Крэпасць, што спыніла Напалеона

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Гэты матэрыял распачаўся з наведвання рэдакцыі “К” Уладзімірам Шарнікавым. Фатограф, даследчык, энтузіяст, вядомы праект якога — “Усе вёскі Беларусі” (пра што, нагадаем, “К” пісала раней), прынёс да нас новы збор фатаграфій. “Як рушыць ваша ранейшае даследаванне?” — пытаюся я ў фатографа. “Ужо аб’ездзіў больш за 2000 вёсак і мястэчкаў, — адказвае Уладзімір Васільевіч, — але гэтым разам прынёс да вас выявы не вёсак, а — крэпасці”. “Крэпасці?” — перапытваю, не хаваючы здзіўлення. “Так, 200 здымкаў Бабруйскай крэпасці, якой налета споўніцца акурат 200 гадоў”.

 

/i/content/pi/cult/234/3284/15-1.jpgАўтэнтычная крэпасць

 Высветлілася, што фатограф прыпыніў свой маштабны праект "Усе вёскі Беларусі" з-за праблем са здароўем. "Сэрца, - прызнаўся даследчык. - Але як толькі стаў пачуваць сабе лепей - адразу стаў хадзіць і здымаць. І літаральна "патануў" у сутарэннях Бабруйскай крэпасці". Можна сказаць, новае даследаванне Уладзіміра Шарнікава распачалося бадай выпадкова. Але ці будзе выпадковасцю тое, што фатограф, які жыве ў Бабруйску, пачаў здымаць галоўны гістарычны помнік горада? Не пакінем па-за ўвагай і саму асобу Уладзіміра Васільевіча: ягоны дар - гэта няспынны пошук, неабыякавае сэрца і апантанасць пэўнай ідэяй. - Вядома, што Бабруйская крэпасць - гэта, бадай, самая вядомая славутасць нашага горада, - распавядае фатограф. - Сюды жыхары вядуць гасцей: пабачыць веліч гэтых муроў, паблукаць у сутарэннях. Лічу, для кожнага шпацыр па крэпасці панад Бярэзінай - кшталту падарожжа ў мінулае. Захаваць на плёнцы гістарычны помнік ХІХ стагоддзя, да якога час няўмольны, - такую задачу і паставіў сабе няўрымслівы даследчык. "Бачу, што многія аб'екты гэтага помніка рэканструююцца: і пантонны склад, і казематы, - кажа ён, - але час - бязлітасны. Таму вырашыў здымаць усё, што пакуль яшчэ можна зафіксаваць у аўтэнтычным выглядзе".

/i/content/pi/cult/234/3284/15-2.jpgРанг для фартэцыі

 Па шчырасці, гісторыя Бабруйскай крэпасці - гэта гісторыя ваенных амбіцый. Яна мелася стаць адной з самых буйных і дасканалых фартыфікацыйных пабудоў у Еўропе, а ўжо ў другой палове ХІХ стагоддзя была пераведзена ў клас... крэпасці-склада. За колькі дзесяткаўгадоў артылерыя зрабіла настолькі значны крок наперад, што велічныя муры часцяком аказваліся бяссільнымі перад магутнай удасканаленай зброяй. Бабруйская крэпасць была знята з уліку як стратэгічная адзінка і пераведзена "ў ранг" гаспадарчых пабудоў. Але ўсё гэта здарылася потым. А спачатку... Яшчэ Кацярына ІІ, наведваючы Беларусь у апошнія гады свайго праўлення, адзначыла ўдалае размяшчэнне Бабруйска і загадала стварыць у горадзе перавалачную базу рускай арміі. Згодна з яе рашэннем, на месцы, дзе сёння знаходзіцца помнік, былі пабудаваны казармы, шпіталь і цэйхгауз. Аднак загад аб стварэнні менавіта крэпасці выдаў Аляксандр І. Адбылося гэта 10 жніўня 1810 года.

