Ёсць на балет электронны білет?

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Яшчэ не зніклі з маёй памяці ўспаміны пра набыццё білетаў на канцэрт гурта “Depeche Mode”. Бліжэйшы да нашай краіны ладзіўся ў Варшаве. Сяброўка з’ездзіла ў Польшчу і набыла нам запаветныя білеты. Я ж зрабіла візу, знайшла сродкі на гатэль ды іншыя турботы, і літаральна за некалькі дзён атрымала вестку: канцэрт… адмяняецца з-за хваробы саліста. Канец гэтай гісторыі быў такі: не дачакаўшыся дадатковага шоу ў Варшаве, мы страцілі грошы за тыя білеты. А, мабыць, грошы вярнуліся б назад, калі наша краіна была ў той час далучана да міжнароднай электроннай сістэмы распаўсюджання білетаў...

 

І ўсё ж пэўная карысць з гэтай гісторыі была. Менавіта яна стала штуршком да тэмы сённяшняга артыкула, якая больш чым актуальная для айчыннай індустрыі культуры і мастацтва. Ці змянілася сітуацыя цяпер у галіне білетнага распаўсюджання ў Беларусі? Што ўяўляе з сябе электронны білет? Ды, урэшце, якія перавагі прапаноўвае гэтая паслуга?

Першы крок - зроблены

 Высветлілася, што з часоў майго няўдалага "культпаходу" ў нашай краіне адбыліся пэўныя змены ў справе распаўсюджання і продажу электронных білетаў. На рынак Беларусі прыйшоў адзін з сусветных лідэраў гэтага сервісу. Запрасіла сусветнага аператара да супрацоўніцтва наша айчынная кампанія - распрацоўшчык унікальнага праграмна-апаратнага комплексу адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Беларусі. Можна сказаць, што сёння на беларускім рынку распаўсюджання білетаў адбылася невялічкая рэвалюцыя, якая пакуль вядомая нямногім нашым спажыўцам масавых мерапрыемстваў, але з цягам часу атрымае вялікі розгалас. Што стала вынікам прыходу новай сістэмы да нас? Плёнам супрацоўніцтва міжнароднай кампаніі з беларусамі стала рэалізацыя першага праекта: хакейны клуб "ДынамаМінск" скарыстаўся такім механізмам распаўсюджання білетаў і прапанаваў сваім прыхільнікам новыя варыянты іх пакупкі на бліжэйшыя матчы. Дарэчы, карэспандэнт "К" на ўласным вопыце адчуў усе перавагі новага сервісу, набыўшы літаральна за дзесяць хвілін, не пакідаючы пакоя, білет на матч "Дынама-Мінск - СКА", які адбудзецца ў сталічнымПалацы спорту толькі 28 лістапада. - Вам не трэба стаяць у чарзе, думаць, як дабрацца да месца продажу, каб набыць білет, - патлумачыў асаблівасці працэдуры новага віду пакупкі дырэктар айчыннага распрацоўшчыка сістэмы продажу электронных білетаў Раман Сушчынскі. - Для пакупкі вам патрэбны толькі камп'ютэр, доступ да Інтэрнета ды трошкі цярпення, каб ва ўсім разабрацца.

Раздрукуйце і прад'явіце на ўваходзе

 

 Тэхналогія гэтая камфортная ў першую чаргу тым, што пакупнік сам можа выбраць сабе месца ў зале адпаведна фінансавым магчымасцям і жаданню. Працэдура ж пакупкі электроннага білета нагадвае наведванне звычайнай інтэрнет-крамы - з той толькі розніцай, што аб'ект вашай увагі - не аўто, веласіпед або мабільнік, а ўласна білет. На экране высвечваецца схема залы, дзе будзе адбывацца мерапрыемства (у выпадку з квітком на хакейны матч гэта быў Палац спорту), вылучаецца месца па кішэні і выбіраецца спосаб аплаты. Першы варыянт: праз пластыкавыя карт к і . Другі: забраніраваўшы на сайце білет і атрымаўшы нумар заказу, аплачваеце яго ў касе або інфакіёску любога банка (а іх 22), які падключаны да сістэмы Нацыянальнага банка "Разлік". І трэці, самы цікавы, спосаб: з дапамогай сістэмы электронных плацяжоў i-pay, што значыць - з дапамогай мабільнага тэлефона. Пасля пацвярджэння факта аплаты білет можа быць раздрукаваны на любым прынтэры. Што ж з'яўляецца галоўнай абаронай білетаў? Гэта унікальны штрых-код, які счытваецца спецыяльным сканерам пры ўваходзе на мерапрыемства. Але калі хтосьці з вашага раздрукаванага "дакумента" зробіць копію, на мерапрыемства трапіць толькі той, хто прыйдзе першым. "Пры ўваходзе дзейным лічыцца першы прад'яўлены білет". Таму "калі ласка, - пазначана на сайце, нібыта цытата з вядомага фільма, - захоўвайце ваш білет у недаступным месцы".

