К3 + шанцаванне = новая формула поспеху “Беларусьфільма”?

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

У адзін з апошніх цёплых вераснёўскіх дзён па прыгожай туевай алеі сталічнага Батанічнага саду праходжваліся некалькі чалавек са стрэльбамі і ў старадаўняй вопратцы з апазнавальнымі знакамі італьянскіх “гарыбальдыйцаў”. Насустрач ім крочыў барадаты чалавек у капелюшы з шырокімі палямі. Гэтую “карцінку” ў той вечар трансліравалі ўсе нацыянальныя тэлеканалы: Андрэй Кудзіненка распачаў здымкі “Масакры” — стужкі, якая рызыкуе стаць знакамітай яшчэ да таго, як выйдзе на экраны. “К” ужо неаднойчы пісала пра гэты смелы і вельмі незвычайны для айчыннага кіно праект: ці не ўпершыню на “Беларусьфільме” здымаецца карціна, якую самі аўтары адкрыта называюць “фільмам жахаў”. Яе рэжысёр зусім нядаўна вярнуўся ў Мінск пасля некалькіх гадоў працы ў Расіі, таксама, як і яго калегі Аляксандр Колбышаў і Аляксандр Канановіч. Праца над стужкамі апошніх ужо выходзіць на фінішную прамую: “Ваўкі” Колбышава патрабуюць толькі перазапісу гуку, Канановіч актыўна манціруе сваё “Дрэва”. Калі меркаваць па гучных заявах, кожны з трох фільмаў абяцае стаць калі не з’явай у мастацтве, дык важнай старонкай у летапісе самой студыі. І сапраўды: гэтыя здымкі і асобы іх аўтараў выклікалі вялікую хвалю цікавасці з боку грамадства да “Беларусьфільма”. З іншага боку, ці можна лічыць “куранят”, не дачакаўшыся “восені”, і ці чакае нас у хуткім часе новы росквіт беларускага кінамастацтва?

/i/content/pi/cult/228/3064/5-1.jpg Каб зняць "самы лепшы фільм"

Жанравыя стужкі вельмі доўга былі не ў пашане ў кіраўніцтва савецкага кіно, але шараговы глядач заўсёды выбіраў менавіта іх, "галасуючы рублём і нагамі". Беларускі кінематограф рэдка адзначаўся касавымі хітамі, але гэтыя ўдачы помняць дасюль: авантурна-прыгодніцкі баявік Уладзіміра Корш-Сабліна "Чырвонае лісце" з бессмяротным хітом пра "белую немецкую ромашку полевую", дзіцячы прыгодніцкі фільм Льва Голуба "Дзяўчынка шукае бацьку" (пра гэтую стужку чытайце на стар 15.), "народную" камедыю Ігара Дабралюбава "Белыя Росы", вострасюжэтную драму Валерыя Рыбарава "Мяне завуць Арлекіна".

 Нельга сказаць, што гэтыя карціны былі зняты ў чыста галівудскай манеры, але сакрэт іх прывабнасці для гледача, безумоўна, - у элементах відовішчнасці, якімі напоўнілі (наўмысна ці не) іх рэжысёры. Менавіта такім шляхам пры здымках свайго ваеннага трылера "У жніўні 44-га..." ішоў Міхаіл Пташук - апошні рэжысёр, якому ўдалося сказаць гучнае слова ў беларускім ігравым кінамастацтве. Што, зноў жа, адзначана высокім глядацкім рэйтынгам: ягоная стужка не сыходзіць з тэлеэкранаў і сёння. Пасля Пташука было зацішша: аўтары "Анастасіі Слуцкай" і "Глыбокай плыні" так цалкам і не выкарысталі відовішчны патэнцыял свайго матэрыялу. Часам здавалася, што на "Беларусьфільме" забыліся, якое стагоддзе на двары і якога тыпу стужкі з'яўляюцца касавымі лідэрамі ў сусветным пракаце. - Калі ў пачатку 2000-х я прынёс на студыю сцэнарную заяўку "Мы з будучыні", якую проста знайшоў у Інтэрнэце на сайце ВГИКа, ад яе амаль што адмахнуліся, - эмацыянальна апавядае Аляксандр Колбышаў гісторыю свайго супрацоўніцтва з кінастудыяй. - Узамен прапанавалі іншы сцэнарый, ад якога адмовіўся ўжо я. Ведаеце, як было крыўдна, калі "Мы з будучыні" ўсё-такі знялі ў Расіі! Стужка пра тое, як некалькі сучасных маладых людзей раптам трапляюць у самы эпіцэнтр Вялікай Айчыннай, някепска прайшла па экранах, у тым ліку беларускіх, мела пэўны розгалас...

