Адзін корань, адна крыніца

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Гэтую экспазіцыю мы чакалі даўно. Пра яе марыла і Алена Васільеўна Аладава, якая на працягу свайго колішняга дырэктарства ў мастацкім музеі паслядоўна і мэтанакіравана збірала цудоўную калекцыю твораў мастакоў — ураджэнцаў Беларусі, якія жылі і працавалі ў ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя. Але праблемы з памяшканнем не давалі магчымасці паказаць цалкам вялікую спадчыну тых мастакоў, лёс якіх аказаўся звязаным вучобай, творчасцю і месцам жыхарства з рознымі краінамі свету: Расіяй, Польшчай, Літвой, Украінай.

 /i/content/pi/cult/226/3008/8-1.jpg
І.Хруцкі. “Бітая дзічына, гародніна і грыбы”. 
 /i/content/pi/cult/226/3008/8-2.jpg
 В.Бялыніцкі-Біруля. “Беларусь. Пачатак лета”.
 /i/content/pi/cult/226/3008/8-3.jpg
 С.Жукоўскі. “Былое”.
Ва ўсіх творцаў, якія прадстаўлены сёння ў новай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, - адзін корань, адна жывая крыніца- Беларусь: Станіслаў Жукоўскі - з вёскі Ендрыхаўцы (Гродзеншчына); Іван Хруцкі - з вёскі Ула (Полаччына); Фердынанд Рушчыц - з маёнтка Багданава (Міншчына); Апалінар і Іпаліт Гараўскія - з маёнтка Уборкі (Міншчына); Нікадзім Сілівановіч - з Вілейшчыны; Фёдар Ясноўскі - таксама з Міншчыны; скульптар Фелікс Хадаровіч - з Магілёўшчыны; толькі Іосіф Аляшкевіч нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Літвы, але бацька яго быў музыкантам з Радашковічаў. Асаблівая прыхільнасць Алены Аладавай - творчасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Яна сабрала амаль 460 (!) закончаных карцін і эцюдаў гэтага выдатнага пейзажыста. Творы мастака паступалі ў музей непасрэдна ад аўтара, з якім Алена Васільеўна была ў вельмі цёплых сяброўскіх адносінах, а таксама ад калекцыянераў - прыхільнікаў таленту жывапісца. Самая значная частка калекцыі была набыта ва ўдавы мастака - Алены Аляксееўны Бялыніцкай-Бірулі. Менавіта намаганнямі Аладавай створаны ў Магілёве (мастак нарадзіўся ў в. Крынкі пад БялынічаміМагілёўскай губерні) музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі як філіял Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Але яна марыла аб тым, каб у Мінску творчасць Вітольда Каэтанавіча была прадстаўлена ва ўсім яе харастве. Загадчык аддзела рускага мастацтва і стваральнік экспазіцыі выстаўкі "Мастакі Беларусі ХІХ - першай паловы ХХ стст." Таццяна Рэзнік яшчэ за тыдзень да вернісажу падрабязна распавяла мне пра гісторыю з'яўлення гэтай выстаўкі, а таксама пра няпросты лёс прадстаўленых тут мастакоў, якія сёння шчыра "адкрылі свае сэрцы" ўдзячнаму гледачу. Аднак, падкрэсліла Таццяна Абрамаўна, экспазіцыя гэта новая, але зусім новага слова тут як бы няма. Бо гэтыя мастакі заўсёды былі ў частках залаў рускага мастацтва размешчаныя па храналогіі. Але цалкам пабачыць унікальную спадчыну нашых землякоў у такой колькасці, як сёння, было нельга. Цяпер прадстаўлены тыя "знакавыя" іх творы, з якімі мы ўжо даўно знаёмы, а таксама творы з запаснікаў, што глядач раней не бачыў. З'явіліся і работы з новай атрыбуцыяй некаторых палотнаў, што ўстанавілі супрацоўнікі музея. Так, калісьці Раман Бадзін даказаў, што на "Жаночым партрэце" пэндзля А.Гараўскага створаны вобраз сястры Паўла Трацякова - Соф'і, а Юлія Лісай устанавіла, што на "Зімовым пейзажы" С.Жукоўскага паказаны Аляксандраўскі сад у Вятцы, дзе мастак знаходзіўся ў 1919 - 1921 гг. Сёння гэтая работа атрымала назву "Зімовы пейзаж. Вятка (Ратонда ў Аляксандраўскім садзе)". Экспазіцыя, якая будзе пастаяннай, умясцілася ў трох "жывапісных" залах. Асобная, чацвёртая, зала паказвае графічныя і акварэльныя творы К.Карсаліна, А.Гараўскага, Н.Орды, К.Ясевіча, Ф.Ясноўскага. Такім чынам, у першай зале - работы І. і А. Хруцкіх, А. і І. Гараўскіх, І.Аляшкевіча, С.Заранка, Ф.Ясноўскага; у другой, "персанальнай", - 30 твораў С.Жукоўскага і знакамітая карціна Ф.Рушчыца "Ля касцёла"; у трэцяй, таксама "персанальнай", зале - 47 палотнаў В.Бялыніцкага-Бірулі. Сем яго работ "упісаны" ў залу С.Жукоўскага. Гэта патлумачана тым, што абодва мастакі былі не толькі сябрамі, амаль равеснікамі, але разам вучыліся ў Маскве, г. зн. у іх была адна цудоўная маскоўская школа жывапісу. З вялікай спадчыны В.БялыніцкагаБірулі прадстаўлены пейзажы ранняга перыяду творчасці, 20-х - 30-х гадоў, і пасляваенныя палотны, створаныя ім у 40-я - 50-я гады, у тым ліку і ў час трохтыднёвага знаходжання ў Беларусі, дзе ён пад Мінскам, на "Белай дачы", пісаў свае жывапісныя паэмы. У экспазіцыі таксама ёсць і выдатны партрэт Вітольда Каэтанавіча, які ў 1931 годзе стварыў Сяргей Малюцін. Вось такі цудоўны падарунак ад супрацоўнікаў НММ РБ мы атрымалі сёння 12 верасня, - у Дзень горада.
Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"