“Кепска, калі барада ў “Барабаса” — прыклееная...”

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Гэтая рэдакцыйная планёрка атрымалася незвычайнай. Як толькі адзін з журналістаў “К” прапанаваў у якасці тэмы для наступнага свайго матэрыялу развіццё на Беларусі інстытута прадзюсерства, рабочая, здавалася б, нарада вокамгненна пераўтварылася ў імправізаванае ток-шоу, на якім “жарсці па культуры” разгараліся куды мацней, чым у якой тэлеперадачы. Тэма, закранутая міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам у яго нядаўнім інтэрв’ю для нашай газеты “зачапіла” літаральна ўсіх. У самы разгар дыскусіі ў рэдакцыю патэлефанавала вядомы рэжысёр-дакументаліст, пастаноўшчык Надзея Гаркунова. Патэлефанавала яна зусім па іншай справе, але даведаўшыся пра тэму нашай гутаркі, адразу ў яе ўключылася. Ахвотна прапанавалі ёй слова. Без сумневу, “дыягностыку” прадзюсерства знутры могуць правесці менавіта творчыя людзі — тыя, хто наўпрост залежны ад гэтай з‘явы.

 

"Думаць двума паўшар'ямі"

 - Слова "прадзюсер" сёння стала модным, і пачуць яго можна літаральна на кожным кроку, - слушна сцвярджае Надзея ГАРКУНОВА. - Але адна справа - гэта прышрубаваць да дзвярэй свайго кабінета адпаведную шыльду і замовіць ламініраваныя візітоўкі, а зусім іншая - не толькі мець амбіцыі, але і адпавядаць ім. Па шчырасці, у сваім прафесійным жыцці мне давялося сустрэць зусім небагата людзей, якіх сапраўды можна назваць прадзюсерамі. Напэўна, я магла б пералічыць іх па пальцах адной рукі. Прадзюсер - гэта, у першую чаргу, маштабная асоба. Талент Радзівона Баса быў заўважны яшчэ ў яго студэнцкія гады. Вы не паверыце, але ўжо нават тады было відаць: яму пад сілу нават самы неверагодны праект! Магчыма, я трохі саманадзейна стаўлюся да сваёй інтуіцыі, але... усё адно лічу, што прыроджаных прадзюсераў можна распазнаць літаральна з першага погляду. Прадзюсер - гэта чалавек, у якога павінны працаваць абодва паўшар'і мозгу, прычым пажадана, каб яны ўключаліся адначасова. Адміністратар можа думаць толькі пра грошы або побытавыя клопаты. Мысленне ж прадзюсера мусіць быць куды больш маштабным.

Калі творчы бок праекта табе нецікавы, калі ты не здатны размаўляць з ягоным аўтарам на адной мове, ты можаш стаць хіба што адміністратарам, але не прадзюсерам. У нас такая блытаніна паняццяў распаўсюджана па-ранейшаму. Таму я абсалютна пераканана: поспех працы таго або іншага прадзюсера залежыць не толькі ад яго дзелавых здольнасцей, але і ад добрага густу. Уяўляеце, што будзе, калі чалавек, які не адчувае ўсіх нюансаў смаку ежы, адкрые ўласны рэстаран для гурманаў? Ці доўга ён пратрымаецца на плаву? Думаю, нават колькасць укладзеных у гэты праект сродкаў не стане ў дадзеным выпадку вызначальным фактарам. Увогуле, уменне ператварыць творчую ідэю ў грошы не такое лёгкае, як многім здаецца.

 "Я стамілася ад мыльных бурбалак!"

 - Мне пашчасціла пэўны час супрацоўнічаць з вядомым расійскім прадзюсерам Аляксандрам Акопавым - стваральнікам безлічы папулярных тэлепраектаў. Ад яго я навучылася казаць "Не" - між іншым, значна часцей, чым "Так". Навучылася мэтанакіраванасці і паслядоўнасці. Калі прадзюсер выразна не ўсведамляе, чаго ён хоча, яшчэ на этапе планавання праекта, добрых вынікаў чакаць не даводзіцца. Мне падабаецца мець справу з тымі прадзюсерамі, да якіх табе як аўтару яшчэ трэба "дацягнуцца". Лічу, прадстаўнік гэтай прафесіі і павінен быць такім. А калі я, рэжысёр, магу пралічыць на пяць хадоў болей за свайго прадзюсера, мне з ім працаваць нецікава. Падчас вашай дыскусіі я пачула такую метафару. Маўляў, шмат хто лічыць прадзюсераў гэткімі КарабасаміБарабасамі з вялікім бізуном, якія прыгнятаюць тонкія творчыя натуры сваімі няўмольнымі патрабаваннямі. Але, з іншага боку...

