Як даказаць сваю патрэбнасць на турыстычным маршруце?

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Развіццё сельскага турызму — справа, неаспрэчна, грашовая, а таму перспектыўная і неадкладная. Але... Бюджэтаўтваральная туріндустрыя і па сёння — у зародкавым стане. І асноўнае тлумачэнне тут, падаецца, досыць простае. Не ўсе структуры і ведамствы ў межах асобна ўзятага рэгіёна аднолькава зацікаўлены ў развіцці ўласнага гісторыка-культурнага іміджа, які, мяркуючы па сусветным досведзе, не толькі вабіць гасцей, прагных да сельскіх вандровак, але і прыносіць стабільны грашовы прыбытак. І гэтая хіба раз’яднанасці намаганняў уласцівы не толькі Клічаўскаму раёну. Між тым, любы выпадковы турыст-экскурсант зазначыць у захапленні: “Клічаўская зямля — выключна багатая на гістарычныя і прыродныя багацці!” Гэта ж сцвярджае і дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея Наталля Храмянкова. Паколькі большая палова раёна — лясныя забалочаныя масівы, дык не вялікае дзіва, што знаходзіцца тут аж 39 помнікаў прыроды. У тым ліку — гідралагічны заказнік “Астравы Дулебы” з некранутай флорай і першароднай фаунай, дубова-грабавы гай ля вёскі Бёрда, дэндралагічны парк... Таму цягам года на непраходных балотах Клічаўшчыны шчыруе не адзін дзесятак замежных паляўнічых, грашовы даход ад візітаў якіх адчувальны пакуль толькі для мясцовага лясгаса...

/i/content/pi/cult/229/3094/10-1.jpgЗ чаго пачынаць?

 Слаўная Клічаўшчына і сівой даўніной. Толькі ля аднаго дзіцячага аздараўленчага лагера "Вольса" знаходзіцца больш за паўсотні валатовак Х - ХІ стагоддзяў. Добра вядомы і такі факт: менавіта ў клічаўскіх лясах гуртаваліся паўстанцкія атрады Кастуся Каліноўскага. А Клічаўская партызанская зона ў час Вялікай Айчыннай вайны была настолькі актыўнай, што ў сакавіку 1942-га партызаны ачысцілі ад акупантаў амаль увесь раён, а ў красавіку аднавілі на Клічаўшчыне савецкую ўладу... Адзіны экскурсійны маршрут, што прыносіць аддзелу культуры Клічаўскага райвыканкама хоць і невялікія, але стабільныя грошы, звязаны пакуль з наведваннем трох аб'ектаў: краязнаўчага музея, мемарыяльнага комплексу "Усакіна", дзе рэканструявана лясная партызанская база, і музейнага аптэкарскага агарода, дзе вырошчваюцца лекавыя зёлкі. Гэты маршрут прыносіцьмузею каля 40 працэнтаў ад агульных грашовых пазабюджэтных паступленняў. Паказчык, на першы погляд, неблагі, ды толькі агульныя гадавыя паступленні не перавышаюць трох мільёнаў. Справа ў тым, што маршрутам карыстаюцца пакуль толькі вучні школ Бабруйскага, Бярэзінскага і Клічаўскага раёнаў, а кошт квіткоў для іх, зразумела, - мізэрны. Словам, паўнацэнны турызм на Клічаўшчыне - толькі ў задумах. А вельмі хацелася б мясцовым уладам на дасканала распрацаваных і шырока разгалінаваных экаі аграмаршрутах наладзіць планавае культурнае абслугоўванне не толькі замежных паляўнічых, але і айчынных аматараў беларускіх фальклору, гісторыі і прыроды. Бо ў невялічкім па памеры і насельніцтве раёне працуе аж 10 народных і ўзорных самадзейных калектываў, у тым ліку славуты ансамбль народнай песні і музыкі "Жытніца", што дзейнічае пры СДК не менш славутай вёскі Арэхаўка, без якой будучы турмаршрут, як падаецца, - не маршрут... І ўсе гэтыя творчыя калектывы гатовы ўключыць ва ўласную пазабюджэтную дзейнасць новы від платных паслуг: "абслугоўванне турыстаў". Гатовы, але з чаго пачынаць - не ведаюць.

