Івэнт-ідэі музея-“мільянера”

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Яшчэ за паўтара месяцы да юбілея, 22 верасня, супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля прывіталі свайго мільённага наведвальніка. Вось такі падарунак на 90-годдзе! Прычым гэты адлік вёўся толькі… апошнія шэсць гадоў, якія прамінулі пасля рэстаўрацыі палаца Паскевічаў і Румянцавых. Зразумела, што да паважнай даты музейная ўстанова падрыхтавалася сур’ёзна. 9 лістапада адкрыецца выстаўка “Скарбы палаца” — свайго кшталту рэтраспектыва, закліканая пазнаёміць наведвальнікаў з асноўнымі вехамі гістарычнага шляху музея. І сапраўды, юбілей — гэта добрая нагода для экскурсу ў гісторыю. Менавіта з яго і пачалася наша гутарка з генеральным дырэктарам Палацавапаркавага ансамбля Алегам РЫЖКОВЫМ.

 

/i/content/pi/cult/234/3260/6-1.jpgПерш за ўсё - музей

 - Якія падзеі за апошнія 90 гадоў вы назвалі б этапамі лёсу музея?

 - Гісторыя нашай установы багатая на розныя падзеі - і радасныя, і сумныя. Урачыстае адкрыццё Гомельскага мастацка-гістарычнага музея імя А.Луначарскага адбылося ў 2-ую гадавіну рэвалюцыі, у цяжкія часіны Грамадзянскай вайны. Але ж яго экспазіцыя, якая размяшчалася ў правым крыле палаца, была ўжо ад пачатку даволі прадстаўнічай: яна ўключала багатыя калекцыі жывапісу, скульптуры, парцэляны, мэблі, зброі... У 1939 годзе музейны фонд налічваў сем з паловай тысяч прадметаў. Але неўзабаве пачалася вайна. Фонды музея эвакуіравалі ў горад Сталінград. Паводле высновы, зробленай ужо па вызваленні Гомеля спецыяльнай камісіяй, палац быў зруйнаваны на 78%. Адпаведна, перспектывы былі самыя змрочныя. Але выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў усё адно прыняў рашэнне аб адраджэнні музея. Звярніце ўвагу на дату: 28 сакавіка 1944 года! Вайна ішла поўным ходам, нават Мінск яшчэ не быў вызвалены, увесь Гомель - у руінах... Але жыхары горада ўжо ствараюць музей! Гэта - красамоўнае сведчанне таго, што гамяльчане адчувалі ў ім патрэбу заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Менш чым праз два гады ў левым флігелі палаца - адзінай яго частцы, што збольшага ацалела, - адкрылася новая экспазіцыя. І гэта прытым, што пасля эвакуацыі вярнулася толькі 200 прадметаў! Прынцыпова новы этап жыцця ўстановы, без сумневу, пачаўся ў 2004 годзе, калі рэстаўрацыя палаца Паскевічаў была поўнасцю завершана. Згадваючы сучасныя вехі нашай гісторыі, нельга не абмінуць і радаснага факта прызнання нашай працы на самым высокім узроўні. У 2007 годзе Палацава-паркавы комплекс стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".

 - Наведаўшы сёння музей, прыгадаў, якім ён быў на пачатку 90-х. Па шчырасці, нават цяжка параўноўваць. Палац сапраўды аднавіў сваю былую, яшчэ дарэвалюцыйную, веліч...

- Дзякуючы мэтанакіраванай падтрымцы кіраўніцтва вобласці, рэстаўрацыя гомельскага Палаца была праведзена ў даволі сціслыя тэрміны: з 1997 па 2004 гады. Аблвыканкам стаў ініцыятарам збору сродкаў на аднаўленнегісторыка-культурнага помніка. Праз СМІ гэты заклік быў скіраваны да дырэктараў прадпрыемстваў і звычайных жыхароў Гомеля. Лісты з просьбай аб падтрымцы атрымалі і нашы вядомыя землякі, якія цяпер жывуць у іншых краінах. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Спонсарская дапамога была адчувальнай. Яно і зразумела: для многіх пакаленняў гамяльчан палац стаў своеасаблівым сімвалам горада, яго галоўнай адметнасцю і "візітоўкай". Менавіта таму часовае расстанне з гэтай славутасцю перажывалася гараджанамі балюча. Вельмі слушным рашэннем кіраўніцтва вобласці было паэтапнае правядзенне рэстаўрацыі: у Дзень Незалежнасці ў 2003 годзе вежа палаца ўжо прыняла першых наведвальнікаў, у той час як цэнтральная частка адкрылася больш чым праз год. Адпаведна, Гомель нядоўга заставаўся без свайго ўлюбёнага музея.

