Аналітыкі з рэжысёрскім ухілам

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Сістэмнай падрыхтоўцы спецыялістаў для бібліятэк рэспублікі спаўняецца 65 гадоў. У кастрычніку 1944-га на базе Мінскага педінстытута адкрыўся бібліятэчны факультэт — папярэднік сённяшняга факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. За сучаснай назвай — насычаны і разнастайны навучальны працэс. Пра гісторыю і асоб гэтага факультэта, новыя адукацыйныя тэхналогіі ды крэатыўныя падыходы, а таксама пра асаблівасці працаўладкавання студэнтаў карэспандэнт “К” гутарыў з дэканам факультэта Мікалаем ЯЦЭВІЧАМ. Дарэчы, графік у Мікалая Аляксандравіча гэтымі днямі надзвычай насычаны: 21 — 22 кастрычніка дазначнай гадавіны факультэта была прымеркавана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэкі і музеі ў сістэме інавацыйнай дзейнасці”.

 

/i/content/pi/cult/232/3182/6-1.jpgПопыт на кампетэнцыю

 - Факультэт насіў назву бібліятэчнага, пасля яго перайменавалі ў факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, потым - у факультэт бібліятэчна-інфармацыйных сістэм, а з 2003 года ён атрымаў сённяшняе найменне. Змянілася назва - змяніўся змест навучання?

- Вядома, бо сёння ў інфармацыйна-дакументную сферу ўваходзяць разнастайныя сацыяльныя інстытуты, што маюць справу з дакументам. Цяпер на факультэце шэсць кафедраў, усе яны з'яўляюцца выпускаючымі па дзвюх спецыяльнасцях: "бібліятэказнаўства і бібліяграфія", а таксама "музеязнаўства і ахова гісторыка-культурнай спадчыны", але факультэтаўтваральнай з'яўляецца першая. Па бібліятэчнай спецыяльнасці навучанне наладжана па пяці напрамках. У выніку будучыя бібліятэкары-бібліёграфы атрымліваюць дадатковыя кваліфікацыі, у тым ліку- спецыялістаў па інфармацыі, аўтаматызаваных бібліятэчных сістэмах, менеджэра, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, перакладчыка, таваразнаўца.

- Якасны навучальны працэс залежыць і ад высокакваліфікаваных выкладчыкаў...

 - На шасці кафедрах факультэта працуе каля 80-ці выкладчыкаў. Сярод кафедраў па спецыяльнасці "бібліятэказнаўства і бібліяграфія" звыш 70 працэнтаў выкладчыкаў маюць вучоныя ступені і званні. Толькі за апошнія тры гады выкладчыкамі факультэта былі падрыхтаваны дзесяткі вучэбных, вучэбна-метадычных і навукова-практычных дапаможнікаў. Актыўна ўводзяцца інавацыйныя метады і формы выкладання дысцыплін: лекцыі-прэзентацыі, лекцыі-дыялогі, семінары-"круглыя сталы", электронныя семінары і многія іншыя.

- У 2008 годзе факультэт перайшоў на новыя адукацыйныя стандарты і тыпавыя вучэбныя планы. Як адбілася гэта на падрыхтоўцы спецыялістаў для галіны культуры?

- Сапраўды, у 2008-м зацверджаны новыя адукацыйныя стандарты па спецыяльнасцях "бібліятэказнаўства і бібліяграфія (па напрамках)" і "музеязнаўства і ахова гісторыка-культурнай спадчыны", якія пачалі ўкараняцца ў вучэбны працэс з мінулага навучальнага года. Адзначу, што ў аснову адукацыйных стандартаў упершыню пакладзены кампетэнтнасны падыход, калі падрыхтоўка спецыяліста складаецца з акадэмічных, сацыяльна-асобасных і прафесійных кампетэнцый - ведаў, уменняў і вопыту, неабходных для вырашэння тэарэтычных і практычных задач прафесійнай дзейнасці. У адпаведнасці з патрабаваннем адукацыйнага стандарту ўпершыню былі распрацаваны і зацверджаны шэсць тыпавых вучэбных планаў. У іх аснову былі пакладзены прынцыпы арыентацыі на сучасную бібліятэчна-інфармацыйную і музейную практыку і інавацыйныя тэхналогіі, пераймальнасць з сярэднеспецыяльнай адукацыяй, інтэграванасць агульнапрафесійных і спецдысцыплін, пашырэнне самастойнай работы студэнтаў і іншыя.

