Мюзікл… вадкага металу

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Новы музычны праект тэлеканала сабраў разам не толькі хіты з любімых опер, мюзіклаў і аперэт, але і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, ньюйоркскага Metropoliten-Opera, опернага тэатра Сан-Францыска, лонданскага Covent Garden, міланскага La Scala, Баварскай дзяржаўнай оперы, Марыінскага тэатра. “У навагодняй праграме — музыка з опер “Севільскі цырульнік”, “Арфей у Пекле”, “Кармэн”, “Чаравічкі”, мюзіклаў “Коткі”, “Прывід оперы”, “Русалачка”, “Шэрбургскія парасоны”, “Поргія і Бес”, “Мая цудоўная лэдзі”, аперэт “Прынцэса цырка”, “Сільва” ды іншых. Мы зрабілі стаўку на славутыя найпрыгажэйшыя мелодыі, якія людзі пазнаюць з першых нот, — распавёў у эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту “К” першы намеснік старшыні Праўлення АНТ Сяргей ХОМІЧ.

 

/i/content/pi/cult/244/3498/13-1.jpg- Гэта будзе чароўна і святочна" .

- Дадзены праект мы робім разам з нашым Вялікім тэатрам оперы і балета, - дзеліцца падрабязнасцямі Сяргей Хоміч. - Гэта цудоўная, шыкоўная пляцоўка для месца дзеяння. І самае галоўнае: артысты Беларускай оперы, музыканты - прафесіяналы сваёй справы, якімі трэба ганарыцца. У нас атрымалася вельмі цікавая, яскравая, дзвюхгадзінная праграма, мюзікл, дзе прагучыць казачная музыка і, разам з тым, знойдзецца месца для вясёлых гісторый. Мы імкнуліся ўлічыць і атмасферу навагодняй ночы, калі людзі сустракаюць гасцей, весяляцца, размаўляюць, і таму наша праграма пабудавана так, каб да яе можна было далучыцца ў любую хвіліну і адразу зразумець, што адбываецца. Мяркую, усе, хто будзе сустракаць Новы год з тэлеканалам АНТ, не застануцца расчараванымі.

- Сяргей Мікалаевіч, але навагодні эфір не вычэрпваецца часам навагодняй ночы. На якія яшчэ праекты тэлеканала АНТ варта звярнуць увагу?

- Па-традыцыі, у пераднавагоднія дні будуць транслявацца праграмы, якія палюбіліся гледачам, і ўсе яны будуць у навагодняй версіі. Адбудзецца таксама фінал "Бітвы тытанаў". Звычайна да Новага года завяршаюцца вялікія праекты, альбо рыхтуюцца іх святочныя выпускі, - такога падыходу прытрымліваецца і канал АНТ.

/i/content/pi/cult/244/3498/13-2.jpg - Калі вярнуцца да навагодняй тэмы: Новы год - гэта заўжды той чароўны час, калі адбываюцца ператварэнні. Ці напаткаюць пэўныя змены тэлеканал АНТ?

- З першай жа хвіліны 2010 года на тэлеканале адбудзецца змена ўсяго афармлення. У новай, сучаснай, стылістыцы - вадкі метал - будзе зроблены вядомы сімвал канала - тэлевізійная вежа. У той жа час, уважлівы глядач здолее заўважыць пераемнасць графічных традыцый тэлеканала. У цэлым жа, новы графічны пакет стане больш разнастайным, яскравым і каляровым.

- А што да кантэнту, новых праектаў...

