Людзі на экране, або Як не быць аднолькавым

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Сёлета спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” атрымлівае народны артыст Беларусі Генадзь ГАРБУК. Ён — з тых Асоб, што вызначаюць лёс беларускага кінематографа на працягу доўгага часу. Можна ўзгадаць шмат фільмаў з удзелам гэтага ўсенародна любімага творцы, які для многіх стаў увасабленнем “беларускага характару” на кінаэкране. Натуральна, што размову нашу мы і пачалі з “першых крокаў” акцёра ў кінематографе.

 

Найперш вызначаю задачу

/i/content/pi/cult/235/3290/1-3.jpg- Генадзь Міхайлавіч, у адрозненне ад многіх іншых, вы прыйшлі ў кіно тады, калі ўжо займелі багаты творчы багаж і пэўнае акцёрскае імя ў тэатры. Сцэнічны досвед на кінапляцоўцы дапамагаў вам ці замінаў?

- Ні ў якім разе не замінаў! І мне здаецца, не толькі я, але і многія іншыя яркія акцёры прыходзілі ў той час у кіно, маючы тэатральны вопыт. Класічны прыклад - Інакенцій Смактуноўскі: упершыню на экране ён з'явіўся ў адным ваенным фільме, дзе іграў інтэлігентнага чалавека ў акулярах, але ж да гэтага часу ў яго за плячыма ўжо было гадоў 25 - 30 тэатральнага стажу, быў БДТ, "Ідыёт"... І я магу сказаць, што кіно якраз і эксплуатуе тое, што набыта і напрацавана акцёрам у тэатры.

- Мне здаецца, што ў кіно акцёру нашмат цяжэй працаваць над роляй, у адрозненне ад тэатра, дзе ты можаш выбудоўваць "лінію" свайго персанажа...

- Безумоўна! І гэта адно з пракляццяў кінаакцёраў. Узяць тую ж "Паўлінку" ў Купалаўскім тэатры, у якой я іграю Сцяпана Крыніцкага гадоў пятнаццаць. І ўсё роўна, нягледзячы на гэта, імправізую: раптам нешта прыйдзе ў галаву, задумаюся - і ўжо цалкам па-іншаму вяду тую ці іншую сцэну. А ў кіно, калі сцэна знятая і на плёнцы зафіксаваная - усё! Ты ўжо не гаспадар над сваім персанажам. Неяк актрыса Ія Савіна пасля прагляду адной са сваіх старых паўзабытых кінароляў сказала: "Вось, грошы пражытыя, а ганьба засталася".

- Дык вы што, таксама крытычна ставіцеся да сваіх роляў у кіно?

 - Ды я ўвогуле не люблю сябе на экране глядзець. Бадай, толькі тры фільмы магу назваць, у якіх я свае работы ўспрымаю, так бы мовіць, спакойна: "Чорны замак Альшанскі", які нядаўна паглядзеў яшчэ раз, "Знак бяды" ды "Белыя Росы". Дарэчы,на "Знаку бяды" быў у мяне звязаны з гэтым адзін выпадак. Першы здымачны дзень, самы першы эпізод, калі прыходзіць паліцэйскі з напарнікам, мы сядзім за сталом, выпіваем, прыходзіць жонка, якая пачынае лаяцца, а я ёй: "Цыц, падавай яешню!.." Карацей кажучы, сцэну гэтую мы некалькі разоў рэпеціравалі, потым цэлы дзень здымалі. А потым- па законах кіно- адзняты матэрыял адправілі на праяўку, каб пасля, калі ён вернецца назад, яго для пэўных сваіх высноў і, магчыма, карэкціровак, маглі паглядзець усе: касцюмеры, грымёры, рэквізітары, акцёры, рэжысёр... Да гэтага часу я ніколі матэрыял не глядзеў, а тут Пташук пытаецца: "Пойдзеш?" Ну, думаю, цікава ж паглядзець, што гэта такое. Сабраліся мы ў кінатэатры ў Баранавічах пасля апошняга сеанса - гадзіне а дванаццатай ночы. Селі, на экране пайшла выява, - і тут мяне такі жах ахапіў! Я ж сяджу як звычайны глядач, а тут - ні табе тэксту, ні музыкі, адзін за адным паўтараюцца дублі, і нібыта ўсе абсалютна аднолькавыя, хаця я памятаю, што ад разу да разу я нешта змяняў, ды і рэжысёр таксама падпраўляў. І мне так непрыемна стала!.. На наступны дзень здымаем ужо іншую сцэну. Я- пад уражаннем ад прагледжанага. Пташук крычыць: "Што ты тут найграеш?", спыняе здымкі. А я ж хацеў як лепей, "выпраўляў" сябе... Два дні мы рэпеціравалі, ажно пакуль я "забыўся" на тыя свае ўражанні. Вось з таго часу і не гляджу больш ніколі гэты "нямы" матэрыял.

