Акцэнт на рэальныя патрэбы

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

- У апошнія гады працэс размеркавання і працаўладкавання выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны значна палепшыўся. Калі раней працэнт выпускнікоў, якія маюць права самастойнага працаўладкавання з-за адсутнасці працоўных месцаў быў дастаткова вялікі, то летась такое права мелі толькі тыя, у каго былі льготы. Гады тры таму многія выпускнікі не маглі знайсці для сябе работу пасля сканчэння вучобы, нават бюджэтнікі працаўладкоўваліся свабодна. Сёння такой сітуацыі амаль не назіраецца, бываюць рэдкія выпадкі: да прыкладу, у Брэсцкай вобласці выкладчык флейты быў не патрэбны, то цягам некалькіх месяцаў мы знайшлі яму працу ў іншым месцы. Каля 45% выпускнікоў едуць у сельскую мясцовасць, з іх прыкладна 30% - у аграгарадкі.

 

 

Аграгарадкі з'яўляюцца вельмі прывабным месцам, паколькі ў большасці выпадкаў выпускнікоў забяспечваюць добрым жыллём, і яны імкнуцца тут застацца. Калі чалавек накіроўваецца ў звычайную вёску, то тут складаней, хоць і будуюцца новыя дамы. Усё залежыць ад адміністрацыі раёна, ад таго, наколькі моцную патрэбу ў спецыялістах яна мае і ці зацікаўлена ў развіцці культуры. Усё часцей атрымліваюць накіраванне на работу і добра працуюць тыя выпускнікі, якія вучыліся платна, што азначае: яны - запатрабаваныя. Заявак ад кіраўнікоў устаноў культуры прыходзіць вельмі шмат, і бюджэтнікамі іх не задаволіць. Пазітыўная тэндэнцыя - у тым, што практычна няма такіх людзей, якія не з'явіліся на працу па размеркаванні, у цэлым размеркаванне 100%. Невялікі працэнт хлопцаў ідзе ў армію. У сярэднім 40% выпускнікоў ССНУ паступае вучыцца далей. Міністэрства адукацыі ў кастрычніку 2008 года зацвердзіла Палажэнне аб прагназаванні патрэб у працоўных рэсурсах для фарміравання заказаў рабочых, служачых і спецыялістаў за кошт бюджэтных сродкаў. Установы адукацыі будуць больш цесна супрацоўнічаць з заказчыкамі, з установамі, куды пасля будуць размеркаваны спецыялісты. Колькі заявак пададуць заказчыкі, такімі будуць і кантрольныя лічбы прыёму ў ССНУ. Спадзяюся, што гэтае Палажэнне дасць нам больш "мэтавікоў", больш будзе заключацца дагавораў, і ў сувязі з гэтым патрэбы ў спецыялістах будуць забяспечвацца больш дасканала.

Сёння ўсе галіны змагаюцца за тое, каб павялічыць заработную плату для сваіх работнікаў, і галіна культуры - не выключэнне. Але, вядома, для сацыяльнай сферы павышэнне заробкаў адбываецца больш складана, чым для іншых. Мы таксама разумеем, што грашовыя кампенсацыі, якія даюць чалавеку, што здымае кватэру, канешне ж, недастатковыя. Зараз супрацоўнікі Міністэрства працуюць над тым, каб павялічыць заработную плату для педагогаў музычных школ і школ мастацтваў. Магчыма, будуць змены. Варта адзначыць, што вельмі добра размяркоўваюцца харэографы: іх шмат дзе не хапае. Складаная сітуацыя была з размеркаваннем у ансамбль "Харошкі" выпускнікоў Гродзенскага і Пінскага каледжаў мастацтваў, якая згадваецца ў матэрыяле. У гэты танцавальны калектыў патрабуюцца цікавыя тыпажы, і яго кіраўніцтва вельмі жадала ўзяць маладых людзей, якія не адзін месяц ці год супрацоўнічалі з ім. Але ў Гродзенскім упраўленні культуры адмовіліся аддаваць сваіх людзей у мінскі ансамбль, бо там, на месцы, ёсць свой: "Белыя росы". Лічбы прыёму фарміруюцца з улікам патрэб рэгіёна, і вельмі пажадана, каб выпускнікі, на якіх разлічвалі на радзіме, туды і прыходзілі працаваць. Міністэрства ўмяшалася, каб "Харошкам" аддалі тыя таленты, на каго яны разлічвалі. Так і адбылося, але ўлічваюцца, у першую чаргу, не пажаданні саміх маладых людзей і арганізацый, якія "не мясцовыя", а рэальныя патрэбы вобласці і раёнаў.

Людміла МУХА,

галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: