Б’ецца ў цеснай пячурцы агеньчык
Ды ўсё ж спярша — пра падрыхтоўку да зімы.
На пачатку жніўня па ўпраўленнях культуры аблвыканкамаў быў разасланы ліст за подпісам намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Кураша. Гаворка ў дакуменце ішла пра падрыхтоўку ўстаноў культуры да зімовага ацяпляльнага сезона. Патрабавалася правесці рамонтныя і прафілактычныя работы адпаведных сістэм, супрацьпажарны інструктаж, набыць неабходныя сродкі пажаратушэння, уцяпліць вокны і дзверы клубаў, бібліятэк, музеяў...
Знаёмства з раёнам распачаў з высвятлення таго, як выконваюцца гэтыя міністэрскія патрабаванні, аб рэалізацыі якіх трэба паведаміць да 25 жніўня. Выконваючая абавязкі начальніка аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама Вольга Белая, якая працуе ў сферы з леташняга верасня (скончыла ў свой час Маскоўскі інстытут нацыянальных і рэгіянальных адносін), ва ўзнятым пытанні больш-менш арыентуецца. Расказала, да прыкладу, што да нядаўняга часу былі ў раёне ўстановы галіны, якія не ацяпляліся, але ў ходзе аптымізацыі культурнай сеткі збольшага зніклі. Застаўся хіба адзін сельскі клуб у вёсцы Кіцін. Меркавалася паставіць у драўляным будынку печку, аднак забаранілі пажарныя. Зараз думаюць у аддзеле, куды перанесці клуб: у клас мясцовай школы ці ў пакой дзіцячага садка? Ці паспеюць да 25-га? Для больш грунтоўнага тлумачэння ступені актыўнасці перадзімовых турбот быў выкліканы знаўца — кіраўнік гаспадарчай групы аддзела культуры Васіль Савіцкі (стаж аддзелаўскай працы — 8 месяцаў). У раёне, аказваецца, ледзь не сто ўстаноў культуры! У качагарках замяняюцца катлы, рамантуюцца цеплатрасы, у трох клубах сёлета ўстаноўлены аконныя шклопакеты. Для таго, каб работы набылі падвоены тэмп, не хапае звыклага — фінансаў.
З гэтай прычыны яшчэ не заменена абсталяванне ў кацельні СДК вёскі Папаратнае. Па дарозе ў гэты населены пункт Васіль Цітавіч распавёў, што гаспадарчая група не мае будаўнічай брыгады, адно толькі ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю падрадчыкаў. Апошнім жа часам на рамонтах клубаў і бібліятэк асвоена 500 мільёнаў рублёў. На думку кіраўніка гаспадарчай групы, ранейшы склад аддзела культуры пытанням умацавання матэрыяльнай базы надаваў мізэрную ўвагу. Сярод гаспадарчых заслуг колішняга начальніка — хіба што рамонт ГДК у вёсцы Стрэшын, якая стала аграгарадком у 2006 годзе. А чым жа займаўся былы начальнік аддзела? Як кажа Васіль Савіцкі, у асноўным — пытаннямі творчага характару, што па сённяшнім часе — рэч недаравальная. Пагаджаюся і з гэтым: аднымі песнямі культура сытая не будзе. Але канчатковыя вывады — напрыканцы артыкула...
Падкрэслю, што перад выездам на раён дамовіўся з в.а. начальніка аддзела культуры: аб нашым візіце вясковых культасветнікаў па тэлефоне не папярэджваць. Для большай, так бы мовіць, аб’ектыўнасці агульнай карцінкі. Дзякуй, Вольга Віктараўна, за паразуменне: слова вы сваё стрымалі, а я здолеў пабачыць далёка не “пацёмкінскія вёскі”.
Прыватная будаўнічая арганізацыя “Мэта” вядзе ў Папаратным бягучы рамонт СДК. Выдаткавана для гэтага 200 мільёнаў рублёў, асвоена — палова. У клубнай прыбудове, якая з-за лядашчасці бяздзейнічала гадоў пяць, размесціцца дыскатэчная зала (дах ужо адрамантаваны). Ці паспеюць будаўнікі ўправіцца да запланаванага верасня — пытанне без адказу, бо грашовых сродкаў пакуль няма...
А ў мясцовай клубнай установе ішла рэпетыцыя жаночага вакальнага ансамбля: хутка — стагоддзе вёскі Гелін, да гэтай даты намечаны шэраг мерапрыемстваў, таму рэпетыцыя — планавая, непаказушная, што журналісцкае вока парадавала вельмі. Ад усяго астатняга, пабачанага і пачутага, уражанне засталося крыху іншае...