/i/content/pi/cult/235/3290/3-1.jpg- Дарэчы, а ці былі якія-небудзь "кінаміфы", якія вы для сябе развянчалі з прыходам на здымачную пляцоўку?

- Здаецца, не было. Прынамсі, таму, што я заўсёды прыходжу на пляцоўку з пэўным хваляваннем і пачуццём адказнасці за тое, што давядзецца рабіць. Таму, відаць, і не да "міфаў". Напэўна, дае знаць мая тэатральная школа - я заўсёды вызначаю для сябе задачу: што я тут раблю? Вось гэта і займае маю галаву.

 Калі атрымліваецца камедыя?

- А які ваш любімы жанр?

 - Усе. Вось калі б вы спыталіся, які самы складаны, - іншая справа.

- І які ж?

 - Канешне, камедыя.

/i/content/pi/cult/235/3290/3-2.jpg- Таму што выціснуць слязу з гледачоў прасцей, чым прымусіць іх смяяцца?

 - Бадай, так. А яшчэ таму, што сапраўдная камедыя атрымліваецца тады, калі іграюць сапраўдныя акцёры-комікі, а гэта - надзвычай рэдкі дар. Я ведаў такіх на тэатры. У Коласаўскайтрупе быў геніяльны артыст Аляксандр Ільінскі, які меў такі прыём: калі было магчыма, ён яшчэ за кулісамі падаваў голас, выкідваў якое-небудзь каленца, так што да яго з'яўлення на сцэне ў зале стаяў рогат і апладысменты, а ўжо калі ён выходзіў - удвая! І гэта ён яшчэ нічога не іграў. У нашым Купалаўскім тэатры быў такі Аляксей Бараноўскі, які проста з'яўляўся на сцэне - і зала ляжала ў покат. Ну, а калі ў цябе гэтага камічнага дару ад прыроды няма, - мусіш нешта выдумляць.

 Сцэнарый за тыдзень? Надзвычайна!

- Якія фільмы асабіста вы любіце глядзець?

 - Добрыя. Такія, у якіх ёсць думка, дзе аўтарам закладзены пэўны сэнс, і не абавязкова гэта мусяць быць высокія філасофскія праблемы. Люблю фільмы пра жывых людзей, пра сапраўдныя ўзаемаадносіны. Чаму я скептычна стаўлюся да сучасных тэлесерыялаў крымінальнага кірунку? Таму што напісаць за тыдзень такі сцэнарый, у якім будуць фігураваць жанчыны лёгкіх паводзін, банкіры ды кілеры, магу нават я! А вось каб напісаць пра людзей нармальных, пра звыклую сям'ю, дзе жонка, прыкладам, працуе на пошце, муж - у гарачым цэху на аўтазаводзе, дзеці вучацца, хтосьці са старэйшых, магчыма, таксама працуе,- вось пра такіх людзей напішы, і каб гэта было- цікава! Тут, прабачце, ужо патрэбны талент, парадку Шолахава, Талстога. І- шмат працы.

- Дарэчы, акурат такія савецкія фільмы і сёння з задавальненнем выбіраюць самыя розныя пакаленні гледачоў.

 - Ды хоць бы нашы "Белыя Росы" вазьміце: чаму ў іх такі поспех да гэтага часу? Ды таму, што ў іх паказаны простыя, звычайныя людзі і нармальныя чалавечыя ўзаемаадносіны. А гэта было і будзе цікава і актуальна заўсёды!

- Вы прыгадалі "Белыя Росы", а я згадала, што на юбілейным вечары ў Купалаўскім тэатры Аляксей Дудараў падарыў вам сцэнарый - працяг гэтага фільма. Вы асабіста верыце ў тое, што сёння можна зняць "Белыя Росы-2"?

 - А вось пра гэта ні слова не скажу, бо я - чалавек прымхлівы. Калі ўсё атрымаецца - тады, калі ласка, пагаворым, а пакуль - не...

- Між іншым, гэтае пытанне я задала акурат у працяг размовы пра тое, наколькі сучасным кінематографам запатрабаваны фільмы пра чалавечыя ўзаемаадносіны, а не гісторыі пра разбітыя машыны, пажары і глабальныя катастрофы.Як мне падаецца, аднаго жадання для гэтага мала - патрэбны яшчэ і рэжысёры, якія ўмеюць здымаць такое кіно....

