Бязмежныя магчымасці таленту

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У скверы Адама Міцкевіча. На Першым Міжнародным фестывалі народнай творчасці для асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, што праходзіў з 20 па 23 жніўня ў Маскве, гродзенскі музыкант Валянцін Станкевіч заваяваў Гран-пры ў намінацыі “Інструментальная творчасць”. Поспех 16-гадоваму юнаку прынесла “Саната-парціта” Іосіфа Гайдна, таксама ён быў адзначаны дыпломам у намінацыі “Вакальная творчасць”. Канкурэнцыя была адчувальная: у фестывалі ўдзельнічалі 320 чалавек узростам да трыццаці гадоў.

Вучыцца Валянцін у дзесятым класе Гродзенскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. У шасцігадовым узросце ён пачаў асвойваць фартэпіяна, пасля вывучыў нотную грамату для сляпых па Брайлю. Затым стаў займацца баянам; першым яго настаўнікам быў беларускі музыкант і паэт Віктар Кудлачоў. Сёння хлопец можа сыграць праграму працягласцю паўтары гадзіны на прафесійным пяцірадным баяне. Гэтым музычныя захапленні таленавітага Валянціна не абмяжоўваюцца: ён грае на трубе ў школьным духавым аркестры. Яшчэ піша вершы на беларускай, рускай і польскай мовах. Юнак атрымаў запрашэнне на міжнародны творчы конкурс у Любліне, які адбудзецца восенню. Фестываль для асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ў расійскай сталіцы адбыўся пры падтрымцы Міністэрства спорту, турызму і маладзёжнай палітыкі РФ. У ім удзельнічалі таленты з Расіі, Беларусі, Украіны, Азербайджана, Арменіі. Мэтай яго з'яўляецца абмен вопытам работы па сацыяльнай абароне і інтэграцыі маладых людзей з фізічнымі недахопамі, выяўленне адоранай моладзі з асаблівасцямі здароўя. Арганізатары паставілі задачу пашырыць міжнароднае партнёрства ў падтрымцы такіх людзей, лепшай рэалізацыі іх талентаў. Сярод намінацый: "Вакал", "Інструментальная творчасць", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Танец", "Выяўленчае мастацтва", "Акцёрскае майстэрства".

 А.Б.