 - Што да кантэнту, дык, калі не заглядваць далёка, самы цікавы і маштабны праект, які з'явіцца на нашым тэлеканале, - гэта праграма "Давай пажэнімся". На сённяшні дзень у Расіі яна ўваходзіць у дзесятку самых папулярных праграм, і мы спадзяёмся, што і беларускай аўдыторыі яна таксама прыйдзецца даспадобы. Справа тут адбываецца такім чынам. Тыя жанчыны і мужчыны, якія шукаюць сваю палову, спачатку дасылаюць анкеты на сайт тэлеканала. Далей жа спецыялісты па сямейных пытаннях знаходзяць героям тры прэтэндэнты, прэтэндэнткі на шлюб, і ўжо пад час праграмы, з дапамогай тых жа спецыялістаў, сваякоў, адбываецца выбар. Мяркую, што шматлікім адзінокім людзям гэты праект зможа дапамагчы. І наш тэлеканал, са свайго боку, будзе спрыяць таму, каб адзінокіх сэрцаў засталося меней. Ужо сёння запрашаем усіх дасылаць свае даныя і спрабаваць удачу. Праект патрабуе фінансавых высілкаў і працы вялікай групы людзей, але, мне здаецца, ён апраўдае сябе. Яшчэ адразу ж магу распавесці вам пра вяртанне ў новым сезоне ўлюбёнай праграмы "Цудоўная пяцёрка". Акурат цяпер збіраем прапановы ад кампаній, арганізацый, якія жадаюць удзельнічаць у праекце. Мінулым разам быў вялікі ажыятаж, і таму мы прапануем ахвотным зноў паспытаць свае сілы. У новым годзе паспрабуем пакінуць у кантэнце шоу ўсё лепшае, але штосьці абавязкова зменім. Асноўным лозунгам новай праграмы стануць хіты 90-х. Камандам, якія будуць спаборнічаць, прапануюцца розныя кампазіцыі выканаўцаў, гуртоў, што былі папулярныя ў той час. Таксама тэлеканал запланаваў запрасіць і саміх зорак 90-х на запіс праграмы, каб яны "ўласнаручна" маглі вызначыць пераможцу. Будзе цікава!

- І калі ж вернецца "Цудоўная пяцёрка"?

- Ужо напрыканцы студзеня. Але гэта яшчэ не ўсё. У студзені АНТ распачынае падрыхтоўку да праекта "Міс Беларусь-2010". Амаль адразу ж пасля навагодніх святаў здымачная група тэлеканала разам з журы пачынае выезды ў абласныя гарады на кастынгі з мэтай пошуку прыгожых дзяўчат. Гэтым разам будзем рабіць кастынгі ў выхадныя, каб на іх здолелі трапіць усе ахвотныя. Але толькі гэтым змены ў праекце не вычэрпваюцца. Мы вырашылі адысці ад традыцыйнага фармату конкурсу прыгажосці, калі гледачы назіраюць толькі фінальнае шоу. У нас рыхтуецца некалькі праграм, кожная з якіх вылучыць лепшую з канкурсантак па розных крытэрыях.

 Першая перадача - гэта аповед пра кастынгі і прадстаўленне дзяўчат; другая - пад умоўнай назвай "Міс Талент" - раскрые таленты прэтэндэнтак на карону "Міс Беларусі"; трэцяя будзе прысвечана спорту - на ёй мы выберам "Міс Спорт"; чацвёртая - "Міс Фота", дзе, натуральна, дзяўчаты паспрабуюць сябе ў якасці фотамадэлей, і г. д. Завершыць цыкл праграм фінальнае гала-шоу, на якім ужо будзе вызначана "Міс Беларусь". Дзеля чаго гэта робіцца? Калі пераможцай конкурсу прыгажосці акажацца яшчэ, да прыкладу, і "Міс Фота", у нашай краіны павялічацца шанцы на міжнародных форумах прыгажосці. Магчыма, наша "Міс Беларусь" не атрымае карону, да прыкладу, "Міс свету", але яна зможа перамагчы ў пэўнай спецыялізаванай намінацыі. Чым не гонар? І па-другое, сачыць за конкурсам сярод беларускіх прыгажунь папросту вельмі цікава... Вось такімі прэм'ерамі ды добрымі знаёмымі праектамі парадуе гледача тэлеканал АНТ у новым годзе. І, напэўна, гэта яшчэ далёка не ўсё.

 

На здымках: кадры з навагодняга праекта канала. Фота прадастаўлены прэсслужбай АНТ

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"