“Ідэя гэтага праекта нарадзілася пад час гастролей на міжнародных танцавальных фестывалях, — гаворыць харэограф Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Цебянькоў. — Мы сябруем з кіраўнікамі многіх калектываў, і швед Бенна Вурхам прапанаваў стварыць інтэрнацыянальную творчую групу, у якую ўваходзяць сёння ўкраінцы, малдаване і беларусы. Цяпер група актыўна рэпеціруе, а 9 верасня пакажа ў Гродне спектакль-казку для дзяцей, якая выканана ў стылі танца мадэрн. Пасля ж адправімся ў Малдову і на Украіну. Мы вырашылі не толькі пазнаёміцца са спектаклем, але і паказаць сябе, запрасіць іншыя калектывы, стварыць сапраўдны фестываль”.
У мерапрыемстве таксама прымуць удзел Люблінскі тэатра танца, група “Voices” з Кішынёва. Ад драматычнага тэатра Гродна выступіць камерная трупа танц-тэатра “Галерэя” пад кіраўніцтвам Аляксандра Цебянькова. Яна даўно спасцігае мастацтва танца, часта ўдзельнічае ў міжнародных праектах, і яе прадстаўнікі ўвесь час самаўдасканальваюцца ў сваім майстэрстве. Будзе калектыў і з Гродзенскай абласной філармоніі — падлеткавая студыя “Фолюшбалет”.
Чакаецца, што на фестываль збяруцца кіраўнікі і ўдзельнікі гарадскіх і раённых харэаграфічных калектываў, якім будзе карысна папрысутнічаць на майстар-класах замежных гасцей.