Зразумейце мяне, “недасведчанага”…

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

У чарговы раз паспрабую выкласці свае аргументы. “Як ні чыталі мы гэты артыкул шмат разоў, так і не ўбачылі ў ім пастаўленай праблемы, тым больш — яе вырашэння”. Праблема, па маім цвёрдым перакананні, ёсць, і не адна. Але, прабачце, ці ж я павінен яе вырашаць?

 

Праблема першая.  

За час гэтай камандзіроўкі наведаў чатыры сельскія бібліятэкі, тры з іх - аграгарадоцкія. Дык вось, ніводная аграгарадоцкая бібліятэкарка так і не адказала мне, што змянілася ў бібліятэчнай рабоце з таго моманту, як вёска ператварылася ў аграгарадок. Як рэагуюць у іншых абласцях на адсутнасць адказу на такое пытанне, чытайце ў наступным нумары "К", дзе будзе змешчана гаворка за "круглым сталом" з намеснікамі начальнікаў упраўленняў культуры Мінскага і Магілёўскага аблвыканкамаў... Я разумею, спецыялістаў з вышэйшай бібліятэчнай адукацыяй на Пружаншчыне амаль няма, сваіх вучылі, ды толькі тыя да месца працы "не даязджалі". Але ёсць у раёне Школа маладога бібліятэкара, пра якую хоць і адным радком, ды згадваў у сваім артыкуле, ёсць прафесійны клуб "Дыялог", наладжана "бесперапынная адукацыя", як пішаце Вы. Ды толькі крэатыву ў бібліятэчнай справе чамусьці няма. Па Вашых словах, шаноўная Ніна Канстанцінаўна, "нас гэтаму не вучаць". Начальнік мясцовага аддзела культуры Канстанцін Панімаш паведаміў мне, што на рамонт аднаго толькі СДК у аграгарадку "Клепачы" пайшло 4 мільярды рублёў. Таму, я перакананы, і ўзровень творчай актыўнасці ў сённяшніх сельскіх бібліятэкараў павінен адпавядаць і эканамічным патрабаванням ХХІ стагоддзя. А гэтай адпаведнасці, даруйце, ва ўбачаных вёсках я не заўважыў. Не аспрэчваю, натуральна, таго, што, як Вы і пішаце ў лісце-скарзе, ёсць у Пружанскай ЦБС праявы сапраўды перспектыўнага мыслення. Безумоўна, парадаваўся б, калі сутыкнуўся б з яркімі праявамі такой бібліятэчнай стратэгіі. Але... Ну не тым маршрутам павёз мяне па раёне ў той дзень начальнік аддзела культуры. І дзякуй Вам за гэта, Канстанцін Іванавіч. Дзякуй за адкрытасць, шчырасць, за менавіта тое самае стратэгічнае разуменне праблем. Дзеля таго, каб мясцовыя культасветработнікі ўсвядомілі гэтыя праблемы, заняліся іх вырашэннем, і быў напісаны гэты артыкул.

 Праблема другая.  

Яна наўпрост звязана з першай. Гадавы план па аказанні платных паслуг, даведзены Пружанскай ЦБС (43 бібліятэкі), - 20 мільёнаў рублёў. Па згаданых у маім артыкуле прычынах выконваецца ён з цяжкасцю. А вось, да прыкладу, у Асіповіцкай ЦБС (Магілёўская вобласць) - цяжкасцей ніякіх няма. Тут пры 34 бібліятэчных установах гадавы план - больш за 50 мільёнаў рублёў, і ён ужо амаль выкананы. Параўнаўшы лічбы і факты, не заўважыць праблему, шаноўная Ніна Канстанцінаўна, немагчыма. Мо для кагосьці гэта і не праблема? А для мяне- самая яна!

Трэцяя праблема.