Я ведаю, што такое жорсткі графік, калі праца павінна быць зроблена ў канкрэтны тэрмін і ні днём пазней. І, прызнацца, такія ўмовы мне нават падабаюцца: яны дысцыплінуюць. А ў нас многія іх прымаць упарта не хочуць. "Карабаса-Барабаса" я не баюся. Вядома, у тым выпадку, калі ўсе ягоныя патрабаванні - абгрунтаваныя і пераканаўчыя, калі іх мэта - карысць для агульнай справы, а не жаданне дзе толькі магчыма праявіць сваю ўладу. Кепска, калі барада ў "Барабаса" - прыклееная, і ты гэта бачыш няўзброеным вокам. Бывае, часам так і хочацца за яе тузануць як след! І сказаць: будзьце ласкавыя пакінуць гэты лялечны тэатр для свайго вузкага сямейнага кола. Паверце, я вельмі стамілася ад мыльных бурбалак!

 "Хто плаціць, той і..."

 - Неяк я звярнулася да аднаго мінскага тэатральнага прадзюсера з ідэяй спектакля, якой тады літаральна "хварэла". І пачула такі адказ: ведаеш, класная ідэя, але ж я здолею прадаць гэты спектакль усяго разоў дзесяць, таму выбачай... Я не пакрыўдзілася. Многія творчыя людзі старанна ігнаруюць "матэрыяльнае вымярэнне". Ім прыкра, што грашовы фактар адыгрывае сваю ролю, і што нярэдка менавіта ён становіцца вызначальным аргументам у дылеме "быць альбо не быць". Але ж ад гэтага ў кожным разе нікуды не падзецца. Застаецца толькі адно: успрымаць такі статус-кво спакойна.

Слухаючы інтэрв'ю замежных рэжысёраў, мы часта можам сустрэць там гэткую фразу: маўляў, прадзюсер прымусіў мяне перазняць або выкінуць тую або іншую сцэну, і мне са скрыгатам сэрца давялося падпарадкавацца. Такія "рабочыя" сітуацыі будуць заўсёды,і заўсёды яны будуць траўматычнымі для аўтара. Але трэба разумець: той, хто плаціць, мае і апошняе слова. Лічу, разуменне гэтага - таксама праява прафесіяналізму з боку аўтара. Увогуле, прафесіяналы павінны гаварыць з прафесіяналамі на адной мове, і эмоцыі, крыўды тут непатрэбны. І яшчэ. Важна, каб "правілы гульні" праясняліся не пасля таго, як у працэсе працы ўзніклі пэўныя праблемы, а на самым пачатку. Дзеля гэтага і існуе папярэдняя распрацоўка матэрыялу. Калі прадзюсер адразу ж не імкнецца расставіць усе кропкі над "і" - гэта яўная прыкмета ягонага дылетантызму. Зрэшты, не трэба абмінаць увагай і адваротныя выпадкі. Адзін з іх варты заняць пачэснае месца ў падручніках па прадзюсерскай справе. Гутарка - пра наш мінулы ўдзел у "Еўрабачанні". Адразу агаваруся: я магу выказаць толькі свае суб'ектыўныя думкі і ні ў якім разе не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі. Артыст - гэта амаль заўсёды асоба з характарам. Прынамсі, на маім шляху "белыя і пушыстыя" амаль не трапляліся. Але калі вынік залежыць ад выхаду на сцэну аднаго канкрэтнага чалавека, на тое ты і прадзюсер, каб знайсці з ім агульную мову, пайсці на кампраміс і любой цаной дасягнуць паразумення. Прыстасоўвацца і выкручвацца - гэта тое, што прадугледжвае прафесія прадзюсера.

