоддзяў, але не была паспяхова завершана. З розных бакоў гэтай унікальнай даліны адкрываюцца выразныя панарамныя відарысы, што патрабуе пільна ўлічваць, як будуць выглядаць усе складнікі кампазіцыі і іх спалучэнні з самых розных ракурсаў, калі яны будуць пабудаваны. На жаль, гэтай праблеме не надаецца патрэбнай увагі, што вядзе да архітэктурна-горадабудаўнічых пралікаў. У праектах адлюстроўваюцца толькі найбольш эфектныя, менавіта для дадзеных аб’ектаў, ракурсы, а сур’ёзны аналіз таго, як будуць выглядаць гэтыя пабудовы ў рэальным горадабудаўнічым атачэнні, не праводзіцца. За прыклад можна прывесці вялікі белы купал над катком, які стаў фонам для капліцы на Востраве Слёз, у выніку чаго гэты мініяцюрны аб’ект згубіў частку сваей выразнасці... Падобныя непажаданыя наступствы будуць непазбежныя і тады, калі над Замчышчам з’явіцца прапанаваны “Мінск-праектам” велізарны шкляны дах.

Унікальнае месца, дзе нарадзіўся горад Мінск, мае вялікі патэнцыял эстэтычнай выразнасці, які яшчэ трэба выкарыстаць. Гэтую задачу паспяхова вырашыць удасканаленне прыродных складнікаў асяроддзя пры адмове ад будаўніцтва новых аб’ектаў на Замчышчы і побач з ім. Паркавая прастора па берагах Свіслачы, што пралягае праз увесь горад, — гэта і ёсць найлепшае, самае годнае атачэнне Замчышча...

Ігар БАЙЦОЎ, архітэктар

 

 Праект музейнага комплексу “Мінскае замчышча” выклікаў дыскусіі сярод спецыялістаў яшчэ на сваёй “эскізнай” стадыі. Сведчаннем таму — дыскусія прафесіяналаў на старонках “К” (гл. № 4 за 2010 г.). У падтрымку меркавання доктара архітэктуры Армэна Сардарава мы атрымалі ліст вядомага архітэктара Ігара Байцова. Аўтар тэзісна выяўляе сваё бачанне арганізацыі гістарычнай прасторы — альтэрнатыўнае падыходу, прапанаванаму аўтарам праекта Сяргеем Багласавым, — і засяроджвае ўвагу на сапраўды важных аспектах архітэктурнага праектавання наогул.  Цягам бліжэйшых двух месяцаў творчая група “Мінскпраекта” на чале з Сяргеем Багласавым прадставіць на суд калег і грамадскасці архітэктурны праект музейнага комплексу. Як падалося, падрабязнае знаёмства з задумамі (хай сабе яны пакуль і не набылі завершанай формы) можа зняць многія спрэчныя пытанні  або, прынамсі, дапаможа ўбачыць іх праблематыку ў іншым ракурсе.

 

 “Нічога не будаваць — гэта прасцей за ўсё...” 

 

З такіх слоў пачаў гутарку Сяргей Багласаў. І адразу дадаў: “Але як  тады выканаць галоўную нашу задачу — зрабіць гістарычнае месца запатрабаваным людзьмі?”  

Архітэктар імкнуўся не столькі палемізаваць з апанентамі, колькі аб’ёмна пазнаёміць са сваім праектам. І гэта сапраўды важна, бо менавіта веды павінны быць грунтам для высноў. 

На маніторы камп’ютэра Сяргея Багласава — план будучага музея. Зірнуўшы на яго, можна адразу заўважыць, што ён будзе складацца з некалькіх блокаў. Яны суседнічаюць на досыць невялікай тэрыторыі і звязаны паміж сабою, але, пры гэтым, адасоблены адзін ад аднаго — і архітэктурна,і канцэптуальна. Такім чынам аўтару ўдалося ўнікнуць небяспечнай мешаніны музея і кірмашу, аўтэнтыкі і прывабнай для турыста бутафорыі.

