“А працэс здымак — справа другасная”

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Прасачыць за траекторыяй руху майстра польскага кіно Кшыштафа ЗАНУСІ на XVI Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” — значыць канчаткова пераканацца ў майстэрстве рэжысёра. У майстэрстве жыць, ствараць, прамаўляць, думаць, аналізаваць… Ні адной хвілінкі дарэмна: візіты, дзелавыя перамовы, прэс-канферэнцыі, рэтраспектывы з яго ўдзелам, майстар-класы… За час прабывання на кінафоруме маэстра сустрэўся з публікай і прэсай у Мінску, пабываў у рамках творчай паездкі ў Гомель, паспеў на наступны дзень вярнуцца ў сталіцу на майстар-клас да студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў… Па шчырасці, не здзіўлюся, калі высветліцца, што прафесар Сілезскага універсітэта паспеў пры гэтым напісаць яшчэ і сцэнарый для сваёй новай карціны. Карэспандэнт “К” занатаваў некалькі маналогаў кінамэтра ў час сустрэч з ім.

 

/i/content/pi/cult/236/3336/15-1.jpgПра выпадак, сустрэчы і мэту

- Выпадак, здарэнне заўжды можна растлумачыць. Але мне як чалавеку, які веруе, больш даспадобы тая думка, што за выпадкам заўжды нешта стаіць. Гэта тайна, і мне падабаецца глядзець на выпадак з пункта гледжання веры. Ну, а пытанне кшталту "Рабіць мне гэтую справу або не?" вельмі няпростае. Тут ужо кожны выбірае сам... Я, калі маю час, імкнуся прымаць усе запрашэнні, якія да мяне прыходзяць. Учора, да прыкладу, я быў у польскай правінцыі, сёння - у Мінску. Мабыць, пэўны плён з гэтага атрымліваецца. У сувязі з гэтым прыгадваю, як аднойчы даваў майстар-клас у амерыканскім штаце Аклахома. Я спрабаваў растлумачыць публіцы, як культура духу "перакладаецца" ў кіно, а потым пачуў такое пытанне: "А чаму вы робіце вашы фільмы на нейкай незразумелай мове?" Я адказаў, што існуюць розныя нацыі, і я ствараю кіно на мове сваёй нацыі, а потым зноў пачаў тлумачыць пра дух і культуру, і пачуў чарговае пытанне: маўляў, так, усё гэта цікава, але чаму вы здымаеце кіно на незразумелай мове, а не на англійскай? У гэты момант мне ўжо дакладна падалося, што я згубіў час у гэтым падарожжы (смяецца). Але праз 20 гадоў, пад час агучкі маёй карціны ў Лондане, у калідоры студыі я сустрэўся з мужчынам. Ён спыніў мяне і спытаў: "Вы, часам, не былі ў Аклахоме з майстар-класам? Дзякуючы вам, я цяпер - рэжысёр". Высветлілася, што ён - сын пастара, і бацька заўжды казаў яму, што кіно - грэх. Мая лекцыя развянчала для яго пэўныя стэрэатыпы. "Я распавёў бацьку тое, што вы казалі пра гэтае мастацтва, і ён дазволіў мне стаць кіношнікам", - расказаў мой візаві. Сёння гэты адносна малады рэжысёр працуе ў Галівудзе і здымае цікавыя карціны. Вось такім дзіўным чынам адкрылася, што маё падарожжа ў Аклахому не было бессэнсоўным. Гэта была зусім невыпадковая выпадковасць. Мне заўжды хочацца верыць у тое пад час маіх вандровак.

 Пра кіно

- Ёсць такі стандартны, акадэмічны адказ наконт таго, на якія тэмы мусіць быць кіно: каханне і смерць. Вазьміце любы баявік: гэта - пра смерць, хоць і падаецца ў забаўляльным ключы, усё ж астатняе - пра каханне. Я, вядома, кажу зараз груба, але новых тэм няма. Ёсць толькі новыя абставіны. Іншымі словамі, каханне і смерць у новых умовах.Вось апошнія зрэшты, змяняюцца. А галоўнае ў чалавечым жыцці - заўжды застаецца. Што да мяне, дык я шмат разважаю і думаю пра смерць, бо ніколі не паверу (як гэта часам памылкова ўяўляецца некаторым маладым людзям), што я - бессмяротны чалавек. Ніколі пра гэта не забываюся. Можа быць, мне варта было б зрабіць больш стужак пра каханне, але ўсё ж некалькі такіх у мяне ёсць.

