“Штабная” Індустрыя

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

“К” паведамляла ўжо, што Міністэрства культуры краіны ладзіць гэтымі днямі Рэспубліканскі агляд-конкурс абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурнаасветніцкай работы. У экспертную камісію ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ. Адна з задач конкурсу — пошук аптымальнай мадэлі навуковага, арганізацыйнаметадычнага і інфармацыйнага забеспячэння клубных устаноў. Дзейнасць метадычных цэнтраў рэспублікі будзе прааналізавана да 1 студзеня 2010 года. Згодна з графікам агляду-конкурсу члены экспертнай камісіі наведалі першым Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці.

 

/i/content/pi/cult/236/3341/12-1.jpgСа штаба ў штаб

Дырэктару ГАЦНТ Мікалаю Шамшэню ёсць чым ганарыцца. І не толькі тым, што Цэнтр займеў урэшце новы будынак, даведзены да ладу намаганнямі метадыстаў і ўлад. А якраз тым, што грашовыя сродкі культасветнікі навучыліся здабываць не толькі ў абласным цэнтры, але і ў рэгіёнах Гомельшчыны. І падыходы да наладжвання гэтай вучобы былі, як падаецца, самымі нестандартнымі. "На дзейнасць клубных устаноў, раённых метадычных цэнтраў вобласці не магла не паўплываць чарнобыльская бяда", - тлумачыць сітуацыю намеснік дырэктара ГАЦНТ Элеанора Хлыстунова.- Недахоп кадраў, у першую чаргу - з вышэйшай адукацыяй, і сёння досыць істотны". З гэтай прычыны, калі на парадку дня злабадзённым пытаннем паўстала актывізацыя пазабюджэтнай дзейнасці, Мікалай Шамшэня вырашае распачаць "перабудову" творчага мыслення са шчыльных прадметных стасункаў з БДУКіМ. Па запрашэнні дырэктара ў Гомель прыязджае дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай Каралёў, які чытае культработнікам вобласці цыкл лекцый па навукова абгрунтаваным праектаванні культурнага абслугоўвання розных груп насельніцтва, найбольш эфектыўнай рэалізацыі мэтавых праграм і сістэмным аказанні платных паслуг. Як распавядае сам Каралёў (дарэчы - адзін з членаў экспертнай камісіі агляду-конкурсу), ніводная з абласцей, апрача Гомельшчыны, просьбаў аб правядзенні такой вучобы не выказвала. Між тым, эфектыўнасць яе добра заўважная і сёння. "Мы вучымся працаваць у новых эканамічных умовах, - тлумачыць дырэктар ГАЦНТ Мікалай Шамшэня. - На сённяшні дзень сістэма - досыць адпрацаваная: Савет дырэктараў рэгіянальных метадычных службаў нараджае ідэі, якія не проста акумулююцца ў ГАЦНТ, а набываюць у абласным метадычным "штабе" выгляд бізнес-планаў, прыдатных пасля маркетынгавага аналізу да практычнай рэалізацыі ў "штабах" раённых". Так нараджаліся і рэалізоўваліся праекты па рабоце з дзецьмі і моладдзю, па гісторыка-краязнаўчай асвеце, па дыскатэчным руху, па ўдасканаленні інфармацыйна-метадычнай дзейнасці і народнай аматарскай творчасці. А вучэбна-метадычныя заняткі на ўзроўні "вобласць- раён" сталі планавымі і сістэмнымі. Для Гомельшчыны ва ўмовах чарнобыльскай кадравай нішчымніцы і пры адсутнасці ў абласным цэнтры культасветвучылішча такая арганізацыя "штабной" метадычнай дзейнасці - больш чым актуальная.

/i/content/pi/cult/236/3341/12-3.jpgШто такое "драўляная скань"?