 

Археалагічны “спектакль”

 

 Без сумневу, ядро музейнага комплексу — менавіта схаваныя пад зямлёй рэшткі мінскіх вулачак ХІІ стагоддзя. Першы (паводле значнасці) блок, плошча якога перавышае 5 тысяч м2,мае арыгінальную  назву — “гісторыка-археалагічны тэатр”. Чым яна абумоўлена?

Пры стварэнні археалагічнай экспазіцыі неабходна вырашыць некалькі складаных задач. З аднаго боку, экспанаты патрабуюць надзвычайнай далікатнасці. З другога — іх адметнасць трэба раскрыць, прэзентаваць яе не толькі для вучоных, але і для шараговага гледача. 

/i/content/pi/cult/253/3731/4.gif
Ступіць нагой на аўтэнтычную драўляную “брукаванку” старажытнага Менеска наведвальнік, вядома, не здолее. Знаёмства з пачарнелымі ад доўгага знаходжання ў зямлі артэфактамі будзе адбывацца на адлегласці, з вышыні галерэі, якая ўтварае своеасаблівы амфітэатр. Дзякуючы апошняй акалічнасці, аглядаць экспазіцыю адначасова змогуць да 240 чалавек. 

Убачыць здалёк адметныя дэталі будзе няпроста. Звярнуць на іх увагу дапамогуць праекцыі на вялікія экраны, размешчаныя ў экспазіцыі. Уласна, менавіта ў гэтым — сукупна з расповедам экскурсавода, светлавымі і гукавымі эфектамі ды іншымі прыдумкамі — і заключаецца “драматургія” археалагічнага раскопу.  

— Задача “гісторыка-археалагічнага тэатра” — прадставіць наведвальнікам візуальны мастацкі вобраз старажытнага Мінска на аснове археалагічных экспанатаў, — каменціруе Сяргей Багласаў.  

Музейная экспазіцыя, дапоўненая стэлажамі з дакументамі і дробнымі экспанатамі, якія будуць месціцца ў абходных галерэях, што атачаюць амфітэатр, насыціць наведвальніка інфармацыяй. Тым не менш, эфект паўнавартаснай далучанасці археалагічны “спектакль” забяспечыць не здолее. Хаця жаданне адчуць сябе “ў асяроддзі” ўзнікне, напэўна, у многіх наведвальнікаў. Яго павінна задаволіць другая частка  музейнага комплексу.

 

Вуліцы Менеска пуставаць не будуць

 

 Дом фізкультуры дажывае свае апошнія часіны. Вердыкт спецыялістаў і гарадскіх улад быў адназначны: знесці. Шкадаваць гэты будынак па праспекце Пераможцаў наўрад ці хто стане: не трэба быць архітэктарам, каб убачыць, як кепска ён упісваецца ў гарадскую прастору.  

Як мяркуюць навукоўцы, культурны слой пад будынкам быў знішчаны, і працяг археалагічнай экспазіцыі там немагчымы. На месцы гэтага аб’екта з’явіцца тая частка музейнага комплексу, якая, уласна, і параўноўвалася з “індзейскімі вёскамі”. На паверхні паўстануць гарадская брама, фрагмент сцяны гарадзішча, адноўленая з нуля царква, шэсць падворкаў.   

— Гэта макет часткі гарадской забудовы старажытнага Менеска ў маштабе 1:1, — лаканічна патлумачыў архітэктар. Чым адрозніваецца макет ад “навадзела”? Тым, што ён не прэтэндуе на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— Калі б мы дабудавалі падмуркі царквы або, тым больш, рэшткі драўляных хатак, гэта была б нават не памылка, а папросту злачынства, — кажа Сяргей Багласаў.     

 Макет рэканструкцыя паўстане “на пустым месцы”— у літаральным сэнсе слова. Але, у той самы час, кожны яго аб’ект будзе мець грунтоўную навуковую базу. Яна была назапашана пад час шматлікіх археалагічных даследаванняў, а дэталі сярэднявечнага побыту сёння ўзнаўляюць для гэтай экспазіцыі супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.  