"БУКет" факультэту

 - Мікалай Аляксандравіч, колькі слоў пра знакамітых вашых выпускнікоў. Ведаю, да прыкладу, што ў вас пачынаў шлях у прафесію і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі...

 - Так, Раман Сцяпанавіч вучыўся на факультэце па спецыяльнасці "бібліятэказнаўства і бібліяграфія", некалькі гадоў працаваў у бібліятэцы нашага універсітэта, потым прайшоў шлях ад выкладчыка да дэкана. Таксама ў нас вучыліся Герой Савецкага Саюза Алена Мазанік, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Людміла Кірухіна, пісьменнік Андрэй Федарэнка... Увогуле, за час існавання факультэта было падрыхтавана больш за 13 тысяч спецыялістаў для бібліятэчнай і музейнай справы.

- Вучоба і навуковая дзейнасць - гэта, зразумела, галоўны напрамак работы факультэта. Але студэнты БДУКіМ - канешне ж, і творчыя людзі...

- Шмат хто з навучэнцаў з'яўляецца лаўрэатам конкурсу-фестывалю аматарскай творчасці "Сем муз". Факультэт з'яўляецца заснавальнікам дзвюх універсітэцкіх грамадскіх студэнцкіх арганізацый: культурна-асветніцкага таварыства "ЭТНА", вядомага ў Беларусі сваімі акцыямі па захаванні культурна-гістарычнай спадчыны, а таксама творчага аб'яднання "БУКет", куды ўваходзяць маладыя літаратары.

Маркетынгавая стратэгія для бібліятэкараў

- Бываючы ў раёнах, пераконваешся: бібліятэкараў-аналітыкаў у горадзе хапае, а на вёсцы ім патрэбны не столькі аналітычныя, колькі рэжысёрскія здольнасці. Ці пагаджаецеся з гэтым?

- У многім. Прынамсі, дысцыпліна "бібліятэчны маркетынг" прадугледжвае ўменне трымаць кантакт з грамадствам, рэкламаваць дзейнасць сваёй бібліятэкі. Грошы зарабляць таксама вучым: складаць самыя розныя праекты па краязнаўчай, выдавецкай дзейнасці, па стварэнні баз даных і электронных бібліятэк... Ну і не варта забывацца пра асобную спецыялізацыю "культурна-дасугавая дзейнасць бібліятэк"...

 - Бібліятэчная спецыяльнасць - факультэтаўтваральная... Разам з тым, маем і відавочнае пашырэнне попыту на вашых выпускнікоў на рынку працы праз дадатковыя спецыялізацыі. Колькі ж студэнтаў авалодваюць бібліятэчнай справай?

 - Усяго на факультэце навучаецца 800 студэнтаў. Па бібліятэчнай спецыяльнасці - 675 на дзённай форме навучання і звыш 600 - на завочнай. З рэгіёнаў краіны на дзённай форме навучаецца 550 чалавек, з іх прыкладна 40% - з раёнаў. Мэтавікаў - каля 70. Апошнім часам у нашым Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў узрастае колькасць слухачоў, якія жадаюць атрымаць другую, бібліятэчную, адукацыю. Сёлета такіх - 26 чалавек, што вучацца платна.

- Ці шмат выпускнікоў застаюцца ў сельскіх і райцэнтраўскіх бібліятэках?

- Увогуле, сёлета было звыш дзвюх заявак на кожнага выпускніка па бібліятэказнаўстве і звыш трох - на музейшчыка. А за апошнія тры гады 75% выпускнікоў факультэта сталі спецыялістамі менавіта рэгіянальных бібліятэк.

