Аб чым гавораць на “Лістападзе”?

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Сёння ўрачыстым закрыццём і цырымоніяй узнагароджання фільма-пераможцы завершыцца XVI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”.

 

Таццяна Дароніна, Кшыштаф Занусі, Кіра Муратава, Яўгеній Галубенка, Павел Чухрай, Аляксандр Дамагараў, Барыс Грачэўскі, Аляксандр Адабаш'ян... Яшчэ пад час адкрыцця XVI кінафестывалю "Лістапад" пералік гасцей мінскага кінафоруму абяцаў нямала цікавага для журналістаў у час сустрэч і прэс-канферэнцый з рэжысёрамі, акцёрамі, прадзюсерамі. Зоркі і іх развагі яшчэ раз пацвердзілі статус "Лістапада" як аднаго з найбольш вартых увагі кінафестываляў на прасторы СНД. "Я шчаслівая прызнацца сёння мінскай публіцы ў любові, - сказала на цырымоніі адкрыцця кінафоруму народная артыстка СССР Таццяна Дароніна. - На маю думку, кінафестываль "Лістапад" - гэта цудоўны фестываль, лепшы сярод сённяшніх кінафорумаў". Думку Таццяны Васільеўны падтрымаў і Аляксандр Дамагараў. "Я не люблю ездзіць на фестывалі, - прызнаўся акцёр на прэс-канферэнцыі,- лічу, што гэта марнаванне часу. Але на "Лістапад" я прыехаў з работай (Акцёр прадстаўляў карціну Паўла Лунгіна "Цар".- Д.А.), і мне не сорамна. Акрамя таго, я згодны з калегамі, што ваш фестываль - вельмі добры".

Магчыма, асаблівая атмасфера "Лістапада" паўплывала на кіношнікаў такім чынам, што яны былі адкрытымі і шчырымі на сустрэчах з журналістамі і публікай і ахвотна расказвалі пра сябе. Так, Кіра Муратава на прэс-канферэнцыі пасля паказу сваёй карціны "Мелодыя для катрынкі" жартаўліва прызналася, што адзіным сваім канкурэнтам лічыць Чарлі Чапліна. "Гэта мой кумір і настаўнік № 1, - сказала яна, - я яго абагаўляю". Генадзь Гарбук, лаўрэат спецыяльнага прыза Прэзідэнта краіны "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве", які быў уручаны народнаму артысту Беларусі на адкрыцці кінафоруму, таксама паднёс журналістам сюрпрыз. "Мара, якая не спраўдзілася? Ёсць такая. Я хацеў стаць ні больш ні менш - эстрадным спеваком. Але, напэўна, не хапіла прабіўной сілы", - здзівіў Генадзь Міхайлавіч прадстаўнікоў СМІ. Яшчэ акцёр Купалаўскага тэатра прызнаўся, што вельмі захапляецца ёгай, якую лічыць вялікім дасягненнемчалавецтва. "Я адкрыў яе для сябе 30 гадоў таму", - выдаў ён. Сярод пацверджанай інфармацыі ад маэстра беларускага тэатра кіно - і ягоная згода на ўдзел у карціне "Белыя Росы-2" , сцэнарый да якой піша драматург Аляксей Дудараў.

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"