 "Вольса" стане базай/i/content/pi/cult/229/3094/10-2.jpg

 І такі стан спраў вельмі непакоіць начальніка аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Рыгора Валжанкова, які хоць і працуе на гэтай пасадзе толькі восем месяцаў, але цудоўна разумее, што самадастатковасць рэгіянальнай культуры немагчымая без няспыннага творчага пошуку. Адна з кропак штодзённага прыкладання сіл, як перакананы начальнік аддзела, - развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры. І зроблена ў гэтым кірунку сёлета нямала. Пры плане 126,2 мільёна рублёў атрымана за кошт аказання платных паслуг больш за 134 мільёны, таму і сярэднямесячны заробак культасветнікаў вырас у жніўні да 626,3 тысячы рублёў. Але адзін з нявыкарыстаных рэзерваў - культурнае абслугоўванне рэгіянальнага сельскага турызму. І чым раней тут пачнеш "варушыцца", тым раней атрымаеш жаданы плён. Дык з чаго ж пачынаць? Падказку дае начальнік аддзела спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама Аляксандр Дрэнь - аднадумца Рыгора Валжанкова і адзін з аўтараў стварэння сённяшняга экскурсійнага маршруту "Краязнаўчы музей - мемарыяльны комплекс "Усакіна": - Неўзабаве прафсаюзны лагер "Вольса" пяройдзе на баланс аддзела адукацыі, займее статус юрыдычнай асобы, з установы, якая выкарыстоўвалася толькі летам, ператворыцца ў турбазу, што будзе дзейнічаць цягам усяго года. Аб'ект трэба ўключаць у турыстычны маршрут, бо апрача жылых памяшканняў ёсць тут глядзельная зала, летняя канцэртная пляцоўка, дзе перад турыстамі, у тым ліку і замежнымі, могуць выступіць на платнай аснове і "Жытніца", і іншыя нашы творчыя самадзейныя калектывы, а народнае аматарскае аб'яднанне "Спадчына", што дзейнічае пры РДК, рэалізуе гасцям вырабы традыцыйнага мясцовага мастацтва... У Арэхаўцы ж кіраўніцтва УКСП "Саўгас "Добраахвотнік" узвяло ля мясцовага вадасховішча Дом рыбака. Ён, як думаецца, - таксама адзін з перспектыўных аб'ектаў раённага сельскага турызму...

/i/content/pi/cult/229/3094/10-3.jpgСад камянёў і бізнес-планы, якіх яшчэ няма

 Так з начальнікам аддзела культуры мы і аказаліся ў Арэхаўцы. Агляд мясцовых адметнасцей заняў не адну гадзіну. Па-першае, уразіў Сад камянёў, створаны на ўездзе ў вёску па ініцыятыве кіраўніка "Добраахвотніка" Алега Портніка. Уявіце: асобныя валуны тут - памерам з хату! І кожны з іх знойдзены на тэрыторыі раёна, дзе ў свой час як след "пасвавольнічаў" ледавік. Упрыгожвае "камянёвы" сад скульптурная выява Арфея, што сімвалізуе не толькі прагу да мастацтва, але і любоў да роднай зямлі. І сімвал гэты мае, так бы мовіць, персаніфікаванае пацвярджэнне. Справа ў тым, што "Добраахвотнікам", які быў адзначаны на нядаўніх "Дажынках-2009" за рэкордны - больш чым 60-цэнтнерны - ураджай збожжавых, кіруе сёння сапраўдны мецэнат і спонсар вясковай культуры Алег Портнік, асоба, шчыра скажам, унікальная. Знаходзіць час і магчымасці, каб падтрымаць мясцовую ДШМ. Да прыкладу, набыў для ўстановы і тамтэйшага ансамбля "Жытніца" тры шыкоўныя скрыпкі, зніжаным коштам харчавання ў мясцовай кавярні і добраўпарадкаваным жытлом дапамагае не толькі маладым сельскагаспадарчым кадрам, але і маладым спецыялістам культасветы... Сад камянёў - не адзінае адхланне няўрымслівай душы Портніка. Паказаў ён нам і Дом рыбака. Сапраўды, такую раскошу можа дазволіць сабе толькі заможная гаспадарка: ля возера ўтворана зона адпачынку, разбіты парк, уладкаваны месцы для рыбалкі, узведзена ўтульная гасцёўня... Словам, зроблена спроба ў межах аднаго сельскагаспадарчага прадпрыемства адказаць на пытанне "Што такое сучасны сельскі турызм?". "Першапачатковая" матэрыяльная база ўжо створана, Дом рыбака выкарыстоўваецца ўжо як гасцявы і, так бы мовіць, іміджаўтваральны для Клічаўшчыны, але для масавага турызму пакуль не выкарыстоўваецца.

