Шырокі спектр творчых стасункаў

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Мы і свет Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка прыняў Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі Джуліо Прыджоні і Рэспублікі Карэя ў Беларусі Лі Юн Су, а таксама сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Харватыя ў Рэспубліцы Беларусь (па сумяшчальніцтве) Небойшам Кахаровічам.

У ходзе перамоў з Паслом Італіі 4 жніўня было абмеркавана шырокае кола пытанняў беларуска-італьянскіх стасункаў у культурнай сферы. Гаворка ішла і пра ўдзел італьянскіх кінематаграфістаў у Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, пра супрацоўніцтва ў ахове і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны, пра магчымасць падрыхтоўкі пагадненняў аб узаемадзеянні ў сферы культуры. Таксама абмеркавалі мерапрыемствы італьянскага пасольства, запланаваныя на восень бягучага года ва ўстановах культуры Беларусі, магчымы ўдзел нашых мастакоў у міжнародным фестывалі “Біенале”, што ладзіцца ў Венецыі...

На двухбаковай сустрэчы з Паслом Карэі, якая адбылася 4 жніўня, быў абмеркаваны ход падрыхтоўкі праекта праграмы культурнага супрацоўніцтва, магчымасць арганізацыі абменных выступленняў творчых калектываў абедзвюх краін і ўдзел карэйскага боку ў Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”.

Улічваючы зацікаўленасць краін у далейшым умацаванні беларускаітальянскага і беларуска-карэйскага культурнага супрацоўніцтва, суразмоўцы пацвердзілі неабходнасць яго развіцця па шырокім спектры двухбаковых творчых стасункаў. 12 жніўня міністр культуры Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы краіны сустрэўся з Паслом Харватыі. Былі абмеркаваны пытанні культурнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, магчымасць заключэння адпаведнага пагаднення, удзел прадстаўнікоў Харватыі ў Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У ходзе наведвання бібліятэкі Пасол Харватыі азнаёміўся з архітэктурнымі асаблівасцямі будынка НББ, яго мастацкім аздабленнем, працай бібліятэкі па абслугоўванні чытачоў.

Наш кар.