 - Цалкам згодны з вамі. Я, да прыкладу, вельмі пакутую, калі трапляю на здымачную пляцоўку, тут жа знаёмлюся са сцэнарыем і адразу ж - здымкі. Рэдка калі сучасныя рэжысёры даюць магчымасць пазнаёміцца са сцэнарыем за дватры дні да здымак, а ўжо за тыдзень - гэта надзвычайная падзея! А я ўсё ж прывучаны да таго, што павінен быць рэпетыцыйны працэс. Гэтым, дарэчы, адрозніваліся і Ігар Дабралюбаў, і Міхаіл Пташук, і Віктар Тураў - яны рэпеціравалі, таму ў іх і атрымлівалася тое, што мы ўсе добра ведаем.

Кінатворчасць ці кінавытворчасць?

 - Напэўна, нельга не браць у разлік і саму атмасферу на здымачнай пляцоўцы: адна справа, калі побач з табою аднадумцы, іншая - калі людзі, якія разам "займаюцца кінавытворчасцю".

 - Летась рэжысёр Уладзімір Хаціненка здымаў у нас фільм "Пскоўская місія", і я магу сказаць, што ўжо адна толькі яго прысутнасць на здымачнай пляцоўцы падцягвала, настройвала людзей на патрэбны лад. Ну, і, канешне ж, разам з асобай рэжысёра павінен накладваць адбітак і сам сцэнарый. У таго ж Хаціненкі ўсе літаральна гарэлі тэмай - лёсам святара да вайны, пад час яе, пасля...

- Дарэчы, а як у вас складваліся ўзаемаадносіны з рэжысёрамі: яны выпадкова траплялі на вас ці спецыяльна запрашалі?

 - Запрашалі, бо мы ж добра ведалі адзін аднаго. З Ігарам Дабралюбавым, да прыкладу, знаёмыя са студэнцкіх часоў, яшчэ да ВГИКа, - ён толькі скончыў універсітэцкі факультэт журналістыкі і быў артыстам у ТЮГу. І потым, яны цікавіліся тэатрам: і Пташук, і Дабралюбаў глядзелі ў тэатры кожную прэм'еру. Гэта цяпер нашых рэжысёраў складана, амаль што немагчыма, заманіць у тэатр. Пэўна, таму для іх нібыта і не існуе беларускіх акцёраў: ну не ведаюць яны іх, не бачаць на сцэне! А існуюць толькі тыя, каго паказваюць у тэлесерыялах, рэкламных роліках, на старонках глянцавых часопісаў... У іх разлік такі: маўляў, запрашу "зорачку", якая засвяцілася на тэлеэкране, - і аўтаматычна забяспечу фільму глядацкі інтарэс, зборы і разлік на тое, што фільм акупіцца.

Пра выключна прафесійнае

 - Але ж такі падыход сведчыць, хутчэй, пра тое, што падобныярэжысёры не ўпэўнены не столькі ў здольнасцях акцёраў, колькі ва ўласным прафесіяналізме! Дарэчы, у вас асабіста былі такія моманты, калі, падступаючыся да ролі, агортваліся сумненнямі, хваляваннем адносна таго, ці ўдасца справіцца?

- Ды, урэшце, работа над кожнай роляй пачынаецца з пэўнага хвалявання. Бо падыход па прынцыпе "гэта я зраблю адной левай" вельмі небяспечны. З іншага боку, колькасць затрачаных намаганняў зусім не забяспечвае канчатковы вынік: часам затраціш на ролю шмат сіл, а ў выніку атрымаецца "шэранька", а бывае і наадварот. Галоўнае - выключна прафесійная рэч - дамагчыся мышачнай і эмацыянальнай свабоды на пляцоўцы. Калі табе гэта ўдаецца - з'яўляецца імправізацыйнае адчуванне, і гэта вельмі добра. Зрэшты, тут прафесійныя ўрокі могуць быць толькі ўмоўнымі: калі б чужы досвед прыносіў карысць і ўздзейнічаў на людзей - у нас было б райскае жыццё. Усё даводзіцца правяраць на ўласнай скуры.

- Але ж часам прафесійная "навука" нараджаецца непасрэдна на здымачнай пляцоўцы - у стасунках з калегамі-акцёрамі. Каго са сваіх партнёраў па фільмах вы ўспамінаеце з цеплынёй?