Закон і тэхналогіі

На сёння дамова на распаўсюджанне электронных білетаў ёсць з Палацам спорту, вядуцца перамовы з Палацам Рэспублікі, з гатэлямі, лядовымі арэнамі... У сетцы - 8 гарадоў, а цягам наступнага месяца плануецца "падключыць" усе абласныя цэнтры. "Ды і, заўважце, тэатры, філармоніі, канцэртныя залы вымушаны плаціць распаўсюджвальнікам, - кажа Раман Сушчынскі. - Трэба выдзяляць сродкі на паперу, на ўласна друк білетаў, на зарплату для тых людзей, якія іх прадаюць..." Так, справа ў дачыненні да спартыўных мерапрыемстваў зрушылася з мёртвай кропкі, але што да індустрыі забаў галіны культуры? Ці адбываюцца ў канцэртным бізнесе змены? - Пачаць распаўсюджванне і продаж электронных білетаў на канцэртна-масавыя мерапрыемствы мы пакуль не можам, - адзначае прадстаўнік інтэрнет-прадаўца. - Ёсць нарматыўны акт, які перашкаджае рэалізацыі білетаў без іх рэгістрацыі ў падатковай інспекцыі. А калі білет, груба кажучы, з'яўляецца з Інтэрнета - як магчыма яго зарэгістраваць? Аднак пэўныя зрухі ў справе "легалізацыі" электронных білетаў для індустрыі забаў усё ж такі адбываюцца. Ужо не аднойчы прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства па падатках і зборах і зацікаўленых кампаній збіраліся на нарады, каб зрабіць крокі да вырашэння праблемы. - Для ўсіх зразумела: сістэма распаўсюджання электронных білетаў мае важкія перавагі, - падкрэслівае Раман Сушчынскі, - і яна нават больш празрыстая для Міністэрства па падатках і зборах, чым тая, што існуе цяпер. Калі ласка, ёсць пэўная колькасць месцаў у зале, ёсць прамы продаж, які дакладна адсочваецца.

 На U2 або на "Легенду пра Ціля"?

 - Сёння ўсе разумеюць, што гэтая форма білетаў неабходная, - пагаджаецца начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч. - З мэтай распрацоўкі адзінага механізму распаўсюджання ў Міністэрстве культуры неаднойчы праходзілі нарады з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў і кампаній. Праца ў гэтым кірунку ідзе з лютага гэтага года, і трэба адзначыць, што першы варыянт нарматыўнага акта мы ўжо ўзгаднялі ў некалькіх інстанцыях, але пакуль ён не задаволіў усіх. Апошняе пасяджэнне па гэтай тэме адбылося колькі тыдняў таму. Як зазначыў Міхаіл Казловіч, сёння разглядаюцца два варыянты адпаведных заканадаўчых удасканаленняў: магчымыя змяненні ва Указе "Аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці" або ў пастанове Міністэрства культуры "Аб білетнай гаспадарцы". "Ужо на гэтым тыдні мы павінны якісьці з варыянтаўпрапанаваць для разгляду, - каменціруе начальнік упраўлення мастацтваў, - бо праблему, пры ўсёй яе складанасці, хочацца вырашыць як мага хутчэй". Яшчэ Міхаіл Іванавіч падкрэсліў, што поруч з увядзеннем электронных білетаў не будзе спынены і класічны спосаб іх распаўсюджання.

 "Мы прытрымліваемся той думкі, што людзям трэба пакінуць выбар, - сказаў ён. - Але гэта зусім не значыць, што прасоўванне электронных білетаў будзе зацягвацца". Пэўныя змены ў заканадаўчай сферы, зразумела, вымагаюць часу. Таму, ацэньваючы абстаноўку аб'ектыўна, можам канстатаваць: рашучых змен у "білетнай гаспадарцы" яшчэ трэба пачакаць. - Многія суcветна вядомыя зоркі, перш чым прыехаць з канцэртам, пытаюцца пра механізм распаўсюджання білетаў, бо сучасная сістэма дае ім своеасаблівую гарантыю таго, што глядач здолее набыць білет і прыйдзе на іх канцэрт, - распавядае Раман Сушчынскі. Распаўсюджвальнікі інтэрнетбілетаў упэўнены, што 90 працэнтаў поспеху любога тэатральна-відовішчнага мерапрыемства палягае менавіта ў зручнасці распаўсюджання "дакументаў" на яго. "У кожнага чалавека змяняецца настрой дзесяць разоў на дзень, - прапануе Раман Сушчынскі сваё бачанне сітуацыі. - Да прыкладу, я ўбачыў рэкламу прэм'еры ў Вялікім тэатры і захацеў на яе схадзіць. Праз гадзіну - ужо перадумаў. Маўляў: паеду за білетамі, потым зламаю галаву, дзе прыпаркавацца, - не, не пайду на той балет! А калі ў мяне "пад рукой" Інтэрнет, і я ў час натхнення за дзесяць хвілін набыў сабе білет на спектакль... Нават калі праз гадзіну перадумаю - усё роўна давядзецца пайсці. Бо вось - раздрукаваны білецік, ляжыць перада мной. А вы ўявіце, колькі людзей так могуць трапіць у палон натхнення! Колькі людзей з рэгіёнаў, атрымаўшы магчымасць эканоміі сродкаў - бо ім не трэба ехаць у сталіцу, - захочуць набыць білет? Вось так і запаўняюцца залы".

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"