Як паведаміла загадчык СДК Ала Мельнічэнка, увесну ўстанова займела супрацьпажарную сігналізацыю, а сама прайшла адпаведны інструктаж... Мельнічэнка — спецыяліст без адукацыі, такіх называюць практыкамі. Але менавіта практычны бок нашай гутаркі мне не надта спадабаўся. Размова ішла пра платныя паслугі. Ці можна задаволіцца толькі адным іх відам — дыскатэкамі, што ладзяцца цяпер на палове глядзельнай залы? Адказ Ала Іванаўна дае адмоўны, але канкрэтызаваць бліжэйшую перспектыву развіцця мясцовых культурных паслуг не можа. Як, дарэчы, і патлумачыць тое, чаму за кацельняй пустазелле ледзь не ў пояс... Словам, крэатывам — ні ў гаспадарчым плане, ні ў творчым — тут пакуль не пахне.
А ў клубнай кацельні (адзін з галаўных боляў кіраўніка гаспадарчай групы), як той казаў, яшчэ працаваць ды працаваць: абсталяванне патрабуе замены-рамонту.
25 мільёнаў аблвыканкам выдаткаваў на бягучы рамонт сельскай бібліятэкі. У яго неабходнасці пераконвае выгляд мясцовай печкі, што зацякла ад жнівеньскіх залеў. Бібліятэкарка Валянціна Яўсеева распавяла аб уласным клопаце: яна тут і “кніжніца”, і прыбіральшчыца, і распальшчыца. А печка — маленькая, хоць і расходуецца за зіму некалькі тон брыкету, але ў бібліятэчных памяшканнях і ў музейным этнаграфічным пакойчыку не вельмі цёпла, санітарныя нормы для наведвальнікаў захаваць досыць цяжка. Так што думкі ў бібліятэкаркі зведзены сёння ледзь не да аднаго: якой будзе сёлетняя зіма — лагоднай ці злой на маразы?
“Рай”… у будане
А цяпер — больш падрабязна пра ролю асобы ў развіцці рэгіянальнай культуры. Тэма, пагадзіцеся, вечная, і пытанняў тут заўжды больш, чым адказаў.
Пасля наведвання Стрэшына пераканаўся, што калі згубіць гарадскі пасёлак Анжаліку Міронаву, дык гэта будзе кшталту страты, скажам, геніяльнага дырыжора для аркестра, толькі ў большым, так бы мовіць, рэгіянальна-вясковым, маштабе. Але ўсё па парадку.
Анжаліка Станіславаўна, паводле яе біяграфічных расповедаў, у Стрэшын з Гомеля прыехала ў 2001-м. Разам з сынам-школьнікам пачала даглядаць хворага дзядулю, які жыве ў гарпасёлку. Дзядуля неўзабаве ачуняў, а Міронава засталася ў Стрэшыне. Балазе, работа для спецыяліста з вышэйшай адукацыяй знайшлася імгненна: працавала мастацкім кіраўніком мясцовага ГДК, апошнім часам стала ягоным дырэктарам. Пра Стрэшын я ўжо згадваў. У 2006 годзе ён стаў аграгарадком, займеўшы з гэтай нагоды цудоўна адрамантаваны Дом культуры, што стаіць ледзь не на ўзбярэжжы магутнага Дняпра. І пайшла ў Анжалікі Станіславаўны праца!
Прыцягнула да культасветы моладзь (Стрэшын — пасёлак перспектыўны, дзейнічае тут як мае быць агракамбінат “Днепр”, так што юнакоў і дзяўчат хапае), падключыла да клубных мерапрыемстваў людзей сталага веку. Зрабіць гэта, шчыра скажам, было не проста, бо ў Стрэшыне пражывае шмат перасяленцаў з іншых мясцін, трымаюцца яны досыць адасоблена, бо радзіннымі і суседскімі повязямі знітавацца пакуль не паспелі… Як сцвярджае в.а. начальніка аддзела культуры Вольга Белая, Стрэшынскі ГДК на сёння — адзін з лепшых у Жлобінскім раёне. Паверу. Бо пасля знаёмства з гурткавой работай установы, з ходам выканання плана па аказанні платных паслуг, прэтэнзія ў мяне да Міронавай толькі адна: чаму ў пасёлку ледзь не з паўтаратысячным насельніцтвам няма ніводнага ўзорнага ці народнага мастацкага калектыву? Але гаворка, урэшце, цяпер не пра гэта.