А гэта была наша, традыцыйная ваенная тэма! Дзякаваць Богу, з "Ваўкамі" атрымалася іначай. "Ваўкі" - гэта аповесць сцэнарыста і рэжысёра Аляксандра Чакмянёва, якая была напісана ў 1963 годзе на хвалі хрушчоўскай "адлігі", але пабачыла свет толькі праз дзесяцігоддзі. Цяпер менавіта на стужку па аповесці Чакмянёва "Беларусьфільм" ускладае вялікія, у тым ліку і фестывальныя, надзеі. Спадзяванні існуюць не на пустым месцы: мастацкі ўзровень працоўнага матэрыялу і агульная, у тым ліку візуальная, рэжысёрская канцэпцыя (у чым упэўніўся карэспандэнт "К") "Ваўкоў" уражваюць. Стужка прымусіць звярнуць увагу на беларускае кіно спецыялістаў з іншых краін. Працы спрыяла і абнаўленне тэхнічнага абсталявання: упершыню практычна ўсе неабходныя для вытворчасці стужкі аперацыі рабіліся на "Беларусьфільме" высілкамі мясцовых спецыялістаў. Замежныя ж тэхнікі спатрэбіліся толькі на канчатковым этапе перазапісу гуку, і тое - больш для падстрахоўкі. Усе наступныя стужкі будуць стварацца цалкам на базе Нацыянальнай кінастудыі.

Параўноўваць "Беларусьфільм" з Галівудам - сумнеўная справа, але здымачны перыяд "Ваўкоў" доўжыўся ўсяго 48 дзён - добра нават па заакіянскіх стандартах. Галоўныя ролі выконваюць добра вядомыя публіцы (і не толькі айчыннай) акцёры Уладзімір Гасцюхін і Андрэй Панін. А раней на "Беларусьфільме" былі рады, калі ўдавалася запрасіць для ўдзелу ў пастаноўцы хоць нейкую "зорку" расійскага серыяла... Галоўнае ж - тое, што цяпер называецца ёмістым паняццем "піар". Ці не ўпершыню з часу здымак "У жніўні 44-га..." прэса так цікавіцца беларускім кіно. Трэба аддаць належнае адпаведнаму падраздзяленню "Беларусьфільма": нарэшце яно падало прыкметы жыцця. З прэсай на студыі пачалі працаваць: журналістаў ветліва запрашаюць у прэс-туры, карэспандэнтам прадастаўляюць патрэбную інфармацыю, арганізуюць інтэрв'ю. Казаць, што з інфармацыйна-рэкламным суправаджэннем на "Беларусьфільме" ўсё ідэальна, пакуль зарана, але... На сайце www.belarusfilm.by ужо можна спампаваць рэкламныя ролікі (так званыя трэйлеры) новых стужак, - прагрэс неверагодны!

"Карміць трэба лепей!"

Творчыя асобы - народ далікатны, працуюць не толькі там, дзе круцяцца вялікія грошы, хоць пытанне заробкаў, безумоўна, заўсёды вельмі вострае. Аляксандр Колбышаў,як і яго калегі Кудзіненка і Канановіч, зарабляў грошы ў Расіі: здымаў серыялы. Нельга казаць, што тое - справа няўдзячная, але кожны рэжысёр марыць пра "поўны метр". І калі на "Беларусьфільме" з'явілася магчымасць атрымаць права на самастойную пастаноўку, усе вярнуліся... Андрэй Кудзіненка, праўда, змог рэалізавацца і ў Маскве: летась выйшаў яго рымейк знакамітага "Розыгрышу" Уладзіміра Мяньшова, які спрадзюсіраваў Павел Лунгін. Але магчымы працяг маскоўскай кар'еры Кудзіненкі перапыніў той самы "крызіс".

На Беларусі ж кінематаграфічная справа кіпіць, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці. Так, грошы за пастаноўку нашы рэжысёры атрымліваюць куды меншыя, чым расіяне, але і свае перавагі для працы ў нас ёсць. Перадусім, фантазію рэжысёра мастацкі Савет цяпер не абмяжоўвае, а студыя ідзе на ўсё, каб яе выканаць. Так, калі для здымак эпізоду вяселля ў "Дрэве" Аляксандру Канановічу спатрэбіўся ружовы (!) танк, яго даставілі аж з Брэста, дзе гэтая, даволі рэдкая на сёння, тэхніка была задзейнічана ў яшчэ адным гучным праекце - "Брэсцкая крэпасць". Зразумела, для здымак у Канановіча танк давялося перафарбаваць. Кажуць, зрабілі гэта ў Мінску так добра, што ў Брэсце пасля вярнулі першапачатковы колер з вялікімі цяжкасцямі... Не менш буйная фантазія і ў аўтараў "Масакры" - сцэнарыста Аляксандра Качана і рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Жанр сваёй будучай карціны яны вызначаюць правакацыйна-мудрагелістым словам "бульба-хорар", што, відаць, павінна азначаць: "фільм жахаў з элементамі беларускага фальклору". Для здымак, якія павінны пачацца ў сярэдзіне кастрычніка і завяршыцца ў апошні дзень года, хуткімі тэмпамі рыхтуецца асобная здымачная пляцоўка: маёнтак у вёсцы Жалудок, што ў Шчучынскім раёне.

