Залатыя львы “Нармандыі — Нёман”

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Сустрэча з Рыгорам Антонавічам Яўсейчыкам стала для мяне падарункам лёсу. Чэмпіён свету, дзесяціразовы рэкардсмен, заслужаны трэнер СССР і БССР па парашутным спорце, падпалкоўнік у адстаўцы, Рыгор Яўсейчык — асоба легендарная. У гады Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Антонавіч рыхтаваў дэсантнікаў і дыверсантаў для заданняў у варожым тыле, служыўінструктарам-парашутыстам у знакамітым палку “Нармандыя — Нёман”. — А колькі вам тады было гадоў, калі вас накіравалі ў эскадрыллю? — пытаюся ў ветэрана. — Дзевятнаццаць. У 1944 годзе непасрэдна апынуўся ў палку пад час здзяйснення аперацыі “Баграціён”. І сустрэў Перамогу разам з савецкімі і французскімі абаронцамі неба.

 

/i/content/pi/cult/243/3450/23-1.jpgСустрэча ў Неверсе

Вядзем гутарку з Рыгорам Антонавічам за кубачкам смачнай гарбаты. Жонка лётчыка і чэмпіёна свету Ганна Сяргееўна Пялецкая (дарэчы, ветэран працы войск супрацьпаветранай абароны) частуе пячэннем і цукеркамі, паказвае фотаздымкі, дадаючы да ўспамінаў мужа розныя істотныя дэталі. - Гэтай вясной мы, дарэчы, былі ў Францыі, - распавядае яна. - Нас запрасіў мэр горада Неверса. Гэты горад- радзіма Анры Фуко, аднаго з лётчыкаў славутага палка. Ён загінуў пад час вайны, і ў сакавіку споўнілася 65 гадоў з той сумнай даты. Ганна Сяргееўна і Рыгор Антонавіч распавядаюць пра сустрэчу ў Францыі з аднапалчанамі. Пра тое, якой шчырай і ўрачыстай аказалася яна. - Я ўбачыў майго добрага сябра- Жака дэ Сен-Фаля, - кажа Рыгор Антонавіч. - Гэта былі незабыўныя імгненні. Пасля столькіх гадоў сустрэць яго, пагутарыць... Што казаць, перадаць тыя эмоцыі немагчыма: абодва жывыя, здаровыя. У праграму візіту было ўключана наведванне магілы Анры Фуко, экскурсія ў музей Нармандыі і своеасаблівая імпрэза на ваеннай авіяцыйнай базе ля Парыжа. Капітан дзеючага ваенна-авіяцыйнага падраздзялення французскай арміі, якое носіць імя знакамітага палка, уручыў ветэранам імянныя значкі з выявай герба Нармандыі - залатых ільвоў - і спецыяльны адрас-грамату з подпісамі ўсіх "пераемнікаў" славы ветэранаў Другой сусветнай. - Зараз гэты памятны дакумент займае пачэснае месца ў нашым доме,- паказвае на падарунак з Францыі, які красуецца на сцяне, сям'я Яўсейчыкаў.

/i/content/pi/cult/243/3450/23-2.jpg Нічога не запомніў

 - Ды ўсё ж, калі вярнуцца ў мінулае, - пытаюся ў Рыгора Антонавіча, - як вы такі, можна сказаць, яшчэ "зялёны", трапілі ў славутую эскадрыллю?

 - Яшчэ ва ўзросце 16 гадоў я пачаў займацца скачкамі з парашутам у Бабруйскім аэраклубе, - адказвае ён. - Не толькі імі: асвойваў планеры, самалёты. І так атрымалася, што да пачатку вайны ў мяне было ў прафесійнай скарбонцы ўжо больш за 100 скачкоў.

- Памятаеце свой першы скачок?