/i/content/pi/cult/234/3260/1-6.jpg Плюс сто тысяч

- Аб'ектыўны паказчык такой любові - колькасць наведвальнікаў. Ці моцна яна змянілася пасля рэстаўрацыі палаца? Якая дынаміка назіраецца сёння?

- Змянілася вельмі істотна. Прыгадваю, калі праз год пасля адкрыцця экспазіцыі ў вежы палаца мы сустракалі 25-тысячнага наведвальніка, для нас гэта было падзеяй. Сёння паказчыкі ўжо зусім іншыя. У 2006 годзе палац наведалі 126 тысяч чалавек. Летась іх было роўна на сто тысяч болей. Сёлетняя лічба будзе яшчэ больш унушальнай: толькі за 10 месяцаў у музеі пабывалі звыш 235 тысяч чалавек. Сярод іх, дарэчы, нямала замежнікаў. Усе высокія госці, якія прыязджаюць у Гомель, абавязкова наведваюць палац.

 - Ваша ўстанова вельмі часта становіцца ньюсмейкерам: яна рэгулярна ладзіць цікавыя для прэсы і наведвальнікаў падзеі. Нядаўна адна з іх перамагла ў намінацыі івэнт-турызму на конкурсе "Спазнай Беларусь"... Чым матываваны гэты няспынны творчы працэс - апрача, вядома, плана платных паслуг?

- Новыя эканамічныя варункі - вельмі важны стымул для ўдасканалення. Але не варта зацыклівацца толькі на гэтым аспекце жыцця музея. Іначай ёсць рызыка забыць пра яго глабальную грамадскую функцыю. Менавіта яна ў першую чаргу і натхняе на няспынную крэатыўнасць. Лічу, музей - гэта не толькі індыкатар, але і фактар развіцця грамадства. Музей здатны і павінен змяняць свет. Але, каб спакваля ажыццяўляць гэтую амбітную місію, ён павінен адпавядаць вельмі простай умове: быць цікавым для публікі. Менавіта таму мы няспынна шукаем новыя шляхі паразумення з рознымі яе катэгорыямі. Супрацоўнікі нашага музея не баяцца інавацый - яны іх самі ствараюць. Пра "Ноч музеяў" і адкрыццё "Лебядзінай сажалкі" (якое, уласна, і было прызнана лепшай турпадзеяй на Беларусі за мінулы сезон) вы ўжо, напэўна, чулі. Але не варта забывацца і пра іншыя напрамкі дзейнасці музея - можа, менш заўважныя для шырокай публікі. Гэта семінары для настаўнікаў і кіраўнікоў школьных музеяў, праграма "Музей - бацькам", Урокі мужнасці, Дні Памяці... Ва ўтульнай зале палаца рэгулярна ладзяцца камерныя канцэрты лепшых выканаўцаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Не так даўно мы прыступілі да распрацоўкі праграмы "Праз культуру і мастацтва - у жыццё", якая пакуль што не мае аналагаў у краіне. Яе мэта - сацыяльна-культурная рэабілітацыя інвалідаў, асабліва- дзяцей і моладзі. На першае пасяджэнне мы запрасілі кіраўнікоў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і псіхолагаў. Будзем запрашаць іх і для правядзення спецыяльных музейных заняткаў. Музей - гэта своеасаблівае "акно ў свет", і таму ў яго прасторы ёсць усё, што неабходна для камфортнай адаптацыі дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Эфектыўны піар

 - Калегі з іншых музеяў з задавальненнем пачулі б ад вас некалькі парад: як эфектыўна "піарыць" сваю дзейнасць? Калі гэта, вядома, не "камерцыйная тайна"...