Пачынаць - з менеджменту/i/content/pi/cult/229/3094/10-4.jpg

Як перакананы Алег Портнік, сур'ёзны турызм немагчымы без сур'ёзнага менеджменту, а паўнацэнны адпачынак каштуе нятанна, таму пашырэнне турыстычнай зоны ў межах Арэхаўкі і ўзвядзенне дадатковых дамкоў у прыазёрным парку пакуль эканамічна немэтазгодныя. Тым не менш, па меркаванні намесніка старшыні Клічаўскага райвыканкама Канстанціна Захарчанкі, і Сад камянёў, і Дом рыбака з прылеглай зонай адпачынку неўзабаве абавязкова будуць уключаны ў якасна дапрацаваны турыстычны маршрут па Клічаўшчыне. А каб не было міжведамасных рознагалоссяў, за стол агульнараённых турыстычных перамоў павінны сесці і раённыя ўлады, і эканамічныя службы, і прадстаўнікі райвыканкамаўскіх аддзелаў культуры, адукацыі, спорту і турызму, работнікі лясгаса, гандлю і бытавога абслугоўвання... Зразумела, усе пытанні ўвобмірг не вырашаюцца. Хаця б з той прычыны, што развіццё бюджэтаўтваральнага турызму без сур'ёзных грашовых інвестыцый так і застанецца нязбыўнай марай. Таму пошук інвестараў, як і прыцягненне ў турыстычную сферу прыватнага бізнесу (а першая прыватная аграсядзіба ў Клічаве ўжо ўзводзіцца), - умова для ўмацавання турыстычнай галіны самая немалаважная. А работнікі мясцовай культуры, па словах Рыгора Валжанкова, заўжды гатовы забяспечыць культурнае абслугоўванне любога турыстычнага маршруту. Кіраўнік народнага ансамбля народнай песні і музыкі "Жытніца" Уладзімір Ваакс, які адначасова з'яўляецца і дырэктарам Арэхаўскай ДМШ, на гэты конт выказваецца таксама адназначна: маўляў, не толькі гастралюем па Беларусі і за яе межамі, але і на фермах ды на мехдварах выступаем, дык чаму б і ў агульнай справе турразвіцця не паўдзельнічаць?

/i/content/pi/cult/229/3094/10-6.jpgШто загнала ў тупік?

