Алімпійскі стыль

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Менш чым праз тыдзень у канадскім Ванкуверы запаліцца Алімпійскі Агонь. А яшчэ раней, 9 лютага, у алімпійскай вёсцы будзе ўзняты беларускі сцяг. З сёлетнімі Гульнямі звязаны шэраг адметнасцей. У прыватнасці, упершыню цырымонія Адкрыцця пройдзе ў памяшканні, а сам Ванкувер стане самым густанаселеным горадам, з тых, якія калінебудзь прымалі зімовыя Алімпійскія гульні, а таксама вельмі цёплым: у лютым сярэдняя тэмпература там — амаль пяць градусаў з плюсам.

Для айчыннай дэлегацыі дадатковай адметнасцю стане новая  парадная форма, у якой нашы  алімпійцы выйдуць на стадыён  “БіСі Плэйс” пад час адкрыцця XXI зімовых Гульняў. Упершыню яе стваральнікамі сталі мастакімадэльеры атэлье пры Кіраўніцтве  справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына ЕМЯЛЬЯНАВА і Людміла Пашкевіч сумесна з вядучым канструктарам установы Таісай ЗУЕВАЙ.  Ірына Уладзіміраўна і Таіса Канстанцінаўна згадзіліся падзяліцца з карэспандэнтам “К” некаторымі сакрэтамі стыльнай вопраткі нашых алімпійцаў у Ванкуверы.

 

— Ствараць парадную вопратку для афіцыйнай нацыянальнай дэлегацыі — вядома ж, вялікая адказнасць. Ці страшна было брацца за гэтую справу ўпершыню? Ірына Емяльянава:

  Працуючы доўгі час поруч з дызайнерам Уладзімірам Булгакавым, які займаўся стварэннем калекцыі вопраткі для нацыянальнай зборнай да шасці апошніх Алімпійскіх гульняў, я бачыла, як праходзіў гэты працэс, якія асноўныя арыенціры ў распрацоўцы параднай формы нашых алімпійцаў. Таму, калі ён пакінуў наш калектыў, давялося разам з калегай Людмілай Пашкевіч працягваць гэтую пачэсную справу, і нам надзвычай дапамагае той факт, што цяпер многіх айчынных спартсменаў мы ведаем асабіста. А таму з вялікай цікавасцю сочым за спаборніцтвамі, перажываем за іх. І вельмі хочацца, каб усе нашы спартсмены добра выглядалі не толькі пад час спаборніцтваў, але і на афіцыйных мерапрыемствах, у тым ліку на адкрыцці Алімпійскіх гульняў. 

Таіса Зуева:

  Дарэчы, сярод тых, з кім мы ўжо працяглы час працуем, шмат айчынных зорак. Гэта такія “брэнды”, як “Песняры”, “Сябры”, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны тэатр оперы і балета. А калі казаць пра асабісты вопыт, то для мяне гэта ўжо сёмая (!) Алімпіяда. Я вельмі шчаслівая, што пашанцавала працаваць з нашай зборнай.

 — Колькі часу заняла распрацоўка калекцыі?

 І.Е.:

— Прыкладна тры месяцы. Спачатку была перамога ў тэндэры на распрацоўку касцюмаў, а затым — прагляд эскізаў. Трэба адзначыць, што ўлічваўся і кошт працы: як кажуць, каб і не вельмі дорага, але на высокім ўзроўні. Дарэчы, папярэдне было створана даволі шмат варыянтаў, праектаў формы, з якіх быў адабраны найлепшы камплект. Бясспрэчна, былі і дыскусіі. Так, у Міністэрстве спорту і турызму давялося адстойваць некаторыя свае пазіцыі, асабліва калі мы разумелі, што дзякуючы гэтаму вопратка будзе выглядаць модна, стыльна і годна. Але давялося і пайсці на кампраміс. Упершыню для мужчынскай часткі алімпійскай зборнай былі распрацаваны два варыянты параднай формы: маладзёжны — для спартсменаў і больш класічны — для прадстаўнікоў афіцыйнай дэлегацыі, трэнераў.

— Ці ўлічваліся індывідуальныя асаблівасці спартсменаў, а таксама іх магчымыя пажаданні? 

І.Е.:

  Пэўныя складанасці, звычайна, узнікаюць пад час стварэння калекцыі вопраткі для летніх Алімпійскіх гульняў, дзе ўдзельнічаюць і цяжкаатлеты, і гімнасты, прадстаўнікі вельмі розных спартыўных дысцыплін. На зімовай жа Алімпіядзе большасць спартсменаў — стандартнага целаскладу.   І тым не менш, пасля таго, як калекцыю зацвердзілі, мы, найперш, пацікавіліся ў саміх алімпійцаў наконт сёлетніх дызайнерскіх распрацовак. І магу запэўніць, што ўсім вельмі спадабалася як колеравая гама, так і стылістыка вопраткі. На гэтым этапеўжо ніякіх рознагалоссяў не ўзнікала. А калі казаць пра індывідуальны падыход, дык літаральна кожны ўдзельнік алімпійскай зборнай праходзіў і праз здыманне мерак і прымерку.   

Т.З.:

 — Безумоўна, мы ўлічваем іх пажаданні. Маладыя спартсмены заўсёды хочуць выглядаць модна. І наша задача —зрабіць так, каб гэта здзейсніць, каб усё вельмі добра глядзелася. Сёлета аснова алімпійскай вопраткі набліжана да класічнай,  але элементы сучаснага стылю абавязкова прысутнічаюць.