- Ды практычна ўсіх! Часта ўзгадваю работу над стужкай "Загадкавы спадкаемец", дзе быў цудоўны акцёрскі ансамбль: Бранявой, Смактуноўскі, Скобцава, Санаева. Звычайна ў акцёраў існуе такая завядзёнка: у паўзах паміж здымкамі збірацца разам, каб пагутарыць, пажартаваць. Але на гэтым фільме ў адносінах да Смактуноўскага мяне папярэдзілі: калі ён сядзіць у сваім крэсле, да яго лепей не падыходзіць. І сапраўды, ён мог так сядзець гадзінамі, заглыбіўшыся ў сябе, потым, калі яго сцэна, - выйсці на пляцоўку, зняць колькі патрэбна дубляў, а потым зноў заглыбіцца ў сябе. Ён так працаваў над роляй і не растрачваўся на балбатню. Падобным чынам засяроджваліся пад час здымак "Белых Рос" і Карачанцаў з Санаевым.

Папулярнасць... спрацавала

 - Пасля такіх нашумелых фільмаў, як "Белыя росы", натуральна, бывалі ўсплёскі ўвагі прыхільнікаў. Як вы да гэтага ставіцеся?

 - Мне вельмі прыемна. І калі чую размовы пра тое, што акцёрам назаляе глядацкая ўвага, лічу, яны хітруюць. Асабліва прыемна, калі мы з жонкай прыходзім на Камароўку- усе прадаўцы навыперадкі прапаноўваюць свой тавар. Але ж ніхто танней не прадае, наадварот: пад воклічы: "Ой, які вы харошы!.." так і намагаюцца падняць цану на якую дзесятку. Праўда, быў адзін выпадак. Паехаў я неяк на тую ж Камароўку купіць сваёй сабачцы костачак. Хадзіў-хадзіў і выгледзеў тое, што патрэбна: цялячыя, з мясам. Жанчына за прылаўкам узважыла мне тры кілаграмы, я ўжо грошы ёй працягваю, ды раптам - мужчынскі голас: "Ты ў каго грошы бярэш? Што, не бачыш: гэта ж Старэйшы брат!.." І так гучна, на ўвесь базар, што я гатовы быў скрозь зямлю праваліцца. Потым ён згроб маю торбу, даклаў туды яшчэ кілаграмаў з шэсць і не ўзяў ні капейкі. Прыехаў дадому і кажу: "Вось, нарэшце, папулярнасць спрацавала". Таму калі чую на свой адрас прыемныя словы, пажаданні здароўя і таго, каб даўжэй працягвалася творчае жыццё, - гэта прыемна. Значыць, думаеш, не дарэмна працаваў і не дарэмна на свеце жыў,- вось як я да гэтага стаўлюся.

- А ці настроены вы на тое, каб і надалей працягваць актыўнае жыццё ў беларускім кіно?

- Канешне! Толькі б давалі ролі.

 - Тады - замаўляйце!

 - Думаю, наўрад ці хто за гэта возьмецца- малаверагодна, але ў мяне ёсць даўняя мара: сыграць Палікушку з апавядання Талстога пра чалавека, які свой гонар лічыў даражэйшым за жыццё. У піку таму, што сёння модна гаварыць, нібыта грошы вышэй за ўсё.

- Значыць, падсвядома вы абіраеце ўсё ж не камедыйны жанр, а - драматычны!

- Ды не, у мяне вельмі шмат было і камедый. А ў інстытуце ўвогуле быў героем: у дыпломным спектаклі іграў Ваську Пепла ў "На дне" Горкага і нават разам з Людмілай Старадумавай у "Даме з камеліямі", якая, дарэчы, ішла на французскай мове, я ўвасабляў Армана Дзюваля. Але такі акцёрскі рок, што калі адна з першых тваіх кінаработ аказваецца ўдалай, да цябе і прыклейваецца гэты штамп, нягледзячы на тое, што сам акцёр па сваёй прыродзе можа іграць разнапланавыя ролі. Вось так да мяне "прыляпілі" Васіля з фільма "Людзі на балоце"... Зрэшты, не я адзін такі: у якасці прыкладу ўзгадваю бліскучага акцёра Барыса Бабачкіна, да якога акурат такім жа чынам "прыляпіўся" Чапаеў... Вось таму я і стараюся, як вучыў мой настаўнік Дзмітрый Арлоў, працаваць па прынцыпе школы перажывання і пераўвасаблення: не быць аднолькавым, каб не толькі гледачам, але і самому сабе не надакучыць.

На здымках: кадры з фільмаў з удзелам Генадзя Гарбука.