 Я звярнуўся ў мінскія турбюро і турагенцтвы, знайшоўшы іх каардынаты ў Інтэрнеце. Задаў кожнаму з дзесяці аднолькавае пытанне: "Дзе мне прапануюць сельскі адпачынак?" і пачуў дзесяць аднолькавых адказаў: "Мы экаі агратурызмам не займаемся!". Затым звязаўся прыкладна з дзесяткам магілёўскіх турагенцтваў і тураператараў, каардынаты якіх змешчаны пад адзінай сайтавай назвай "Агратурызм". Як ні дзіўна, адказы атрымаў таксама адмоўныя. Раззлаваўшыся, наўпрост выйшаў на ўладальнікаў прыватных аграсядзіб на Магілёўшчыне (клічаўскіх адрасоў, натуральна, не знайшоў). Гаспадары з вялікай прыязнасцю і гасціннасцю запрасілі ў госці, прапанаваўшы камфорт жытла, басейны і лазні, нацыянальныя стравы, лясныя шпацыры, аглядавыя экскурсіі і рыбалкі. Аднак маё пытанне "Ці ёсць у вас дамовы з мясцовым аддзелам культуры і ці магу я ўвечары, "стомлены" ад паўнацэннага адпачынку ў лесе і ад смачных дранікаў, паслухаць за ўласныя грошы аўтэнтычны фальклорны гурт?" кожнага літаральна загнала ў тупік. Няма ніякіх дамоў з аддзеламі культуры! Кожны з прыватнікаў-суразмоўцаў "клятвенна" паабяцаў мне, што такі кантакт з мясцовымі ўладамі яны абавязкова наладзяць. Але хто да каго павінен ісці першым? Начальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Рыгор Валжанкоў упэўнены: ініцыятыва тут павінна зыходзіць менавіта ад мясцовых культасветнікаў, якія таксама сёння імкнуцца зарабіць і штодня пашыраюць п р а с т о р у п а з а б ю джэтнай дзейнасці. Аднак прыватная аграсядзіба ў Клічаве яшчэ толькі ўзводзіцца, складанне агульных з аддзелам культуры бізнеспланаў - хоць і блізкая, але перспектыва. А летнік "Вольса" яшчэ не стаў турбазай з круглагадовым цыклам працы і прадуманым рэпертуарам канцэртнай дзейнасці, разлічаным на самы розны паводле фінансавых магчымасцей турыстычны кашалёк. Але загадчык аддзела спорту і турызму мясцовага райвыканкама перакананы: пачынаць справу патрэбна не толькі з агульнага ўнутрыраённага "мазгавога штурму" на тэму "Што такое сельскі турызм, і як яго зрабіць выгадным для кожнага рэгіянальнага ведамства?", але і з рэкламы турыстычных аб'ектаў Клічаўшчыны. Так, задзел на заўтра і паслязаўтра рыхтаваць трэба ўжо сёння. І не варта тут спадзявацца, як паказвае практыка, на нядбайных тураператараў. "Сайт, які ўтрымліваў бы звесткі пра гісторыю і культуру раёна, неабходна ствараць самім!" - пагаджаецца дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея Наталля Храмянкова. Каб пазначыць на ім патэнцыйныя маршруты, звесткі пра гасцініцу, кавярні, музейныя, клубныя і бібліятэчныя магчымасці, пра тое, што апрача названых цікавостак можна пабачыць на Клічаўскай зямлі рэшткі маёнтка Караля Станіслава Незабытоўскага (падкова з ягонага родавага герба цяпер - на гербе Клічава), на рэчцы Вольса - жарон былога вадзянога млына графа Маўрыкія Патоцкага, а ў выніку раскопак адной з валатовак мясцовым музейшчыкам дастаўся унікальны медальён з выявай грыфона... Сённяшні райвыканкамаўскі сайт, мякка кажучы, беднаваты ў гэтых адносінах. Як распавядае Наталля Храмянкова, музей збіраўся стварыць свой. Чакалі для гэтага выпускніка БДУ, гісторыка і праграміста па спецыяльнасці, размеркаванага ў раён... "Не даехаў" той малады спецыяліст да месца працы. Здзіўляцца не даводзіцца, бо заробак у мясцовых работнікаў музея не перавышае, у лепшым выпадку, 380 тысяч... Але гэта - тэма для іншага артыкула.