"Трэба, каб кожны займаўся сваёй справай"

 - Ці можа лічыць сябе прадзюсерам чалавек, які распараджаецца дзяржаўнымі сродкамі? Па гамбургскім рахунку, думаю, не. Ён выконвае прынцыпова іншую функцыю - якая, без усялякага сумневу, прадугледжвае вялізную адказнасць і таксама патрабуе інтуіцыі і добрага густу. Але гэтыя функцыі трэба падзяляць. Калі прадзюсер укладае ў той або іншы праект свае ўласныя, крэўныя, грошы ці, прынамсі, тыя сродкі, за эфектыўнае выкарыстанне якіх ён адказвае сваім кашальком, - ягонае стаўленне зазвычай усё ж іншае. У яго з'яўляецца канкрэтная мэта: вярнуць інвестыцыі з прыбыткам. Іншая справа - гэта тыя ўзоры прадзюсерства, якія, насамрэч, больш блізкія да мецэнацтва. Чалавек зарабіў грошы, скажам, на нерухомасці або на вытворчасці і хоча ўкласці іх у шоу-бізнес. На вялікі жаль, падобныя праекты ў нас нярэдка паўстаюць пад час сяброўскай бяседы:пасядзелі, пагутарылі, а нараніцу пачынае балець галава ад пытання - што ж з гэтым усім далей рабіць? На Захадзе перад тым, як прыняць рашэнне, мецэнаты звяртаюцца па кансультацыю да прафесіяналаў: каб іх сродкі былі адрасна скіраваны на патрэбную справу. На брак мецэнатаў сёння скардзяцца літаральна ўсе творцы. Але тут мне прыгадваецца тая сітуацыя, якая склалася ў нас у часы перабудовы: тады бізнес падтрымліваў мастацкія праекты куды ахвотней, і нярэдка дапамога спонсараў была досыць шчодрай. Паводле майго меркавання, мы, творчыя людзі, самі гэтых спонсараў і расчаравалі, бо не скарысталі атрыманыя сродкі на тое, каб стварыць нешта папраўдзе значнае. Ну, знялі нешта, ну, паставілі...

Шмат у чым такія ініцыятывы былі нашай забаўкай для саміх сябе. А вось калі вы прыедзеце ў госці да сябра ў Бразілію і пачуеце ад яго натхнёныя водгукі... ну, скажам, пра апошні фільм Надзеі Гаркуновай... Тады стане зразумела, што лёд сапраўды крануўся, і наша творчасць цікавая гледачам. Тады і мецэнаты будуць з'яўляцца ахвотней. Больш чым упэўнена! ...Тэма прадзюсерства "ўсплывае" ўжо далёка не ўпершыню. Абмяркоўвалася яна і дзесяць, і нават дваццаць гадоў таму. Час ідзе, а прагрэсу пакуль асабліва і не відаць. Што трэба зрабіць, каб воз усё ж зрушыўся з месца? Перш-наперш - не саромецца вучыцца, а ездзіць у пошуках карыснага досведу, не шкадаваць на гэта часу і сродкаў. Ёсць жа ў каго пераняць вопыт і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Вільнюсе, пра далёкае замежжа я нават і не кажу. Важна, каб прадзюсерскаму майстэрству вучылі не "тэарэтыкі", але тыя мэтры, якія на практыцы даказалі ўласную кампетэнтнасць у гэтым пытанні. Урэшце, трэба, каб кожны займаўся сваёй справай. Каб спевакі спявалі, адміністратары вырашалі адпаведнае кола пытанняў, каб тыя людзі, якія не маюць да прадзюсерства схільнасцей, не валодаюць адпаведнымі навыкамі, за гэтую справу і не браліся. Дарэчы, ува мне таксама сядзіць прадзюсер. Але я баюся яго "выпускаць на волю": надта вялікая адказнасць...

P.S. Выказаныя Надзеяй Гаркуновай думкі могуць стаць добрай прэамбулай да доўгай і сур'ёзнай гутаркі адносна рэалій і перспектыў беларускага прадзюсерства, якую мы працягнем на старонках "К". Заахвочваем далучыцца да яе і чытачоў.  

У вас ёсць меркаванне пра інстытут прадзюсерства ў Беларусі? Выкажыце яго на форуме нашага сайта www.forum.kimpress.by