Чаму стрэшынская культура можа згубіць Анжаліку Міронаву? Прычына адна: спрадвечнае кватэрнае пытанне. З 2001 года дырэктар ГДК разам з сынам, які скончыў восьмы клас, жыве ў летняй неацяпляльнай… вароўні, бо, па словах Міронавай, дзядулева хата для пазалішніх жыхароў не прыстасавана. У чарзе на жытло кіраўнік ГДК з 2001 года, але чарга тая для таленавітай культасветніцы знерухомела. І ў гэтай абыякавасці абвінаваціць кагосьці цяжка. Справа ў тым, што і кіраўніцтва раёна, і кіраўніцтва аддзела культуры, і кіраўніцтва мясцовага агракамбіната апошнім часам змянілася. Да прыкладу, выконваючая абавязкі аддзела культуры Вольга Белая пра побытавыя складанасці дырэктара ГДК даведалася ўпершыню менавіта ў час нашага агульнага выезду ў Стрэшын. Паглядзелі мы на той летні буданчык… Жах! Самы час біць у званы.
Гаварыць пра адраджэнне і развіццё беларускага сяла і не закранаць пры гэтым пытання сацыяльнага жылля — немагчыма. Не, даяркі, механізатары, настаўнікі і медыкі атрымліваюць яго, наколькі ведаю, без перашкод. А культработнікі — гады ў рады, быццам спецыялісты, якія дбаюць адно толькі пра песні і танцы, а матэрыяльных выгод не патрабуюць. Ды калі б не намаганні культасветнікаў, дык, напэўна і не было б у мясцовым аграгарадку ні шыкоўнага Дома культуры, ні цікавай жывой культработы!
Агаваруся, прапаноўвала гарпасялковае кіраўніцтва кватэру Міронавай. Не, не прэзідэнцкі дамок, а хату, якая засталася пасля пераезду механізатара ці даяркі якраз у жыллё, прадугледжанае Дзяржпраграмай па адраджэнні і развіцці сяла. Але ў хаце той, як даводзіць Анжаліка Станіславаўна, усё прагніло спрэс, а ацяпляльны кацёл працёк ад старасці. Так і засталася з сынам у сваім будане… Перакананы, гэтае праблемнае пытанне наўпрост звязана з набліжаючымся ацяпляльным сезонам. Толькі не пра вогнетушыцелі гаворка, а — пра людзей. На носе восень з зімой, а ў культработніка прыстойнага жылля няма. Хто вінаваты? Чалавечы фактар!
А ў кіраўніка гаспадарчай групы аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама — свой стрэшынскі сум: у качагарцы мясцовага ГДК насос для падачы гарачай вады паляцеў, а магчымасцей адрамантаваць ці замяніць пакуль няма. Бяда з гэтай зімой!
Клуб зачынены, усе сышлі…
І ў вёску Праскурні, натуральна, прыехалі без папярэдняга тэлефанавання. На гадзінніку — 18.30, а дзверы сельскага Дома культуры зачынены, хоць працоўны графік на іх пераконвае ў адваротным: у гэты час культурнае жыццё ва ўстанове павінна віраваць ва ўсю моц. Куды ж знікла дырэктар СДК Наталля Козел? Я папрасіў не турбаваць і не шукаць стомленую жанчыну.
Справа ў тым, што ў в.а. начальніка аддзела культуры Вольгі Белай і кіраўніка гаспадарчай групы Васіля Савіцкага прамільгнула меркаванне: мо мясцовыя работнікі канцэрты даюць хлебаробам? Аднак меркаванне гэтае дакументальна-планавага падмацавання не мела. Калі раённаму начальству не давялі да ведама, што праскурнянскія культасветнікі — на жніве, дык ці былі тыя выязныя канцэрты? А калі і былі, дык чаму на дзвярах СДК, поруч з працоўным раскладам установы, адсутнічае абвестка: маўляў, сёння, 12 жніўня далі хлебаробам чатыры канцэрты, таму клуб увечары адчыніць не здолелі — стаміліся?…
Ва ўсім гэтым, безумоўна, і крыюцца першарадныя прычыны таго, што план па аказанні культурных платных паслуг выконваецца вельмі кепска. В.а. начальніка аддзела культуры пагаджаецца: летась у гэтым плане кантроль быў відавочна недастатковым. Сёлета за дысцыпліну ўзяліся. Правільна! Толькі за ліпень дэпрэміравана з прычыны нізкай творчай актыўнасці аж 16 работнікаў культуры горада і раёна. Але ж ці можна выправіць становішча толькі аднымі непапулярнымі метадамі так званага голага адміністравання?
Я прагледзеў пералік “пастаянных платных паслуг, што аказваюцца аддзелам культуры Жлобінскага райвыканкама ў 2009 годзе”, прапанаваны в.а. начальніка аддзела культуры. Дзіўная рэч! Толькі два новыя віды (па РЦБС): пошук інфармацыі ў Інтэрнеце гарадскіх і сельскіх бібліятэк і лічбавая фотаздымка. Усё астатняе — досыць шараговае і руціннае. Не, пагаджаюся, што і звычайны вечар адпачынку можна правесці незабыўна і іскрамётна. Засмуціла іншае: у пераліку паслуг ледзь не траціну месца займае адзін від — дыскатэка, якая паўтараецца ў спісе роўна трыццаць разоў, мяняючы толькі найменні ўстаноў культуры, дзе яна ладзіцца… Словам, крэатыву не хапае, творчага падыходу, гарэння, калі жадаеце, без якога культасвета нагадвае фармальнае застойнае багно.
І я цяпер зноў пра банальнае і добра вядомае кожнаму ініцыятыўнаму культработніку. Развіццё пазабюджэтнай дзейнасці клубаў, бібліятэк, музеяў, на мой погляд, — таксама адзін з абавязковых пунктаў грунтоўнай падрыхтоўкі да крызіснай нялёгкай зімы, адна з важнейшых умоў хоць нейкай эканамічнай самастойнасці нашых устаноў культуры. Грэбаваць гэтым — ставіць крыж на перспектыве рэгіянальнай культуры. Дэпрэміраванне хоць і эфектыўная мера, аднак і крэатыўнае мысленне — рэч у самаўдасканаленні проста неабходная. Але тут, як кажуць, усім светам трэба, агульным мазгавым штурмам, камандным метадам “гульні”. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Касцяйкоў пагаджаецца: толькі так культура акрыяе. З’явяцца грошы — мо з’явіцца і аўтобус пад бібліобус, больш актыўнымі стануць канцэрты ў міжраённым маштабе…
А бамжам — радасць
Вернемся ў горад. Тут праблем — таксама па бровы. Самы час распавесці, чаму галоўная ўстанова культуры Жлобіншчыны — гарадскі Дом культуры — так і не здолела выйсці на “праектную магутнасць”. Тлумачыць сітуацыю дасведчаны ў матэрыяльным аспекце культурнай справы кіраўнік гаспадарчай групы Васіль Савіцкі. Праблемы, аказваецца, — з вентыляцыяй і цеплавузламі. Супрацоўнікі райаддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях не давалі згоды на адкрыццё ўстановы і з прычыны адсутнасці супрацьпажарнай сістэмы. Сістэма з’явілася, але пытанне з заключэннем дамоў па яе абслугоўванні застаецца пакуль адкрытым. Дарэчы, кіраўнік гаспадарчай групы таксама збіраўся звольніцца (“Як узнімаць матэрыяльную базу культуры, калі фінансаванне — нерэгулярнае?”), але аддзелаўскае начальства адгаварыла. Сапраўды, на недасканалых матэрыяльных абсягах трапяткой мясцовай культуры без Васіля Цітавіча — як без рук…
І не хацеў зноў пра платныя паслугі, але давядзецца. Дырэктар Жлобінскага ГДК Вольга Канавалава, якая на пасадзе гэтай толькі тры месяцы, — таксама ў ліку дэпрэміраваных за ліпень. З тым, што не ўсе рэзервы тут выкарыстоўвае, пагаджаецца цалкам. Ёсць ва ўстанове зала для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў — вялікая, шыкоўна аздобленая, прыдатная для канцэртных мініімпрэз і тэатралізавана-касцюмаваных дзей. Пытаюся ў Вольгі Аляксандраўны: “А вы грошы з гэтых цырымоній маеце?” “Не, — адказвае, — але неўзабаве збіраемся, урэшце, увесці такі від паслуг”. Паведамляю, што ў многіх райцэнтрах і нават вёсках Беларусі аддзелы культуры даўно і стабільна зарабляюць на сцэнарнай і тэатральна-канцэртнай арганізацыі такіх святаў. Касцюмер ГДК Валянціна Карчэўская задуменна пагаджаецца: “У нас для гэтых мэт неблагая калекцыя строяў сабрана”. Дык у чым жа справа, спадарыні? Дзе ініцыятыва, выдумка, прафесійны гонар?..
І апошняе з шэрагу платных жлобінскіх нюансаў. Я разумею, што рэканструкцыя Гарадскога дома культуры доўгія гады вялася паэтапна. Але сёння, на фінішнай прамой доўгапакутнага рамонту, здзіўляе велічыня гадавога плана платных паслуг, даведзенага сёлета да Жлобінскага ГДК: 30 мільёнаў рублёў. Сума — мізэрная. У Івацэвічах, да прыкладу, Дом культуры — прыкладна такі ж самы па памеры (хоць і там з рамонтам праблем — хоць адбаўляй), а зарабляе за год па 70 мільёнаў. Карацей, я зноў пра нявыкарыстаныя рэзервы крэатыўнага падыходу да наладжвання больш-менш эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці.
Але на гэтым гарадскія праблемы не заканчваюцца. У курс чарговага “форс-мажору” ўвёў, зноў жа, Васіль Савіцкі. Як аказваецца, летась Беларускі металургічны завод перадаў на баланс аддзела культуры два недабудаваныя магазінныя памяшканні. Такое спонсарства гарадской грамадскасці падалося вельмі своечасовым. У гэтых памяшканнях, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонце якіх было выдаткавана 250 мільёнаў, меркавалася размясціць дзіцячую школу мастацтваў і цэнтральную раённую бібліятэку імя Н.Крупскай. Грошы не ўдалося асвоіць, і яны, натуральна, былі пераразмеркаваны. А ў недабудаваных крамах, што мелася прыстасаваць пад знакавыя для горада ўстановы культуры, начуюць на сёння… асобы без пэўнага месца жыхарства — ледзь не асноўны галаўны боль супрацоўнікаў міліцыі аднаго з цэнтральных раёнаў Жлобіна…
Мы наведалі ДШМ і цэнтральную райбібліятэку. Гэтым установам сапраўды патрэбны новыя памяшканні. ДШМ, да прыкладу, месціцца ў інтэрнаце “Жлобінаўтатрансу”, арандуе таксама чатырохпакаёўку ў жылым доме і памяшканне ў “Металурггандлі”. Па словах кіраўніка ўстановы Ірыны Чарэпка, такія “раскіданыя” ўмовы навучання для амаль 400 вучняў, што набываюць музычную, харэаграфічную і мастацкую адукацыю, далёкія ад ідэалу.
Не лепшае становішча і ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы. Не, рамонт тут скончылі летась, але дах увагай чамусьці абмінулі. Па словах намесніка дырэктара РЦБС Алы Мінянковай, дажджы псуюць столь, падвесныя пліты якой там-сям абвальваюцца, псуюцца шпалеры на сценах…
Я, шчыра кажучы, з цяжкасцю паверыў ва ўбачанае. Жлобін — горад не з апошніх на Беларусі — не мае прыстойных будынкаў галоўных сваіх устаноў культуры: названых ДШМ, РЦБ, ды плюс да ўсяго — музея і дзіцячай бібліятэкі! І матэрыяльны заняпад гэтых іміджаўтваральных для раённага цэнтра ўстаноў адбыўся не ў крызісным сёння, а ў небяспечных у эканамічным плане ўчора і пазаўчора. Хто вінаваты ў гэтых хібах? На гэтае пытанне няхай адкажуць самі жлобінцы. А абласное ўпраўленне культуры, без сумневу, ім дапаможа.
* * *
Не абараняю ні мінулае кіраўніцтва аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама, ні сённяшняе. Перакананы: віна — за ўсімі. І пакуль гэтага не зразумеюць абодва бакі, якія не спыняюць яўнай і ўяўнай канфрантацыі, мы будзем мець на культурных абсягах Жлобіншчыны тое, што маем.
Фота аўтара
На здымках: 1. “Мэта” вядзе рамонт СДК вёскі Папаратнае; 2. Кацельня Папаратнянскага СДК патрабуе неадкладнага рамонту; 3. Печка ў бібліятэцы вёскі Папаратнае ацяпліць установу культуры няздольная; 4. Будан, у якім жыве дырэктар Стрэшынскага ГДК Анжаліка Міронава; 5. Стрэшынскі ГДК; 6. Хлопчыкі вёскі Праскурні не могуць трапіць вечарам у родны СДК: ён зачынены па невядомых прычынах; 7. Жлобінскі ГДК; 8. Зала цырымоній рэгістрацыі шлюбаў, да якой мясцовыя культасветнікі пакуль не маюць дачынення; 9. У гэтых памяшканнях, што знаходзяцца на балансе аддзела культуры, якраз культуры і бракуе; 10. Цэнтральная бібліятэка Жлобіна пакутуе ад дажджоў.