/i/content/pi/cult/236/3336/15-2.jpgПра чалавека новай цывілізацыі

 - Я - чалавек, выхаваны на кнігах, і да канца жыцця буду чытаць кнігі. Хоць моладзі я раю чытаць паменей, бо чытанне - гэта шкодна для вачэй (усміхаецца). Прызнацца, і глядзець у экран таксама не вельмі карысна. Справа ў тым, што чытаць трэба толькі шэдэўры, а калі мы пачнём заглыбляцца ва ўсё сярэдняе - вочы дакладна будуць балець. Тое, што мы цяпер уваходзім у новую эпоху камунікацыі, якую прынёс Інтэрнет, - гэта відавочна. Акажацца гэтая цывілізацыя лепшай ці горшай - мы не можам ведаць. Што да сённяшняй перавагі вобразаў... Мне адразу ўзгадваецца такі прыклад. У свой час да мяне звярнуўся адзін іспанскі епіскап. Царкоўнікі хацелі выкласці ў тэлеэфіры сваю пазіцыю ў дачыненні біяэтыкі і прасілі парады. Паўтара года святары працавалі над дакументамі, спрачаліся наконт косак, усялякіх дробязей, а потым выбралі прадстаўніка, які будзе звяртацца да аўдыторыі. Ім аказаўся святар, выбачайце, з вялізнымі вушамі. Тут я сказаў: шаноўныя, уся праца акажацца марнай. Калі тэкст будзе чытаць чалавек з такой асаблівай прыкметай, ніхто не будзе ўспрымаць яго прамову сур'ёзна. Гэта наконт вобразаў... Ды мне здаецца, што ў гэтым вобразным мысленні ёсць свая мудрасць. Бо, на маю думку, Гітлер, Мусаліні і Сталін не выпадкова баяліся камеры. Яны хацелі, каб на іх глядзелі здалёк, бо адчувалі: калі людзі ўбачаць зблізку іхнія твары - ніколі не дадуць ім веры. У гэтым сэнсе мы жывём у лепшым свеце, бо можам не толькі чуць словы, але і бачыць таго, хто іх гаворыць, бачыць, які ў яго твар, якая ўсмешка. У залежнасці ад выявы мы яму давяраем, альбо не давяраем. Аднак тут ёсць і адваротны бок медаля: тыя ж пластычныя аперацыі, макіяж. Сёння многія жанчыны ў пагоні за прыгожай "выявай" злоўжываюць хірургіяй. Часам глядзіш на твар - і нічога не разумееш: на ім з-за падцяжак - або пастаяннае здзіўленне, або нязменная ўсмешка. Гэта ўжо не ветлівасць, а нейкая новая мова!.. Можа быць, праз некаторы час мы зможам выбіраць і рабіць сабе неабходныя для канкрэтнай сітуацыі твары, але я вельмі спадзяюся, што да гэтай пары не дажыву.

Пра масавую культуру

- Так, мы сёння ўвайшлі і ў эру масавай культуры. Гэта такія абставіны, калі вялікая колькасць людзей удзельнічае ў культурным жыцці, але ўзровень гэтай культуры, безумоўна, паніжаецца. Гэта звязана, у першую чаргу, з тым, што знізіўся ўзровень нашай адукацыі. Такой колькасці адукаваных людзей, колькі налічваецца ў Еўропе сёння, ніколі не было, але чамусьці гэта не спараджае культурнай эвалюцыі... Паглядзіце, сённяшні "прафесар" - гэта па ўзроўні ведаў даваенны "ўрач", а сучасны "ўрач" - прыблізна дарэвалюцыйны "фельчар". Падобныя "зніжэнні" аказваюць вялізны ўплыў на наш погляд на культурныя з'явы. Нізкая культура была ва ўсе часы, але цяпер ёсць магчымасць зарабляць на ёй вялізныя грошы. Вулічныя музыкі, да прыкладу, ігралі ў корчмах і ў мінулым, але гэта і аплачвалася адпаведным чынам. Багачамі ж былі тыя, хто граў для князёў і каралёў. А сёння часам зусім незразумела, адкуль узяўся поспех кагосьці з артыстаў... Гэта феномен нашага часу: поспех ці вядомасць могуць быць ніяк не звязаны з духоўнымі каштоўнасцямі. Мы часта бачым, як у мас-медыя з'яўляюцца людзі, вядомыя тым, што яны... вядомыя: акцёры, якія невядома дзе здымаліся, журналісты, якія немаведама што напісалі... Усё гэта - недарэчнасць, у выніку якой у звычайнага чалавека нараджаецца адчуванне, што яго - няма, не існуе, пакуль ён не з'явіцца ў тэлевізары. Хоць справа - зусім у адваротным: тыя пустыя людзі, якія мільгаюць паўсюль, - яны і ёсць прывіды, а той просты чалавек, ён - наадварот - сапраўдны, бо ў яго ёсць душа.

Пра беларускі кінематограф

- Шчыра кажучы, я яго проста не ведаю. Да канца савецкага часу мы глядзелі ўсё савецкае кіно ў дубляжы на рускую мову. Таму беларускія стужкі проста былі мной не заўважаны. Ведаю карціну Элема Клімава "Ідзі і глядзі", якая была адной з вялікіх карцін свайго часу, але ці лічыцца яна беларускай - у гэтым пытанні, на жаль, не дасведчаны. У мяне, прызнаюся, няма яскравага ўяўлення аб вашым кінематографе. Ведаю, што ў Беларусі ёсць шмат фільмаў, прысвечаных Другой сусветнай вайне, але гэта не павінна станавіцца адзіным сюжэтам для стварэння кіно. Што да яго будучыні, дык, з аднаго боку, - у вас вялікая сувязь з расійскім рынкам. Гэта накшталт канадскага рынку для амерыканцаў, і гэта можна выкарыстоўваць. З іншага - кіно будзе цікавае свету тады, калі вы ведаеце, што сказаць. Што я параіў бы вашым рэжысёрам? У першую чаргу - адчуваць настрой грамадства. Што вы думаеце аб будучыні вашай краіны? Якія мары, памкненні ў беларускай моладзі? Што яе турбуе? Што радуе? На гэтыя пытанні вы ў першую чаргу павінны для сябе адказаць. А працэс здымак у гэтым кантэксце - справа другасная.

На здымках: Кшыштаф Занусі і кадры з яго фільмаў.  

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"