Дзе прыдбаць сувенір? /i/content/pi/cult/229/3094/10-7.jpg

Як кажа начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, спадчына начальніку аддзела культуры Рыгору Валжанкову дасталася яшчэ тая. Ды за 8 месяцаў здолеў Валжанкоў становішча выправіць. І з пазабюджэтнай дзейнасцю, і з матэрыяльнай базай, і з творчым падыходам да вырашэння клубных ды бібліятэчных праблем... Але ў раёне паранейшаму няма Дома рамёстваў. А ягоная дзейнасць у рэчышчы будучай туріндустрыі гэткая ж важная, як і складнік клубнага забеспячэння экскурсійных маршрутаў. Так што і гэтую справу Рыгор Валжанкоў змушаны пачынаць з нуля. Памяшканні ўжо знойдзены: два класы былой сярэдняй школы ў Клічаве. На парадку дня - анкетаванне мясцовай дзятвы, публікацыі рэкламных артыкулаў у райгазеце, падбор адпаведных майстроў-рамеснікаў, на якіх у раёне дэфіцыту няма. І будзе гэта не дом, а школа рамёстваў па прыкладзе горацкай. Пра яе наша газета пісала ў артыкуле "Як грошы зарабіць і на што іх патраціць?" (гл. "К" № 11 за 2009 г.). Так што днямі спецыялісты аддзела выправяцца ў Горкі па досвед не толькі навучання традыцыйным рамёствам, але і рэалізацыі сувенірнай прадукцыі. Без гэтага - які турызм? Цалкам пагаджаецца з такой пастаноўкай пытання кіраўнік народнага аматарскага аб'яднання "Спадчына" Валянціна Дабравольская. "Спадчына" дзейнічае пры РДК не адзін дзесятак гадоў, мае ў складзе больш за 30 самадзейных майстроў, якія працуюць у самых розных жанрах народнага мастацтва. Тут і лоза-, саломкапляценне, і вышыўка з бісерапляценнем, і разьба па дрэве. Дапаможа Валянціна Дабравольская і будучай школе рамёстваў, бо вопыт мае не толькі ў творчасці, але і ў арганізацыйнай дзейнасці. Справа ў тым, што за савецкім часам кіравала яна мясцовым турыстычным бюро, і добра памятае, калі раён за год наведвала больш чым па 20 тысяч турыстаў: і з Самарканда, і з Архангельска, і з Масквы... Ці не час адраджаць традыцыі?!

"Усакіна" чакае /i/content/pi/cult/229/3094/10-8.jpg

 Падаецца, яшчэ адзін вопыт будзе карысным для мясцовых культасветнікаў, якія не ўяўляюць турыстычнага развіцця без свайго важкага ўнёску. Наша газета ў артыкуле "Не трэба нам бераг турэцкі" (гл. № 24 за 2007 г.) распавядала пра тое, як на Расоншчыне ў межах рэгіянальнай праграмы развіцця турызму аддзел культуры пачаў выкарыстоўваць Музей партызанскага побыту пад адкрытым небам не толькі для экскурсій, але і для наладжвання маштабных тэатралізаваных дзей. Усе паслугі - платныя. Аўтатранспартам турыстаў забяспечвае аддзел культуры.

Сярод экскурсантаў- не толькі мясцовыя школьнікі, але і цікаўныя з усёй Беларусі і замежжа. На Клічаўшчыне таксама ёсць рэканструяваная партызанская база, якая з'яўляецца лагічным працягам Мемарыяльнага комплексу "Усакіна". Тут заўжды шмат экскурсантаў. Паглядзець ёсць на што: зямлянкі, студня, хлебапякарня, бруствер з месцамі для агнявых кропак, сапраўдныя варонкі ад бомбаў і снарадаў. Адна з зямлянак мае маленькую экспазіцыю партызанскага побыту... Але ў адрозненне ад інтэрактыўнай машэраўскай партызанскай базы на Расоншчыне "Усакіна" падаецца рэканструкцыяй больш пасіўнай. Начальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Рыгор Валжанкоў у самым хуткім часе збіраецца яе ажыўляць мясцовымі самадзейнымі тэатральнымі сіламі. А сюжэты дзей і пастановак могуць быць самымі рознымі. Нагадаю, ва ўсакінскіх лясах базіраваўся Магілёўскі падпольны абкам партыі і штаб абласной ваенна-аператыўнай групы... Выпускаліся газеты "Голас партызана" і "За Радзіму". Дзейнічаў першы на Беларусі партызанскі аэрадром. Да пачатку 1944-га пад аховай 17 тысяч партызан знаходзілася больш за 70 тысяч мірных жыхароў... Пагадзіцеся, глеба для стварэння будучых інтэрактыўных дзей-рэканструкцый - самая багатая. Гэткі крэатыў прываблівае і дырэктара Клічаўскага краязнаўчага музея Наталлю Храмянкову, якая, у сваю чаргу, прапаноўвае Валжанкову: "А чаму б будучым турыстам перад наведваннем "Усакіна" не заехаць у вёску Альхоўка, дзе жыве колішні партызан Іван Сцяпанавіч Крыванос?" Сапраўды, прапанова слушная. Хто ж адмовіцца пагутарыць з былым удзельнікам Вялікай Айчыннай, якому ў час вайны было толькі 17 гадоў, з першых вуснаў даведацца і пра жыццё, і пра смерць, і пра подзвіг? Цяпер раённыя музейшчыкі працуюць і над тым, каб уключыць у экскурсійнае абслугоўванне яшчэ два аб'екты: дэндрапарк мясцовага лясгаса і помнік старажытнай славянскай культуры пахавання ў вёсцы Баркі. Маўляў, перспектывы перспектывамі, але і пра сённяшнюю пазабюджэтную музейную дзейнасць трэба дбаць з усёй адказнасцю.