Зразумела, што гарадскія вуліцы Менеска пуставаць не будуць. У драўляных дамках размесцяцца дзеючыя майстэрні, завітаўшы ў якія, наведвальнік здолее паспытаць сябе ў нацягванні цецівы лука і пакаштаваць стравы па рэцэптах ХІІ стагоддзя.  

Паводле першапачатковай задумы архітэктара, гэтую частку комплексу павінен быў накрываць празрысты навес са шкла і металу. Менавіта гэты элемент выклікаў найбольш вострую крытыку яго калег.  

— Па шчырасці, у мяне ён таксама выклікаў вялікія сумневы,— прызнаўся Сяргей Багласаў. — Я патраціў безліч часу на тое, каб зрабіць гэты навес як мага больш лёгкім і незаўважным, але ён усё адно браў на сябе зашмат увагі. 

Навес быў патрэбны, каб стварыць у гэтай частцы комплексу своеасаблівую “музейную” атмасферу і засцерагчы яе ад ападкаў. Ён мае аналагі ў сусветнай архітэктуры: падобныя канструкцыі ўжо выкарыстоўваліся на Захадзе — праўда, для зберажэння каштоўных помнікаў археалогіі.  

— І вось, у мінулую суботу я сядзеў за сваім камп’ютэрам, увесь у творчым працэсе, — працягвае Сяргей Багласаў. — На вуліцы тым часам ішоў снег.  Я зірнуў у акно — і раптам падумаў, што снег на драўляных вуліцах глядзеўся б вельмі прыгожа. Націскам некалькіх клавішаў прыбраў навес з рабочай мадэлі, і адразу пераканаўся, што без яго гэты макет будзе выглядаць значна лепей. Трэцяя частка музейнага комплексу выклікае пярэчанні ўжо ад самага пачатку. Тэрыторыю Ніжняга рынку плануецца выкарыстоўваць паводле першапачатковага прызначэння — як рэкрэацыйную зону, дзе можна і выпіць кавы, і купіць сувенір. Між гандлёвых радоў і павільёнаў мае паўстаць і своеасаблівы навес“балаган”, прызначаны для ўласцівых кірмашам відовішчаў.

— Думаю, Ніжні рынак можна параўнаць з шапікам сувеніраў і кавярняй у “звычайным” музеі,  — адзначыў Сяргей Багласаў. — Паводле плошчы, прапорцыі будуць такія ж самыя. Да таго ж, тут важна падкрэсліць: уласнікам рынку будзе менавіта музейны комплекс, і таму яго з’яўленне не павінна ўносіць дысананс.  

/i/content/pi/cult/253/3731/5.gif
Наўрад ці наведвальнік музея пачуе з боку Ніжняга рынку гучную музыку, не адпаведную эпосе Сярэднявечча. Затое, калі вецер падзьме ў супрацьлеглы бок, ён зможа лёгка развеяць уражанні ад занурвання ў даўніну. Паводле праекта, паміж Замчышчам і Палацам спорту застанецца пляцоўка для масавых мерапрыемстваў. Адлегласць паміж ёю і археалагічным тэатрам падаецца крытычна малой.   Па той бок праспекта Як адзначыў Сяргей Багласаў, на пачатку працы над праектам трэба было вырашыць горадабудаўнічую задачу. Па сутнасці, гарадская магістраль рассекла замчышча напалам, цэласнасць гэтай прасторы была страчана яшчэ ў старыя часы. Шматпавярхоўка,дзе месціцца крама “Алеся”, зафіксавала гэты падзел.

Для таго, каб Замчышча зноў набыло цэласнасць, патрэбны “хірургічныя” змены. Да пераносу адной з найгалоўнейшых магістралей горад сёння відавочна не гатовы. Санкцыя на знос брунатнай пяціпавярхоўкі ўжо атрымана.Безумоўна, гэты будынак зусім не здатны ствараць настрой турыстам пад час іх праменаду па праспекце Пераможцаў. Знесена таксама будзе і школа, што месціцца ў глыбіні дробнай забудовы з дзіўнай планіроўкай. На яе месцы павінна разгарнуцца другая частка праекта.