 - Прынцып "Ці не занадта для вёскі мець спецыяліста з вышэйшай адукацыяй?" па-ранейшаму дзейсны?.. Мо ёсць пэўная рацыя, калі высокаадукаваныя бібліятэкары "асядаюць" збольшага ў раённых цэнтрах, бо ў вёсках папросту не маюць "грунту" для кар'ернага росту?

 - Не скажу, што агульная колькасць вясковых бібліятэчных работнікаў з вышэйшай адукацыяй такая ўжо і малая. Ды, як вядома, гэтыя невялічкія бібліятэкі, хоць і маюць камп'ютэры, але паўнавартасным камплектаваннем кніжных фондаў, як і перспектывай свайго развіцця, пахваліцца цяпер не могуць. Таму пагаджаюся з вышэйсказаным.

- Дык няўжо ж сельскі бібліятэкар не можа ўзняцца па заробках да гарадскога? Хаця б за кошт аматарскіх бібліятэчных фарміраванняў, гуртковай дзейнасці, за кошт самых розных крэатыўных праяў, якія не могуць не стымулявацца матэрыяльна?

 - Цалкам пагаджаюся з вамі, што нашы бібліятэкары ў параўнанні з імпэтнымі клубнікамі- не "ціхія", не абмяжоўваюцца кнігавыдачай, знаходзяцца ў няспынным творчым пошуку, пашыраюць прастору пазабюджэтнай дзейнасці. І за гэта, натуральна, маюць грашовыя даплаты. Іх памер - прэрагатыва рэгіянальных улад... Спрацоўвае, безумоўна, і стымул атрымання больш высокай прафесійнай катэгорыі. І тут без крэатыўнасці - немагчыма. Сучасная бібліятэка - шматфункцыянальны сацыяльны інстытут. Маю на ўвазе бібліятэчныя цэнтры прававой інфармацыі, краязнаўчыя, экалагічныя... Урэшце, бібліятэка - месца, дзе можна адпачыць, і тут прастора для творчасці - неабмежаваная.

Адкрытыя вакансіі і мужчынскае пытанне

- Заўжды бываюць, Мікалай Аляксандравіч, пэўныя праблемы з размеркаваннем. Ці пазбегнуў іх ваш факультэт?

 - На жаль, не. Не заўжды абгрунтавана размеркаванне мінчан у глыбінку. Як правіла, яны праз паўгода вяртаюцца ў сталіцу. Толькі з сёлетняга выпуску пераразмеркавалася і вярнулася ў Мінск каля 20 чалавек з 120. Мясцовыя ўлады не надаюць такім бібліятэкарам і музейшчыкам належнай увагі. Вельмі рэдка прадастаўляюць жыллё, канкрэтныя сацыяльныя гарантыі. А здымаць кватэру за ўласны кошт немагчыма з-за малых заробкаў. Гараджане таксама не вельмі прыстасаваны да ўмоў вясковага жыцця. Ды і ў Мінску шмат працоўных месцаў у бібліятэках розных сістэм і ведамстваў.

- У чым жа выйсце?

- У размеркаванні па месцы жыхарства, альбо па згодзе і дамове з выпускніком. Вырашэнне праблемы H- і ў павелічэнні колькасці мэтавікаў.

- Тым не менш, наколькі я ведаю, недабораў на факультэце ніколі не было. Цікава, а колькі хлопцаў атрымліваюць сёння прафесію бібліятэкара і музейшчыка?

- З 800 студэнтаў - 80 хлопцаў, у асноўным - на спецыялізацыях "аўтаматызаваныя бібліятэчныя інфармацыйныя сістэмы" і "музеязнаўства". Прафесіі становяцца ўсё больш камп'ютэрызаванымі, і гэта выклікае цікавасць у маладых людзей.

Гутарыў Віктар ВАСІЛЕВІЧ