 І.Е.:

 — Сапраўды, прыярытэт аддаецца класіцы. Асноўнай тканінай параднай вопраткі для нашай зборнай у гэтым годзе стаў кашмір цёмнасіняга колеру з вышыўкай ніткай бардовага колеру. Такога ж колеру будзе і кашнэ. 

— Свет моды пастаянна змяняецца, тэндэнцыі саступаюць месца адна адной. А ці ўлічваеце вы вопыт айчынных і замежных дызайнераў? 

І.Е.:

— Канешне, тэндэнцыі моды заўсёды ўлічваюцца. Па першае, цёмнасіні колер— фаварыт у гэтым сезоне. Гэты колер заахвочвае да дыялога, настройвае на пазітыў. Таму нават сумненняў не ўзнікала ў яго выбары. Да таго ж, на маю думку, колер надзвычай пасуе нашаму тэмпераменту.

Т.З.:

— Як і жыццё не стаіць на месцы, так і тут пастаянна трэба ўлічваць новыя формы, прапорцыі, колеравую гаму, што патрабуе, у сваю чаргу, і новага канструктыўнага рашэння. Як сказаў нам фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі, “ — ваша вопратка з кожным разам робіцца усё лепш і лепш, відаць, няма мяжы дасканаласці”.  — Безумоўна, кожны эскіз, а потым яго ўвасабленне — вельмі вялікая і карпатлівая праца. Але якую вопратку ствараць больш складана: мужчынскую альбо жаночую? 

 І.Е.:

— Тут можна сказаць адназначна: заўсёды найбольш высілкаў ідзе на жаночую калекцыю. Для мужчын парадная вопратка распрацоўваецца на аснове класічнага варыянта. Між іншым, сёлета адбылося пэўнае спалучэнне: жаночая шыйная хустачка будзе гэтым разам створана па тыпе мужчынскай.

 — Наколькі складана распрацаваць прэзентабельную вопратку, што спалучала б і пэўныя нацыянальныя рысы, і пры гэтым не выходзіла за межы сучасных модных тэндэнцый?

 І.Е.:

— Думаецца, нацыянальныя рысы лепш за ўсё падкрэслівае спартыўны касцюм, у прыватнасці, курткі, экіпіроўка. А ў параднай вопратцы маюць значэнне дадатковыя элементы: гальштукі, шалікі, сімволіка і эмблемы на касцюмах. Так, на касцюмах нашых алімпійцаў будзе вельмі годна глядзецца вышыты золатам герб краіны. 

— Дызайнеру вопраткі для спартсменаў неабходна быць актыўным балельшчыкам?

 І.Е.:

— Канешне, можна быць абыякавым да прафесійнай дзейнасці спартсмена, але, калі асабіста ведаеш гэтага чалавека, ствараць для яго вопратку значна прасцей. І, паверце, вельмі хочацца, каб вынік яму спадабаўся. Галоўнае— падыходзіць да працы з душой.  Што да спорту, то асабіста мне з зімовых відаў найбольш падабаецца фрыстайл. Магчыма, у тым ліку і зза таго, што добра ведаю нашу алімпійскую каманду. 

— У Беларусі цяпер даволі холадна. А на якое надвор’е разлічана вопратка нашых алімпійцаў?

І.Е.:

— Нас загадзя папярэдзілі, што адкрыццё Алімпійскіх гульняў будзе праходзіць у закрытым  памяшканні, ды і надвор’е ў Ванкуверы значна мякчэйшае за беларускае. Менавіта таму вырашылі стварыць дэмісезонны варыянт, хаця тыя ж шапкі будуць мехавыя, ды і абутак не дасць замерзнуць нашым спартсменам.

— Праца мастака-мадэльера збольшага стала зразумелай. Таіса Канстанцінаўна, а якая галоўная мэта дзейнасці канструктара вопраткі, у тым ліку разлічанай на спартсменаў? У чым крыецца поспех вашай справы?

Т.З.:

— Самая галоўная наша задача — каб думку, закладзеную мастаком, увасобіць якасна, з дакладнасцю да драбніц, бо камфорт і ўтульнасць — вельмі важныя рэчы. Надзвычай шмат залежыць і ад тых людзей, што непасрэдна вырабляюць вопратку. Бо калі гэта рабіць без настрою, без моцнага жадання, каб нашы спартсмены выглядалі на самым высокім узроўні, тады і парадная форма не будзе глядзецца так прыгожа. Важна, каб была гармонія ў кожным вырабе. У той жа час, пошук правільных прапорцый, сучаснасць формы і канструкцыі — гэта ўсё абмяркоўваецца сумесна з мастаком, таму вельмі важна адчуваць і разумець дызайнера, з якім працуеш. Як вынік — канструктар мусіць улічыць пажаданні як мастака, так і спартсмена. 

— Вядома, што беларуская форма таксама мае свае “алімпійскія” ўзнагароды: пад час зімовых Гульняў у Нагана яе, разам з французскай і італьянскай, прызналі лепшай. Якія вашы спадзяванні на сёлетні конкурс?

 І.Е.:

  Хацелася б, каб і ў гэтым годзе нас адзначылі, бо гэта прэстыж для ўсіх айчынных дызайнераў, а таксама магчымасць выхаду на замежныя рынкі, ды і нагода задумацца над планамі на будучыню.  У думках мы ўжо рыхтуемся да летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане. А ўжо, хутчэй за ўсё, вясной распачнём і падрыхтоўку. Трэба вырашыць, якія тканіны, колеры выбраць, прасачыць за сусветнымі тэндэнцыямі ў модзе. 

Канстанцін АНТАНОВІЧ