 - Нічога тады не ўцяміў, не запомніў, - смяецца Рыгор Антонавіч. - Памятаю, што надвор'е было сонечным, неба - чыстым. Навічкам тады спецыяльна стваралі такую атмасферу, каб заахвоціць да заняткаў. Я ўдала прызямляюся, і мяне з захапленнем сустракаюць дзяўчаты, моладзь. "О, які смелы хлопец!" Мне гэта ўсё так спадабалася, што падумаў: а ці не скочыць яшчэ? Вось так і ўцягнуўся. Будучы настаўнік чэмпіёнаў па парашутным спорце прызнаецца: усведамляць усю небяспеку гэтага віду спорту пачаў толькі з шостага скачка. Але было позна - захапіў прафесійны азарт. Рыгор Антонавіч быў выпрабавальнікам катапультных установак, пад час падрыхтоўкі дыверсійных груп паспытаў на сабе ўсе спосабы ўдалага і ціхага прызямлення. Здзяйсняў скачкі і ўначы, і ўдзень, калі дзьме вецер і калі ззяе сонца. Усё- "каб можна было растлумачыць людзям, як сябе паводзіць у пэўных абставінах".

/i/content/pi/cult/243/3450/23-3.jpgПад вокам у ворагаў

На ліку ж лётчыка Яўсейчыка больш за 70 баявых вылетаў. Да таго як Рыгор Антонавіч трапіў у эскадрыллю "Нармандыя - Нёман", ён дастаўляў боепрыпасы, узрыўчатку, харчаванне да беларускіх партызан у тыл ворага. За здзяйсненне складанай аперацыі па дастаўцы ўзрыўчаткі да партызан брыгады Васіля Казлова ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Партызанскае падраздзяленне знаходзіліся ў блакадзе, захопнікі кантралявалі ўсе подступы да брыгады. Праляцець пад вокам немцаў з такім небяспечным грузам было, мякка кажучы, справай складанай. Аднак Рыгор Антонавіч рашыўся на гэта. Скарыстаўшы планер, ён незаўважна праскочыў над галовамі ворага, прызямліўшыся на дакладна вызначанае месца - маленькі аэрадром у Віцебскай вобласці. Груз быў дастаўлены. Зразумела, чаму дзевятнаццацігадовага Рыгора Яўсейчыка накіравалі з 18-га гвардзейскага палка 303-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі ў полк "Нармандыя - Нёман" для навучання скачкам з парашутам французскіх лётчыкаў.

І тады з зямлі прыходзіць загад...

- Рыгор Антонавіч, вядома, хочацца спытаць пра франтавое братэрства, якое панавала ў палку.

- Французскія лётчыкі нічым не адрозніваліся ад нашых. Яны жылі ў такіх жа ўмовах, калі трэба - спалі ў зямлянках. Адзінае - асобна снедалі, бо ўсе хацелі падтрымаць іх і дасылалі ім харчаванне. Гэта былі тэмпераментныя, жывыя, вясёлыя людзі, якія, пры ўсёй жвавасці, дакладна ведалі, што такое дысцыпліна. Я магу распавесці правыпадкі ўзаемадапамогі, якія засталіся ў памяці многіх. Гэта падтрымка адным французскім лётчыкам нашага земляка Мікалая Пінчука. У адным з баявых дзеянняў Мікалай апынуўся ў складанай сітуацыі: ён пашкодзіў адну машыну непрыяцеля, тараніў другую, але, натуральна, пасля тарану моцна пашкодзіўся і ягоны самалёт. Мікалай Рыгоравіч скочыў з парашутам, але тут да яго наблізіліся нямецкія знішчальнікі. У гэты вырашальны момант прыйшоў на дапамогу французскі лётчык - і абараніў таварыша. Гэты француз праз пэўны час загінуў. Цяпер мне цяжка згадаць яго імя. Вось вам, калі ласка, прыклад узаемнай выручкі і дапамогі. Ды іх было шмат... Рыгор Антонавіч нагадаў і гісторыю Марыса дэ Сейна і Уладзіміра Белазуба. Летам 1944-га полк атрымаў заданне перабазіравацца ў Літву на аэрадром Макуціці. У адным самалёце паляцелі лётчык дэ Сейн і механік Белазуб. - Яны пасябравалі таму,- адзначае ветэран, - што Белазуб заўжды добра рыхтаваў самалёт, на якім лятаў французскі лётчык. У любое надвор'е, у любы час: толькі "Як" вяртаецца на базу - Белазуб тут як тут. Гэтым падыходам да справы ён і скарыў дэ Сейна. Нечакана пад час палёту ў машыне здарылася непаладка: лопнула трубка маслаправода. Самалётам кіраваць стала немагчыма: ні пасадзіць, ні ляцець - масла заліло шкло, нічога не бачна. І тады з зямлі прыходзіць загад: пакінуць "Як". Аднак лётчык, памятаючы, што парашутаў на экіпаж усяго адзін, - адмаўляецца яго выканаць. Аднапалчане загінулі абодва, але гэта кранальная гісторыя стала сімвалам сяброўства паміж французскімі і савецкімі абаронцамі.