— Нават дзіўна, што ў самым цэнтры горада ёсць такія запушчаныя куткі, — кажа Сяргей Багласаў.

Завітаўшы ў арку, ахвотна пагаджаешся з гэтай характарыстыкай: задворкі адной з галоўных сталічных магістралей не ўражваюць сваёй дагледжанасцю. Відавочна, што гэтая прастора фарміравалася стыхійна.

Парадаксальна, але самыя каштоўныя ў гістарычным аспекце плошчы горада ў сённяшні час не знайшлі паважнага прымянення. Яны нібы чакалі ўмяшальніцтва сённяшніх архітэктараў.

Другая частка комплексу дазволіць “пагуляць у гісторыю” ў літаральным сэнсе слова. Побач з адноўленым фрагментам вала мае паўстаць стылізаваная пад даўніну дзіцячая пляцоўка. Шэраг дамкоў павінны будуць не толькі падкрэсліваць гістарычныя межы Замчышча, але і забяспечваць турыстаў усімі праявамі інфраструктуры: на першых паверхах размесцяцца кавярні і крамы. Там запланавана і аўтастаянка на 56 месцаў. Ці дастаткова?

Гэтае пытанне прагучыць у час абмеркавання праекта. Бо пакуль зручная стаянка (заезд—з развязкі вуліца Багдановіча— праспект Пераможцаў) запланавана толькі для тураўтобусаў. Аўтааматару, які прыедзе да Гарадзішча “на сваіх чатырох”, не пазайздросціш.

Рэкрэацыйна-сервісная зона — яшчэ і свайго кшталту звязка паміж гістарычнымі раёнамі Мінска. Скіраваўшыся з Замчышча ў Ракаўскае прадмесце, турыст куды з большай ахвотай абярэ маршрут не праз тлумныя вуліцы, а праз тыя самыя “задворкі”, але належна добраўпарадкаваныя.

Цалкам магчыма, што наведвальнік музея захоча прадоўжыць сваю экскурсію па Мінску і ў іншым напрамку — у бок Траецкага прадмесця. Яно будзе злучана з Замчышчам прамым пешаходным мостам. Як мяркуе Сяргей Багласаў, гэты аб’ект павінен увекавечыць міфічнага заснавальніка беларускай сталіцы — асілка Менеска.

— Пачуўшы вядомую легенду, дзе Менеск плаваў па Свіслачы на млыне, я здзівіўся,— кажа архітэктар.— Але потым даведаўся, што з гістарычнага пункта гледжання яна праўдзівая: млыны, у аснове якіх былі дзве ладдзі, і сапраўды распаўсюджаны ў ХІ стагоддзі.  Млын і Менеск стануць тэмай для скульптурнай кампазіцыі. Яе раскрыццё залежыць ад аўтара,  які пакуль не вызначаны. 

* * *

Зрабіць гістарычнае месца сацыяльназначным (ці, прасцей кажучы, папулярным) аб’ектам і пры гэтым захаваць яго ауру — тонкая дыялектыка. Але цяжка спрачацца з тым, што комплекс “Мінскае замчышча” павінен адпавядаць абедзвюм гэтым умовам.

Думаецца, поспех агульнай задумы шмат у чым залежыць ад дэталей. Часам  менавіта яны ствараюць агульнае ўражанне. Наўрад ці хтосьці сумняваецца ў тым, што на тэрыторыі Замчышча патрэбны сцяжыны з цвёрдым пакрыццём — далёка не ўсе наведвальнікі прыйдуць туды ў красоўках. Але ўжо сёння можна прадбачыць: заўважыўшы пад нагамі тую самую плітку, па якой мы крочым штодня,  многія будуць абураны.  

Ілля СВІРЫН