На гэтае пытанне вам ахвотна адкажуць у выставачнай зале, што дзейнічае пры Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці (яшчэ адзін платны эксклюзіў ГАЦНТ, якім можа пахваліцца сёння далёка не кожная вобласць). Дык вось, драўляная скань - філігранны карунак: не з дроту, як звычайна, а з пілавіння, захаваны як традыцыйнае мастацтва менавіта на Гомельшчыне. Да слова, традыцыйная культура - адзін з напрамкаў дзейнасці ГАЦНТ. Па яго ініцыятыве сабраны і апрацаваны найбагацейшы матэрыял па сакральнай геаграфіі рэгіёна, лакальныя рэцэпты беларускай кухні. Нават ствараецца фонд творчай лабараторыі славянскіх забабонаў, збіраецца партрэтная галерэя язычніцкіх багоў, мастацкія выявы міфалагічных істот. Немалаважным падаецца і тое, што менавіта ГАЦНТ упершыню ў рэспубліцы было ініцыявана наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці праявам нематэрыяльнай творчасці. "К" пісала ўжо, што рашэннем Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены абрадам "Юраўскі карагод" вёскі Пагост Жыткавіцкага і "Ваджэнне і пахаванне стралы" вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёнаў, старадаўнім песням вёскі Казлы Ельскага і вёскі Новае Палессе Лельчыцкага раёнаў. Яркай творчай візітоўкай ГАЦНТ і яшчэ адным доказам эфектыўнага ўзаемадзеяння раённых метадычных "штабоў" са "штабам" абласным з'яўляецца конкурс выканаўцаў побытавых танцаў, што дзейнічае на Гомельшчыне з 1999 года і аналагаў на Беларусі не мае... Словам, метадычныя захады па актуалізацыі, удасканаленні і стымуляванні культасветнай дзейнасці прыносяць плён, а сайт, створаны летась пры ГАЦНТ, абнаўляецца раз на два тыдні. Менавіта з яго дапамогай у іншых абласцях Беларусі можна даведацца пра дзейнасць платнай выставачнай залы і асартымент мастацкай прадукцыі, пра тую ж, да прыкладу, драўляную скань... З 2005 года да сённяшняга дня ў выставачнай зале ГАЦНТ праведзена паўсотні выставак работ раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і самадзейных рамеснікаў вобласці. Ад рэалізацыі прадукцыі, па словах дырэктара ГАЦНТ, толькі за гэты няпоўны год выставачная зала атрымала ўжо 47 мільёнаў рублёў.

/i/content/pi/cult/236/3341/12-5.jpg "Гаспадар - пан"

Кіраўнікі раёнаў Гомельшчыны, наведаўшы гарпасёлак Акцябрскі пад час абласнога семінара па развіцці платных паслуг, былі, без перабольшвання, уражаны: аказваецца, і ў сферы культуры можна зарабляць! Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці і аддзел культуры Акцябрскага райвыканкама прадэманстравалі прысутным плён агульных намаганняў: установу клубнага тыпу "Бубнаўка". У былым летніку, што перайшоў на баланс аддзела культуры, размясціўся не толькі будынак актавай залы, але і культурна-забаўляльны комплекс з гасцявымі дамкамі. Тут ладзяцца карпаратыўныя мерапрыемствы, прафесійныя святы, канферэнцыі, семінары, дні нараджэнняў, юбілеі, дзіцячыя ранішнікі. Ёсць магчымасць для турыстычнага індывідуальнага адпачынку. Праграма называецца "Гаспадар - пан" і, па жаданні кліента, уключае наведванне мясцовай карціннай галерэі, "зялёныя маршруты" па зборы грыбоў, ягад і зёлак, а таксама конныя вандроўкі ў карэце ды многае іншае. "Бубнаўка" дзейнічае цягам усяго года, мае шмат супрацоўнікаў. Словам, цэлая індустрыя культурнага адпачынку, па словах начальніка аддзела культуры Святланы Беразоўскай, гаспадарка вельмі клопатная, але даходная, а таму ў справе далейшага развіцця рэгіянальнай культуры - выключна неабходная. Дарэчы, прынцып "Гаспадар- пан" Святлана Беразоўская распаўсюджвае і на сваю непасрэдную дзейнасць. Яна ў раёне - гаспадар культуры, таму і імкнецца рэалізаваць (пры падтрымцы мясцовых улад і ГАЦНТ) любую творчую фантазію. Адна з апошніх, да прыкладу,- стварэнне ў колішніх скляпеннях Гарадскога цэнтра дасугу маладзёжнага клуба "Сузор'е".

 Андрэй СТАРЖЫНСКІ

На здымках: Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці; вось яна якая - драўляная скань; у выставачнай зале ГАЦНТ.

Фота аўтара