Падтрымка без “кабалы”

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

“Галоўны беларускі прадзюсер — гэта дзяржава!” Гэтая фраза настолькі часта гучыць у інтэрв’ю дзеячаў шоубізнесу, што стала ўжо бадай прымаўкай. Маецца на ўвазе планамерная падтрымка айчынных творцаў, якую краіна аказвае ім не толькі рублём — згадайма хаця б слынныя “75%”. На балансе дзяржаўных устаноў культуры ёсць інстытуцыі пад назвай “прадзюсерскі цэнтр” — яны створаны пры рэгіянальных філармоніях. Але, як адзначыў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл КАЗЛОВІЧ, функцыя такіх цэнтраў усё ж трохі іншая, як у прыватных прадзюсераў:

- Перш-наперш, гэта пошук маладых талентаў, падрыхтоўка іх да ўдзелу ў міжнародных конкурсах і ўсебаковае іх прасоўванне. Гэтай справай займаюцца не толькі прадзюсерскія цэнтры - па сутнасці, такі статус можна надаць Маладзёжнаму тэатру эстрады, Тэатру песні Ірыны Дарафеевай, які існуе пры Белдзяржфілармоніі, і, вядома, Нацыянальнаму цэнтру музычнага мастацтва імя У.Мулявіна. А колькі сённяшніх зорак пачынала сваю кар'еру ў Нацыянальным канцэртным аркестры! Яго кіраўнік - маэстра Міхаіл Фінберг пастаянна знаходзіць новыя таленты і дае ім "пуцёўку" на вялікую сцэну. Укладаючы сродкі ў маладога шматабяцальнага спевака, прыватны прадзюсер спадзяецца іх вярнуць. Інвестыцыям зазвычай папярэднічае падпісанне кантракта, які ў пэўных выпадках не без падставы называюць "кабальным": маўляў, атрымай, а потым - адпрацуй. Як падкрэсліў Міхаіл Казловіч, работа дзяржструктур таксама накіравана на дасягненне добрых вынікаў.
- Мы зацікаўлены перадусім у тым, каб беларускія таленты маглі рэалізаваць свой творчы патэнцыял на карысць нацыянальнай культуры, - адзначыў ён. - Таму пад увагу бярэцца перш-наперш культурная значнасць праекта, і ўжо толькі потым - камерцыйны разлік. Хаця, канешне, у ідэале гэтыя фактары павінны супадаць. Над пашырэннем сферы дзяржпрадзюсіравання мы сёння актыўна працуем. Таму заўсёды будзем рады прыватным ініцыятывам, здатным разнастаіць і ўзбагаціць наша культурнае жыццё.