/i/content/pi/cult/243/3450/23-4.jpgЁн проста мяне зачараваў...

- А як вы пасябравалі з Жакам дэ Сен-Фалем?

- Ён вельмі добры лётчык. Цудоўны, цікавы. Прызнацца, ён проста мяне зачараваў. Вельмі душэўны чалавек. Пазнаёміліся пад час службы: калі я даваў інструктаж пілотам. Для мяне заўжды была вялікая радасць атрымліваць звесткі, што хтосьці з іх удала выскачыў з самалёту, удала катапульціраваўся.

Радасць, якую чакалі

- Асабліва было цяжка, калі лётчыкі адляталі на баявыя заданні, а вярталіся не ў поўным складзе, - працягвае ветэран, - Гэта накладвала адбітак на кожнага. Асабліва на тых, хто быў у "адным звяне". Полк "Нармандыя - Нёман", нагадаю, тройчы папаўняўся за час свайго існавання. 42 лётчыкі загінулі за час баявых дзеянняў. Але, дадае Рыгор Антонавіч, полк здзейсніў 12 630 баявых вылетаў, збіў 270 варожых самалётаў. Славуты ас Жак Андрэ, які стаў Героем Савецкага Саюза пасля Марсэля Альбера, Ралана де ля Пуапа і Марсэля Лефевра, збіў 16 варожых самалётаў. Браты Шаль разам - 20 машын непрыяцеля. Хоць на пачатку кар'еры з адным з братоў-лётчыкаў здарыўся такі трагічны выпадак. Памылкова ў адным з паветраных баёў Марыс Шаль збіў самалёт з савецкімі лётчыкамі. Пасля трагедыі аднапалчане хацелі выключыць яго з палка. Аднак заступіўся савецкі камандзір. "Гэта была трагічная выпадковасць!" - сказаў ён. І Шаль застаўся. Ён моцна перажываў, ірваўся ўвесь час наперад і ў выніку апраўдаў сябе, стаўшы адным з лепшых.

- А як вы сустрэлі Перамогу?

- Вядома! Гэта было ў горадзе Эльбінг. Нас паднялі ноччу, па трывозе, каб паведаміць гэту цудоўную навіну. Што тут пачалося: усе давай страляць! Хто з гарматы, хто з кулямёта, хто з ракетніц. Няспынная страляніна! Гэта была тая радасць, якую ўсе чакалі.

- Ці праўда тое, пра што пяецца ў вядомай песні "Успаміны аб эскадрыллі "Нармандыя - Нёман": нібыта французскія лётчыкі адляцелі дамоў на савецкіх "Яках"?

 - Так, па заканчэнні вайны полк "Нармандыя-Нёман" быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Аляксандра Неўскага. І французскія лётчыкі атрымалі ў дар за сваю мужнасць і дабрыню сорак самалётаў "Як3". І вярнуліся на іх дамоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіва сям'і Яўсейчыкаў

P.S. Па шчырасці, да Рыгора Антонавіча мяне прывялі пошукі адказу на пытанне: ці засталося сёння ў французскай арміі падраздзяленне, названае ў гонар палка "Нармандыя - Нёман". Але пасля гэтай гутаркі адказ на тое пытанне паказаўся зусім не істотным.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"