“Зіхаценне” віртуозных гульняў

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

21 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца адкрыццё юбілейнай выстаўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, прафесара Уладзіміра Тоўсціка пад назвай “Падарожжа па мінулых стагоддзях”. Такая назва не выпадковая: яна ў жывапісе 60-гадовага мастака мае свой, асабісты, сэнс.

 /i/content/pi/cult/231/3151/7-1.jpg

У.Тоўсцік. “Ля касцёла” (з нізкі “Падарожжа па

мінулым стагоддзі”).

  Уладзімір Тоўсцік - своеасаблівы пасеіст. Толькі яго пасеізм - не проста мастацкая цяга да мінулага, а - пераасэнсаванне мінулага з пункта гледжання таго сучаснага, у якім жыве мастак. Так, Тоўсцік - рэтраспектыўны рамантык, але яго карціны менш за ўсё з'яўляюцца стылізацыяй, рэканструкцыяй гэтых самых падарожжаў па мінулых стагоддзях. Яго творы - як вынікі валявога міфатворчага парыву, яны не запазычаныя, а перажытыя спаўна і народжаныя толькі сваім непаўторным часам. Па вялікім рахунку, яны звязаны з міфалагізацыяй уласнага жыцця. У яго мастацкім свеце "чалавек і горад" займаюць асаблівае месца, нават у тых рэдкіх пейзажнаінтэр'ерна-нацюрмортных палотнах, дзе, уласна кажучы, чалавек як такі адсутнічае. І ў гэтым - адрозненне творчасці Тоўсціка ад дэгуманізаванай праблематыкі найновага мастацтва, ад "постмадэрнісцкіх" накіраванняў, якія страцілі інтарэс да антрапаморфнага выяўленчага пачатку.

Для Тоўсціка "чалавек у горадзе" застаецца найважнейшым звяном жывога духу палатна, пры ўсёй значнасці прадметнага альбо ландшафтнага асяроддзя, якое заўсёды любоўна і нават скрупулёзна інсцэніравана. Канешне, мастацтва Уладзіміра Тоўсціка - не простае: яно не падпарадкоўваецца лёгкаму "літаратурнаму" пераказу сюжэтаў альбо тэм. Жывапісец віртуозна "гуляе" з гледачом, апелюючы да ягонага розуму, ведаў і нервовых канчаткаў, дасягаючы пры гэтым надзвычайных светлавых і колеравых эфектаў. Аднак своеасаблівае "зіхаценне" ягонага жывапісу, безумоўна ж, з'яўляецца нібыта фокусам, як месяц Куінджы альбо знакаміты чэхаўскі аскепак бутэлькі. У гэтым - загадка майстэрства Тоўсціка, які з чарадзейнай лёгкасцю змяняе сваю палітру ў залежнасці ад пластычных задач і кола праблем, звязаных з пошукам чалавека ў ягоным сусветным атачэнні, і ў прыватнасці, у настальгічнай урбаністычнай ауры.

Шмат гадоў таму, вырваўшыся з ланцугоў сацрэалізму, Тоўсцік з задавальненнем распрацоўвае ў жывапісе сваю, асаблівую, лінію, якую я назваў бы пост-традыцыяналізмам. У ім ён і знайшоў сваю свабоду - свабоду выказвання ўласнага болю і шчасця, уласных разваг пра духоўны шлях, што чалавецтва прайшло ад свайго нараджэння да пачатку трэцяга тысячагоддзя, пра таямніцы сусвету, метамарфозы прасторы і часу, любові як рухаючай сілы духоўнай эвалюцыі чалавека. Любоў да метафары, сімвала, алегорыі працінае ўсю творчасць мастака. У ягоных творах "вобраз" не малюецца, не выяўляецца, а - "лунае". Бо калі ружа не мае водару, дык і легенда пра яе хараство тае, цямнее. Ад палотнаў Тоўсціка патыхаеменавіта гэтым водарам і цеплынёй, яны дыхаюць, уліваюцца ў душу таямнічымі, нябачнымі на першы погляд ручаінкамі. І мы, затаіўшы дыханне, назіраем, як вершнік на кані, пад гук гадзінніка-лёсу, здзяйсняе свой адвечны марафон, які не мае ні пачатку, ні канца. І люстра ў паціне часу, і чырвоныя цуглі каня - яны таксама адтуль, з глыбінь памяці. "Лунаюць" у прасторы жанчыны з веерамі і без іх; "плывуць" ноты; у блакітным міражы знікае яшчэ адзін вершнік; белыя і залатыя месяцы моўчкі пазіраюць на старажытныя гарадскія аркі і ратушы; кветкі дораць свае пахі; гучаць лютні, скрыпкі і віяланчэлі; мінчукі розных саслоўяў і прафесій прагульваюцца паважна па горадзе пачатку ХХ стагоддзя; і мадэль - Яе Вялікасць Жанчына - таксама адна з галоўных гераінь пэндзля мастака...

/i/content/pi/cult/231/3151/7-5.jpg
У.Тоўсцік. ”Вечны Вершнік”.
Уяўленне Тоўсціка вельмі рухомае, чаму спрыяе ягоная натрэніраваная памяць пачуццяў. А гэтае ўяўленне заглыблена ў інтуіцыю - адвечны інструмент творчасці. Адсюль - імперсальнасць палотнаў, вытанчаная, шматслойная стылістыка, ад якой часам "патыхае" то веласкесавай пластычнай яснасцю, то п'ерадэляфранчэскавай вытанчанасцю, то подыхам "сярэбранага стагоддзя", то трывожнай музыкай мітуслівага сённяшняга дня... Іншымі словамі, пластычная форма ў Тоўсціка - паняцце не толькі структурнае, але і маральнае, яно нагадвае пра духоўную высакароднасць творцы-філосафа. Гэта - натура Майстра. Натура цэласная і, адначасова, няўрымслівая, поўная сумненняў, якая вечна імкнецца наперад, нібыта той самы Вечны Вершнік... Я ўпэўнены, што глядач, які прыйдзе 21 кастрычніка на адкрыццё экспазіцыі карцін Уладзіміра Антонавіча, будзе задаволены пранізлівым жывапісам мастака, у якім прадстаўлены свет вечнага чалавечага карнавалу і зменлівых агнёў рампы, свет вечнага падарожжа па акіяне быцця і нечаканага творчага прасвятлення, свет настальгічных успамінаў і роздумаў "пра час і пра сябе"...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"