Паводле мудрагелістай задумы тандэма Кудзіненкі - Качана (на ліку творчага дуэта - ужо дзве паспяховыя поўнаметражныя карціны) менавіта там паселяцца... беларускія вампіры, з якімі будзе змагацца галоўны герой стужкі ў выкананні аўтара "Ваўкоў" Аляксандра Колбышава. Сюжэт, як і жанр, - вельмі незвычайны для нацыянальнага кінамастацтва, але ў час перанасычэння кінавідэарынку толькі арыгінальныя і выбітныяработы могуць разлічваць на ўвагу аўдыторыі. Сам Кудзіненка, як і яго больш малодшы калега Канановіч, сваім вяртаннем на радзіму пакуль задаволены. "У адносінах да рэжысёра на "Беларусьфільме" адбыліся вельмі станоўчыя змены, - гаворыць рэжысёр "бульбахорара". - Цяпер любое пытанне я лёгка магу абмеркаваць з генеральным дырэктарам студыі. Ды і з боку мастацкага Савета няма такога ціску, які я адчуваў у Маскве з боку прадзюсераў. Гэтая змена насамрэч вельмі важная і добра спрыяе працы". Так, неабыякавыя адносіны сённяшняга кіраўніцтва студыі да творцаў і іх працы - факт вельмі пазітыўны, абнадзейваючы. У такой складанай і тактоўнай справе, як кінавытворчасць, давер і паразуменне паміж аўтарамі і кіраўнікамі - неабходныя ўмовы для будучага поспеху. А тое, што кіраўніцтва неабыякавае, даказвае непасрэдны творчы ўдзел Уладзіміра Замяталіна ў працы над "Ваўкамі"...

 Ці падымецца новая хваля?

 Адзін з самых вопытных беларускіх кіназнаўцаў, доктар мастацтвазнаўства, які на працягу доўгіх гадоў уваходзіў у мастацкі Савет кінастудыі, Анатоль Красінскі настроены скептычна: - Неабходных умоў для мастацкага росквіту айчыннага кіно на гэты момант няма: не хапае якасных сцэнарыяў і рэжысёрскіх кадраў для іх пастаноўкі, - кажа Анатоль Віктаравіч. - Таму чакаць "новую хвалю" беларускага кіно, падобную на тую, што паднялі сваімі работамі Віктар Тураў, Барыс Сцяпанаў, Рычард Віктараў, не выпадае. Так, колькасць стужак, якія выпускае "Беларусьфільм", павялічваецца, але ж ці палепшыцца іх якасць?

Скепсіс сведкі таго самага ўздыму "Беларусьфільма" 1960-х - 70-х добра зразумелы: умовы, у якіх цяпер даводзіцца працаваць маладым рэжысёрам, зусім іншыя, чым у самага знакамітага, пасляваеннага, пакалення кінематаграфістаў. Пра творчую свабоду ў часы дэбюту Віктара Турава казаць не выпадае, але і такой канкурэнцыі з боку тэлебачання, Інтэрнета і іншых медыя таксама не было. Кіно тым і цікавае, што гэта - рэч абсалютна непрадказальная.

У ім часта "выстрэльваюць" нікому не вядомыя дэбютанты (кшталту Андрэя Звягінцава, напрыклад) і яшчэ часцей зведваюць паражэнне ўсімі прызнаныя аўтарытэты. Дакладна можна сказацьтолькі адно: на пустым месцы шэдэўры не нараджаюцца. Кожны з трох вышэйназваных рэжысёраў сваім талентам і напружанай папярэдняй працай заслужыў права на пастаноўку і надзею на поспех. Аляксандр Колбышаў яшчэ ў 1997 годзе быў прызнаны лепшым беларускім рэжысёрам за кароткаметражную стужку "Прага жыць"; Андрэй Кудзіненка паспеў адзначыцца ў пазаконкурсных праграмах Ратэрдамскага і Маскоўскага кінафестываляў; Аляксандр Канановіч дыпломнай працай "Колер кахання" даказаў, што валодае самым рэдкім у кіно талентам - камедыёграфа... Патрыётам айчыннага кіно трэба спадзявацца, што ўсё задуманае ў іх атрымаецца. Чакаць засталося нядоўга.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА