Паляванне на… “цытаты”

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Як вядома, сёлета Белавежская пушча адзначыла 600-годдзе з часу ўсталявання запаведнага рэжыму. Першая згадка пра Белавежу ў пісьмовых крыніцах датавана менавіта 1409 годам. Гэта адбылося пасля гістарычнай сустрэчы ў Брэсце польскага караля Ягайлы з вялікім князем літоўскім Вітаўтам у агульных інтарэсах супраць агульнага ворага — Тэўтонскага ордэна.

/i/content/pi/cult/236/3334/9-1.jpgСёння ж Музей Белавежскай пушчы з'яўляецца цэнтрам збору і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, флоры і фауны пушчы ў інтарэсах нацыянальнай і сусветнай культуры. Сама Белавежа на працягу стагоддзяў з'яўлялася унікальным месцам палявання шляхты. Менавіта гэтая тэма і лягла ў аснову карціны - роспісу на палатне "Выезд" (290х350), - якую зрабіў вядомы мастак-манументаліст Эдуард Рымаровіч для згаданага музея па заказе адміністрацыіНацыянальнага парку Пушчы. Заўважу, што твор атрымаў высокую ацэнку Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Шматфігурная кампазіцыя простая: група вершнікаў-шляхцічаў у багатым адзенні, якое аблямавана дарагім футрам, на цудоўных конях, з гончымі, урачыста выязджаюць на паляванне. Фон - зімовы пейзаж з затуманеным сонцам.
Дакладна вывераны ўсе атрыбуты і выяўлены дэталі: сінеблакітныя шляхецкія касцюмы, ружэйныя баулы, стрэльбы, інкруставаныя залатой вяззю, шыкоўная збруя, чырвона-жоўты штандарт з паляўнічым рогам, сокал, што імкліва ўзносіцца ў неба... Пры ўсім аўтарскім любаванні выяўленчымі "цытатамі" часоў ВКЛ, вобразны лад карціны зусім не выклікае аналогій з дэкаратыўна ўпрыгожаным апавяданнем, хаця відавочны выяўленчы намёк на такую інфармацыю пачарпнуць з карціны магчыма. І ўсё ж увесь сюжэт успрымаецца як ясная пластычная метафара, якая напоўнена глыбокім маральным сэнсам, звязаным з нашай гісторыяй. Захоўваць, любіць, развіваць культурныя традыцыі як жывы духоўны набытак сучаснага чалавека - менавіта ў гэтым бачыцца мне акт мастакоўскай пазіцыі Эдуарда Рымаровіча, што ўдала рэалізавана ў гэтым палатне.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"