 Камп'ютэрызацыя. Ніна Шабуня піша: "І праблема "Ці гатовы працаваць сельскія бібліятэкары з камп'ютэрамі?" дырэктара ЦБС зусім не палохае. Былі б камп'ютэры, а навучыцца - не праблема". А вось намесніка старшыні Пружанскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалая Кудраўца гэтая праблема турбуе надзвычайна. Ён мае рацыю, калі кажа, што нельга аддаваць дарагі камп'ютэр таму, хто не можа ім карыстацца: маўляў, трэба спачатку навучыцца, а потым - калі ласка, працуйце! Лічу, гэта сапраўды дзяржаўнае стаўленне да агучанай праблемы. У двух з трох пабачаных аграгарадкоў бібліятэкары камп'ютэрнай тэхнікай не валодаюць. Між тым, такім навыкам цяпер нават дзятву ў школках вучаць.

Чацвёртая праблема.  

Яна вынікае з першай, аўтаматычна ўплывае на ўзнікненне другой і трэцяй. Найменне праблемы- "крэатыўнае мысленне". "...Мы імкнёмся "выпраменьваць крэатыў", - піша Ніна Шабуня. Але доказаў гэтаму, на жаль, не прыводзіць. Літаратурныя вечарыны (нават "з дэманстрацыяй слайдаў, мастацкім чытаннем і тэатралізацыяй урыўкаў з твораў"), сустрэчы з пісьменнікамі- той неабходны мінімум, які проста абавязаны вызначыць аблічча кожнай бібліятэчнай установы. Гаворка - пра нестандартныя, уласнавыпакутаваныя формы работы. Іншымі наведвальніка цяпер проста не прывабіць. Прыкладаў даваць не буду, усе яны, у тым ліку- і па бібліятэчнай справе, сапраўды крэатыўныя, - у кнізе "Найноўшая спадчына Новай Зямлі", выдадзенай сёлета нашай рэдакцыйна-выдавецкай установай "Культура і мастацтва". Кніга, укладальнікам якой з'яўляюся я (даруйце, за нясціпласць),стала плёнам камандзіровак журналістаў "К" па ўсіх 118 раёнах Беларусі. І яшчэ шэраг заўваг, звязаных з пэўнымі акцэнтамі Вашага ліста-скаргі. Выкладу іх у храналагічнай паслядоўнасці. "Пісаць пра бібліятэчную справу складана", - адзначаю я ў сваім артыкуле. Мая апанентка каменціруе: "...Сапраўды складана, калі за гэта бярэцца недасведчаны ў тонкасцях нашай працы карэспандэнт..." Недасведчаным сябе не лічу. Так, я не бібліятэкар па прафесіі і адукацыі.