Бібліятэкары аддзячаць мёдам

Дырэктар Клічаўскай ЦБС Ірына Фясько катэгарычна супраць таго, што бібліятэкары ў параўнанні з клубнікамі - "ціхія" і некрэатыўныя. У 21 бібліятэцы - 23 віды платных паслуг. За сем месяцаў тут зароблена 12 мільёнаў рублёў. Усе гэтыя грошы пайшлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Да прыкладу, Цэнтральная райбібліятэка мае ўвесь набор камп'ютэрнай тэхнікі для выдавецкай дзейнасці. Вырабляюць не толькі платныя календары і блакноты, але і рэкламныя буклеты і брашуры, у тым ліку і турыстычнага прызначэння. А бібліятэчныя даследаванні "Край мой - Магілёўшчына" маюць электронныя аналагі і ўтрымліваюць усе звесткі пра гісторыю і сённяшні дзень Клічаўшчыны. Як распавядае начальнік аддзела культуры, кожны бібліятэкар у рэгіёне - патэнцыйны тураператар. Больш за тое: асобныя бібліятэчныя ўстановы, па меркаванні дырэктара Клічаўскай ЦБС, неўзабаве можна ўключаць і ў платныя турыстычныя маршруты. Да прыкладу, у адпаведнасці з раённай экалагічнай праграмай "Здароўе", Максімавіцкая сельская бібліятэка, што месціцца ў мясцовым СДК, займее праз час Музей мёду. Тамтэйшая бібліятэкарка Кацярына Сакава, не без падтрымкі дырэктара Сяргея Шчэпкі, мяркуе сабраць у асобным памяшканні нядаўна адрамантаванай установы ўсё, што звязана з пчолагадоўляй, якая тут і па сёння выключна папулярная, і нават збіраецца распачаць рэалізацыю мёду. Задумка, што і казаць, надзвычай цікавая. І яшчэ адна перспектыва бібліятэчнага развіцця ў турыстычнай рэгіянальнай прасторы. Дырэктар ЦБС, маючы на ўзбраенні аўтабібліятэку, збіраецца па прыкладзе асіповіцкіх калег стварыць мабільны тэатр, дзе самадзейныя артысты ў касцюмах роставых лялек вельмі няблага зарабляюць у час фотасесій заезджых гасцей (гл. артыкул "К" "Маркетынгавы драйв ЦБС", № 17 за 2008 г.).

Не пераблытаць!

На развітанне дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганна Коўрык распавяла вось якую гісторыю. Гадоў з 10 таму нейкія эстрадныя зоркі вырашылі выехаць на гастролі ў Клічаў. Выехалі. Але трапілі ў Крычаў. Канцэрт прыйшлося на некалькі дзён адкласці. А мараль - наступная: і Клічаў павінен быць адметным і незабыўным, і Крычаў.

Мінск - Клічаўскі раён - Мінск

 Фота аўтара  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"