/i/content/pi/cult/234/3284/15-4.jpg Цар разумеў, што пазбегнуць вайны з французамі не атрымаецца, трэба рыхтавацца да ваенных дзеянняў, і таму вырашыў будаваць абарончыя муры. З мэтай вызначэння месца для размяшчэння крэпасцей улады яшчэ ў сакавіку 1810 года камандзіруюць у Беларусь афіцэраў-інжынераў. Менавіта ад інжынера Тэадора Нарбута - вядомага гісторыка, археолага, афіцэра расійскай арміі - і зыходзіць прапанова будаўніцтва крэпасці ў Бабруйску, а не ў ваколіцах Рагачова і Новага Быхава, як планавалася першапачаткова. Ідэю Нарбута падтрымлівае інспектар інжынернага корпуса Карл Оперман (які ўжо праз колькі месяцаў будзе прызначаны кіраўніком будаўніцтва), і далей генеральны план зацвярджаецца царом. У Бабруйску распачынаецца будаўніцтва. Для ўзвядзення буйной пабудовы, праўда, не адразу, а з цягам часу, у горадзе былі адкрыты два (!) цагельныя заводы; конным і рачным шляхамі ў горад дастаўляюцца будаўнічыя матэрыялы з Карэліі, Украіны, Каўказа, Урала; работу атрымліваюць амаль усе: рамеснікі, сяляне, гараджане... Але на будаўніцтва зганяюць, разам з тым, і прыгонных сялян з Магілёўскай, Мінскай, Чарнігаўскай губерняў, дасылаюць салдат і рабочых. Яны працуюць і жывуць у непрыстасаваных умовах. У выніку аўральных тэмпаў, цяжкіх нагрузак шмат людзей гіне... Ужо праз два гады асноўныя збудаванні былі ўзведзены. Значна і тое, што за гэты кароткі тэрмін удалося абсталяваць іх па апошнім слове еўрапейскага ваеннага мастацтва. Ужо на трэцім годзе свайго існавання крэпасцьбыла залічана да першага класа абарончых пабудоў Расійскай імперыі.

/i/content/pi/cult/234/3284/15-3.jpg "Бяльмо на воку" Банапарта

 Ці ўдалося цытадэлі прыняць удзел у Айчыннай вайне 1812 года? Так. І яна сыграла сваю ролю на "выдатна". Калі распачалася вайна, фартэцыя ўяўляла з сябе значную пагрозу, "бяльмо на воку" Банапарта. Тут у свой час удалося зрабіць важны перапынак войскам П.Баграціёна; невядома, чым скончылася б перадыслакацыя арміі генерала, каб не надзейныя муры Бабруйска. Тут жа, вакол цытадэлі, Напалеону даводзілася ўвесь час трымаць вялікае асаднае войска. Авалодаць фартэцыяй ворагі не рашаліся - і былі вымушаны проста трымаць крэпасць у асадзе, пакутуючы ад нечаканых і ўдалых вылазак рускіх войскаў. Дзіўным чынам не прымаючы актыўнага ўдзелу ў буйных змаганнях, Бабруйская цытадэль зрабіла тое, што і была павінна зрабіць: спыніла непрыяцеля. Французы дайшлі да Масквы, авалодалі ёю, але ж увесь час былі вымушаны памятаць пра Бабруйск, ля муроў якога бяздзейна стаяў асадны корпус Напалеона. Хто ведае, можа, акурат штыкоў гэтага асаднага войска і не хапіла Банапарту пад час Барадзінскай бітвы? *** - Прызнацца, гледзячы на сцены і столі гэтых муроў, якія сёння размалёўваюць вандалы, я не перастаю дзівіцца таму, як зроблена была гэтая фартэцыя, - прызнаецца Уладзімір Шарнікаў. - Нават не ўтрымаўся і запрасіў артыстаў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча папазіраваць на фоне цытадэлі ў касцюмах розных эпох. І адразу муры "зайгралі". Фатографу ўдалося знайсці і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пад час акупацыі Бабруйска нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў збудаваннях помніка ХІХ стагоддзя гітлераўцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных. У сутарэннях загінула столькі людзей, што да гэтай пары колькасць іх не вядома... Бабруйская крэпасць утрымлівае ў сабе шмат таямніц і гісторый, якія, магчыма, аднойчы нам наканавана адкрыць. Яна, падобна да іншых помнікаў, яшчэ можа паведаміць нам пра свой час і людзей, якія яе стваралі і абаранялі. Галоўнае - даць гэтую магчымасць: быць пачутай.

Фота Уладзіміра ШАРНІКАВА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"