- Калі хтосьці мяркуе, што мы валодаем нейкім асаблівым сакрэтам, буду змушаны яго расчараваць: мы проста эфектыўна працуем па ўсіх напрамках. Наша ўстанова прадстаўляе сябе на турыстычных выстаўках, сімпозіумах і форумах. Намі выпускаецца мноства самай рознай рэкламнай прадукцыі: брашуры, буклеты, флаеры. Іх можна знайсці ў гатэлях Гомеля і вялікіх санаторыях вобласці. А не так даўно стартавала і новая паводле сваёй формы рэкламная акцыя, для якой быў задзейнічаны гарадскі тралейбус № 20. Добра наладжаны і нашы стасункі са СМІ: мы загадзя дасылаем ім прэс-рэлізы. А непасрэдны "выхад у свет" - гэта інтэрнет-сайт Палацава-паркавага комплексу. Ён абнаўляецца рэгулярна. -

 ...І вылучаецца сярод падобных старонак сваім змястоўным напаўненнем. Асаблівую ўвагу звяртаюць рэгулярныя апытанні на актуальныя тэмы...

- Дзякуй за вашу ацэнку. Мушу адзначыць, што чую яе ўжо не ўпершыню. Прадоўжу думку пра спосабы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Безумоўна, яны павінны быць адэкватнымі часу. А сёння для моладзі камп'ютэр стаў найважнейшай крыніцай інфармацыі, а клавіятура - самым зручным і звыклым спосабам яе генерацыі. І з гэтым проста немагчыма не лічыцца. Для музейнай сферы прадстаўніцтва ў Інтэрнеце - гэта сур'ёзны фактар выжывання і захавання свайго месца ў грамадстве, магчымасць уплываць на тыя працэсы, якія ў ім адбываюцца. Інтэрнет для музея - не толькі недарагая і эфектыўная рэклама. Распрацоўваючы сайт, мы намагаліся прадставіць там інфармацыю пра тыя аспекты работы нашай установы, якія схаваны ад вачэй шараговага наведвальніка: навуковыя даследаванні, рэстаўрацыйныя работы, новыя паступленні ў фонды і г. д. Адпаведна, людзі атрымалі магчымасць глыбей спасцігнуць спецыфіку такой комплекснай і маштабнай з'явы, як музей. І, вядома, нельга абмінуць увагай такі аспект, як зваротная сувязь з нашай аўдыторыяй. Дзякуючы Інтэрнету, даведацца аб меркаваннях куды прасцей, чым з дапамогай звычайных сацапытанняў. Адпаведна, вэб-сайт - гэта яшчэ і інструмент асветніцкай і сацыяльнай работы. Прычым інструмент вельмі эфектыўны, пра што сведчыць колькасць наведванняў нашага сайта. Цяпер, дарэчы, мы актыўна распрацоўваем яго англійскую версію

 - Апошнім часам усё часцей даводзіцца чуць, што музей павінен выконваць функцыю турыстычнага цэнтра, прапаноўваючы не толькі агляд экспазіцыі, але і самы шырокі спектр іншых паслуг...

- Мы ўжо сёння можам прапанаваць наведвальнікам праехацца па парку на аўтацягніку або праплыць на цеплаходзе ад Нярэі да Сожа. Больш за тое: сфера нашай дзейнасці не абмяжоўваецца толькі тэрыторыяй Палацава-паркавага комплексу. Мы распрацавалі цэлы шэраг экскурсій па Гомелі - у тым ліку і даволі спецыфічных: "Гомель прамысловы", "Гомель начны"... Ладзім таксама і вандроўкі па "Залатым кольцы Гомельшчыны", разлічаныя на некалькі дзён. Зусім нядаўна асвоілі новую сферу - рэлігійны турызм, паломніцтва па святых мясцінах нашага краю. Сёння актыўна распрацоўваем транспамежныя турмаршруты. Намі заключаны доўгатэрміновыя дамовы аб сумеснай дзейнасці з Чарнігаўскім абласным гістарычным музеем, турфірмай з Браншчыны і Курскім абласным краязнаўчым музеем. Такі шырокі асартымент экскурсій мы можам прапанаваць у тым ліку і таму, што ўстанова мае свой транспарт - мікрааўтобус. І ў гэтым сэнсе мы ні ад кога не залежым: і бензін, і ідэі - нашы.

- Апошняе пытанне - трохі жартоўнае: ці праўда, што адміністрацыя комплексу ведае больш-менш дакладную колькасць вавёрак, якія цешаць вока наведвальнікаў парку?

 - Сапраўды, летась мы правялі свайго кшталту "інвентарызацыю" гэтых звяркоў. Парк быў разбіты на сектары, і за кожным быў замацаваны канкрэтны супрацоўнік, які ў вызначаны перыяд рабіў падлік. Як выявілася, вавёрак у нас - 135.