Я- журналіст. Пачынаў прафесійны шлях у райгазеце, дзе адпрацаваў 10 гадоў, таму праблемы рэгіянальнага жыцця ведаю не з чужых вуснаў. Сённяшні мой прафесійны абавязак - "выкрышталізоўваць" праблемы і выносіць іх на ўзровень рэспубліканскага абмеркавання. І мяне як прафесіянала надзвычай хвалюе тое, што ў Пружанскай ЦБС чыталі "артыкул шмат разоў і не ўбачылі пастаўленай праблемы, тым больш - яе вырашэння". Я, "недасведчаны", ведаю, як яе вырашаць. Вельмі спадзяюся, што ведаеце і Вы, шаноўная Ніна Канстанцінаўна. Наколькі ведаеце - пакажа час. "Здзівіў "пажарным" падыходам да падрыхтоўкі такога грунтоўнага артыкула". Гэта для Вас, мабыць, падыход - "пажарны", для мяне ж- норма аператыўнага журналісцкага жыцця, і гэта пацвердзяць у большасці раёнаў Беларусі, дзе я пабываў за апошнія чатыры гады працы ў "К". "Адвёў размове з кіраўніцтвам нейкіх 15 - 20 хвілін". Даруйце, у размовах і паездках я правёў з начальнікам аддзела культуры Пружанскага райвыканкама цэлы дзень. Дарэчы, менавіта ён і стаў ініцыятарам галоўнай тэмы для майго артыкула, бо і па сёння, ведаю, хвалюецца з-за яўнага кантрасту ў падыходах да працы клубнікаў і бібліятэкараў... Не буду прыхоўваць, размаўляць з дырэктарам ЦБС і загадчыцай аддзела бібліятэчнага маркетынгу мне было цяжка. Уявіце, калі на журналісцкае пытанне вельмі жвава адказваюць дзве кабеты і робяць гэта... адначасова. Таму і пазбавіў жартаўліва адну з іх "права голасу", каб выслухаць другую. Не атрымалася. Паспрабаваў ім давесці ў размове пра ўбачанае. Не атрымалася. Не пераканалі іх і аргументы майго артыкула пасля выхаду яго ў свет. З кіраўніцтвам раёна і аддзела культуры - узаемаразуменне поўнае. З кіраўніцтвам ЦБС - ніякага. "Перапоўненых чытальных залаў нам, старажылам, бачыць не давялося, бо іх у вёсцы ніколі не існавала". Дазвольце не пагадзіцца, Ніна Канстанцінаўна. Я такія залы бачыў, і менавіта ў вёсках, аграгарадках. Праўда, гэта былі іншыя раёны. Вы пішаце, Ніна Канстанцінаўна, што "прыярытэтныя групы ў рабоце бібліятэк - дзеці, падлеткі, моладзь, людзі пажылога ўзросту, інваліды і адзінокія" і ў той жа час сцвярджаеце, што "чытачы ў рабочы час натоўпамі ў бібліятэку не ходзяць і ніколі не хадзілі". Ну, а моладзь, падлеткі, дзеці? Чаму, па Вашых словах, мужчын 30 - 50 гадоў рэдка можна бачыць у царкве, на школьным бацькоўскім сходзе, на клубных мерапрыемствах, у бібліятэцы? Я ледзь не штотыднёва выпраўляюся ў камандзіроўкі і бачу адваротнае.

Праўда, у іншых раёнах. Вы спасылаецеся, шаноўная Ніна Канстанцінаўна, на словы Дзмітрыя Ліхачова: "Пакуль жыве бібліятэка - жывы народ; памрэ яна- памрэ наша мінулае і будучае". Ніяк не аспрэчваю гэтае цудоўнае выказванне. Наадварот. Акадэмік нагадвае нам, што любая бібліятэка - гэта яшчэ і дзейсны цэнтр выхавання. Дык чаму, шаноўная Ніна Канстанцінаўна, не выхоўваеце патэнцыяльнага сельскага чытача так, каб і чытальныя залы ў аграгарадках не пуставалі ўвечары, каб і 30 - 50-гадовыя мужчыны ўрэшце трапілі ў чытацкі актыў? "Таццяну Гуторкіну абурыла няпраўда ў словах, што яна "не лянуецца практычна штодня абыходзіць увесь пасёлак у пошуку чытачоў". Але факт гэты, распавядаючы пра бібліятэкарку Навазасімавіцкай установы, я папярэдне здабыў у выніку гаворкі з жыхарамі пасёлка, у тым ліку з гаспадыняй мясцовай майстэрні па пашыве адзення Галінай. Яна, вялікая аматарка кніг, і расказала пра тое, што Таццяна Гуторкіна, наведваючы краму, атэлье не стамляецца прапагандаваць уласную ўстанову і адшукваць новых чытачоў. Калі гэта не так, Таццяна Рыгораўна, дык даруйце мне, "недасведчанаму...". Я ніякім чынам не адмаўляю таго, што Пружанская ЦБС - адна з лепшых на Брэстчыне. Але званні і ўзнагароды павінны падмацоўвацца прадметнай скіраванасцю ў будучыню. Не будзе гэтага - застануцца і праблемы.  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"